Музыкант беларускі
Музыкант беларускі Верш Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка) 1904 |
Зайграю на дудцы,
Вытну на гармоні,
Заплачу на скрыпцы
Аб мужыцкай долі.
Надта ж ужо цяжка,
Душа з гора рвецца,
Сьлёзы так і льюцца,
Сэрца з болю б’ецца.
Ну і грай жа, скрыпка,
Хай ляціць там песьня,
Або сьвет пачуе,
Або душа трэсьне.
Скрыпка хутка плача, —
Аж лес лямантуе,
Толькі яе ноты
Сыты не пачуе.
Хаця ж і пачуе, —
Музыканта злае:
«Глядзі, ён, хамула,
Аб роўнасьці бае».
Ды так сыпну смыкам,
Як агнём па струнах,
Што ад майго граньня
Людзі ёнкнуць ў трунах.
Ну дык плач жа, скрыпка,
Мо паны пачуюць,
Як хамы бяз хлеба,
Без страхі начуюць.
І зацяў музыка
Смыкам ды па струнах, —
Пташкі задрыжэлі,
Пчолы сьціхлі ў вульлях.
Музыкант галосіць,
Скрыпка не махлюе,
Хутка «хамску» песьню
Ўсенек сьвет пачуе.
(1904)