Муляр (Маракоў, верш)
Муляр Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1925 Крыніца: Прафесіянальны рух Беларусі. — 1925. — №11 |
Эх ты, дзень залаціста-агнёвы,
П’яным сонцам цалуеш зямлю…
Я сягоння над цэглай ружовай
Потам песню сваю абалью.
Мае дошкі акордам высокім
Вецер б’е і калыша ля сцен…
Белай вапны абліўся я сокам,
Як вясновымі кветкамі стэп.
Лазой кудры упалі на плечы,
Думкі хваляю б’юць ў галаве,
Ў сэрца песня запала карцеччу
І на рэчку да хлопцаў заве.
Але не!.. Не пайду я, бо трэба
Яшчэ пільнае шмат што зрабіць.
Шлях мой — коньмі разбітыя грэблі,
Лозунг мой — працаваць і рабіць!
Эх, сягоння я сэрцам мужычым
Ўсё жыццё палюбіў і абняў,
Мне пяе малаток звонна-зычна,
Усміхаецца голлем дубняк.
Цэлы дзень я пяку і мазолю
Свае рукі над ростам сцяны.
Толькі вечарам з працы праз поле
Я пайду — сын жыццёвай вясны.
Эх ты, дзень залаціста-агнёвы!..
Каласіш ты праменнем зямлю…
Сваю працу над цэглай ружовай
З гэтай песняй я шчыра люблю!