Муляр (Маракоў, паэма)

Муляр
Паэма
Аўтар: Валеры Маракоў
1929
Крыніца: Маладняк. — 1929. — № 7. — С. 3—18.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ах, чаго так месяц хмарай прытуманены?
Што ж ты прызадумаўся, раскудравы мой?
Ці аб маладосці, крыўдамі параненай,
Ці аб вечнай тайне мудрасці людской?..

Не катуй без часу юных і бунтуючых
І не блытай сцежкі к светлым берагам…
Маладосць ахвярам і любві даруючы,
Будзь такім жа светлым і харошым сам…

На бунтоўным моры чалавечых мараў
Сёння твораць шчасце новае зямлі,
Каб мільёны фабрык ад агню і пары
Да энергій сонца перайшлі…

Каб ў палях, абведзеных залатымі сцежкамі,
Каласіўся горда вечны ураджай.
і каб людзі сёння з залатымі ўсмешкамі
Не былі братамі смерці ды крыжам.

1. ДРУЖБА і РАЗДАРОЖЖА
Ліпнёвы вечар дагараў
Ў абдымках ласкавых і кволых.
і тонкагубы вецер граў
Над даллю ніў, палёў і сёлаў

Такою дзіўнаю гаворкай,
Такою ласкавай красой,
Як гэта даль, як гэта зорка
Над гэтай буйнай паласой…

Хтось кінуў ружы на закаце
Жывой і сонечнай рукой,
і, нібы казачная маці,
Ноч навявала ім спакой.

Ў адзенне змроку і забыцця,
і сну, бяссоння і трывог
Сюды прыходзіў пазабыцца,
Хто пакахаць, хто верыць мог…

і я праходзіў той дарогай,
Я сэрца нёс ахвярам дню.
і ў ім было так многа, многа
Жывых надзей, навал, агню,

імкненняў радасных і палкіх,
Узлётаў зор, гарэнняў сіл,
Што і цяпер яшчэ, як змалку,
Жыцця шукаю між магіл.

Было нас двое — я і Нюрын…
Гарэлі разам, разам йшлі
і над адным вялікім мурам
Глыталі вапну, пыл зямлі.

Былі братамі, дружбу мелі,
Шукалі зорных вечароў,
Дзе стан бярозкі белацелай
Падпаясаны быў зарой.

Прайшло нямала дзён за працай,
Нямала сноў аднесла ў дым…
і нам, як ранне, маладым,
Хацелась верыць, што ў палацах

Мы будзем жыць — мы ўладары…
Ах, гэтых мараў не закрэсліць, —
Яны, як мора на зары,
Будзілі сонечныя песні…

Аднойчы мы ў разгары рання
Былі высока над зямлёй.
Хістаў пад намі рыштаванне
Буй-вецер цёплаю рукой.

Абліты глінаю і вапнай,
Я сонцу гімн тады злажыў…
Было так хораша, так трапна,
Бы сад расцвіў ў маёй душы…

і над пустэльняй воч туманных
Ўзыходзіў новы край зары,
і, песняй сонечнаю п’яны,
Я новай мовай гаварыў

З прыродай юнай і багатай,
З красой прастораў залатых,
З разлівам хваль крыві заката
і з палкім сэрцам маладых.

Гудзеў трывожна шумны горад,
Гул узрастаў, як акіян.
Я да яго ішоў прастораў
Без болю, крыўды і без ран.

Я успрымаў яго стыхію
Стыхіяй юных сіл сваіх…
і сніў аб кветках дарагіх я
На пыльных плітах гарадскіх.

Я кідаў працу, кідаў дружбу…
Я адлятаў душой у дым.
і словам вольным і напружным
Пеў гімны славы маладым.

А Нюрын горка і жалобна
Ківаў мне буйнай галавой.
і з мэтай ласкавай і добрай
Выказваў погляд шчыры свой…

Нюрын:
„Глядзі, браток, не памыліся,
Разгубіш шоўк сваіх кудрэй.
Пагаснуць вочы, ў п’яных мыслях
Пачнеш клясці жыццё і смерць…

Няма нідзе вялікшай праўды,
Як праўда працай жыць сваёй,
і вось чаму зусім не праў ты,
Што верыш мэце той пустой…“

Што адказаць я мог на гэта?
Кіпела сэрца, як вулкан,
і вера ў свет, ў прасторы свету
Мне гаварыла: быць паэтам —
Не значыць жыць разгарам ран.

Я слухаў гул людскіх жаданняў,
Я кветкі рваў, я браў вянкі…
і я пайшоў ў тумане п’яным
Ад сэрцу любых, дарагіх
Туды, дзе бачыў свет пазнання
і светлай долі берагі.

2. НАШЫ СЦЕЖКі
Разышліся дзве дарогі,
Разышліся ўдаль.
Ўсталі хмары-крутарогі,
Загуло разводдзе хваль.
Па дарогах тых ды сцежках,
Дзе туман ды пыл,
Залатыя ружы ўсмешак
Не адзін там сэрцам піў…
Не адзін адходзіў з помстай
Ў золата дарог.
К новым дням, жыццю, знаёмствам,
К новай долі на парог…
і браты на тых дарогах
Пад вятровы вой
Йшлі з агнём жальбы й трывогі
Бараніць край родны свой…
 *
Вось так і мы,
Пад залатым убраннем
Жывой і ласкавай начы,
Пайшлі шукаць прастораў рання,
Дасюль нязнаных далячынь.
 *
У нас па вёсках русакудрых,
Дзе новы быт ужо ўстае,
Пяюць на даўні лад. Не мудра,
Бо новых песняў не стае.

Пяюць аб здрадзе, аб магілах,
Як крыўдзіць пан сваіх сялян.
Што нікне вера, тухнуць сілы,
і сэрца змучана ад ран…

А паглядзіш, то колькі сілы,
Якая моц! Якая моц!..
Што сталь растопленая ў жылах,
Пульсуе кроў… О, любы мой!

Там, на палях маёй Айчыны —
Вялікай мацеры маёй, —
Часамі сонца дарма стыне,
Не скарыстанае зямлёй!

Дзе узрастаюць людзі сонца,
Патрэбны песні новых дзён,
Каб па абуджанай старонцы
Прайшоў надзей і дум цыклон…

О, любы мой! Пад песні волі
Лягчэй тварыць і будаваць.
Нам трэба cонечнае поле,
Каб і самім, як сонца, стаць…

і я пайшоў шукаць той песні,
Вялікай музыкі жыцця,
Ў вачах з бунтуючым прадвеснем
і з сцягам волі на плячах.
 *
Гэткі свет, бунтоўны свет і сіні,
Гэткі свет — таварыш навальніц.
Аддалі усё мы для краіны,
Каб агнём яе жаданняў жыць.

Вырывалі сэрца юнымі рукамі,
Каб ярчэй і радасней палаць.
Колькі песняў спета па-за намі,
Не адзін збудованы палац…
 *
Шумела сталіца вясновым разводдзем,
Муры за мурамі ўзрасталі жывей.
Час бур, навальніц і руінаў праходзіў —
Залечвала раны краіна свае…

Звон малаткоў… Размахі кельні…
Жывой рукой ў глушы пустэльні
Узняты волаты-муры…
Дзень уставаў у кветках вапны,
і, быццам мора, ў час зары
Дзевяты вал нясло на лапах
Жыццю паўстаўшых падарыць…

і Нюрын там, як волат-муляр,
Ў сям’і ўзрастаючых муроў
Для іх аддаў пачуццяў чуласць
і маладых жаданняў кроў…

Шумела сталіца вясновым разводдзем.
Муры за мурамі ўзрасталі жывей.
Час бур, навальніц і руінаў праходзіў,
Залечвала раны краіна свае…
 *
Вечарамі ў пасёлкавым клубе —
Гульні, смех і гармоніка ўсхліп.
Там страчаўся ён з блізкай і любай
Камсамолкай Наталляй Кулік.

Стала праца вясёлай і светлай…
Мэта знойдзена, мэта жыве.
Дзень праходзіў з усмешкаю ветлай
і з праменнем расы на траве.

Ў вечарох нарадзілася шчасце,
Вечары сагравала любоў…
і што ім даставалася часта,—
Мне прыносіла крыўду і боль.

Я пайшоў між туманаў і цемры.
Я шукаў залатых пуцявін.
і параніў я ногі аб крэмні,
Аб граніт і цэмент маставых…

3. ПАДЗЕі РАЗГОРТВАЮЦЦА
Надрыўны боль. Так ціха ў полі.
і з болю месяц акалеў.
і не стрымаць нам злога болю,
і не пусціць яго на лес.

Цяпер няма нідзе прыпынку…
Дзе ж родны дом маёй душы?
За хлеба чэрствую скарынку
Няўжо я мучыўся і жыў?

Не тое, не!.. Ў прасторах свету,
Ў палях краінных і чужых
Я гадаваў жывую мэту
Надзей вясёлых і жывых.

Я сумаваў па вочах любай,
Па дружбе сэрца і надзей,
Мяне ж ніхто не прыгалубіў
Сярод тупіц і між звярэй…

З балота бруду і мяшчанства
Ўсё ж бачыў полымя зарніц.
Я гадаваў ў сабе паўстанца
і новым дням схіляўся ніц…

і можа, так, што ўчора стала,
Што я імкнуўся да людзей,
Я пакахаў тады Наталлю
Ўсёй сілай песні і надзей.
 *
Спаткаўся з ёй ў зялёны вечар,
і словы дзіўныя казаў
Аб дружбе палкай, чалавечай
і пра пачуццяў дзіўны сад…

„Дзяўчына мілая, дзяўчына любая,
Табой ўсхвалёваны, табе кажу,
Калі сягоння шчыра прыгалубіш ты, —
Аддам табе ўсё сэрца, ўсю душу…

Дзяўчына светлая, пачуццяў зоранька,
Агонь у сэрцы ў юным засвяці,
Я стану, любая, такім жа скоранька,
Такім жа светлым, чыстым у жыцці…“.

Быў падфарбован ласкай вечар.
Ах, вечар быў ў яе вачах…
Нашто ж я браў яе за плечы
і слухаў дрож крыві ў плячах?..

Дрыжалі далі у майскай стоме,
і ў стоме сам я ўвесь дрыжаў…
„Не гавары, Валер… нікому…
Так, проста… К дому праважаў…“
 *
Закруціліся дні і тыдні,
Па дарогах развеяўся пыл…
Часта, часта ўставалі злыдні
З сутарэнняў жывых магіл.

Разбівалі надзеі і думы.
і не раз я ужо шкадаваў,
Што ударыў па ласкавых струнах
і што з працай, мне блізкай, парваў…

Эх, песня, душа-зараніца,
Не з сонцам яна узышла…
У бурах жыцця, ў навальніцах
Сама навальніцай была.

Радзілася ў муках і стогнах,
і мукі радзіла другім,
Як хмара, над зорным парогам
Туманіла зор берагі.

Палалі і падалі зоры,
і сам я за імі ляцеў
Туды — ў невядомае мора,
Ў вялікае мора надзей…

Закруціліся дні і тыдні.
Ў гэтых днях зноў да працы прыйшоў…
Толькі дзіка смяяліся злыдні
Над маёй накіпелай душой…
 *
і пакрыўдзіла горка яна,
Насмяялася… Плюнула ў сэрца…
Дагарала і нікла вясна
Пад чыюсьці сімфонію смерці.

і тады пра каханне і смерць,
і пра крыўду не раз гаварыў…
Халадзей пела зорная медзь
Пад удар языкоў зары.

Я пайшоў зноў шукаць вясны…
Толькі з крыўдай і помстай пайшоў.
Гэтак горда праз дым, палыны
Насмяяўся над здраднай душой.

Я спазнаў, што ні кроку назад.
Крок назад — і насмешкі і здрада.
і пайшоў я паэмы складаць
Пра каханне, юнацтва і радасць…

А яна у адплату, у здзек
Наманіла-збрахала другому:
„Гэта брудны і злы чалавек,—
Яму ўсё, што варожа, знаёма…“

Пахла мёдам і свежым укропам…
Ў цвеце сад залаты патанаў…
„Дарагая,— ці ж гэткай нядобрай,
Я ж ці гэткай, ці ж гэткай шукаў?“

4. ТВАР ДА ТВАРУ
Дзе няма ні руху, ні спакою,
Дзе адны каменні ды крыжы,
Любы мой, вясёлаю рукою
Дагарэўшых сэрцам не тушы…

Толькі там жыццё, дзе рух і палыханне,
Толькі там ідуць супроць жыцця,
Дзе ў руках жывога парывання
Дагарае першая свяча.

Чэзне дым, знікаюць перашкоды,
Колькі ж сноў загублена у дым…
Шэраг год жыццёвай непагоды
Замятае дальняга сляды…

Ах, людское сэрца ўсё ж машына,—
Ёсць агонь — трапечацца яно…
Вось чаму за любых, за Айчыну
Часта п’ем і роспач, і віно…

Ну, даволі… Што загаласілі?
Хай падчас я падаў і хварэў, —
Я ўцякаў ад холаду магілы,
Я агнём жаданага гарэў.

Не шукаў мяшчанскага спакою,
Не каменняў чэрствых і крыжоў,
Не душыў юнацкаю рукою
Тых, хто ўдаль да лепшага ішоў!
 *
Ён спаткаў мяне злосным і дзікім,
Словы злосныя кідаў у твар.
Ўсё былое, ўсё светлае нікла:
і сяброўства, і свет, і запал…

і тады мне да болю, да мукі
Захацелася праўду душы расказаць.
А ці ж ёсць вось такая навука,
Што вучыла б квітнеючым стаць?

Слова мне:
„Паслухай, Нюрын, любы дружа!
Жывем мы толькі раз ў жыцці.
Мы, абагрэтыя культурай,
Аб блізкіх думаем не дужа,
Таму не можам расцвісці,
Як сад пад песнямі зімы.
Ў хвіліну крыўды, ў змроках суму
Шукаў я шчасця светлых сноў…
Я знаў надзей жывую думу
і песні майскіх берагоў…

Дык слухай, браце, слухай, любы,
Я ў ёй шукаў вялікіх спраў…
Я ж памыліўся да загубы
і справу дрэнную сыграў…

Не вінаваць… Не трэба гэтак.
Я расказаў табе, як мог…
Я бачыў ў ёй праменні свету
і нібы гэты свет бярог.
Яна ж была — ўсё для паэта,
А муляр я — ёй быў далёк…“
 *
Пахіліўся ён ціха да долу.
Засмучэнне на вусны лягло.
Ў хмарцы курчыўся месяц ад болю
і скацілася зорка далоў.

Было многа напеваў уночы,
Было многа уночы зарніц.
Глянуў ён мне ў туманныя вочы
і прамовіў, схіліўшыся ніц.

Нюрын:
„Я зразумеў цябе, таварыш.
З нас кожны так падчас гарыць
і ў пачуцці жывых пажараў,
і ў шуме бур і навальніц.

Мы ўсе па-рознаму шукаем
Жаданых, светлых берагоў…
Дык дай забудзем, што мы маем,
і пойдзем зноў рука з рукой“.
 *
Ўсё былое, ўсё горкае нікла;
Дым знікаў за далёкай гарой.
Быў той вечар жывы і нязвыклы,
Як дзяўчына пад майскай зарой.
 *
Мы зноў пайшлі ў прасторы працы
Змагацца, жыць і будаваць.
Ён краю роднаму — палацы,
Я ж іх, як волю, апяваць.

і вось я склаў паэму гэту,
Чым я гарэў, што успрыняў…
Ляці ж у свет, нясі паэту
і шум, і лаянку ў газетах
На радасць, сум, на гора дня…
Я успрымаю ўсё без краю.
Я рад за юных і жывых,
Яны і сэрцам не згараюць,
і на кастры чужога краю
Не хіляць гордай галавы!
 *
Хутка выйшла Кулік з камсамолу…
Абвянчалася з нейкім панком…
і знайшла з ім жаданую долю,
і знайшла сабе цёплы дом…

Былі ночы жаночых абдымкаў,
Нехта грубай і дзікай рукой
Даў прытулак ёй, даў ёй скарынку,
Як і ўсякай бы іншай, другой…

Гаварыла, знайшла сабе шчасце.
Гэта сталы зусім чалавек.
і аб чымсьці ўздыхала так часта
Пад таемныя рухі брывей.

Можа быць, аб былым шкадавала
Ці чыноўніка-мужа кляла…
Ўсё ж калісьці з другімі ішла
Ў залатую і светлую даль.
 *
Гудзеў трывожна шумны горад.
Шум узрастаў, як акіян.
Жыццё — я думаў —
Гэта творчасць,
А творчасць — лепшага экран.
 *
На гэтых
Пройдзеных шляхох
Нямала знойдзена,
Здабыта.
і з краю смуты і трывог
ідзем ў край, сонцам
Апавіты.

О, родны край!
Твае палі
Яшчэ аб светлым так не снілі,
Тут буры творчыя
Прайшлі,
імкненнем сэрца
Запалілі!

На новы шлях
і ў новы дзень
Вядзе нас творчая імклівасць.
Тут горды дух агнём надзей
Палае моцным калектывам.

Тут
Ўсё аджытае на дно
Сучаснасць наша пахавала
З паганскім міфам
Калдуноў,
З азёрнай казкаю
Русалак,

Дзе ноч пакінула вясло,
Лясун заблытаўся у ціне.
Асушым твань старых балот,
і змрок ўзвядзем на гільяціну.

Мы пабудуем светлы дзень,
Дзе новы творца — чалавек—
Дарогай простаю ідзе
Без надламаных і калек…

Мы узнясем святла палац,
Мы ў вокны кінем
Промні сонца,
Каб нашым будучым палаць
і сніць аб будучай
Старонцы…

Там пад праменнямі вясны
Да свету пройдуць
Міліёны,
і аб мінулым успамін
Сатрэцца трактарнай калонай.

і ў новых,
Чыстых гарадах,
Быць можа,
Ўспомняць на хвіліну
Аб нашых ранішніх
Шляхах —
Ў прасторы будучай краіны…

О, родны край,
Твае палі
Яшчэ аб светлым так не снілі.
Тут
Буры творчыя прайшлі,
імкненнем сэрца запалілі!