Мурашнік
Верш
Аўтар: Пётра Крачэўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў мурашнік кінуў я кусок цыгаркі,
Яна курэла дымам і агнём…
Зрабіў я гэта можа па дзікарскі,
Але хацелась бачыць, здарыцца што ў ём…

З усіх бакоў, і з кожнае шчэліны
Мурашкі кідалісь ў агонь,
Жыцьцё губілі для дзяцей, радзіны —
І клалісь на цыгарку, як далонь.

І сумна і прыемна мне тут стала:
Я шкадаваў мурашак, як людзей —
Стварэньне гэтае сябе абараняла
І гінула за свой мурашнік і дзяцей.

Паміж людзьмі мы бачым штось другое
Для Бацькаўшчыны працаваць ім стыд,
Ім дзесьці сьвеціць шчасьце міравое,
А родны край ніхай гарыць!..