Мэмарандум Рады БНР (1960)

Мэмарандум Рады БНР (1960)
Дакумэнт
Аўтар: Аляксандр Стагановіч
9 травеня 1960 году
Крыніца: Мэмарандумы Рады БНР і Лігі вызваленьня народаў СССР лідарам ЗША, Брытаніі і Францыі – травень 1960 г. (паводле: Бацькаўшчына № 21 (505), 1960)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мэмарандум
Высланы ад імя Рады БНР з нагоды канфэрэнцыі на высокім узроўне ў Парыжы, на імя Прэзыдэнта ЗША Айзэнгаўэра, Прэзыдэнта Францыі дэ Голя, Прам’ера Вялікай Брытаніі Макмілана і Віцэпрэзыдэнта ЗША Ніксана

Эксцэленцыя,

З нагоды заплянаванай канфэрэнцыі на найвышэйшым узроўні, маем гонар ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на выгнаньні зьвярнуцца да Вас з просьбай прыняць на Вашую ўвагу наступнае:

1. Беларускі народ на працягу апошніх сарака гадоў знаходзіцца ў няспынным змаганьні за аднаўленьне свае дэмакратычнае Рэспублікі;

2. Беларускі народ заўсёды ўважаў і ўважае савецкую ўладу на Беларусі за рэжым, накінуты яму збройнай сілай звонку – Савецкай Расеяй. Дзеля гэтага ўсялякія забавязаньні спадара Хрушчова ад імя беларускага народу будуць ім (беларускім народам) уважацца за забавязаньні, пазбаўленыя ўсялякіх праўных падставаў.

3. Дзеля таго мы энэргічна пратэстуем супраць намеру ангажаваньня спадара Хрушчова дзеля дапамогі гэтак званым эканамічна слабаразьвітым краінам коштам беларускага народу, таму што каляніяльная палітыка Крамля ў дачыненьні да Беларусі давяла наш народ да такога стану галечы, якую нельга параўнаць зь нястачамі якой-небудзь краіны былых каляніяльных народаў у вольным сьвеце.

Прыймеце, Эксцэленцыя, выражэньні нашых пачуцьцяў найглыбейшай да Вас пашаны.

Нью-Ёрк, 9 травеня 1960 году

А. Стагановіч

Намесьнік Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі