Мэморыя прадстаўнікоў Беларусі на ІІІ-яй Канфэрэнцыі народаў

Мэморыя прадстаўнікоў Беларусі на ІІІ-яй Канфэрэнцыі народаў
Дэклярацыя
Аўтар: Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі
27 чэрвеня 1916 (пераклад 1917)
Пераклад: Браніслаў Эпімах-Шыпіла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЭМОРЫЯ

прэдстаунікау Беларусі на III-ей Канфэрэнцыі народау.

(Летась, 1916-га г., у чэрвені месяцы, адбылася ў Швайцарыі III-я Канфэрэнцыя Нацыяў, на каторай прадстаўнікі беларусаў падалі вось якую Мэморыю, або дэклярацыю, друкаваную па француску у Лёзані 27-га чэрвеня.)


Тэрыторыя, на якой жывуць Беларусы, на захадзі гранічыць с краем латышскім, Літвою і Польшаю, на поўдні—з Украінаю, на ўсходзі і поўначы—з Вялікарусамі. Найдаўжэйшая граніца—гэта граніца з Украінай, яна становіць трэцюю часьць усей гранічнай лініі, найкарацейшая — с Польшай. Паўднёвая граніца Беларусі праходзіць на поўнач Брэста-Літоўскага удоўж балот Прыпяці, аж да Чарнігава; ад гэтага места [гораду] простай ліняю на поўнач аж да, Ржэва і на поўнач ад Ржэва крывою ліняю да Рэжыцы ламанаю лініяй праз Дзьвінск аж да, Брэсту-Літоўскага. У сярэдзіні гэтай лініі агульнай масай жыво каля васьмі мільёнаў Беларусаў.

Беларусы вядуць свой род ад старынных плямёнаў Крывічоў і Дрэговічоў, к IX-му сталецьцю арганізаваных ў адну дзяржаву готскімі легіёнамі, прыйшоўшымі с Скандзінавіі. Латышы, паўночныя суседзі Беларусаў, дагэтуль называюць іх Крывічамі—«Kriwoi», а літоўцы клічуць іх Готамі—«Gudai».

Ад IX-а веку да XII-га гісторыя Беларусі—гэта працяг заядлых войнаў ў абарону свае незалежнасьці проціў рэшту рускіх [княжства Кіева—Украінскага, Наўгародскага і інш.]

Гэтая гіганцкая барацьба змусіла нарэшці княжэства Крывіцка-Беларускія, мала-памалу вольна злучыцца з Літвою, Ад XIII-га веку да другой палавіны XVI-га Беларусам, злучаным з Украінцамі і Літоўцамі, удалося стварыць магутную дзяржаву, вядомую ў гісторыі пад назвай Вялікага Княжаства Літоўска-Рускага. Язык беларускі быў языком адміністрацыі вялікіх княжстваў: па-беларуску пісаліся усе афіцыальныя і судовыя дакумэнты, адміністратыўныя акты, законы і летапісы княжаства.

У канцы XVI сталецьця, ў 1569 гаду, упаўнаважныя народаў Беларускага, Украінскага і Літоўскага падпісалі на Люблінскім Соймі унію (злучэньне) з Польшай. Па Люблінскаму трактату абедзьве дзяржавы, Беларусь-Літва і Польша злучаюцца ў адну рэспубліку на падставі роўнасьці, кожны край заховывае сваё войска, свае фінансы, сваё судовае і мяйсцовае упраўленьне, але з супольным соймам для абодзьвёх старон.

У канцы XVIII-га сталецьця злучаная польска-літоўска-беларуская рэспубліка, вядомая пад агульным названнем «Рэчпаспалітая», была зніштожэна, яна была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі: Прусіей, Аўстрыей і Расіей. Беларусь была цалкам прылучана да Расіі у 1793-ім гаду, на моцы (згоды, падпісанай у Гродні. Згоду гэтую падпісала царыца Катарына II у сваім і насьледнікаў імені: яна абецалася захаваць на вечныя часы ў прылучаных да Расіі землях беларускіх вольнасьць сумленьня, нярушымасьць маетнасьцяў духоўных і свецкіх і грамадзянскую волю павэдлуг старых звычаяў і прывілеяў. Але беда, што урачыстым абецанкам гэтым, наданым народу Беларускаму, не давялося быць датрыманымі, бо Расія зусім ня думала спаўняць тое, што яна абецала. Праўдзівыя мэты царыцы ў адносінах да Беларусаў можна бачыць у яе лісьце да графа Разумоўскага; там яна гавора аб патрэбі паступовай русіфікацыі. На другі год па прылучэньні Беларусі да Расіі пачаліся прасьледававьня і агранічэньня проціў Беларусаў. У 1795-м годзі пашырылі на Беларусь моц закону, выданнага Пятром I у 1720 годзі для Украіны, і забаранілі друкаваць у краёвай мові Пісьма Сьвятое і рэлігійныя кніжкі. Прасьледаваньня нацыанальнай цэркві уніяцкай павялічыліся, царкоўныя маетнасьці былі канфіскованы, кляштары зачынялі, кніжкі царкоўныя палілі, духаўнікоў уніяцкіх каралі, верных сілаю паварочвалі на праваслаўе і т. д. і т. д.

Полацкі сабор 1839-га году давяршыў усё, што да яго рабілося: рускія біскупы абвясьцілі, што царква уніяцкая зноў злучылася с праваслаўнаю. Цар Мікалай I ў сваім маніфэсьці 1839-га году абвясьціў грэцка-каталіцкую (уніяцкую) веру не істнуючай і зацьвердзіў навярненьне ўсіх уніятаў да парквы праваслаўнай. У гэтым жэ самым часі ён выдаў наказ, забараняючы ужываньне беларускай мовы.

Народ Беларускі сапраціўляўся гэтаму прымусоваму з‘еднаньню з царквой праваслаўнай. Збройнай сілай і карацельнымі экспэдыдыямі з рускіх казакаў ўвадзілі праваслаўе на Беларусі. Прылучэньне ўніятаў да казённай цэркві цягнулося ад 1820-га да 1905-га году. Кроў мучэнікаў «возсоединенных любовію» пачырваніла зямельку беларускую і сьнягі Сібіру. Пераробка уніяцкіх цэркваў адбывалася с крывавымі бойкамі; над селянамі, упорна бараніўшымі веру бацькоў сваіх, нешчадна зьдзекаваліся дзікія банды казакаў, праліваўшых кроў верных і ксяндзоў грэцка-каталіцкіх (зусім так сама, як гэта было і на Украіні, ў краю Холмскім).

У тым самым часі, каб абрусіць Беларусаў, расійскі урад напоўніў край маскоўскімі чыноўнікамі і попамі, каторым Сынод і дагэтуль плаціць падвойное «жалованьне,» як місіанэрам. Лічба школаў, пачынаючы ад 1840 г., зменьшылася на чвэрць. Прыгон [няволя] селян асабліва змоцнены быў на Беларусі: селянін быў прыкуты да зямлі, і пан атрымаў права караць падданага і нават ссылаць яго ў Сібір. Мяйсцовыя ўласьці, тлумачучы па свойму і пашыраючы па Беларусь указ Петра I, выданы ў 1720-м годзі, не дазвалялі друкаваць ні воднай кніжкі ў роднай мові. Ад 1793-гп да 1905-га г. знаходзім толькі два выданьня беларускія,—гэта два катэхізмы[1]. Толькі ў 1905-м годзі Беларусы, як і усе іншыя народнасьці, атрымалі права друкаваць у роднай мові усё, што хочаш. Ня гледзючы на 110-летні ўціск, вісеўшы над нацыанальным пачуцьцём Беларусаў, пры паяўленьні першага беларускага часопісу шмат сьвядомых беларусаў адклікнуліся на яго прызыў. Праз 10 год, значыць да 1915 г. Беларусь здалела стварыць сабе пісьменства, выказаць талянты паэтыцкія і літэратурныя, стварыць арганізацыі нацыанальныя, культурныя і сацыальна-эканамічныя.

Да пачатку вайны Беларусы мелі сем часопісаў «Наша Ніва», «Маладая Беларусь», «Саха», «Лучынка», «Раніца», «Крапіва», «Наша Доля»,[2] чатыры выдавецкія таварыствы, неколькі гурткоў крэдытовых і коопэратыўных, цэлую сетку вясковых народных бібліатэк. Але «констытуцыонная Расія» не давала Беларусі ніякіх другіх правоў, апрача права выдаваць кніжкі ў краёвай мові. Закон забараняў навучаньне па-беларуску ў пачатковых школах, вясковыя бібліатэкі мусілі быць патаёмнымі. Забаронена было чыноўнікам трох міністэрстваў (ваеннага, духоўных спраў і народнай прасьветы) падпісывацца на часопісі, або атрымліваць кніжкі беларускія. Пры канстытуцыонным расійскім урадзі сілковае абрушэньне практыкавалося старанна, дзякуючы усей урадавай сыстэмі і вялікім выдаткам, робленым на гэта.

Беларускія вучыцелі, зрабіўшыя хаўрус, каб адваеваць права ужываньня роднай мовы ў пачатковых школах, былі засуджаны і шмат з іх яшчэ й цяпер на ссылцы ў Сыбіру, куды яны былі сасланы «адміністратыўным парадкам.»

Беларусы ня мелі прэдстаўніка ў Дзяржаўнай Думі, дзякуючы выбарнай сыстэмі, прыдуманай спэцыяльна для Беларусі. Мова беларуская дагэтуль выключэна з цэркваў праваслаўных і каталіцкіх касьцёлаў.

Да апошніх часаў вясковая палітыка дзяржавы старалася калёнізаваць (заселяць) Беларусь вялікарусамі; Беларусам-католікам забаранялі купляць землю, занімаць пасады на урадавай службі і закладаць ананімныя таварыствы.

Калі выбухнула вайна, Беларусы залажылі дабрачыннае таварыства помачы ахвярам вайны. Таварыства гэта працавало з мізэрнымі капіталамі ад дабравольных складак, каторых не магло хапаць на патрэбы гаротных, Расійскі урад прыняў сыстэму помачы па нацыанальнасьцям; ён ўдзяліў досыць значную помач усім чужынцам, выключыўшы толькі Беларусаў і Украінцаў. У гэтым жэ часі расійскі урад эвакуаваў з розных мейсц Беларусі сотні тысяч селян беларускіх, нішчыў хлеб па палёх, паліў хаты і гумны; адступаючая армія гнала перад сабою эвакуованых, як быдла, ў варунках самых негігіенічных і самых цяжкіх аж у паўночную Расію і Сібір; дзяцей часта бралі ў прытулкі, каб іх русыфікаваць. З зямель беларускіх, захопленых цяпер Аўстра-Немцамі, выгналі каля 300.000 чалавек. Часьць жыхароў асталася ў сваіх сялібах, дзякуючы толькі таму, што іх вёскі лежалі па за шляхам баёў, або дзякуючы таму, што яны загадзя пахаваліся ў лясох і балотах.

Каля году ужо, як арміі расійскія і нямецкія бьюцца на зямлі Беларусі (і Украіны) і лод гэтай старонкі мусіць цярпець усе жахі вайны, будучы выстаўлены на паўнейшае руйнаваньне іх быту эканамічнага і спыненьне культуры.

Цяпер, дзякуючы III-й Кайфэрэнцыі Народнасьцяў, мы маем магчымасьць першы раз з 120 гадоў заявіць цывілізованаму сьвету аб поўным браку ў нас правоў, ад каторага мы цярпелі ў Дзяржаві Расійскай. Мы просім у цывілізованых народаў спагады нам і падтрыманьня, каб змусіць шанаваць нашы нацыанальныя і культурныя правы.

Мы можэмо мець дарэшці надзею, што, які-б сабе ня быў канец вайны, народы эўрапейскія памогуць нам запэўніць Беларусі усе палітычныя і культурныя правы, якія дадуць нашаму народу магчымасьць вольна развіваць свае інтэдлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы і што гэтыя правы дазволяць нам быць гаспадарамі на нашай ўласнай зямельцы.

Прэдстаўнікі Беларусі.


Падаў і на беларускую мову пераклаў
Бр. Эпімах—Шыпілло.


  1. У 50-х і 60-х гадох друкаваліся лацінкаю у Мінску, у Бейліна, беларускія творы Марцінкевіча, як польскія.
  2. „Раніца“ і „Крапіва“, выйшлі толькі па аднаму №. Не упамянута беларуская каталіцкая тыднеўка „Беларус“, якая выдавалася праз цэльных дап годы.

Выданьне «Вольнае Беларусі.»


Усе, каму дорага справа жыцьця і адраджэньня Беларусі, выпісвайце, чытайце і шырце беларускую газэту:

„ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ“

Гэта душа, думак і патрэб Беларусі.

Цана с перасылкай да хаты: 1 г.—10 р., на 6 м.—6р., на 1 м.—1 рб.

Пробные нумяры высылаюцца дарма, Адрэс: Мінск, Захараўская, 18.

Падпіску прымае і «Беларуская кнігарня» г. Мінск, Захараўская, 24.



МІНСК.
1917 г.


Друкарня Н. М. Нахумова.

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.