Мэты і заданьні
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1923
Крыніца: Запісы БІНІМ, Нью-Ёрк - Менск. - №37. — 2014. - с. 432-433 (першакрыніца: Перавясла. № 1. Лістапад 1923. С. 14—15)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І так, у найвялікшым асяродку сучаснай славянскай культуры і палітыкі, у Празе, вучацца на рожных вышэйшых школах больш сотні беларускіх студэнтаў. Факт у гісторыі адраджэньня беларускага народу яшчэ нябывалы. Можна па-рознаму падыходзіць да яго ацэнкі, але адно павінна быць агульна прызнана — за некалькі гадоў Беларусь узбагацілася сьвядомай адраджэнскай інтэлігенцыяй з вышэйшай эўрапейскай адукацыяй.

Большасьць студэнства — сыны мужыцкія, вышаўшыя с-пад саламянае страхі сярмяжніка-селяніна, дзеці беларускіх працоўных грамад. Амаль усе — палітычныя эмігранты.

Што прывяло іх у Прагу? Што змусіло пакінуць родную краіну? мо’ хто спытае. Адказ на гэта просты: перасьледаваньне акупацыйных уладаў, смага веды.

Сталецьці спаўшы ў нявольніцкім сьне, беларускі народ абудзіўся і сягнуў тварыць сваё ўласнае жыцьцё. Недахват усестароньне асьвечаных адзінак — найвялікшая перашкода на шляху культурнага, сацыяльнага і палітычнага вызваленьня ды адраджэньня беларускага народу. Мо’ і несьвядома, чыста інтуіцыйна, але на праўдзівы шлях станула беларуская моладзь, калі з глухіх мядзьвежых куткоў, без пашпартоў і візаў, пехатою, проста нацянькі рашыла памандраваць у Эўропу, каб задаволіць сваю смагу веды і ў Празе, дзякуючы прыхільнаму адношаньню чэха-славацкага ўраду і народу, змагла дасягнуць свае мэты: веду атрымае.

А пасьля што? Што будзе рабіць пасьля аканчэньня ўнівэрсытэту або тэхнікі асьвечаны беларус? Каму ён аддасьць сваю веду? Ці хто задаваў сабе такое запытаньне? Мае ўжо адказ? Пэўна, не! Ня кожны яшчэ ўсьведаміў сабе, хто ён і куды ідзе яго дарога.

„А ў бары, у бары тры дарожанькі“…

Па якой-жа пайсьці? Хто скажа?

Каб цьвёрды і ясны адказ даць на гэта запытаньне, трэба насамперш добра ўявіць мэту свае падарожжы. Калі чалавек ведае, куды ён ідзе, яму лёгка выбраць дарогу: укажа мэта, па якой пайсьці. Бо заўсёды мэта азначае спосабы яе дасягненьня, — ніколі спосабу мэты, а дарога і ёсьць для падарожнага спосабам найхутчэйшага дасягненьня мэты. Гэтай мэтай для асьвечанага беларуса мае быць дабрабыт тае хаты жыхароў, зь якое сам нядаўна выйшаў, дабрабыт таго народу, сярод якога вырас — шчасьце й сьветлая доля беларускіх працоўных грамад!

Устанавіўшы сабе гэтую мэту, кожны беларускі студэнт мае паставіць сваім заданьнем: узапраўды стаць асьвечаным чалавекам, узапраўды навучыцца ўсім тым спосабам змаганьня за лепшы дабрабыт і сьветлую долю працоўных грамад, якія ўжываліся ў мінуўшчыне і ўжываюцца ў сучаснасьці народамі Эўропы.