Міжнародны гімн (Пацье/Купала)
Міжнародны гімн (Інтэрнацыянал) Верш Аўтар: Эжэн Пацье Пераклад: Янка Купала Крыніца: Купала Янка. П’есы, пераклады \ Прадмова А. В. Сабалеўскага; уклад. Л. С. Курбенка — Мінск, Юнацтва, 1992. ст. 277-279 |
Іншыя пераклады гэтага твора: Інтэрнацыянал. |
Гэта бой наш астатні
За працоўны народ,
Каб у лучнасці братняй
Узняўся людскі род
1
Паўстань, пракляццем катаваны!
Паўстань, хто з голаду век пух!
Бурліць наш розум ўзбунтаваны.
Няволі кліча рваць ланцуг!
Стары парадак мы зруйнуем
Магутным выбухам сваім
І свет на новы лад збудуем:
Хто быў нічым — той будзе ўсім!
2
Ніхто не дасць самохаць волі —
Ні бог, ні цар, ні багатыр.
Даб’емся самі лепшай долі…
Дабро для ўсіх — наш правадыр!
Каб не згібаці плеч пакорных,
Каб волі дух лунаў у нас, —
Адважна плаўма сталь у горнах,
Пакуль у кузні жар не згас!
3
Уласць гняце, закон хітруе,
Кроў з бедных ссуць падаткі, чынш.
Ніхто багатых не турбуе,
Правы гаротных — смех адзін!
Даволі жыць чужою ласкай,
Закон аб роўнасці давёў:
«Няма правоў без абавязкаў
І абавязкаў без правоў!»
4
Нікчэмны ў торжышчы ўсеўладным,
Капальняў, фабрыкаў паны,
Чужую працу толькі складны
Па-зверску рабаваць яны.
У скрыні-склады сытай банды
Дабро працоўнае пайшло,
Хай жа бядак даб’ецца праўды:
Каб што здабыў — яго было!
5
Цары паілі нас маною.
Дык нам спакой, а ім вайна.
Супроць вайны пайдзём вайною:
Душа ў салдаты — ні адна.
Калі ж уладзяць з намі гулі —
Пагоняць нас на бой за іх, —
Дык будуць знаць, што нашы кулі
Пачнуць страляць па іх саміх.
6
Мы ўсе работнікі, сяляне —
Сусветны рой працаўнікоў —
Мець будзем на зямлі ўладанне —
А дармаеды прэч! Далоў!
Жывіцца целам нашым годзе
Усім трутнём ды груганом!
Для нас, паўстаўшых, сонца ўсходзе,
Свяціць нам будзе век вяком!
Гэта бой наш астатні
За працоўны народ,
Каб у лучнасці братняй
Узняўся людскі род!