Між скаламі, нібыта злодзей (Шаўчэнка/Глебка)

Між скаламі, нібыта злодзей
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1848
Арыгінальная назва: uk:Кобзарь (1876)/Том 1/Між скалами, неначе злодій
Пераклад: Пятро Глебка
Крыніца: Кабзар - с. 185-186

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Між скаламі, нібыта злодзей,
Па-над Днястром ідзе ўначы
Казак; .глядзіць ён, ідучы,
На цёмныя мутныя воды,
Нібыта ворагам у вочы,
Нібыта вымавіць ён хоча:
—О Днястро мой каламутны,
Вынесі на волю,
Ці ўтапі хоць, рака, мяне,
Раз такая доля.
Ды раздзеўся на камені,
Ў рэчку кінуўся, плыве,
Аж хваля сіняя раве,
І равучы на той бераг
Казака выносіць.
Страпянуўся небарака:
І голы, і босы,
Ды на волі; больш нічога
У бога й не просіць.
Пачакай вось, можа, браце,
На чужынскім полі
Таго шчасця ты папросіш,
Ды ранейшай долі.
Пайшоў сабе цёмным ярам,
Ды пяе шчасліва.
Ой з-пад узгорка, ды з-пад абрыва
Ішлі вазы рупліва,
А за імі ідзе чарнявая
Ды плача тужліва.

Ужо як хочаце, хоць лайце,
Хоць і не лайце, не чытайце
Вы пра мяне. Я й не прашу,
Бо для сябе, браткі, пішу,
Яшчэ раз алавок патрачу;
А можа, дасць бог, і заплачу —
З мяне і досыць
Ну ізноў!
Пакінуў двор свой і хаціну,
І жонку з маткаю пакінуў,
У Бесарабію пайшоў
Вось той казак. Пагнала гора
Да мора піць. Хаця гавораць:
— Абы файда ў руках была,
А хлопа лёгка, як вала,
У плуг галоднага запрэгчы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Наўрад ці гэта так!
’Шчэ змалку з маткаю старою
Хадзіў той з торбамі казак.
Вось так і вырас сіратою
У наймах. Сказана—бядак,
Дык ён і ажаніўся так:
З прыгожаю, але з убогай,—
 
Вядома, з наймічкай. А пан...
(Нядоля наша і талан, —
Як кажуць людзі,—ўсё ад бога)
Убачыў, гад! Пановы вочы!
Ды стаў, гасцінцы пасылаць.
Дык і гасцінцаў браць не хоча.
Не хоча й пана пакахаць.
Што тут рабіць? За мужа ўзяцца
Ды добра ў знакі яму дацца...
А жонку можна прывітаць.
Траха й не сталася вось так.
Да ніткі звёўся мой казак,
Усё на паншчыне праклятай,
А быў-жа гаспадар
. . . . . . . . . . . . . . .
А жоначку сваю любіў,
І—божа!—Як панёнка,
Як маленькага дзіцёнка,
Убраную вадзіў!
Ды знямогся небарака,
Хоць прадавай хату
Ды йдзі ў наймы! Вось так яго
Гэты пан пракляты
Дапёк добра! А жоначка,
Быццам і не знае,—
У добранькім уборыку
У садку гуляе—
Нібы краля!—Што рабіць тут?
Мяркуе гаротны:
—Уцяку, а іх пакіну...
Хто-ж тады галодных
Іх накорміць тут? Старая
Не здолее ўстаці;
А другая—маладая
Хоча пагуляці!
Як-жа гэта? Што рабілі?
Гора маё! Гора!
І пайшоў, узяўшы торбу,
За сіняе мора
Шукаць долі! Думаў прыйсці
Ды хоць жонку ўзялі,
А старая і тут будзе
Век свой дажываці
На сядзібе!..
Дык вось гэтак
Трапляецца жыці!
А ён думаў пажываці
Ды бога хваліці—
Давядзецца-ж на чужыне
Толькі слёзы ліці!—
Больш нічога... Нудна яму
На чужынскім полі!
Усяго надбаў, старанны
Ды не прыдбаў долі,
Таго шчасцейка святога...
Свет божы не мілы—
Нудна яму на чужыне,
Дабро апастыла!
Захацелася хоць глянуць
На свой край, на мілы,
На высокія магілы,
Шырокія далі,
На садочак, на жоначку,
Маладую кралю!
І паплыў Днястром назад ён,
Пакінуўшы волю,
Брадзягаю... О божа мой!
Якое ты, поле,—
Сваё поле!—Якое ты
Шырокае! Нібы
Тая воля
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Прышоў дадому уначы.
Стагнала маці, не сплючы,
А жонка у каморы спала
(Пан нездаровы). Жонка ўстала,
Як тая п'яўка улілася
І, як вадою, залілася
Драбнюткімі, як мак, слязамі.
І так трапляецца між намі,
Што нож на сэрца настаўляе,
А сам цалуе... Маладая
Адразу ажыла нябога!
І дзе ўзяліся толькі ў бога
Прысмакі тыя і пітво?
Сама-ж, ну, проста, нежывой,
На плечы вісне. Напаіла,
Добра накарміла
І ў каморы, вясёлага,
Спаці палажыла!..
Ляжыць сабе небарака,
Думае-гадае,
 
Як мы будзем вандраваці..
І ледзь засынае.
А жоначка маладая
Пабегла да пана,
Расказала—вось так і так.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Люба ды кахана
Прышлі, ўзялі гаротнага,
Дый павезлі з хаты
Прайдзісвета, валацугу...
Проста у салдаты.

І там доля не кінула,
Даслужыў да чыну,
Дый вярнуўся ў сяло сваё,
І служыць пакінуў.
Ужо матку пахавалі
Людзі грамадою,
І пан памёр. А жоначка...
Маскоўкаю ўсюды
Валочыцца... сярод панства.
Гандляроў тых, босай...
Знайшоў яе, наглядзеўся...
І сівавалосы
Пакалечаныя рукі
Узняў ён да бога,
Зарыдаў, нібы малое...
Дараваў, нябога!

Вось так, людзі, вучыцеся
Крыўды дараваці,
Як той невук! .....
Дзе нам грэшным
Дабра таго ўзяці?
.....
.....

Кос-Арал
1848