Міколава гаспадарка (1927)

Міколава гаспадарка
Паэма
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЯРКАЧ


МІКОЛАВА
ГАСПАДАРКА

АГРО-ПОЭМА


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ
ВЫДАВЕЦТВА МЕНСК 1927

А. ДЗЯРКАЧ


МІКОЛАВА ГАСПАДАРКА


АГРО-ПОЭМА


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК —— 1927

БДВ № 265.

Галоўлітбел № 25191.


1-ая дзярж. друк. Заказ № 338. У ліку 3.000 экз.

У дзень Сьвяточны Ураджаю
Я хацеў-бы напісаць
Так, каб з краю і да краю
Было весела чытаць,
Каб ніхто ня даў па карку
Небарацы Дзеркачу
І адразу гаспадарку
Стаў вясьці, як я хачу!
Нават, не! а як навука
Ў цэлым сьвеце завяла…
Закавырыстая штука
У патыліцу прышла!
І хоць мне, як сьвінапасу
(Я зусім не агроном!),
Мала выдзелена часу
На пагутарку з пяром,
Трэба ўзяцца бяз ухілу,
Бо за мною ў чарадзе,
Ўсё, што мае толькі сілу,
Талакою ўсьлед ідзе!
Гэта прыказка, а казка
Там наперадзе, браткі…
Ці ўдалося-ж?.. Калі ласка, —
Гляньце ў дальшыя радкі!


∗     ∗

У Міколы буракі —
Без папа і цуда —
Ня узьняць у дзьве рукі:
Важаць па поўпуда!
А чаму? Не уцямлю?
Мусіць, гэта стала
Ад таго, што ён зямлю
Апрацоўваў дбала!
Дзень-у-дзень не гультаваў,
Не пачухваў плечы,
А адно к другому гнаў,
Каб было да-рэчы!
Агародны свой пасеў
Ўвосень паскародзіў,
Пырнік полымем пусьціў,
Каб вясной ня шкодзіў.
З печы цэлую зіму —
З бабаю у згодзе
(Пажадаем хоць каму
На усім народзе!) —
Попел ночвамі цягаў
У катух — на грады:
Воз дзесятак назьбіраў
Гною для рассады!
Пасьля загадзя, вясной,
Наумысьле, з дому,
Бяз прыгону — сам сабой —
Зьезьдзіў к агроному.
Распытаў з усіх бакоў
Пра садок, прышчэпы,
Пра гатункі буракоў,
Агуркоў і рэпы,
Дзе насеньне набываць,
Каб было усхожым,
Як садзіць і даглядаць,
Каб расло прыгожым.
Торбай розуму набраў,
І за тое зразу
Агарод апрацаваў,
Як ніхто ні разу…
Прост, як кажуць, пад арэх:
Не зямля — пярына!
Паляжаць, і то ня грэх —
Далібог, Марына!
І за гэта-ж парасло
Ў корань і салому!
Не бацьвіньне, а вясло!
Дзякуй агроному!
Самі гляньце — агурок, —
Каб яго-ж паветра!
Ў даўжыню і ўпапярок
Болей, як поўмэтра…
Дай дзяўчыне — аніяк
Не падняць дзяўчаці, —
Будзе поўзаць так, як рак,
Дзе-нібудзь на гаці!..
З аднае-ж тае грады
Маку і фасолі
Для сям‘і на тры гады
У дзесяць душ даволі!
Ці капуста? — ажно страх,
Паглядзеце людзі:
З качана кадушку ў мах
Накладзеш па грудзі!
Або, во! — хоць кулю у лоб
Ці аб землю вока!
Бачыш — лес, а гэта-ж — боб,
Так пайшоў высока!
Ў локаць выпярло струкі,
У кулак — зярнята,
Ў падваліну — цыбукі,
І апал і хата!
А цыбуля? — паспытай
Вырваць корч… Ня ў сілу?
Кінь! і лепей прыпрагай
Да карча кабылу!
Пра каноплі-ж — я ня бот!
І казаць ня трэба:
Лезь угору, як той кот, —
Пападзеш на неба!
Буракоў і агуркоў,
Бобу і картоплі —
Каля тысячы пудоў
З невялічкай кроплі,
Бо па плошчы агарод
Менш, як чацьвярціна,
А прыбытку даў за год
Больш, як дзесяціна!
Можна жыць і спажываць…
Людзям навакола
Я-б адно хацеў сказаць:
Маладзец, Мікола!
Самавіты выбраў шлях
Ты у гаспадарцы:
Будуць боты на нагах
І малым па скварцы!
Наматай гультай на вус,
Бо такія штукі
Зробіць ўсякаму хаўрус
Працы і навукі!


∗     ∗

З агароду пойдзем у сад…
Не садок — малюнак:
Дрэвы высаджаны ў рад
Роўна ў пагатунак!
Вапнай выбелены скрозь,
Проста, як бярозы…
Цераз плот — ня ўлезе лось,
Ні зайцы, ні козы!
Хай паскачуць, бо дарма!
Ў вышыню настолькі,
І ні шчыліны няма —
Любата і толькі!
На зіму абложан сад
Гноем і саломай,
І мароз яму ня брат —
Цяплыня, як дома!
У падзяку з году ў год
І што больш ад году
Павышаецца даход
І ўсё менш расходу…
Яблык, груш, малінаў, сьліў —
Без канца і меры…
Я-б ніколі ня прысьніў
І ня даў-бы веры,
Каб самому ня прышло —
Ў гэту восень, значыць, —
Праяжджаючы сяло,
Гэтага убачыць!
А гатункі каб зьлічыць,
Дык паперы трэба
На вярсту ці дзьве купіць —
Ад зямлі да неба!
Бо, напрыклад, слуцкіх бэр
Каля сотні з гакам,
І адну з другой ня мер —
Ўсе з інакшым смакам!
Ці антонаўка? Каб іх
Вам па назвам зьвесьці,
Трэ‘ пакуштаваць усіх —
Дрэў ня менш, як дзьвесьце!
Я ні кроплі не маню,
Не разводжу пыху…
Лепш пра іх велічыню
Пагаворым крыху.
На кілё ня болей трох
Пойдзе сьліў — і мерка!
А салодкіяж! — дальбог
Саладчэй цукеркі…
Яблык проці гарбуза —
Вырасьце — ж, псяюха!
Як каза-і страказа,
Або слонь — і муха…
Ці ігрушы? — аднае
На дваіх даволі,
Бо часамі і тае
Не зьясі ніколі!
Укусі хоць крышку — смак
Цэлы тыдзень ў роце, —
Не адчэпішся ніяк,
Што ні еж напроці!
Не садок, а чысты рай…
Вось якая справа…
Малайчына, Мікалай!
Чэсьць табе і слава!


∗     ∗

Ззаду саду пчальнічок
І — хоць невялічкі —
Расстаноўлены ў радок
Вульлі, як каплічкі…
Ў кожным пчолак — мо‘ мільён:
Сто туды ці сюды!
А паваж — адзін закон!
Пуд і больш нікуды…
Бо і пчолкі-ж! Ей-жа-ей —
Каб сказаць нямнога, —
Дык найбольшы верабей
Проці іх — нічога!
Навакола аж гудзе…
У хаўрус, ў талоку
Праца жвавая ідзе
З раніцы да змроку…
Праз заслоны і ставы —
Быльлю-нябыліцай —
З цьвету, кветак і травы
Мёд плыве крыніцай…
Цэнтрафуга аж гучыць,
І салодкі, чысты
Ручаём мядок дзюрчыць,
Як бруштын, празрысты!
З лета ў восень — цераз край
Бочка-саракоўка…
Маладзец ты, Мікалай!
І твая галоўка!


∗     ∗

З саду — хай расьце здароў! —
Пойдзем на палетак,
Назьбіраем васількоў,
Ці інакшых кветак…
Але дзе там, ні адной
Ня відаць і сьледу,
Бо сказаў Мікола мой:
Годзі чужаедаў!
З кветак гіне ўраджай —
Тут іх не патрэба,
А затое цераз край
Назапасіш хлеба!
Бо навука-ж не спраста
Тне ў дзесяць столак,
Каб насеньне да чыста
Пазбываць ад зёлак…
Так, як лыка, завяжу —
Дома, ці ня дома,
Але ўсякаму скажу —
Слухай агронома!
Толькі розуму ня траць,
Толькі слухай вухам —
Не галодным ляжаш спаць
На палацях брухам!
Працы й захаду няма,
Без расходу зразу
Аграпункт табе дарма
Вычысьціць заразу!
Мой Мікола быў ня пень:
Разуму паслухаў,
І насеньне ўсё за дзень
Зьвёз і перадзьмухаў…
Парасло жытцо, як бор,
Як сьцяна — пшаніца:
Ня умесьціцца на двор
Гэта навальніца!
Умалот? — адна капа:
Пяць асьмін, як вока…
А саломы? — дык снапа
Не нясі далёка,
Бо ня вытрымае пуп!
Аддыхні хоць, браце!
Жарты! гэтакі, як слуп, —
Сажань у абхваце…
Бульбы-ж столькі, як гразі:
Запрагай у кары
І вазі, вазі, вазі
У чатыры пары!
Вось дык гэта ўраджай, —
Аднаму й другому!
Малайчына, Мікалай!
Слава агроному!


∗     ∗

Каля поля сенакос…
Два гады, ня болей,
Як чарот тут толькі рос —
Пэўна, боскай воляй…
Дзесяціна, як на сьмех,
Возу не давала:
У адзін схаваем мех —
На авечку мала!..
Мікалай не сплахаваў:
Угнаіў, уздравіў,
Кожны год баранаваў
І — глядзі — паправіў!
Ў пояс вырасла трава,
І цяпер з паўморгу
Не адзін вазок ці два —
Сто пудоў бяз торгу!
Мо‘ ня хопіць? Дык чаго —
Канюшыны, вікі
У Міколы маяго
Стог — з гару вялікі!
Толькі еж і пі ваду —
Хваціць для жывёлы,
І на пашу ў чараду
Ня ідзі з стадолы!
Харч даецца — паглытай!
І мука — ня мука!
Малайчына, Мікалай!
Хай жыве навука!


∗     ∗

З сенакосу — у хлявы
На адну хвіліну,
Бо — ей-богу! — з галавы
Льлецца пот за сьпіну!
Але трэ‘ і ў гэты кут
Паглядзець бяз спрэчкі,
Як жывуць каровы тут,
Коні і авечкі…
Ўсе хлявы стаяць у рад
Пад адной страхою…
Вокны, шыбы — ўсюды лад,
Цеплата зімою!
Лес абчэсаны, грубы,
Шчыльна з мохам зьбіты,
Як люстэркі, жалабы,
Сьцены вапнай зьліты…
На падлогу йшоў цэмэнт,
Столь узята пазам…
Добра зроблена нашчэнт
Ўсё, як кажуць, разам!
Конь, кабыла, жарабок —
Лялькі, а ня коні:
Пад сабой ня чуюць ног —
Вецер не дагоніць.
Сто пудоў кладзі ці два —
Для яго ні знакам:
Не сагнецца галава,
Ногі сыплюць макам!
Галяндэрскі бык, як слонь:
Калі вокам кіне
На цябе, ня знаўшы, ён,
Кроў уся застыне!
Аж пад ім дрыжыць зямля,
Рогі так, як пікі…
А рахманы, як цяля —
Толькі выгляд дзікі!
З бугаём крыві адной —
Гладкія наўкола —
Пяць кароў, як на убой,
Ўзгадаваў Мікола!
Ўпрост, малочная рака:
Летам і зімою
У сярэднім малака
Тры вядры з удою!
Тройчы тры — парахаваў?
Дзевяць так, як лёду:
Сэпаратар зразу стаў
Сьмела на калоду!
Працы мала ля яго —
Больш каля сарочкі!
ў Міколы у майго
Масла прэ, як з бочкі…
Пройдзе тыдзень — і дзяжа:
На кірмаш адразу —
Расхватаюць без нажа,
Плацяць без адказу.
Пра авечак і сьвіней
İГутарыць ня стану,
Гэтак сама і гусей,
Бо ад млосьці вяну…
Але гэта будзе грэх,
Крыўда для жывёлы,
Калі я пакіну плех
Ў цэлыя стадолы…
І хоць сон мяне бярэ,
Поўзае па бровам,
Надзяліць і гэтых трэ‘
Пахвалёным словам…
Ўсе яны, як на завод,
Пекнае пароды!
З году ў год даюць прыплод
І ня робяць шкоды!
Кабаны удоўж і шыр —
Паглядзі ў засаду!
У адзін зьліліся жыр
Сьпераду і ззаду…
Ў сем пудоў адна аўца,
Родзіць ўсё па двое,
Гусь-жа выведзе з яйца
Нават зразу трое!
Ўсё здаецца з краю ў край,
Зьлева і да права…
Малайчына, Мікалай!
Агрономам — слава!


∗     ∗

Ці здалося мне, ці так?
Як-бы нехта скрыва
Засьмяяўся: „Мо‘ кулак?
Дык якое-ж дзіва!“
Ня кулак Мікола мой —
Ў гэтым — ані знаку:
У яго, апроч старой,
Дзетак больш, як маку…
За сталом пры лобе лоб:
Хлопцы і дзяўчаты,
І ўсе яшчэ, як боб, —
Старшаму дваццаты!
Але помачы няма
І з яго старому,
Бо чацьвертая зіма,
Як паехаў з дому:
Чалавекам хоча стаць —
Ў Горках за навукай…
Два гады яшчэ чакаць
І пакуль — ня нукай!
А зямлі? Яе ня на‘т:
Ня былі панамі,
І цяпер ня пану брат…
Памяркуйце самі:
Сенажаць і агарод,
Пахаць, сад, будынак —
І на ўвесь севазварот
Восем дзесяцінак…
Не! Мікола ня кулак,
У таго ня столькі!
Ён — найболей — серадняк
І ня болей толькі!
І ня толькі серадняк —
Гэтага-б замала —
Паглядзеце, што і як
Праз яго паўстала:
Перш на перш — капераціў, —
Лепшы ў вакрузе, —
Ён за месяц узрасьціў,
Як вярбу на лузе…
Кінь, суседка і кума,
Думаць аб Абраме,
Бо чаго-чаго няма
У хаўруснай краме?!
Усё — ад мазі і цьвіка,
Мыла і газьніцы
Да карун і апліка, —
Аж трашчаць паліцы!
А цана? Я спраўдзіў сам:
Не прадасьць і сьмецьце
Па такой цане Абрам
Ні завошта ў сьвеце!
Сорт-жа лепшы каб знайсьці
Ці хоць гэты самы —
Трэба тыднямі брысьці
З крамы і да крамы!
Соль, як сьнег… А селядцы —
Хіба ў акіяне?
Бо іначай — хоць капцы! —
Хто і дзе дастане?
Сьцісьні — жужалем папрэ
Тран — ня трэ‘ й алею!
І ў горле не дзярэ
Солкасьцю сваею!
Ў роце-ж таюць, як ясі,
І ў вантробах смагне,
Хоць язык той прыкусі,
Бо ў кішку пацягне!
Або краміну ўзяць:
Не радно, ня сіта —
Глянеш — сонца ня відаць,
Нітка з ніткай зьліта!
Самы просьценкі паркаль
Шоўкам адлівае,
А сатын — дык той амаль
І раўні ня мае!
І такі-ж яшчэ ўзор,
Што ўсім да твару: —
Апраніся і — ня хвор!
Зразу знойдзеш пару…
Лад ва ўсім: праз тры гады
Ўсё ў акураце —
Ні капеечкі туды,
Дзе ня трэба, браце!
Бо Мікола знае шчот:
Сам на грош ня ўкрадзе,
І такі рахункавод,
Што і нам ня вадзе!
Гаспадарскае відаць, —
Дзе ні ступіш, — вока;
Трэба ўсім за прыклад ўзяць…
Не пайду далёка —
Гляньце самі: з году ў год
Ён і свой прыбытак
У гасподзе, і расход
Ўпісвае ў сшытак…
Ўсю статыстыку вядзе:
Колькі для скаціны
І чаго за дзень ідзе —
Сена ці мякіны,
Як багата вышла коп
Або умалоту,
Нават тое, колькі сноп
Важыць акалоту…
Гэта практыку дало
Маяму Міколе,
І ўсьлед за ім сяло
Ўжо ідзе паволі…
Ад таго пануе лад
У грамадзкай справе,
І драбнейшы недахват
Відзен, як на лаве!
Вось чаму капераціў
Пашырае браму!
Хоць бы ты азалаціў —
Ня ідуць к Абраму…
І Нахама, і Кузьма —
Гандляры-абдзіры —
Наша погібель сама:
Спраўдзь вагу і гіры —
Будзем ведаць, дзе купляць,
Каб схадней… Даволі!
Бо ніяк ня выйдзе пяць
З двойчы двух ніколі.
Папрабуй цяпер аблай
Кулаком Міколу?
Малайчына, Мікалай —
І з гары і з долу!

На астатак і канец,
Для сябе ў заплату
І аглядзінам ў вянец,
Зойдзема у хату…
Адпачыць пара даўно…
З пераходкі млосна,
І цямнее… У вакно
Дзень глядзіць укосна…
Куры ў седала пайшлі…
Выплываюць зоры
І хаваецца з зямлі
Сонейка за горы!
Дый ужо дзесяты раз
Гаспадыня з ганку
Запрашае нас і вас
На гарбаты шклянку…
А даволі-б двух разоў!
Вось мы і у хаце:
Ні багоў, ні абразоў
Ані сьледу, браце.
Замест гэтага дабра —
Пад дзяркач ўзята! —
У малюнкі дзетвара
Выклеіла хату…
Са сьцяны правадыры
Усіх краёў і нацый,
Як-бы цешацца з гары
Новым шляхам працы!
Няжывы, а як жывы, —
Хто яго ня знае!—
З лёгкім схілам галавы
Ленін паглядае:
Як-бы хоча распытаць,
Ў чым яшчэ няхваткі
І дарогу паказаць
Ў лепшыя дастаткі…
Але рада пад рукой:
Ленінскае школы —
Болей сотні можа той
Кніжак у Міколы!
І газэціна штодня,
Дзе на ўсё адказы:
Як карову і каня
Збавіць ад заразы.
Чым карміць, каб ня было
Марнатраўнай шкоды
Ў карысьць жывёле йшло,
І сабе ў выгоды…
Як самому ёту у ёт
Вылічыць падатак
І дабіцца на развод
Пладавітых матак.
Дзе збываць сваё дабро
Можна гаспадарцы.
Колькі літраў на вядро,
Ці кілё — у гарцы…
Што ня здарыцца ў жыцьці,
Растлумачыць гэта
І пакажа ўсе пуці
Кніжка і газэта!
Гэтым шляхам — ня другім —
Стаў ісьці Мікола,
І цяпер ня ўсякі з ім
Справіцца вакола…
Многа цяжкай палажыць
Давялося працы:
Папытацца, пахадзіць,
Пазьбіваць абсацы…
Але ў выніках яе —
Птушкай на загоне,
Доля скача і пяе,
Плешчучы ў далоні!
Ёсьць навошта паглядзець,
І ня сорам сьвету
Паказаць гумно і клець,
І хацінку гэту.
Сажняў пяць на тры ўсяго
Хатка у квадраце,
Але выгляду свайго
З гэтага ня траце.
Бо, як цацачка, яна:
Чарапіцай крыта
І ва ўсім, як ёсьць, відна
Думка барацьбіта!
Не зраўняецца паркет:
З дапамогай струга
Сьцены эложаны, як сьлед,
У нямецкі вугал…
Склют і гэбаль гузакоў
Насадзіў ня мала,
Покуль усе з усіх бакоў
Гэтак заблішчала!..
Або ўзяць хоць фундамэнт:
У замен штандараў,
Вечны камень і цэмэнт —
Ні вады, ні шпараў!
Два зайцы: зямля кругом
Чыста ад каменьняў
І ня будзе гінуць дом
З-за гнілых карэньняў!
У сярэдзіне дамок
Перабіт да столі
Ў даўжыню і ў папярок
На чатыры долі:
На пакоік для дзяцей,
Памяшканьне старым,
І куточак для гасьцей
І закут, дзе варым…
Вокна сьветлыя — бадай
Сажань бяз поўмэтра —
Колькі хочаш спажывай
Сьвету і паветра!
Бо маленькае вакно —
Наша безгалоўе:
Тне хваробаю яно
Кожнаму здароўе!
Ўзяць расьліну — без пары
У пацемках гіне…
Ці-ж дзіця і ты, стары,
У інакшым чыне?
Чыстата ва ўсім і бель:
Зэдлікі і лавы,
І падлога, і пасьцель —
Бяз усякай зьявы!
У заклад ісьці гатоў,
Што і ўдзень са сьвечкай
Тараканаў і прусоў
Не знайсьці за печкай!
Ні клапоў, ні блох няма: Горача… сьпякота —
Можна голым спаць — дарма!
Ня згрызе брыдота!
А які прыбраны стол!
І ў самой Марыны
Не задрыпаны падол
Ні адной хвіліны!
Не дарма Мікола мой
Гаварыў бяз штукі:
„У кабеціны маёй
Залатыя рукі!
Што ні возьме, ні кране —
Зробіць, як талерку“.
Больш, як праўда, — і па мне
Трэ‘ ня гэту мерку.
Мала рукі узьнясьці
Да такой жанчыны!
Трэ іначай падыйсьці
Бяз ніякай кпіны…
Бо яна і галавой
Не слабей Міколы,
І ня йдзе сама сабой
Бяз жыцьця і школы!
Хто ня чуў з сялянскіх хат,
Як яна на сходзе —
Скажа-зрэжа у папад
Пра усё, што шкодзе,
Што мяшае у жыцьці,
Дома і на полі,
І якой дарогай йсьці
Да агульнай долі!
Сьветлы розум ў галаве,
Рукі у дадатак, —
Ў хату рэчкаю плыве
Шчасьце і дастатак!
Вось якая, Мікалай,
У цябе жанчына!
За папраўку-ж — руку дай:
Падышла прычына…
Кіньце узрок і на дзяцей:
Кветкі-каласочкі!
Ўспамінаю ўсё часьцей
Тварыкі і вочкі,
Мілагучны срэбны сьмех
І слухмянасьць слову…
Эх! праз горы-б перабег,
Каб убачыць знову.
Бо яны, як на выбор,
Першыя у школе,
І усе з маленькіх пор
Госьці ў Комсамоле!
Толькі кніжкаю жывуць:
Ледзьве па работах,
Як адразу загудуць
Пчолкамі у сотах!
А ў сяле ніхто ад іх
Не панёс зьнявагі,
Ані слоў дурных якіх
Ці другое зьвягі!
У дзяцей і у бацькоў
Не ў пашане чарка…
А праз гэта і з бакоў
Крэпне гаспадарка!
Бо ў сярэдзіне — скала:
З агрономам ў руку
Праца грунтам падвяла
Розум і Навуку!
Зразумейце, хто паняў,
Нашы недахопкі,
Бо ўсё я вам сказаў
Да астатняй кропкі!
Хто-ж ня здолеў выбачай,
Нават не маракуй…
Малайчына Мікалай,
І Марыне — дзякуй!

Кнігапіс сялянскай бібліотэкі.

Цана
Ажгірэй. Культура бульбы 10 к.
Бараноўскі А. Змаганьне з пажарамі 20
Бугаёў З. Буракі, бручка і рэпа ў полі 6
Бурштэйн. Гадоўля саду 20
Выкочка і Крывіцкі. Як палепшыць пяшчаную глебу. 8
Грабоўскі Я. Аб насеньні. Як і чым палепшыць насеньне 8
Драгілёў. Шкоднікі нашых палёў 5
Журык. Як у Даніі кормяць кароў 8
Жыван В., агроном. Культура кармавых кораньплодаў. 20
Калікінскі Л., агроном. Лубін і яго культура
Каралёў. Як весьці зямельныя спрэчкі 10
Кацаураў М. Аб плодазьмене 6
Угнаеньне глебы 8
Дагляд за пасевамі 10
Як жыве і прарастае насеньне 8
Жыта і пшаніца 10
Ячмень, авёс, проса, грэчка i кукуруза 15
Кацаураў М. Бульба і кораньплоды 10
Кудзелька. Каноплі і іх вартасьць у сялянскай гаспадарцы 8
Ластоўскі П. Малочныя таварыствы 5
Мароваў, агроном. Пажніўныя расьліны — два ўраджаі з поля 5
Місючэнка Т. Рахунак — аснова гаспадаркі 10
Мэліорацыйныя таварыствы і карысьць ад іх 12

Жывёлагадоўля.

Кацаураў М., агроном. Быдла. Гутарка аб тым, як гадаваць быдла 15
Кацаураў М., агроном. Конь. Гутарка аб тым, як купляць і гадаваць коняй. (Распрадана) 26
Серада І., вэт. доктар. Заразьлівыя хваробы свойскае жывёлы 15
Серада І., вэт. доктар. Сьвіньня — скарбніца гаспадара 10
Серада І. Першая дапамога хворай жывёле 35
Як трэба каваць коні 20

Політычная і антырэлігійная.

Бядуля З. Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках 60
Дыкштэйн. Хто чым жыве 15
Зайцаў А. Важная пастанова партыі аб сялянскай гаспадарцы 10
Зайцаў А. Падаткі і куды яны ідуць 8
Зіноўеў Г. Як бальшавікі будуюць дзяржаву рабочых і сялян
Ігнацьцеў В. Што такое СССР 30
Капітонаў І. Што павінны рабіць комуністыя на вёсцы 8
Сьцяпанаў І. Аб таінстве сьвятога прычасьця 10
Чыя вера правідловая і які бог праўдзівы 5
Шастакоў. Што дала сялянам Кастрычнікавая рэволюцыя 8
Шыпіла І. Што кожны селянін павінен ведаць аб коопэрацыі 10

Мэдычная.

Былінскі С., доктар. Трахома і сьлепата 5
„ Як ратавацца ад заразы 5
„ Гутаркі пра жаночыя хваробы 12
Рак С. Страшны вораг (Кніжка аб гарэлцы) 12
Трамповіч П., доктар. Балотная трасца 30
Фурс Н., доктар. Сухоты і барацьба з імі 5
„ Кароста, паршы і вашывасьць 6
Цьвікевіч Ів., доктар. Гадаваньне грудных дзяцей 10
„ Парады цяжарным 8
„ Як усьцерагчыся ад сыфілісу 10

Прырода, чалавек, навука і тэхніка.

Вагнэр Ю. Апавяданьні аб вадзе 25
Гарабурда К. Як стварыўся сьвет і зямля 20
Гарбацэвіч Л. Гісторыя чыгункі 50
Грэмяцкі. Першыя людзі на зямлі
Кудраўскі, проф. Як жылі людзі ў даўныя часы 40
Лункевіч В. Грозныя зьявы і цуды прыроды 12
Неба і зоры 10
Электрычнасьць, маланка i гром 10
Львоў Ул. Каменны вугаль 10
Соль і яе здабываньне 15
Там, дзе пануе нафта 20
Раманоўскі А. Пісьмо і кніга. ч. I 15

Мастацкая.

Бялуля З. Выбраныя апавяданьні 25
Галубок Ул. Суд 20
Гартны Ц. Выбраныя апавяданьні 15
Дзяркач А. Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў 10
Купала Янка. Апавяданьні вершам, кн. I
„ „ кн. II 25
Чарот Міхась. Выбраныя апавяданьні

Цана 25 кап.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.