Міхась Чарот (Вольны)

Міхась Чарот
Аўтар: Анатоль Вольны
Крыніца: Літ. дадатак да газэты «Савецкая Беларусь». 1928. № 6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Мастацкі сылюэт?..
Т-а-а-ак…
Мне вось гэта, як таму дзеду.
— „Дзействіцельна. Пад’яжджае. Так як да саломы…“
Ухопіш хіба яго вось гэты сылюэт?
Хіба толькі так, як да саломы».Астап Вішня

Калі гэта было, каб беларускі падпасак з-пад саламянай страхі, ды яшчэ з-пад Рудзенску, ды быў здольны, ды яшчэ і як здольны:

— І да паэзіі.

— І да прозы.

— І да драматургіі.

А скажам, каб у Івана Іванавіча Іванова, з установы, ды яшчэ зь менскай, і здольнасьцяў:

— Ні да паэзіі.

— Ні да прозы.

— Ні да драматургіі.

Ёсьць пасьля гэтага справядлівасьць?

І не кажыце!

Зноў жа:

Чарот хаця ж часамі і ня піша, а яго хочуць друкаваць. А Іван Іванавіч хаця ж і піша, а яго ня хочуць друкаваць.

Ну, яшчэ скажам, каб гэтак год цягнулася. Ну, каб два, ну, каб яшчэ паўгода. А то дзесяць гадоў зараз міне.

Юбілей надыходзіць.

Спраўляць будуць.

Зноў жа:

Іван Іванавіч Іваноў, можа, нарадзіўся ў радзільным прыюце і спавівала яго, можа, спавівальная бабка, а гэты падпасак з-пад Рудзенску,

— Пхэ:

— «Мне калісьці казала маці,
Што радзіўся і я ў хляве,
Як карову пайшла даглядаці —
Ой, ды й ліха маёй галаве».

У хляве?

А вось народзіцца ж гэткае.

Ды яшчэ і дзесяцігадовыя юбілеі спраўляе.

Болей таго.

Некаторыя цяпер дык яшчэ і пераймаюць:

— І мы, і мы былі пастушкамі.

— І мы нарадзіліся ў хляве.

Але гэта дарма, што нарадзіліся ў хляве, бо гэта толькі палова працы, каб быць Чаротам, другая палова працы — прыгледзець, каб карова чым-небудзь цяжкім на галаву не наступіла, бо іначай у нашых умовах часамі вырастаюць крытыкі.

 · Ці радзіўся Чарот у хляве, ці не, гэта нарэшце нам дакладна не вядома, але той факт, што ён напэўне нарадзіўся, я магу пацьвердзіць чэсным словам.

І гэта я з ахвотай зраблю, бо ведаю, што чалавеку, які, раз даўшы слова, не зманіў, будуць верыць і ў далейшым.

Дык вось:

Як толькі нарадзіўся Чарот, у Рудзенск наляцелі крытыкі.

Падзівіліся, паглядзелі, а потым:

— Палымянец!

— Ды яшчэ і крычыць!

А потым саркастычна:

— І мы крычаць можам!

Малы Чарот слухаў словы крытыкаў, сасаў матчыну грудзь, зноў слухаў, а потым адарваўся ад грудзі, ды да маткі:

«Крыжам бы іх каля плоту.
Ды — трах!
Які тут страх?»

Потым гэтыя словы Чарот запісаў у паэму «Босыя на вогнішчы».

Калі Чароту ўжо быў адзін год і 8 месяцаў, прыехалі некаторыя культурныя дзеячы дапамагаць Чароту вызначыць ідэалягічны шлях.

— Бачыце, — пачалі яны, — тут з аднаго боку ня трэба, але затое ж з другога боку трэба… А ў агуле, калі прыняць пад увагу…

Чарот слухаў, слухаў, а потым:

— Ня ведаюць, якой яны веры.

Ат, халеры!

Культурныя дзеячы абразіліся і паехалі.

 · Потым пачалася літаратурная школа Міхася Чарота.

Сядзе Міхась Чарот з алоўкам, а сьвіньні пільнуюць.

А як пачне Чарот вершы пісаць — яны ў грады.

Нахіліцца Чарот над паперкай, а сьвіньні лушчаць капусту, пахрукваюць.

Кожны раз непасрэдна пасьля гэтага Чарот плакаў.

Чаго плакаў, невядома, — мабыць, білі.

Потым плакала і маці Чарота, гледзячы на ісьпісаныя сынам кавалачкі паперы.

Чарот кажа, што маці плакала таму, што за душу, кажа, хапала ад яго вершаў.

З гэтай жа прычыны, кажа, і сам ён плакаў.

Толькі наўрад, каб маці Чарота плакала, чытаючы вершы сына, бо была яна непісьменная, а апрача таго, мабыць, плакала з тае прычыны, з якой і прычытвала:

— Ня будзе зь цябе, Міхась, добрага пастуха, — ня будзе!

Бацька ж Міхася, які бачыў практыкаваньні сына з алоўкам часамі, адчаяна-сьмела меркаваў:

— А ці ня думае хлапец выбіцца на настаўніка? — меркаваў бацька.

Нарэшце паступіў Чарот у народную школу.

І ў школе на занятках зноў паспрабаваў вершы пісаць. 

Думаў, мабыць, што біць ня будуць.

Зноў лінейкаю па руках пахлопалі.

Гэта былі першыя воплескі аўтару за яго вершы.

Але, мабыць, вельмі вялікая ахвота была ў Чарота да вершаў, калі ўсё ж такі яе канчаткова ня выбілі. 

Потым, як падрос Чарот, Алесь — старшы брат Чарота — паспрабаваў быў адвезьці Міхася ў сэмінарыю. 

А ў сэмінарыі:

— Хто бацька?

А потым:

— Дык чаго ж ты, чортава дзіцянё, сунесься?

Гэта быў «прыём» Чарота ў школу.

Чарот нават і не зьдзівіўся.

Ня мог жа ён чакаць, каб у сэмінарыю яго прынялі, як Апалёна.

Выслухаў Чарот гэта адказ і паехаў дахаты.

Зноў? — пытаюцца.

Зноў! — кажа.

Трэба, мабыць, кажуць, прыняць, бо штогод прыяжджаць будзе.

Прынялі…

 · А цяпер, пасьля ўсяго таго, на Беларусі гавораць —

Крытык:

— Я першы сказаў, што з гэтага хлапчука няйначай як Чарот выйдзе.

Гісторык:

— Ух, які хлус! Я ў гістарычным асьвятленьні куды раней заўважыў гэтую постаць!

Дзяяч:

— Ай, ай, ай, якія манюкі абодвы. Гэта ж у маёй запісной кніжцы яшчэ за 1896 год запісана:

«Нарадзіўся будучы першы беларускі пралетарскі паэта, Міхась Чарот. Аўтар будучай славутай паэмы „Босыя на Вогнішчы“».

Сам жа Міхась кажа, што яго зрабіў Чаротам Кастрычнік.