М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня

М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня
Артыкул
Аўтар: Уладзімір Пічэта
1922
Крыніца: Пічэта, У.І. М. Багдановіч як гісторык Беларускага адраджэньня / У.І. Пічэта // Вестник Народного Комиссариата Просвещения БССР. – 1922. – № 5/6. – С. 8–12.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сярод мнагалічбавай плеяды маладой беларускай інтелігэнцыі, атдаўшай усе свае сілы і здольнасьці адраджэньню нацыянальнай культуры роднай краіны, М. Багдановіч займае адно з першых месц. Яго паэтычныя выступленьні гаварылі аб вялікай паэтычнай здольнасьці, яго паэтычныя творы, апавітыя глыбокім нутраным лірызмам і шчырым каханьнем да роднае краіны, дазвялялі спадзявацца, што ў асобе М. Багдановіча беларускае мастацкае слова скажа шмат новага, сьвежага, выяўленнага ў прыгожых паэтычных вобразах і нарысах. Але доля казала іначай. Малады паэта аднёс у труну недапетыя песьні, ня выказаў усяго таго, аб чым пяяла яго кволая, нейкая змучаная цяжкаю хвор’ю душа. Ён паміраў на беразе прыгожага сіняга мора, дзе навакол уся прырода сьпявае гімн радасьці жыцьця, людзкаму шчасьцю.

У творчасьці М. Багдановіча няма пэсымізму... У яго паэзіі шмат жалобных песен, як адбітак яго ўласных дум і настроў, але ў той час у ёй адчуваецца глыбокая вера ў перамогу жыцьця, у блізкасьць нацыянальна-культурнага адраджэньня роднай краіны, да якое заўсёды імкнецца душа хворага паэты. М. Багдановіч быў верным рыцарам сваёй абяздоленай бацькаўшчыны, і толькі адным сваім мастацкім словам: ён выступаў і як публіцыста, які ў сваіх сьцісла напісаных артыкулах імкнуўся паказаць гісторыка-культурныя асновы беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня.[1] І яго артыкулы, напісаныя бяз усякай палітычнай прадузятасьці, з належачым маладому пісьменніку прыгожствам, сьведчаць сваёй аўтарытэтнасьцю й грунтоўнасьцю аб рэальнасьці беларускага народу...

Беларускі нацыянальна - культурны рух—па думцы М. Багдановіча, калі разглядаць гэты рух ў параўнаўча-гістарычным асьвятленьні, прадстаўляе сабою толькі адзін з працэсаў у складанай дыфэрэнцыацыі Еўрапейскае культуры па нацыянальным адзнакам. Сярэдневякоўе ведала толькі адну лацінскую мову, як сродак духоўнае культуры. Але з часам складаньня асобных нацыянальнасьцяў, родная мова апошніх павіна была заняць месца лацінскай мовы. Перавага нацыянальнае мовы раней за ўсе выявілася ў мастацкай творчасьці. Радапачатчыкам новага кірунку зьявіўся Дантэ. Усьлед за апошнім да жывых, яшчэ мала апрацаваных моў, зьвярнуліся французы, немцы, ангельцы, гіпшанцы. Гэты рух палажыў пачатак нацыянальным еўрапейскім культурам. У далейшым разьвіцьці гісторыі еўрапейскіх грамадзянстваў дыфэрэнцыяцыя еўрапейскіх культур робіцца ячшэ больш значнаю. Нацыянальна-палітычнае адраджэньне вядзе за сабою выяўленьне нацыянальнай культуры (партугальская, чэшская, галяндская, румынская, літоўская і т.д.).

Аднак працэс дыфэрэнцыяцыі культураў на гэтым не спыніўся. Ад нацыянальных комплексаў абасабляюцца больш дробныя, блізкія да іх па свайму збудаваньню, але ўсё-ж розьнячыяся з імі нацыянальна-культурныя адэінкі. Гэты працэс знайшоў найбольш яскравы адбітак у славеснай творчасьці. Гэткім чынам ад літаратуры французкай - адкалваецца - провансальская, ад гішпанскай— каталёнская, ад чэшскай—славацкая, сэрбскай—словеньская, польскай-кашудзкая, галяндскай - фрызкая, ад вялікарасейскай адлажылася ўкраінская і, нарэшце, беларуская. Гэткім чынам, вынік беларускае літа­ратуры й культуры па думцы М. Багдановіча, ёсьць яўленьне агульнаеўропейскага парадку, а не выключна толькі мясцовага. Вось агульныя грунты беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня, калі разглядаць апошняе на агульным фоне разьвіцьця нацы­янальных культур і драбленьня адзінай сярэднявяковай культуры.

Няможна не згадзіцца, што гэтая пастаноўка сусім правільна. Дакладны аналіз гістарычных судзьбінау еўрапэйскага грамадзянства даў грунт мала­дому публіцысьце прысьці да такога карыснага соцыолёгічнага вываду.

Беларуская культура мае свае нацыянальныя асаблівасьці й ніякім чынам не зьяўляецца простым варыянтам культуры велікарасейскай,— гэта другі тэзіс аўтара. Беларуская й велікарасейская культуры — гэта два самастой­ных навуковых комплекса, з самага-ж пачатку ўзрастаўшых і разьвіваўшыхся незалежна паміж сабою. Розьнючыся між сабою і па бытавым першаасновам і па ўплывам, накіраваным з бакоў, і па здарэньням далейшага гістарычнага жыцьця, яны зразумела, прыйшлі да далёка неаднолькавых рэ­зультатаў. Гістарычная доля абаіх народаў была розная. Велікарускі народ, "асіміліраваўшы масу фінскіх пля­меньняў", ужываючы іхні, дапасаваны да наўкольных умоваў бытавы ўклад, дзякуючы гэтаму, адхіліўшыся ад істотнага славянства, як антрополёгічна, так і культурна, у рэшце ўсяго перажыў «эпоху татаршчыны і апынуўся амаль што-сусім адрэзаным ад За­ходняй Эўропы». Беларуская культура ў сваіх славянскіх грунтох разьвівалася, не гледзячы на прыналежнасьць Беларусі да літоўскага вялікага княжства, бо беларуская культура ўзяла верх над культураю Літвы». Беларуская мова стала дзяржаўнаю моваю ў новай дзяржаве. На беларускай мове адбываўся суд, вялося ўсё справаводства, пісаліся акты й граматы. Ўсё гэта замацоўвала старыя культурныя асновы і ў той жа час было адным з элемэнтаў у працэсе разьвіваючагася руху беларускае нацыянальнасьці. Эканамічнае збліжэньне з Эўропаю й збудаваньне гарадоў камунальнага тыпу было так сама значным складаным элемэнтам у працэсе фарміроўкі бела­рускай культуры. Дзякуючы гэтаму, агульны інтэлектуальны пад’ём, пачаўшы­ся ў эпоху Адраджэньня, адбіўся і ў Беларусі, у якой «крыніцаю забіла жыцьцё, шла дзівосна пераплятаючыся гарачая рэлігійная, нацыянальная й клясавая барацьба, арганізоўваліся братствы, якія былі падкрэпаю беларускае народнасьці, закладаліся дру­карні, адчыняліся школы з шырокай па тым часам праграмаю, зьяўляліся вышэйшыя навуковыя ўстановы». Гэткім быў першы пад'ём беларускага нацыянальна-культурнага руху, як адбітак агульна-эўрапейскага духоўнага руху ў эпоху Адраджэньня. «Залаты век» у гісторыі беларускай культуры зьмяніўся перыадам упадку, што ў значнай меры было зьвязана з зьні­шчэньнем «у дзяржаўным абароце в. к. літоўскага карыстаньня беларускай моваю і заменаю гэтай апошняй поль­скаю». К пачатку XVII в. гісторыя беларускага нацыянальнага жыцьця адзначылася зусім выразна». Вышэйшы і сярэдні клясы беларускага дваранства вельмі хутка згубілі сваю сувязь з беларускай нацыянальнасьцю. Часткаю, тое самае адбывалася сярод дробкай шляхты й гарадзкога мяшчанства. «Бе­ларускі народ прыгнечаны крапасным правам, ня толькі ня мог разьвіваць далей сваю культуру, але ня меў магчымасьці нават проста сберагчы ўжо раней здабытае. Толькі аснаўныя пер­шапачатковыя элемэнты культуры (як мова, абычаі) затрымаў ён за сабою, а рэшта, зьяўляючая сабою так званую «сьмятанку», яго папярэдняга разьвіцьця было асіміліравана, сабра­на ў сябе польскаю культураю, і з тых часоў зьяўляецца пад польскаю этыкеткаю, будучы істотна беларускім. Адзнакаю гэткага духоўнага зьбяд­неньня беларускага народу, па думцы М. Багдановіча, трэба прызнаць амаль што поўнае зьнішчэньне кніжак на беларускай мове». Але потым у XIII — XIV[2] вв. рукапісная беларуская літа­ратура атрымалі значнае разьвіцьцё, хоць большаю часткаю яна мела выключна практычны характар. Уніяцкае духавенства гаворучы прамовы ў беларускай мове, выдаючы царкоўныя песнапеньні і г. д., часткаю падтрым­лівала беларускую культуру.

Разам з тым у беларускай тагачаснай славеснасьці зьявілася нямала твораў юмарыстычнага характару таксама часткаю быўшых знакам жыцьцёвасьці беларускай культуры.

Трэці перыад у гісторыі беларус­кай культуры з моманту далучэньня Беларусі да Расіі. Аўтар лічыць, што спачатку гэтае далучэньне не зрабіла выразных перамен у жыцьці беларускага краю. Нівэліроўка яго, падгонка яго пад агульна расейскі ранжыр выраз­на пачалася толькі з саракавых гадоў з адменаю дзейнасьці Літоўскага стату­ту, забарону прамоваў у беларускай мове, забарону друку кніжак на бе­ларускай мове, канфіскацыі раней надрукаваных. З гэтага моманту адчыняецца новая глава ў гісторыі беларускай культуры. К гэтаму часу і са­мы воблік краіны ў значнай мэры зьмяніўся. З арганізацыяй Віленскага Унівэрсытэту цесна зьвязана распаў­сюджаньне сярод пачуўшай выкрысталізоўвацца інтэлігенцыі радыкальных палітычных ідэй і рамантычнай літа­ратуры, ставіўшай высока народную казку, песьню, легенду й наогул выяўляўшай шчырую сымпатыю да народ­ных масаў. Гэты рамантызм палажыў пачатак этнаграфічнай літаратуры, насіўшай мясцовы, краёвы колер. Уся гэтая краёвая літаратура была поль­скаю па пераважнасьці. Сярод гэтай мясцовай літаратуры першае месца займае Міцкевіч з сваім «Панам Тадэушам». Прыкладам гэткай краёвай літаратуры яўлялася апісаньне Беларусі, беларускае прыроды, беларускага сялянства й дробнай шляхты, і яе штодзённага жыцьця й абычаеў. У гэтыя апісаньні ня рэдка трапілі творы беларускае народнае творчасьці, спатыкалася й беларуская разгаворная слова. Ня дзіўна, што гэткага роду літаратурныя дзеячы што колечы пісалі й па беларуску, але наогул кажучы, іх літаратурная дзейнасьць не адлічалася значнасьцю й шыратою думак. Да й самыя літаратурна-мастацкія здольна­сьці былі не вялікага калібру. Усіх гэтых прадстаўнікоў беларускай літа­ратуры М. Багдановіч называе «любіцелямі беларускае славеснасьці, бо фактычна, ў беларускай літаратуры «ня было ні чытачоў, ні пісьменнікаў». Аўтар да іх адносіць Я. Чачота, В. Дуніна - Марцінкевіча, «пісьменьніка грузнага й важкага», але ў яго сэнтыментальна-народнічаскіх паэмах адчуваецца дэмакратызм, і «тая гуманізатарская тэндэнцыя, якая выразна праступае з кожнага яго радка і якая была ў свой час вельмі ня шкоднай». Апрача таго, В. Дунін-Марцінкевіч, «узбуджаючы навакол сваіх твораў разгаворы й палёміку, напамінаў аб існаваньні беларускае мовы й пачатку беларускае літаратуры, наводзіў на пытаньне аб магчымасьці іх далейшага разьвіцьця». Дзякуючы гэтаму, В. Дунін-Марцінкевіч «стаў цэнтрам беларускага пісьменічага гуртка», ў складзе якога былі асобы, з вялікаю здольнасьцю, як Уладыслаў Сыра­комля, Ялеш Вуль, Н. Краткевіч, Юльян Лясноўскі, Якуб Т-кі. Дзяку­ючы іх дзеяльнасьці «беларускае пісь­менства значна пасунулася наперад». Сьветапагляд яе пашырыўся, і зра­біліся звычайнымі «дэмакратычныя й нацыянальна-беларускія тэндэнцыі, дасягаўшыя іншы раз яскравасьці й вастраты выключнай». Заслугі першых правадыроў беларускай літаратуры былі значныя. У Беларусі зьявілася «новае пакаленьне інтэлігенцыі, ўзросшае пад знакам народнічаства, некалькі знаёмае з соцыялізмам і зноў выяўляўшая пачаткі беларускае нацыянальнае самасьвядомасьці». Моцна разьвівалася беларуская этнаграфія ў асобе Гільфэрдзінга, Бязсонава, Шэйна, Дамбавецкага, Раманава і др. Расла й новая рукапісная белетрыстыка, зьяўля­ліся новыя пісьменьнікі. У канцы й у пачатку XX в. у Бела­русі узьнікае «рад нацыянальных і палітычных плынаў і арганізацыяў: таварыства беларускай народнай асьветы й мнагалікавыя "Беларуска-рэвалюцыйныя гурткі». Пачалі выдавацца літаратурныя журналы, брашуры й адозвы, адбываліся пад сьцягам украінскіх беларускія тэатральныя паста­ноўкі. Вось значныя ітогі разьвіваючагася руху беларускай нацыянальнай культуры.

Чацьвёрты пэрыад у гісторыі беларускага Адраджэньня пачынаецца з 1905 г., які па думцы М. Багдановіча «зьяўляецца вехаю, адзначаючай пункт пералому ў гісторыі беларускага адра­джэньня». З гэтага моманту беларускі нацыянальна-культурны рух пашыра­ецца, робіцца нацыянальным, народ­ным, выходзіць за межы даволі вузкай серады— інтэлігенцыі, бо здарэньні, зьвязаныя з гэтым годам, зрабілі у народных масах імкненьне разабрацца і ў акружаючым жыцьці і выклікалі вялікі папыт на ідэолегічныя вартасьці.» Зьявілася пэўная патрэба зьвярнуцца да беларускай мовы, бо пісаць для ма­савых чытачоў патрэбна было перш за ўсе проста й зразумела.» Дзякуючы гэтаму зьявіліся выданьні «Беларускае Сацыялістычнае грамады», друкавалі­ся на беларуску адозвы і некаторых другіх партыяў, зьявілася й белэтрыстыка з выразным палітычным коле­рам. Літаратурная творчасьць бела­рускага руху была даволі значная. Апрача таго, вынікаюць беларускія музыкальна-драматычныя гурткі, культывіруецца беларуская сцэна, песьня, музыка, скокі. Асаблівую дзейнасьць разьвівае Віленскі музыкальна-драматычны гурток. Разам з тым вынікаюць навуковыя гурткі для досьледаў на Бе­ларусі (С.-Пецярбург, Новая-Александрыя). Масавы беларускі нацыянальны ­рух узмацніў пазыцыю інтэлігенцыі і зрабіў яе вельмі ўплыўнай, як кірую­чай сілай у гісторыі беларускага руху. Адначасам з агульна-палітычным і на­цыянальным пад'ёмам адзначаецца выразны рух у беларускім прыгожым ­пісьменстве, асабліва ў галіне паэтычнае творчасьці, на агульным фоне якой зьвяртае на сябе ўвагу постаць Янкі Купалы, пісьменніка значных вартасьцяў, хоць і адзначаючыхся не­калькі аднабокім характарам». Рытміч­насьць —вось, па думцы М. Багдановіча галоўная над усім пануючая асаблівасьць Купалы. Яго буйныя, поўныя імпэту рытмы захопліваюць, гіпнатызуюць чытача, не даюць яму затры­мацца, адумацца, пакараюць яго сва­ёй уладзе. Янка Купала ня толькі «Божыей міласьцю паэта», але так сама умелы майстар свайго дзела, пашы­раючы круг сваіх тэмаў, формаў і сьцілей. У творчасьці другога выдатнага паэты— Якуба Коласа— «толькі кахань­ня да роднае краіны, толькі прыродна­га ціхага лірызму, што робіцца зусім зразумелаю папулярнасьць Коласа ся­род беларускіх пісьменікаў: «Колас»— пісьменнік просты, спакойны і заўсёды сабе роўны. Няма ў яго чаго колечы асабліва моцнага, яскравага, неспадзя­ванага, але няма й слабога, нікчэмнага. Верш яго ня блішчыць значнымі вартасьцямі, але заўсёда старанна абдуманы, умела апрацаваны!..

Янка Купала й Якуб Колас зьяў­ляюцца прадстаўнікамі старшага пакаленьня беларускіх паэтаў. Малодшае пакаленьне апошніх, сярод якіх пер­шае месца займае Алесь Гарун, прад­стаўлена мнагалічбавай групаю паэтаў, тэмы паэзыі якіх прадыктаваны акру­жаючым жыцьцём. Такі самы рух трэ­ба адзначыць і ў прыгожай белетрыстыцы, сярод якой Ядвігін Ш., Т. Гу­шча, 3. Бядуля займаюць першае ме­сца. Беларускія пісьменнікі, паэты й празаікі галоўныя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. «Толь­кі дзякуючы іх вытрываласьці й ад­даньню усіх «сілаў, піша ў заключэньні М. Багдановіч,» беларускі рух, знай­шоўшы цяпер цьвёрдую апору ў шы­рокіх кадрах народнае інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існаваньня, прыдбаў свой ця­перашні ідэёвы воблік і невялікімі, але глыбокімі, нясьціраючыміся літарамі выразаў свае імя на скрыжалях міравога прагрэсу.»

Гэтак прадстаўляецца М. Багда­новічу гісторыя Беларускага Адраджэньня. Нельга не згадзіцца з тым, што асноўныя вехі гэтага працэ­су прадстаўлены правільна, і будучаму гісторыку прыдзецца з імі лічацца. Конечна асобныя палажэньні й сужджэньні аўтара даволі суб’ектыўны й выклікаюць нязгоду, але агульны на­рыс беларускага нацыянальна-культур­нага адраджэньня прадстаўлены нябошчыкам беларускім дзеячем зусім вы­разна. Яго артыкулы былі напісаны для ўсіх сумняваўшыхся ў мэце й жыцьцёвасьці Беларускага нацыяналь­на-культурнага руху. Шчырая абарона М. Багдановічам беларускай культуры апраўдана сучасным жыцьцём і істнаваньнем нацыянальнай беларускае культуры.

Проф. Ўл. Пічэта.

  1. Украінскае Жызнь, 1915 г. №1
  2. Магчыма, маюцца на ўвазе XVIII-XIX стагоддзі