Наддзьвіньне (1926)/Аднойчы вясною…
← Вершы | Аднойчы вясною… Апавяданьне Аўтар: Паўлюк Шукайла 1926 год |
Вершы → |
Аднойчы вясною…
(АДРЫВАК З АПОВЕСЬЦІ).
Хваісты лес ківаў кудзелямі галоў… Сонца залаціста-срэбным пералівам сваіх праменьняў песьціла іх. Грэбень-вецер пяшчотна расчосваў і кучаравіў як валасочкі перабіраючы зялёныя лісткі адзінокай бярозкі. Яны шапацелі, штосьці, гаварылі,
сьпявалі,
ігралі —
гралі сымфонію,
якой — сусьветнай кансэрваторыяй
прысвоена назва: —
Шалясьценьне.
Прыгожа, О, як прыгожа!
∗ ∗
∗ |
У-лю-лю-лю-пю-лю…
Чуліся гукі пасьвісьцёлка ў хваёвым лесе, жалобныя, сумныя, — як пахавальная песьня, гукі.
У-у-у-у-у
Адказала дзесьці карова, быццам гаворачы іграку: — хадзі сюды, мне адной, таксама, сумна, заграй песьню, хоць-бы й сумную…
Клін клінам выганяюць.
Іграючы зразумеў жаданьне каровіна. Па зьвілістай сьцежцы, вядучай у напрамку к гукам вышаў белавалосы хлапчук год — дванаццаць.
У губах быў пасьвісьцёлак.
Ён усё іграў…
∗ ∗
∗ |
З-за куста паказалася карова
Перастаў сьвісьцець пасьвісьцёлак.
Вочы хлапчука глядзелі, не пазнавалі карову:
Чыя?..
Дзе яго?..
Зьмяніў ход-пабег…
Упор з-за куста паказалася дзяўчына…
Абое спалохаліся.
— Ясуль!
— Люба!
— Ты ня бачыла мае Лысае?
— Не, а што?
— Ды вось не найду ніяк. Пайшоў у возера ваду піць, заставіў яе пры беразе, прышоў і яе няма, — зьнікла. Пайду шукаць…
— Ідзі, гукай, Адкажу каб не зблудзіў.
— Нічога, добра…
∗ ∗
∗ |
— Лысая, — у-у-у-у-у!..
гукаў карову хлапец, чакаючы водгука.
∗ ∗
∗ |
Сонца глядзела толькі палавінаю, калі пры апошнім ауканьні ў недалёку ад Любы паказаўся заплаканы аднавясковец Ясюль.
— Няма?
— Не найшоў…
∗ ∗
∗ |
Моцна ўшчарэпіўшыся за валасы, Ясюль паіў сьлязмі зямлю.
—Люба супакайвала яго
— Кінь плакаць, знойдзецца…
— Як жа гэта я да хаты вярнуся, ды тата мяне задушыць. Што ж гэта я нарабіў!…
Белакурая дзяўчына — Люба адцягнула рукі ад валасоў белакурага Ясюлькі.
Сьціснула іх…
Прытулілася да яго…
Яны плакалі разам…
— Яны ня родныя —
—толькі з аднэй вёскі…
Яму было дванаццаць…
Ей было дзесяць…
∗ ∗
∗ |
—Месяц сачыў за зямлёю.
—Зоркі трымалі варту, — калі з хаты з вастрожнымі вакенцамі, скуль кідаўся слабы сьвет лучыны, чуўся голас:
«Ой татулёчка, міленькі, родненькі
Пусьцеце, ня біце.
Я больш ніколі ня буду.
Я пайду шукаць карованьку.
Знайду…
∗ ∗
∗ |
Месяц, як бы знарок, пакіраваў свае ногі ў бок ад хаты. Ён не хацеў перашкаджаць катаваць дзіцё, хоць гэта яго быў абавязак, як вартаўніка.
∗ ∗
∗ |
Што-сь клубком перакацілася цераз парог сяней і як жаба папаўзло пад грушу-дзічку, якая стаяла неўдалёку.
Чуцен быў стогн
маладой,
яшчэ не распусьціўшай добра храсткі,
душы…
∗ ∗
∗ |
Пазадзе хаты прабегла чыя-сь цень у хустцы…
∗ ∗
∗ |
На парозе паказалася фігура нізкай, тоўстай, як дваццатка-кадушка ад селядцоў — жанчыны.
У руках быў кубак і міска…
— На йдзі зьеш адваронікаў з масьлянкай.
— Каб ты ведзьма пранцаў наелася, як ты накарміла сёньня мяне праз тату — адказаў ком, з белымі валасамі з-пад грушы-дзічкі.
— Што? Ды я цябе заб‘ю… Рыгор, ты чуў, што твой сынок кажа… Вось вывучыў, вось якое маё шчасьце. Пасынак пранцамі корміць, за маё добрае, што кармлю, абшываю, ды абмываю…
∗ ∗
∗ |
З хаты нёсься бацька,
У руках была вяроўка…
∗ ∗
∗ |
Пад грушай-дзічкай нікога ня было… Чыесь ногі адлічвалі на сто ў хвіліну напрамкам за сяло…
∗ ∗
∗ |
Ціха на вясковых могілках у майскі вечар.
Лісткі бяроз цалаваліся з жукамі, якія жужжалі і напявалі любоў к лісткам…
∗ ∗
∗ |
Хто вечарам ідзе на могілкі?
Ясь.
Кім нарушана гэгая сьмфонія сьпеваў жаб?
Ясем…
Хто перашкодзіў салаўям пачаць пяяць?
Ён
Чые чутны словы на раскопанай сьзіньнямі мягілцы:
Мама,
чуеш,
бачыш,
маю пакуту?..
Устань,
збаў,
паглядзі…
да сябе вазьмі!..
На чыіх сьлязах расьлі ўцатеўшыя ад сьвінога рыла магільчыны ягадкі?
— толькі на Ясіных…
∗ ∗
∗ |
Што-сь шаляснула за сьпіной Яські.
Сэрца млее…
А што ды пакойнік?..
∗ ∗
∗ |
— Яська, гэта ты?..
Ціха, ціха… Рука не пакойніка, — а… Любы
—Абвіла шыю Яські.
— На хлеба з маслам…
∗ ∗
∗ |
Нурцом упаў Яська на могілкі.
Сьлёзы яго паілі зямлю…
Любчыны цяклі на яго…
Яму было дванаццаць…
Ёй — дзесяць.
У яго цёмная і злая мачыха…
У яе цёмны, злосны айчым.
∗ ∗
∗ |
Засыпаў Яська
на руках у Любкі…
Засьвістаў салавей…
Прыціхлі жабы…
З-пад возера паказаўся вялікі чорны сілуэт.
Пачулася прадоўжнае рыканьне…
Яська ўздрыгнуў…
∗ ∗
∗ |
Месяц хаваўся то за адным, то за другім воблакам.
Ён забываўся аб сваіх абавязках вартаўніка.
Ён закрываў вочы перад жартамі жыцьця…
∗ ∗
∗ |
Жабы змоўклі, салаўі сьціхалі.
З душы лілася ня песьня —
а сум…
Станавілася ціха,
зусім ціха…
Ціха, ціха…
10 IV — 26 г., в. Расоны.