Наш шлях
Публіцыстыка
Аўтар: Макар Грашчанка
1926 год
Акоў паломаных жандарм…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Наш шлях.

Народ, які знаходзіўся пад шматвяковым палітыка-сацыяльным і нацыянальным уціскам, мова якога разглядалася як мужыцкая, каравая, на якой нельга перадаць ні сваіх думак, ні пачуцьцяў, зараз на гэтай мове, маладой (у літаратурным сэнсе), будуе пад кіраўніцтвам пралетарыяту і камуністычнай партыі, «нацыянальную па форме, пралетарскую па зьместу культуру».

Літаратура, як пэўная зьява культуры, выйшла на шлях свайго разьвіцьця, толькі з пары сацыяльнага і нацыянальнага вызваленьня Беларусі Кастрычнікавай рэвалюцыяй.

Мастацкія сілы, абуджаныя раскатамі Кастрычніка, на Беларусі, увайшлі ў арганізацыю Усебеларускага аб‘яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк».

Маладняк арганізаваўся якраз тады, калі пытаньне «Хто каго», паўстала і на культурным фронце. Вось чаму «Маладняк» адразу ухваліў у сваёй, дэклярацыі не фармальна мастацкія літаратурныя напрамкі, а стала вызначыў сваю палітычную і ідэолёгічную пляцформу — па шляху да сацыялізму пад кіраўніцтвам камуністычнае партыі.

Шлях, выбраны «Маладняком» па апанаваньню літаратурай, як сродкам клясавае барацьбы, а ў руках пралетарыяту — сродкам сацыялістычнага будаўніцтва — не індывідуалістычнае апанаваньне, не канкурэнцыя, а калектыўная арганізаванасьць.

У калектыве і праз калектыў — вось шлях Маладняка.

Маладняк за 3 гады свайго існаваньня мае сваю значную гісторыю, якая складаецца з гісторыі як паасобных філій, так і ўсяго аб‘яднаньня ў цэлым, і зьяўляецца гісторыяй разьвіцьця пралетарскае культуры на Беларусі.

Першы кругабег гісторыі «Маладняка» вызначаецца шпаркім ростам, павялічэньнем сваіх шэрагаў за кошт рабочьх і сялян, масавым адчыненьнем філій, студый і гурткоў, правядзеньнем шырокае вуснае агітацыі ў выглядзе публічных выступленьняў, дыспутаў, літвечароў, і масавым друкаваньнем творчасьці, якая па ідэйнаму зьместу была прасягнута захапленьнем непасрэднай барацьбой і трыумфам перамогі.

І гэта натуральна. Ўсяхі новароджаны, калі ён выходзіць на сьвет, перш за ўсе падае свой голас — набіраецца паветра, каб штурхнуць свае сілы да жыцьця. І чым мацней крык, тым ён здаравейшы. Такі крык — крык аб‘яднаных мастацкіх сіл на Беларусі, крык моцны, які паказаў на жыцьцёвасьць, здольнасьць да працы, і вызначае першы кругабег Маладняка.

Зараз жа, гэты голас знайшоў водгук сярод гушчаў працоўных Беларусі, і прывабіў да сябе цікавасьць.

За гэты кругабег свайго жыцьця і барацьбы, «Маладняк» зрабіў два вялікіх і важных дасягненьні: «палітычна заваяваў сабе дамінуючы стан у Беларускай літаратуры, умацаваў у ёй свае рэвалюцыйна-наватарскія ідэі, і выпрацаваў мэтады шырокае, літаратурна-грамадзкае працы, дасягнуўшы нябывалае блізкасьці у злучнасьці пісьменьніка з чытачом, пашырыўшы магчымасьць выяўленьню новых творчых сіл таленавітым выхадцам з працоўных гушчаў.

«Маладняк» — першае на Беларусі згуртаваньне паэтаў і пісьменьнікаў, увабраўшы у сябе ўсе літаратурныя сілы на Беларусі, зрабіўся кузьняй рэвалюцыйнае беларускае літаратуры. К часу першага зьезду (лістапад 1925 году) аб‘яднаньне налічвала каля 500 таварышоў, з якіх 123 сапраўдных сябры, астатнія студыйцы і гурткоўцы.

На адчыненьні зьезда прадстаўнік Наркамасьветы сказаў наступнае: «цяпер вы ня знойдзеце ні воднай газэты, часопісі, дзе-б ня было процантаў на 75 матар'ялу маладнякоўскае працы, і трэба сказаць, што самая ўдалая па сваім зьмесьце, па сваёй ідэолёгіі, дынаміцы, гэта ёсьць тая частка нашае літаратуры, якую дае «Маладняк»… Матар‘ял дзеля выхаваньня моладзі ў рэвалюцыйным духу і здольных да сацыялістычнага будаўніцтва дае аб‘яднаньне «Маладняк». Дадаваць што небудзь да гэтага ня трэба.

Маладняк — гэта вынік рэвалюцыйнага разьвязаньня сацыяльнага і нацыянальнага пытаньняў рабочымі і сялянамі пад кіраўніцтвам камуністычнае партыі. Маладняк выкліканы да жыцьця дзеля будаўніцтва пралетарскае літаратуры на Беларусі. З паляпшэньнем дабрабыту нашае краіны, больш яскрава вызначаецца і клясавае распластаньне грамады.

На Беларусі ў зьвязку з гэтым прайшла дыфёрэнцыацыя мастацкіх сіл, адпаведна тым напрамкам, па якіх імкнецца жыцьцё паасобных груп грамады.

Маладняку прышлося правесьці значную барацьбу ў сваіх шэрагах супроць розных хістаньняў з боку цэлае групы паэтаў і пісьменьнікаў, але гэта змаганьне больш загартавала аб'яднаньне, больш канкрэтна паставіла пытаньне аб задачах літаратуры ў наш час і яе характару.

Полацкая філія ўсягды стаяла і стаіць на шляху, які заняло ўсё аб‘яднаньне. Розныя хістаньні ў справе будаўніцтва пралетарскае літаратуры ў пераходны кругабег, якія маюцца ў літаратурным сьвеце па за Маладняком, нашае філіі не крануцца, і ня зрушаць яе з таго шляху, па якому яна ішла і будзе ісьці надалей.

Як было сказана вышэй, у гісторыі Маладняка, вялікае значэньне маюць гісторыі паасобных філій. Бабруйская і Барысаўская філіі ўжо падарылі свае зборнікі прыгожай беларускай літаратуры, Калінінская і Аршанская — свае часопісі. Полацкая філія ўносіць таксама свой уклад.

Полацкая філія заснавалася ў 1924 годзе. Першыя крокі працы філіі былі ня лёгкія. Полаччына нядаўна была тады яшчэ далучана да БССР, і працу прыходзілася пачынаць пры ня зусім спрыяючых умовах.

Полацак з яго вялікім гістарычным мінулым, Полацак дзе радзіўся першы беларускі друкар Францішак Скарына, Полацак — сталіца былой Полацкай Русі на руінах мінулага, на руінах іезуіцкіх кляштараў і «православных церквей» будуе новае жыцьцё. Але спадчына мінулага засталася яшчэ і часамі воража цяўкае «носитель былого величия». Яскравым прыкладам гэтага можа служыць чорнасоценскае, вялікадзяржаўна шавіністычнае выступленьне ў друку Пшчолкі ў сёлетнім годзе, які сам паходзіць з Полаччыны.

Задачаю «Маладняка» Полаччыны зьявілася разгортваньнем сваёй працы па Полаччыне, разьвеяць імкненьні «пшчолак» якія тады цішком імкнуліся паралізаваць разьвіцьцё беларускай культуры.

Праз наладжаньне літаратурных вечароў і выступленьняў полацкія маладнякоўцы заявілі аб сабе, сказалі моцнае слова аб разьвіцьці беларускай літаратуры і сваёю творчасьцю падмацавалі гэта.

Далей болей праца філіі посоўвалася наперад. Пачалі зьяўляцца маладнякоўскія творы на старонках, тады яшчэ выходзіўшай на расейскай мове, полацкай газэты.

Усё гэта абудзіла імкненьне да творчай працы сярод гушчаў вясковай моладзі Полаччыны. У рэдакцыю пачалі масава паступаць творы маладых вясковых паэтаў.

Шляхам выездаў і пісьмовай сувязі Полацкая філія разгарнула сваю працу шырэй.

Па райёнах пачалі арганізоўвацца гурткі. Пад кіраваньнем Полацкай філіі яны пачалі працаваць над вывучэньнем беларускай літаратуры і над выхаваньнсм тых творчых самародкаў, якія зьявіліся ў гэтых гургкох.

На сягоньняшні дзень такіх гурткоў — 3 — у Валынцох, Ветрыне, Расонах і заложаны пачатак да арганізацьі такіх гурткоў у іншых райёнах.

Гэтыя гурткі на сягоньняшні дзень яднаюць да 40 чалавек моладзі, жадаючай вывучаць беларускую літаратуру і працаваць на культурным фронце. Сярод іх выхоўваюцца і будучыя паэты пісьменьнікі, творчасьць якіх змяшчаецца ў гэтым зборніку.

Працуючы над сваім літаратурным выхаваньнем «Маладняк» Полаччыны пачаў рэалізаваць сваю творчасьць праз выданьне літаратурных старонак пры газэце і друкаваньне асобных твораў у ёй-жа, і нарэшце, праз выданьне літаратурнага дадатку пры газэце.

Маладняк Полаччыны сваёю творчасьцю нясе ў працоўныя гушчы сваю радасную маладую песьню, пазбаўленую бурапены мінулага, авеяную сучаснымі імкненьнямі рабочых і сялян Савецкай Беларусі, да будаваньня сацыялізму.

Так з творчасьці паасобных філій, і паасобных сябраў «Маладняка», складаецца беларуская пралетарская літаратура, нацьянальная па форме, якая магучым патокам увальлецца ў русло агульна-чалавеччай літаратуры.

М. Грашчанка.