Над сьвежай магілай (Ластоўскі)
Над сьвежай магілай Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1922 год Крыніца: Часопіс «Беларускі Сьцяг», № 2-3, чэрвень-ліпень 1922 г., б. 28-29 |
Панаваньне палякаў на Беларусі з іх сыстэмай дзяржаўнага кіраўніцтва — грабежамі, пабоямі, хабарніцтвам, данінамі, прасьледаваньнем нацыанальнага і рэлігійнага характару, а асабліва каланізаваньне беларускіх зямель — па соты раз — ізноў папхнулі селян беларусаў да зброі.
На гэты раз, як і раней, за зброю ўзяліся найбольш чуткія, найбольш любячыя сваю шэрую, апранутую ў польскую арэштанцкую вопратку зямлю, і свой задушаны, зьневажаны бедны, цёмны, селянскі народ.
Што дзень пазваняючы кандаламі няволі, што дзень гнучыся ў рабстве, моўчкі прыймаючы зьдзекі і паняверку, сьледжаныя і прасьледаваныя, ня пэўныя істнаваньня, яны ў снах сваіх нявольных, у думах глыбока таёных і пільна скрываных, імкнуліся край свой бачыць вольным, спакойным, без абражаючых гонар людзкі кандалаў няволі.
І ведзеныя прыгожымі думамі, хацелі грудзьмі сваімі засланіць народ ад зьдзекаў і паняверкі, а край сваімі слабымі сіламі вызваліць ад чужацкага ненавіднага спрута, заскарузшага крывёй беларускай.
Пачалі зьбірацца ў грамадкі ахвярна і багатырска, слаба узброеныя, нападаць на ўдзесяткі тысяч разоў сільнейшага ворага, з мэтай выгнаць яго з краю. Разам з тым стараліся ў меру свайго разуменьня і магчымасьці бараніць народнае дабро; у першую чаргу рабілі захады, каб перашкодзіць вывазу лесу з Белавежскай аўшчы.
Паміж чысьленых груп партызанаў выдзелілося некалькі імён-псэўдонімаў: Скамарох, Чорт, Пугач і інш. Старшыя, больш дасьведчаныя, яны стараліся аб‘еднаць ўвесь гэты ахвярны рух, прыдаць яму больш стройнасьці і сілы.
Чыннасьці партызанаў пачаліся ў Красавіку гэтага году на ўсей тэрыторыі Горадзеншчыны, а перэважна ў заходнай яе часьці. Выступленьне партызанаў выклікала ў Польшчы, асабліва на забраных землях, вялікую трывогу. Тым больш, што партызаны здужалі пераслаць Начальніку Польскай Дзержавы Пілсудзкаму ульціматум.
Польская прэсса, скрываючы праўду, намагалася ахарактэрызаваць чыннасьці беларускіх паўстанцаў, як разбойніцкія напады. Старалася гэты адважны акт змаганьня ўтаптаць у гразь. Цалком прыняла тактыку, практыкаваную ў свой час ў стасунку да іх саміх Мураўёвым-вешацелям.
6 травеня 2 палкі рэгулярнага польскага войска, жандармэрыя і паліцыя, мобілізаваная з усяго воеводзтва ды падмацаваная прывознай з Польшчы, акружылі Белавежскую пушчу, дзе быў штаб і захапілі 19 душ партызанаў: К. Ігнатовіча, І. Бакуновіча, І. Черашкевіча, Т. Нікановіча, В. Давідовіча, С. Гапановіча, А. Тамашука, І. Захарчука, І. Сахарчука, В. Тамашука, Я. Іванюка, П. Нічыпарука, І. Пітулюка, Д. Мартынюка і др., усяго 19 душ. Рэшта здолелі вымкнуцца.
24 травеня адбыўчя ў Беластоку суд. Абаронцам па назначэньню, выступаў адвакат Славінскі. Ворагі судзілі і свайго брата назначылі абаронцам.
Аднак і ворагі сьцьвердзілі на судзе, што „прошлае ўсіх падсудных бездакорнае, ніхто з іх ніколі ня быў ні западозран ў чым благім, ні быў пад судом“. Паводле слоў выстаўленага ворагамі абаронцы ўсе яны „верылі, што беларусы павінны быць народам незалежным, а край іх дзержавай самаістай“.
Окупанцкі суд прыгаварыў: Андрэя Тамашука, Івана Сахарчука, Івана Пітулюка, Дземьяна Мартынюка і Панцялея Нічыпарука пакараць сьмерцьцю, праз разстрэляньне. Васіля Тамашука на дажывотную катаргу, рэшта — на доўгую катаргу, да 10 гадоў.
Абаронца тэлеграфаваў Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудскаму, просячы уласкаўленьня для засуджаных. Пілсудзкі „уласкавіў“ толькі аднаго П. Нічыпарука, з увагі на яго моладасьць (19 гадоў).
Не паўстанцы прасілі ласкі у жострасэрдага ворага, а воражы зьдзек, самавольна гэта ўчыніў. Засуджаныя не чэкалі ад ворага пашчады.
Рэшта 4-х разстрэлялі ў Беластоку 24 травеня а 4 гадзіне 50 м. у дзень. Параненых карабіннымі выстрэламі, дабіваў польскі афіцэр, падыйшоўшы у сутыч з рэвальвэрам ў руках.
Разтрэляных, ацекаючых крывей, тут-жа паўкідалі ў дрэўляныя дзіравыя скрынкі, імітуючыя труны, і вязьлі праз увесь Беласток, і сьвежая кроў цекла, паліваючы гарадзкія вуліцы…
На табліцах нашай многапакутнай гісторыі ўпісаны яшчэ чатыры імёны лепшых сыноў, паліўшых родную, так горача каханую імі зямельку, сваей крывей.
Яны стравілі, згнятлі сваё цела, кінулі яго, як завяўшый квет на ахвярны аўтар за сьвятую справу адраджэньня дарагой Бацькаўшчыны. Уміралі з імянем яе на вусах.
Цела забіта, пашматана катамі, але дух іх мучаніцкі, змагарны, жыць будзе паміж нас.
Ю. В.