Наказ
Аўтар: Мікола Сурначоў
1938

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песню звонкую Анэта
Разгубіла ў берагах.
Праплыла яна, як лета,
Разлілася па лугах.
«Ранкам чэрвеньскім пад дубам
Цалаваў мяне Лявон, —
Палымнелі мае губы,
Сэрца біла, нібы звон.
Люба нам было кахацца!
Дні міналі, быццам сон.
Але ў жніўні развітацца
Да мяне прыйшоў Лявон.
Сэрца к сэрцу прытулялі,
Сэрцы гутарку вялі,
Думы юныя крылялі,
Песняй-птушкаю плылі
Там, дзе сонца палыхае,
Шлё адтуль святло на дол,
Дзе вясёлка залатая
Абмываецца вадой.
Я Лявонку ключавою
Той вадзіцай абдала,
За сялібы ярыною
Ў пуць-дарогу правяла.
Цалавала, варкавала
І наказ такі дала:
Каб Радзіма красавала
Ад сяла і да сяла,
Каб злы вораг не сваволіў,
К нам не лез з па-за мяжы,
Наша шчасце, нашу долю
Пільна, любы, беражы».

1938

Мінск