Напасць
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца:http://skarby.in/napasc.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вёз чалавек у горад пшаніцу прадаваць. Сустрэлася яму па дарозе баба з кавальскім молатам на плячы. І просіць жаласліва:

— Падвязі, чалавеча, мой молат.

— Добра, падвязу.

Укінула баба молат на воз, а сама побач пешкі ідзе. Потым пытаеца:

— Скажы, гаспадарыку, а ці молішся ты Богу ад злой напасці?

— Навошта мне маліцца? — здзівіўся чалавек. — Яна і так да мяне не прычэпіцца.

— А ты маліся, дзетка, — няўхвальна заківала галавой старая, — бо пашкадуеш, што не маліўся…

Сказала так і залезла на воз. Едуць далей. Пад’язджаюць да горада, баба зноў пра сваё:

— А чаму ты не молішся ад напасці?

Маўчыць чалавек, а сам сабе думае: «Што з дурною бабаю гаманіць…»

Яна ж не сунімаеца, зноў са сваім пытаннем лезе. Так дапякла, аж чалавек прыгразіў:

— Сядзі, калі сядзіш, бо папру з воза!

Нарэшце прыехалі на кірмаш. Выпраг гаспадар коні, паставіў каля воза, сена падкінуў. А баба не злазіць, сядзіць на мяхах з пшаніцай.

— Бяры свой молат ды ідзі, куды табе трэба, — кажа ёй чалавек.

А яна на ўвесь кірмаш:

— Ты чаго прывязаўся да майго воза? Прывезла твой молат, дык яшчэ лаешся!..

Усчалася сварка. Прыбегла паліцыя.

— Што тут здарылася?

Чалавек кажа, што ён падвёз бабу, а баба бубніць, што яна яго падвезла. Вядома, усе заступаюца за бабу, бо кавальскі молат не для жаночых рук. Хацелі ўжо гаспадара ў астрог валачы. Давай ён маліца, хрысціцца і плакаць:

— І не сніў, — кажа, — і не думаў, што такая напасць прычэпіцца!..

Зарагатала тут баба і злезла з воза.

— Глядзі, чалавеча, помні, што я па дарозе табе казала, бо завуць мяне — Напасць.

Сказала так і знікла, як скрозь зямлю правалілася.