Заранкі (1924)/На прадвесьні

Вяртаньне ў радзіму На прадвесьні
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Песьня маладога аратага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПРАДВЕСЬНІ.

Годзе, сьняжыначкі,
Сыпацца з неба!
Яснага сонейка
Нам ужо трэба.
Дзеткі нацешылісь
Вамі ўжо ўволю,
Баб наляпіліся
З гурбаў даволі.
Хутка растопяць вас
Сонца праменьні;
Скрозь тут пачуецца
Ваша імкненьне;
Скора напоіце
Маці — зямліцу
Сьвежай, сьцюдзёнаю
Шумнай вадзіцай.
Хутка пальюцца ўжо
Звонкія песьні
Птушачак з выраю
Тут на прадвесьні.
Зьявяцца госьцейкі
К нам вяснавыя —
Згоняць маркотныя
Сны зімавыя.
Сонейка яснае
Будзе жывучым:
Нівы сагрэюцца
Блескам магучым.
З сошкай — крывулькаю
Ў поле араты
Скора ўжо выедзе — Сілай багаты,
Ён падрыхтуе там
Глебу для збожжа,
Каб красаваліся
Нівы прыгожа,
Каб ускарміці ўсіх
Людцаў на сьвеце,
Каб галадуючых
Вёскай прыгрэці.
Пільна-ж старайся ты,
Братка — араты!
Будзеш і сёлета
Хлебам багаты.
Хай вясна сьветлая
Дасьць табе долі;
Праца вялікая
Жджэ цябе ў полі.