Нараджэньне чалавека (1931)/Пролёг

Пролёг
Вершаваны раман
Аўтар: Андрэй Александровіч
1931 год
Частка першая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРОЛЁГ

I

Жыцьцё зьмяняецца, зьмяняюцца ідэі.
Расьце сасна, а поруч тлее корч.
Радзіўся чалавек, — звычайная падзея:
Пануе дзень, калі змаглася ноч.

Радзіўся чалавек. Расьце-цьвіце ў пяшчотах,
I для яго жыцьця — жыцьцё другіх гарыць.
На ногі стане ён, сваім уласным потам —
Жыцьцю наступнаму гартуе права жыць.

Радзіўся чалавек. Імя яму — Марыля.
Нішто выдатнае ня збылася наўкол.
I, як заўсёды, куры па двары блудзілі,
Падрывалі сьвіньні стлеўшы частакол.

Задуменны бацька курыць самакрутку;
Галава павісла ў гомане клапот.
Стомленая маці… Радасьць тут, ці смутак?
Чалавек радзіўся. У хаце лішні рот.

А дзень мінуў, сканаў у кратах змроку
Сузор‘ем ноч іскрыцца над зямлёй.
Жыцьцё зьмяняецца, стварае — крок за крокам.
Вялікі скарб гісторыі людзкой.

Над верхавіньнем лесу — захад, як гравюра
Пэйзаж туняецца ў прадоньні туманоў.
Расьце-гадуецца Марылька белакурай,
Гуляе фарбамі заранкавая кроў.

II

Трава, нібы веер… Залоціцца золак,
Прасторы узорамі вышыў.
Ліпнёвая раніца… З песьняй вясёлай
Дзяўчаты па ягады выйшлі.
Праменьні жартліва расу асушылі,
Ў вазёрах зырчаць-ружавеюць.
За жменяю жменю зьбірае Марыля
Чарніцы… Трава, нібы веер.

Жыцьцё маладое… Зазыўныя вочы,
Як пушча, іх погляд глыбокі.
Пяшчоты народзяць у сэрцы дзявочым
Каханьня шчасьлівага ўсплёскі.
Як быццам кругі, калі ў возеры камень
Праб‘е павуціньне шкляное,
Так думка за думкай плыве ланцужкамі,
Як хвалі… Жыцьцё маладое.

Расу асушылі. Шапочуцца глуха…
Марылька ў лятунках-завеях.
Шапочуцца сосны, так люба іх слухаць.
Прысела…
Трава, нібы веер.

Заморыцца дзень, загараюцца зоры.
Пачула, што стала другою.
Хлапца пакахала (яго зваць Рыгорам).
Пачатак…
Жыцьцё маладое.

III

Што хата — то шыльда красуе,
Што шыльда — то цэхавы ўзор.
Майстэрня. Ў майстэрні працуе
Чэляднікам сьлесар Рыгор.

Забруджаны рукі іржою,
Ад пылу чарнеецца твар.
А здасьць, хоць і бруднай рукою,
Заказчыку чысты тавар.

Часамі ён вольнай хвілінай
Любіў, разабраўшы стар‘ё,
З раскладзеных частак машыны
Штось новае скласьці, сваё.

Змайструе. Руплівай паходкай
З мястэчка праз поле, праз гаць,
Ідзе праз сваю вынаходку
Дзяўчынцы сваёй расказаць.

Удумлівы. Вочы, як іскры.
Прыветнасьць румянцам гарыць.
Такіх-бы (як болей) нам выкрыць
Для славы пад зорамі жыць!

На беразе… шчасьце дзялілі.
Над возерам — зор карагод.
Рыгор з сьветлазорай Марыляй
Гушкаліся ў хвалях пяшчот.

IV

А людзі блізкія дзівіліся-пыталі:
— Калі ўжо сыйдзецца Марылька з маладым?
— Та-а-кі хлапец! — бабулі выхвалялі…
— Дзяўчынка яг-гадка! — выхвальвалі дзяды.

Няхай зара мядзянаю рабінай
На небасхіле выйдзе з берагоў —
Рыгор з Марыляю ў сутонных павуцінах;
Пачуцьці іх ламаюць краты змоў.

— З паўгода, любая, старанна папрацую,
Капейку лішнюю націсну, зараблю.
Тады прыду, вазьму каго люблю я.
А любіш ты?
— „Вось глянь, як ня люблю“ —

І вусны злучаны… Адно зайздросьціць месяц,
Ад злосьці рынуўся тарчма ў лясны гушчар.
Пабеглі дні, за імі тыдзень, месяц…
За хмарай хмара, так навалы хмар.

Жыцьцё зьмяняецца, зьмяняюцца ідзі.
Расьце сасна, а поруч тлее корч.
Радзіўся чалавек. Гаспадаром ідзе ён.
Пануе дзень, калі змаглася ноч.