Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха прыгоннай гаспадаркі/Пародыйны клясыцызм у беларускай літаратуры

Асноўныя перадумовы беларускай літаратуры Пародыйны клясыцызм у беларускай літаратуры
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Романтычнае народніцтва

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАРОДЫЙНЫ КЛЯСЫЦЫЗМ У БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ („ЭНЭІДА НАВЫВАРАТ" І „TAPAC НА ПАРНАСЕ")

Зьмест беларускай "Энэіды" заключае ў сабе наступныя эпізоды.

У самым пачатку твору даецца кароткая характарыстыка Энэя: ён "дзяцюк хупавы, хлапец наўвошта украсіў", панскасьць злучаецца ў ім з даступнасьцю і ўважлівасьцю. Усьлед за гэтым кароткім уступам апавядаецца а падарожы Энэя... Пасьля разбурэньня грэкамі Троі гэрой, набіўшы чаўнок траянцамі, паплыў у мора. Багіня Юнона адносіцца да Энэя—сына яе суперніцы Вэнэры — надзвычай няпрыхільна і імкнецца загубіць яго. З гэтай мэтай яна накіроўваецца да Эоля і просіць яго пагнаць вятры супраць Энэя; у якасьці нагароды за паслугу абяцае даць яму прыгожую дзяўчыну. Усе вятры знаходзіліся ў адсутнасьці, але Эоль, жадаючы атрымаць нагароду, згаджаецца выканаць просьбу Юноны і паднімае на моры вялікую буру. Энэй, трапіўшы ў крытычнае становішча, зварачаецца да Нептуна з просьбай замірыць мора і абяцае за гэта розныя падарункі. Нэптун, прагнаўшы вятры, супакойвае разьюшаную марскую стыхію: "неба спагадзелась, усплыло сонейка, зьясьнелась". Траянцы на радасьці добра папалуднавалі і пасьля заснулі. Тымчасам Вэнэра дачулася аб учынках Юноны супраць яе сына. Багіня, добра апрануўшыся, выпраўляецца да Зэвэса і скардзіцца яму на Юнону. Зэвэс супакойвае Вэнэру, гаворачы, што падарож Энэя скончыцца добра. Тымчасам траянцы пасьля адпачынку едуць далей. Доўга плывуць яны па моры, Энэй пачаў ужо нудзіцца сярод бязьмежнай морскай сінявы, але зусім нечакана падарожнікі прыстаюць да Картагі; разглядаючы горад, яны сустракаюцца з Дыдонай і просяць царыцу даць ім прытулак. Разжаленая відам траянцаў і зацікаўленая асобай Энэя, Дыдона аказвае гасьціннасьць, зьяўляецца і сам Энэй, якога так жадалася Дыдоне бачыць. Пачынаецца пачастунак, жарты, забаўкі...

Ня цяжка заўважыць, што сюжэт данага твору запазычаны. Першым літаратурным продкам беларускага твору, як паказвае і самая назва яго, зьяўляецца антычная поэма Вергілія "Энэіда". Гэта поэма, якая мела сваёй мэтай усхваленьне Рымскай імпэрыі, распадаецца на дзьве часткі з 12 песьняў, якія складаюць твор Вергілія, першыя 6 апісваюць вандраваньне Энэя пасьля разбурэньня Троі а іншыя 6—барацьбу яго з рознымі перашкодамі і ворагамі ў Італіі пры заснаваньні новай дзяржавы, на грунце якой узьнік старасьвецкі Рым.

Сюжэту Вергілія аб вандраваньні Энэя асабліва пашанцавала ў сусьветнай літаратуры. У сярэднія вякі ў доўгім шэрагу романаў антычнага цыклю былі вядомы і романы аб Энэю. Асяродкавым моты вам гэтага віду твораў (Roman d'Enêas) быў эпізод каханьня Дыдоны і Энэя. У новыя часы вынікае цэлы шэраг літаратурных пародый на твор Вергілія. Так, яшчэ ў XVІІ сталецьці францускі пісьменьнік Скарон стварае сваю вядомую поэму "Пераапрануты Вергілі" (Vіrgіle travestі). У гэтым творы выкпіваецца гэроічны, узьняты тон антычнай эпопеі; багі і гэроі ставяцца ў сьмешнае становішча, ствараюцца абставіны, не адпавядаючыя сюжэту, высокія асобы гавораць на мове рыначных гандлярак, на жаргоне рабочых і г. д. Аналёгічныя літаратурныя пародыі на твор Вергілія зьяўляюцца і ў славянскіх літаратурах. У 1798 г. была надрукавана "Энеида" на малороссийский язык перелицованная И. Котляревского". Яшчэ раней (у 1791 г.) у расійскай літаратуры зьявілася "Виргилиева Енеида, вывороченная на изнанку, Ник. Осипова". Доўгі шэраг гэтых літаратурных пародый на твор рымскага поэты замыкае сабой беларуская "Энэіда навыварат". Наша жартаўлівая поэма каротка перадае няпоўныя эпізоды толькі першай песьні твору Вергілія: вандраваньне Энэя па моры, элыя ўчынкі Юноны, протэктарства Нептуна і Вэнеры, наведваньне Картагі і Дыдоны.

На падставе данага антычнага сюжэту і антычнай мітолёгіі выяўлены тыпова беларускі побыт і беларускія характары. Увесь сэнс літаратурнай пародыі ў нашай "Энэідзе" заключаецца ў тым, што тут у асадкі чужой формы гэроічнага эпосу укладаецца комічны зьмест: багі і гэроі зводзяцца з сваіх вышынь і набываюць аблічча звычайных простых людзей, выхапленых з абставін чыста беларускага побыту.

Вось, напр., як апісаны тут полудзень:

Траянцы ўзялісь за ядзэньне,
Як з поля панскія харты.
Была ў іх з затаўкай крупеня,
Кулагу пхалі ў жываты;
Была ў іх гушча і драчона,
І парасяціна смажона.
Пілі гарэлку не каўшом.
Цягнулі ў волю ўсе набгом.

Апроч страў, тыпова беларускімі зьяўляюцца тут і вопраткі; зьбіраючыся ісьці да Зэўса, Вэнэра, напр.,

Андрак з насоўкай апранула.
З падплётам ўзьдзела кавярзьні,
Анучкі рабыя абула,
Як быццам войта селязьні.
Твар сывараткаю абмыла,
Кужэльны ўзьдзела балахон,
Папранік у хустачку ўлажыла,
Пайшла да Зэўса на паклон.

Ад забавак і жартаў тут таксама павявае родным беларускім побытам. Вось, напр., як апісваюцца гульні ў Дыдоны:

Дуда вярлюем тут равела,
Сапелка гусынай шыпела,
Скрыпела скрыпка, як каткі.
Дзявухны галасу гукалі.
Вясну малодзенькі склікалі
І жарты розныя рабілі,
Казу сьвяточную вадзілі,
3 загнеткі лося забівалі,
Дугу у браму прадзявалі,
Пустоты ў воленьку было.

Пад знадворнай абалоньню побыту яскрава выяўляюцца ў творы і соцыяльныя ўзаемаадносіны Беларусі ў эпоху прыгоннай гаспадаркі. Дыдона—гэта багатая пані-прыгоньніца. Яна чытае газэты, крычыць пры відзе бедакоў траянцаў, вызначаецца гасьцінвасьцю, характарнай для патрыархальна-дваровай культуры, але з гэтай чуласьцю і гасьціннасьцю ў яе злучаецца і брыдкі дзспотызм прыгоньніцы; сама яна прызнаецца:

Я й так дзесяцкага прыбіла,
Што ён распраўшчыны ня знае
Ды без пашпортаў ўсіх пускае.

Гаспадарчае пачуцьцё ўласнасьці прымушае яе быць на старожы ў адносінах да незнаёмых людзей, яна баіцца зладзеяў, якія могуць пашкодзіць яе гаспадарцы. Юнона таксама — "баба злая, адродзьдзя панскага, ліхая". Энэй, які служыць канторшчыкам,—гэта дробны шляхціц, валацуга; Эоль—панскі войт, які рад выслужыцца перад панамі; дзеля сваіх выгад зганяе ўсіх на паншчыну. Нэптун і Зэўс—заможныя сялянскія гаспадары: яны любяць выпіць, нюхаюць табаку, Нептун, апроч таго, сквапны на грошы. Падарожнікі траянцы як-бы ўвасабляюць сабой бядняцкі слой сялянства; яны забітыя, прыгнечаныя; пры відзе Дыдоны

Як валасьні закапашылісь,
Пластом траянцы павалілісь,
Сячэнь Дыдоне паднясьлі.

З вялікай пакорай яны добраахвотна аддаюць сябе на панскую эксплёатацыю:

О, артыкульная Дыдона!
Ты нас у крэпасьць запішы.
Ў нядзелю роб сабе два згоны, —
Мы робіць будзем да-душы!

Але ва ўмовах паншчыны адна зямляробская праца не магла забясьпечыць гэтых бедакоў: яны прымушаны шукаць дадатковых заработкаў, займаюцца рознымі рамёствамі. Віды гэтых рамёстваў зноў-ткі вельмі характарны для беларускай саматужнай прамысловасьці. Траянцы ў гутарцы з Дыдонай

так атэстуюць сябе:

І ўсяку паншчыну зьмякаем:
І бровара глядзець як знаем,
Загнеткі, сундукі рабіць,
На бочкі абручы набіць;
Піліп наш лепіць гарлачы,
Пракоп-жа ступы, таўкачы.

Беднасьць і цемната прымушае селяніна займацца і вядзьмарствам, што таксама падкрэсьлена ў творы; у далейшай сваёй гутарцы траянцы прадоўжваюць:

А Саўка зельле ўсяка знаець,—
Дзяцём ён вогнік адсякаець,
Хупаў бабамі варажыць
І скурапеню адхадзіць.

Такім чынам, агорнутыя вэльмам антычнай мітолёгіі перад намі ў беларускай "Энэідзе" досыць яскрава выступаюць галоўныя соцыяльныя групаваньні эпохі прыгоннай гаспадаркі: буйная і дробная шляхта і сялянства з яго экономічным падзелам; соцыяльныя ўзаемаадносіны паншчыны адбіліся ў поэме досыць выразна; твор мае на сабе пэўную пячатку сваёй эпохі.

Знадворная гісторыя помніка зьяўляецца досыць заблытанай. Доўгі час поэма пашыралася ў рукапісных сьпісах і вуснай перадачы. Вядомы дзьве асноўныя рэдакцыі яе: Віцебская і Смаленская. Сьпіс першай рэдакцыі захоўваецца ў бібліотецы Маскоўскага "Общества Истории и Древностей Российских", сярод папер Бадзянскага (№ 147). Сьпіс зроблены лацінкай і мае загаловак: "Отрывок из 1-й песни Энеиды, вывороченной на изнанку на белорусский язык, по образцу малороссийской Котляревского, г. Мысковским (в г. Витебске). З гэтага сьпісу самым Бадзянскім у 1837 г. для вядомага славістага Шафарыка была зроблена копія ўжо расійскімі літарамі і за выняткам 23 апошніх радкоў: копія захоўваецца ў Праскім музэі сярод рукапісаў Шафарыка. Такім чынам, маюцца два рукапісныя сьпісы першай Віцебскай рэдакцыі беларускай "Энэіды". Адрывак гэтай рэдакцыі, па сьпісу больш даўгому, чым у Бадзянскага, быў надрукаваны ў часопісу "Маяк" у 1845 г. (т. ХХІІІ, смесь, 30-39).

Што да другой рэдакцыі, то рукапісны сьпіс яе таксама захоўваецца ў паперах Бадзянскага (№ 164) пад загалоўкам "Энеида с Малороссийского на Смоленский крестьянский язык переложенная Викентием Ровинским (помещиком Духовщинского уезда)". Гэта самы вялікі адрывак беларускай "Энэіды" (у 303 радкі), паступіўшы ў 1851 г "от кандидата Бориса Залесского", як зазначана на адвароце загалоўнага ліста. Увесь найбольш поўны адрывак гэтай другой рэдакцыі быў надрукаваны ў 1890 г. ў "Смоленском Вестнике" (№ 10 і 11) Равінскім у паведамленьні пад назвай "Забытое произведение Энеида"[1].

Абедзьве рэдакцыі вельмі блізкія адна да другой. Акад. Карскі констатуе, што розьніца заўважаецца толькі ў паасобных словах і ў пропуску некаторых радкоў. Блізкасьць рэдакцый даводзіцца параўнаньнем іх. Вось пачатак твору па абедзьвюх рэдакцыях:

Bіцебская
Яней дзяцюк виць быў цюкавы,
Парнюк няўвошта украсиў;
И пан удаўся ни лукавы,
Даступен, весил, нисьпясиў.
Но греки вуйму нарабілі:
Ик ляда Трою так спалили;
Кашель схвациўшы науцёк,
І так зрабиўшы іон чаўнок,
Траянцамі яго набиу
И ў море синіе пусьциў.

Смаленская
Жыв-быв Яней, дзяцюк хупавы,
Парнюк ниввошта украсив;
Хоць пан, а вдався нялукавый
Даступин, весял, неспесив
Но греки вуйму нарабілі;
Як ляда Трою всю спалили;
Кашель ён згрёбшы науцёк,
И швыдко зробивши чавнок.
Траянцами яго набив
И в моря з ими ён паплыў.

Прыкладам пропуску некаторых выразаў у адным з адменьнікаў можа быць 3 строфа:

Юнона воблак атпихнула,
Да з неба на мора ўзглянула:
Аж вось на чаўнаки Яней.
"Ах ты, прахвостина, зладзей!
Вось я цябе зьмялю ў табаку!
Ражном у мора, як сабаку!
Скарей насоўку дай мне Геба,
Да ў торбу ты паложь мне хлеба,
Ўпряги Паўлина ў тарадзейку,
Спячи яешню да индзейку..."
Ина усеўши пакацілась,
Ик раз у Явола ачуцилась.

Юнона воблак атпихнула
Да з неба на моря взглянула:
Плывець на чавнаке Яней.
"Ах ты, някруцина, зладзей.
Вось я цябе скручу в табаку
Ражном у мора, як сабаку!"
Панёву швыдка нахапіла,
Кашель сашнями налажила,
В калёсы села, пакацилась,
Як раз в Яола ачуцилась[2].

Ня цяжка заўважыць, што адрозьненьні адменьнікаў нязначныя. Бясспрэчна, у аснове абедзьвюх рэдакцый ляжыць адзін тэкст. Розьніца магла зьявіцца ў процэсе вуснай перадачы твору, магла яна быць рэзультатам пераапрацоўкі і зьменаў твору з боку самога аўтара або з боку другіх асоб.

Пытаньне аб аўтару поэмы ня можа быць разьвязана з бясспрэчнай пэўнасьцю. Адны прыпісвалі яе Манькоўскаму, які быў спачатку радцай у Магілеве, потым віцэ-губарнатарам у Віцебску, другія—Равінскаму, палкоўніку з Смаленшчыны.[3] Акад. Карскі, на падставе таго, што ў творы знаходзіцца цэлы шэраг слоў, якія прадстаўляюць сабой лексычную асаблівасьць Смаленскай гутаркі (хупавы, украсіў, хвігурны, сякотны, паршні), і, з другога боку, на падставе таго, што ў поэме адзначаюццца некаторыя Смаленскія мясцовасьці (Чижевские хоромы, Духовские цыгане ды інш.), рашуча схіляецца ў бок прызнаньня аўтарам беларускай Энэіды Равінскага.

Бясспрэчным здаецца, на наш погляд, адзін факт і да таго факт найбольш паважны: беларуская "Эніда" зьявілася і пашырылася сярод шляхты, яна—продукт шляхецкага гумару. Клясавая псыхолёгія невядомага аўтара выразна выяўляецца ў творы. Самы замер напісаць на сялянскай мове толькі жартаўлівую пародыю мог зарадзіцца ў тэй асярэдзіне, дзе гэта мова лічылася „мужыцкай" мовай; гаварыць на мужыцкай мове аб высокіх матэрыях, — гэта значыла для пана павялічыць эфэкт пародыі. Апроч таго, у творы яскрава выяўляюцца панска-протэктарскія, часам нават і зьняважлівыя адносіны да мужыка: гарапашны бядак тут трапляе ў сьмешнае становішча, наўмысьля падкрэсьліваюцца некаторыя прастацкія бакі народнага побыту і звычаяў, селянін тут абмалёўваецца не як чалавек, але як забіты прыгнечаны нявольнік, які з вялікай пакорай і павагай адносіцца да свайго эксплёататара.

Пытаньне аб часе напісаньня твору, таксама, як і пытаньне аб яго аўтары, можа быць разьвязана, за адсутнасьцю дакладных зьвестах, толькі шляхам ускосных меркаваньняў. У поэме гаворыцца, што, калі Нептун па просьбе Энэя пачаў сунімаць буру, то вятры

Дамоўкі сталі убірацца,
Як ад Кутуза Банапарт.

На падставе гэтага зазначэньня можна меркаваць, што твор беларускі напісаны ў пачатку XІX сталецьця, у кожным разе не раней вайны 1812 г.

Калі знадворная гісторыя помніка мае ў сабе некаторыя спрэчныя моманты, дык затое самы генэзіс яго, крыніцы творчасьці зьяўляюцца больш верагоднымі і выразнымі.

Магчыма прадпалажыць, што аўтару твору, як адукаванаму шляхціцу, была вядома і лацінская поэма Вергілія. Але, бясспрэчна, бліжэйшым узорам для яго зьяўлялася Энэіда Катлярэўскага. У аснове абодвух твораў ляжыць аднальковы задум даць літаратурную пародыю на гэроічны эпос; абодва творы ўяўляюць сабой пераніцоўку, якая выканана паводле аналёгічнага пляну: у Катлярэўскага антычныя гэроі і пэрсонажы пераапрануты ў сапраўдных чумакоў, у нашым творы яны набываюць аблічча беларускай шляхты і сялянства. Але апроч гэтага агульнага падабенства, назіраецца і больш сьціслая роўналежнасьць у стасунку да паасобных эпізодаў. Вось некаторыя прыклады гэтай роўналежнасьці:

Украінская Энэіда
Вин, взявшы торбу, тягу дав...
Вин швидко поробывши човны,
На сыне море попускав.
Троянцив насадывши ловны...
Борей лежит недуж с похмилья,

А Нот поихав на весилья.
Зехвир жа, давний негодяй,
З дивчатами заженихався
А Евр у винники нанявся:
Як хочеш, так соби смякай...
Пришла Венера искрывившись,
Заслинившись и завискрывшись,
И стала хлипать перед ним:
Чим пред тобою милый тату
Сын заслужив таку мій плату?

Беларуская Энэіда
Кашель ён згрёбши науцёк...
И швыдко зробивши чавнок,
Траянцамі яго набив
И в мора з ими ён паплыв...
Барей з пахмельля, як вапер,
Ляжыць в святлицы на казёнки,
А Нот учора зьехав к жонки
Захвир з дзявухнами зайгрався,
А Евр у батраки нанявся:
Як хочеш, ты сабе смекай...

Прышла Вянера і завыла,
Саплями змазала ўсё рыла.
И так зазюкала яна:
А чим перад табою, бацька,
Мой абмишулився дзицятка?

Колиб, сказав, я вмер у Трои
То вже б не пив сіи гиркой
И марне так не волочивсь.

Казав, штоб лепши на пагости
Схавтурили б маи там косьці,
Дарма чим з Трои пакруцився
И валачобничаць пусьцився[4].

Больш-меншити блізкае падабенства нават паасобных выразаў у паданай паралелі не пакідае ніякага сумненьня, што аўтару беларускай поэмы быў вядомы украінскі ўзор. Але наша поэма не прадстаўляе сабой літаратурнага плагіату; аўтар яе ўзяў ад Катлярэўскага, магчыма, самую ідэю ўтварэньня літаратурнай пародыі, запазычыў можа нават несьвядома некалькі выразаў, але ўсюды ён захоўвае нацыянальны беларускі колёрыт; на падставе антычнага сюжэту і мітолёгіі ён разгортвае перад намі абразкі беларускага побыту, зарысоўвае беларускія характары. У гэтым мясцовым колёрыце выявілася далком самастойнасьць і орыгінальнасьць аўтара нашай "Энэіды", ня гледзячы на яго бясспрэчнае знаёмства з украінскім творам.

Больш цяжка разьвязаць пытаньне аб адносінах беларускага твору да "Энэіды" Осіпава. Акадэмік Карскі падае некалькі роўналежных выразаў з абодвух твораў, напр.:

У Равінскага:
Калі хто видзив, як Бахциха
Нямецка пива задаець;
Яке яно падымець лиха,
Запеницца і розна прець,—
Ай так і мора заравела,
Бублила, пенилась. шипела.

У Осіпава:
Горшок у бабы как со щами
Бурлит в растопленной печи,
Так точно сильными волнами
Кипело море в той ночи.

У беларускім творы апавядаецца, што выходзячы ад Зэўса,

Вянера тут яму прысела,
Хранцуз як барышню учив..

У творы Осіпава гаворыцца, што яна

Как немка перед ним присела.

У Равінскага пры апісаньні перажываньняў Энэя ў часе буры даецца параўнаньне:

И словно в цётке (лихорадке) ён завыв.

У Осіпава:

Еней, как будто в лихорадке,
Зубами хлопая, дрожал.

Падаўшы гэтыя і некаторыя іншыя, яшчэ больш дробныя паралелі, акад. Карскі робіць асьцярожнае прадпалажэньне, што „прыклады падабенства ў Энэідах Равінскага і Осіпава мабыць не выпадковы". На нашу думку, усё-ж такі гэта падабенства настолькі далёкае, што яно ня можа яшчэ сьведчыць аб уплыве Осіпава на беларускі твор. Для нас бясспрэчным застаецца толькі факт уплыву на нашу "Энэіду" з боку украінскай Энэіды Катлярэўскага.

Цікава адзначыць, што ў беларускай крытыцы "Энэіда называрат" знайшла такую-ж процілежную ацэнку, якую ў свой час знайшоў памянёны украінскі твор. У свой час адны украінскія крытыкі давалі вельмі высокую ацэнку "Энэідзе" Катлярэўскага, другія, наадварот, яе сурова ганіліі. Кастамараў, напр., лічыў "Энэіду" Катлярэўскага за вельмі каштоўны твор, бачачы ў ёй яскравы адбітак народнага побыту ды характараў і захапляючыся яе гумарам і чыстатой мовы. Куліш, у процілежнасьць Кастамараву, дае адмоўную ацэнку тзору Катлярэўскага. На думку крытыка, "ужо самая мысьль напісаць пародыю на мове свайго народу паказвае на адсутнасьць павагі да гэтай мовы", ён знаходзіць тут толькі грубы комізм, які ўсё больш і больш пераходзіць у гвалтоўную карыкатуру[5]. У стасунку да нашай „Энэіды" ў беларускай крытыцы позыцыю Кастамарава займаюць Я. Лёсік і М. Гарэцкі, а позыцыю Куліша — У. Ігнатоўскі.

Я. Лёсік лічыць, што "Энеіда" гэта—маці беларускага пісьменства, яна першая рысуе беларускае жыцьцё такім, якім яно было на Беларусі ў тыя гады... Напісана поэма прыгожа, цікава і чыстай беларускай мовай з усходнімі беларускімі (Магілеўскімі) асаблівасьцямі[6]. М. Гарэцкі таксама вельмі высока ставіць поэму; ён бачыць у ёй мастацкі адбітак жыцьця, захапляецца яе формальнымі бакамі: "мова скрозь чыста-народная... верш поэмы лёгкі, тонічны (чатырохстопны ямб), добра зрыфмаваны. Такім вершам ніхто ў нас пісаць ня ўмеў. А такою бойкасьцю вершу не магла дужа хваліцца і тагачасная расійская поэзія, бо яшчэ ня мела Пушкіна. Аўтар "Энэіды навыварат" быў вялікі мастак.[7] У процілежнасьць зазначаным крытыкам, Ў. Ігнатоўскі так адзываецца аб поэме: "напісана яна даволі такі кепскай мовай. Апроч таго, аўтар яе часта выстаўляе на зьдзек і беларуса і яго мову".[8]

Мы ня можам падзяліць таго захапленьня беларускай "Энэідай навыварат", якое выяўляюць Лёсік і Гарэцкі. Асаблівых мастацкіх каштоўнасьцяй яна ня мае: мова яе перасыпана дыялектызмамі, якія патрабуюць спэцыяльнага тлумачэньня; часта трапляюцца вульгарныя звароты, верш не вызначаецца трапнай мілагучнасьцю вялікай памылкай і гіпэрболічнай пераацэнкай твору зьяўляецца думка, што "нават тагачасная расійская поэзія не магла пахваліцца такой бойкасьцю вершу". З другога боку, нам прадстаўляецца, што некалькі згушчае фабры і крытык Ігнатоўскі, калі ён бачыць у творы толькі зьдзек над беларускім селянінам і яго мовай. Сьвядомага і наўмыснага зьдзеку тут можа і няма; хутчэй тут, як мы заўважылі ўжо вышэй, выяўляюцца шляхецка-протэктарскія адносіны да мужыка, якія часам даводзяць да некаторай зьнявагі яго і яго мовы.

Беларуская "Энеіда навыварат" захоўвае для нас не сваё мастацкае значэньне, але выключна значэньне гістарычна-літаратурнае: у XІX веку яна прадстаўляе сабой першую спробу ўвесьці беларускую мову ў кола літаратурнага ўжытку ў той час, калі гэта мова, дзякуючы няспрыяючаму гістарычнаму лёсу, зьведзена была на ступень толькі народнай гутаркі, народнага дыялекту; падругое, у гэтым творы можна бачыць некаторыя слабыя водгукі клясыцызму: высокі стыль гэроічнага эпосу выклікае тут жартаўлівую пародыю; пэрсонажы антычнага Олімпу скідаюцца з яго вяршыні і ўводзяцца ў сялянскую хату. Такое зьніжэньне клясычнага стылю бясспрэчна сьведчыць аб тым, што поэтыка клясыцызму ў той час ужо страціла свой крэдыт: яна раскладалася і нават выклікала ўжо пэўную рэакцыю.

Па асноўнаму задуму і агульнаму характару літаратурнага жанру блізкае падабенства да "Энэіды навыварат" мае поэма "Тарас на Парнасе".

Твор пачынаецца з кароткай, але яскравай характарыстыкі галоўнага пэрсонажу:

Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса,
У палясоўшчыках што быў?
На Пуцявішчы, ў Апанаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Што-ж? Чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губу ён ня браў:
Затое ў ласцы быў у пана,
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ня разу не збрахаў,—
Затое-ж ен балота з раньня
Да позьняй ночы пільнаваў.
Чуць золак-ён стрэльбу за плечы,
Заткне сякеру за паяс,
Заўседы ходзіць бор сьцярэгчы
І птушак біць з ружжа Тарас.

Пасьля гэтага апавядаецца аб аднэй нязвычайнай прыгодзе, якая здарылася з Тарасам. Ён вышаў на абход лесу на самага Кузьму Дзямяна, калі, паводле народных забабонаў, могуць лёгка памярэшчыцца ўсялякія жахі і дзівосныя рэчы. Тарас, заўважыўшы цецярука, нацэліўся ў яго, але стрэльба два разы дала асечку; якраз у гэты момант на Тараса насунуўся мядзьведзь з-за елкі; палясоўшчык у вялікім страху, трасучыся ўвесь, як асіна, мусіў уцякаць. Уцякаючы ён трапіў у нейкую яму. Доўга ляцеў Тарас; толькі калі ўжо разьвіднела, ён зваліўся на зямлю і пабачыў, што апынуўся ў нейкім асобным краі:

І-охці мне! Як там прыгожа!
Ну, быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа,—
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсьць там; дужа стройна
Пяюць, лепш за салаўя.

На Тараса нападае вялікае зьдзіўленьне, ён ня можа разабрацца, куды, у якую краіну ён трапіў. Аж да яго зьяўляецца крылаты хлопчык Амур і на пытаньне, куды вядзе дарога, дае адказ:

Дарога гэта з таго сьвету,
Ідзе прамою на Парнас.

Тарас рашуча прабіраецца па гэтай дарозе да самага Парнасу. Унізе гары ён бачыць вяліку гурму паноў,— гэта поэты і пісьменьнікі, якія імкнуліся ўзабрацца на Парнас. Праз гэтую гурму праштурхаўся на Парнас і наш палясоўшчык да самога Зэўса ў госьці. Але, к свайму вялікаму зьдзіўленьню, ён убачыў, што трапіў у знаёмую і родную яму абстаноўку сялянскага хаты. Тарас бачыць заняткі багоў, іх жарты, прысутнічае пры іх полудні і забаўках; не сьцярпеўшы, сам пускаецца ў скокі і потым, пасьля сытнага частаваньня, на крыльлях зэфіраў пераносіцца зноў у лес, у сваю хату.

Проф. Доўнар-Запольскі лічыць, што „Тарас на Парнасе" ўяўляе сабой сатыру. Але, на яго думку, "досыць цяжка сказаць што-небудзь пэўнае аб тым, з якога поваду аўтар напісаў гэту сатыру, ці што ён меў на ўвазе". Пасьля гэтай агаворкі дасьледчык выказвае прадпалажэньне, што, быць можа, аўтар, паводле узору старых пераніцовак накшталт "Энэіды", хацеў даць жывы малюнак беларускага народнага побыту заадно пасьмяяцца з тых пісьменьнікаў, якія, ня маючы буйнага дараваньня, цягнуцца за вялікімі поэтамі.[9] І сапраўды, мы маем у творы малюнак, які выкпівае супэрніцтва поэтаў у іх імкненьні трапіць на Парнас. Ад асобы Тараса апавядаецца:

Пад тэй гарой народу многа,
Як-бы кірмаш які кіпіць.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха:—
Народ ня просты, усё паны!
Хто дужа шпарка, хто паціху,
Ўсе лезуць на гару яны.
Як жыды ў школе, галасуюць;
Гатоў адзін другога зьесьць,
Бо кожны морду ўперад суне,
Каб першым на гару узьлезьць.

Далей абмалёўваюцца рэдактары часопісу "Пчала"—Булгарын і Грэч, якія таксама імкнуцца прабрацца на Парнас, успамінаюцца Міцкевіч, Пушкін, Каханоўскі і Гогаль, перад якімі ўвесь, "народ раздаўся на канцы", і якія "прашлі, як павы, на Парнас". Малюнак канчаецца такой агульнай увагай:

Ну, словам, многа тут народу
Сабралась лезьці на Парнас.
Былі паны, было і зброду,
Як часам і на сьвеце ў нас.

У гэтым малюнку зачэпліваецца, калі ня лічыць Каханоўскага, літаратурная рачаіснасьць 30 і 40 гадоў. Выдзяляюцца буйныя гэніі эпохі ў расійскай літаратуры (Пушкін, Гогаль) і польскай поэзіі (Міцкевіч). Яны па праву займаюць месца на Парнасе, але побач з імі сатырычна занатавана і розная бесталанная дробязь. Стрэлы сатыры асабліва накіроўваюцца супроць Булгарына. Нават надворны выгляд яго вельмі брыдкі:

Кароткі, тоўсты, як кабан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.

Але самае галоўнае, надзвычайна тонка схоплена ў творы ўнутранае аблічча гэтага аўтара літаратурных пасквіляў. Булгарын імкнецца прабіцца на Парнас, пушчаючы ў ход лаянку і пагрозы; праціскаючыся сярод натоўпу, у якім адзін аднаму выпушчаюць кішкі, ён "з праміж іх пішчыць":

Па-малу, братцы! ня душыце
Мой фэльетон вы і „Пчалу",
Мяне-ж самога вы пусьціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык, да-душы, ў газэце
Я вас аблаю на ўвесь сьвет,
Як Гогаля у прошлым леце.

Элемэнт сатыры, такім чынам, у творы маецца, але ён уваходзіць сюды толькі эпізодычна, выключна ў абмалёўцы імкненьня трапіць на Парнас. Ва ўсіх іншых малюнках пераважае не сатыра, але досыць тонкі гумар. На фоне антычнай мітолёгіі ў жартаўлівых рысах сакавітымі фарбамі абмалёваны народны побыт. Маляўніча прадстаўлены знадворныя абставіны: багаты двор з яловым плотам, на дварэ сьвіньні, сабакі, козы, бараны; багі займаюцца гаспадаркай. Заняткі іх тыпова сялянскія:

... на лаўцы шыюць
Шаўцы багіням хадакі,
Багіні-ж у начоўках мыюць
Багам кашулі і парткі.
Сатурн лыкі размачыўшы,
І сьпіцай лапці падплятаў;
Па сьвеце добра пахадзіўшы,
Лапцей ен многа натаптаў.
Нэптун на лаўцы чыніць сеці,
І восьці садзіць на шасты,
Пры ім-жа, мусіць яго дзеці,
Дзіравы ладзяць нераты.

Багі ядуць не амброзію, але сялянскія стравы: капусту, кулеш, крупеню; п'юць яны замест нектара гарэлку, любяць багі і пагуляць падвыпіўшы; на Парнасе Тарас убачыў звычайнае сялянскае ігрышча з яго скокамі, песьнямі, часам досыць вольнага характару, ды іншымі забаўкамі.

Апроч гэтага знадворнага побыту, асабліва трапна прадстаўлены ў творы характары; яны будуюцца тут у падвойным пляне: мітолёгічным і рэальна-бытавым; кожны пэрсонаж захоўвае свае адзнакі, згодна антычнай мітолёгіі, але гэтыя адзнакі пераплятаюцца з адзнакамі сялянскай псыхолёгіі, ствараючы такім чынам сваяасаблівую амальгаму антычнасьці і беларускасьці. Напр., Гэркулес гэта вясковы забіяка; каб пацешыць Зэўса, "хахол ён Марсу добра мнець". Сам Зэвэс набывае аблічча старога селяніна, які, падклаўшы пад голаў сярмягу, грэе свае косьці і "нешта ў барадзе шукае". Амур, як бог каханьня, зразумела, заляцаецца за дзяўчынамі, але гэта залёты вясковага юнака з іх прастацкімі прыёмамі:

Амур-жа з дзеўкамі жартуе,
Ну, проста сьмех ажно бярэ!
То ён зьнянацку пацалуе,
То хустку з галавы зьдзярэ;
То ў гусьлі ён зайграе,
То німфам песьню запяе,
То адным вокам ён міргае,
Як быццам ён каго заве.

Вэнэра, гэта вясковая красуня; яна любіць прыбрацца і пазабавіць сябе танцамі, у якіх выяўляецца яе зграбнасьць і прыгожасьць, адпавядаючая вясковаму густу:

Во перад люстрам задам меліць
І маслам мажыць валасы
Ды нечым белым твар свой беліць
Вэнера, знаць, дзеля красы...

Далей апісваецца, як яна, узяўшы хустачку,

Пайшла мяцеліцу скакаць,
Прыгожа, стройна цераз меру.
Што аж няможна расказаць.
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе; Hau
Як жар гарыць яе спадніца,
Істужка уплецена ў касе.

Бах, гэта звычайны вясковы п'яніца, які сп'яну пеў прыпеўкі,

Што аж няможна гаварыць,
Аж засаромеліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.

На ўсім працягу твору мы бачым, такім чынам, характарнае злучэньне элемэнтаў мітолёгіі і вясковага жыцьця з яго побытам і прастацкай псыхолёгіяй.

Пытаньне аб аўтару гэтага твору такое-ж спрэчнае, як і пытаньне аб аўтару "Энэіды навыварат". Адны прыпісвалі яго студэнтам Горы-Горацкай сельска-гаспадарчай акадэміі, другія—Равінскаму; проф. Доўнар-Запольскі і усьлед за ім М. Гарэцкі схіляюцца ў бок прызнаньня за аўтара яго Дуніна-Марцінкевіча, з чым не згаджаецца акад. Карскі: ён зазначае што і па свайму зьместу і галоўнае па стылю "Тарас на Парнасе" зусім не адпавядае агульнаму характару творчасьці Д.-Марцінкевіча. Для нас бясспрэчным здаецца толькі адзін факт: бязумоўна, "Тарас на Парнасе" таксама, як і "Энеіда навыварат", прадстаўляе сабой продукт шляхецкага гумару: і тут выказваюцца панска-гіронічныя адносіны да селяніна; аўтар, староньні глядач народнага побыту, часам наўмысьля падкрэсьлівае прастацкія бакі селяніна, робячы яго прадметам жартаў і забаўкі. Але трэба прызнаць, што аўтар "Тараса на Парнасе" больш тонкі мастак, чым аўтар "Энэіды": ім больш трапна схлоплены характарныя асаблівасьці народнага жыцьця, і прадстаўлены гэтыя асаблівасьці ў больш пукатых і яскравых вобразах; мова ў творы больш чыстая, у ëй менш дыалектызмаў; верш больш гібкі і бойкі; самы сюжэт твору больш орыгінальны і самастойны. У адносінах формальна-мастацкіх перавага, такім чынам, бязумоўна на баку невядомага аўтара данага твору, але затое ў аўтара "Энэіды навыварат" больш шырокае кола назіраньня: у той час як "Энзіда" абхапляе сабой усе галоўныя соцыяльныя клясы Беларусі ў эпоху прыгоннай гаспадаркі, пачынаючы ад буйнай шляхты і канчаючы сялянскім бядняцтвам, "Тарас на Парнасе" дае нам выключна абразкі з жыцьця заможнага сялянства і да таго абразкі далёка ня тыповыя для часу паншчыны: сялянства у той час зазвычай жыло у курных хатах, яно фізычна выраджалася ад галадухі, а тымчасам аўтар твору ўводзіць нас тут у нейкую мітычна-сялянскую краіну шчасьця і задавальненьня; ён малюе нам хату новую, панскі двор з яловым плотам; ядуць у гэтай хаце сытна і смачна, пералічаецца каля дзесятка розных страў, сярод іх успамінаецца са скваркамі кулеш, каша з салам, якое "аж цякло", гусяціна пражоная, каўбасы, бліны аўсяны ў рэшаце",—адным словам, малюецца нейкая казачная краіна з малочнымі рэчкамі і кісельнымі берагамі, але ў гэтай краіне аўтар зьмяшчае ня Іванаў-царэвічаў, але звычайных сялян, якія плятуць лапці, ладзяць сеткі і г. д. Утвараецца поўная неадпаведнасьць знадворных абставін і гэрояў; толькі палкаму шляхецкаму выабражэньню магло малявацца тады сялянскае жыцьцё ў такіх фарбах матэрыяльнага задавальненьня.

Соцыолёгічная каштоўнасьць твору "Тарас на Парнасе", такім чынам, нявысокая; у ім малюецца не сапраўдная сялянская рачаіснасьць часоў паншчыны, але рачаіснасьць, праломленая скрозь прызму шляхецкай сьвядомасьці. Яскравых адзнак сваёй эпохі твор, у процілежнасьць "Энэідзе навыварат", ня мае. Толькі выражэньне шляхецка-клясавай псыхолёгіі і ўспамінаньне аб літаратурнай сучаснасьці 30-40 гадоў надаюць яму пэўны колёрыт пары прыгоннай гаспадаркі.



  1. Карский. Белоруссы. Т. ІІІ. - Очерки словесности белорусского племеня. 3. Художественная литература на народном языке. Петроград, 1922, стар. 10-12.
  2. Карский, стар. 12 і 13.
  3. Манькоўскаму прыпісвалі яе—Падбярэзкі, Марціноўскі, А. Кавелін, Равінскаму—Шастакоў, І. Н. Равінскі.
  4. Іbіd. 18 і 19.
  5. Петров, Н. И. Очерки истории украинской литературы ХІХ столетия. Киев, 1884, стар. 25-27.
  6. Беларуская "Энэіда навыварат". Вольны сьцяг, 1921 г. № 4 (6), ст. 35.
  7. Гісторыя беларускае літаратуры. 1924 г., стар. 155 і 156.
  8. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Менск, 1921 год.
  9. Исследования и статьи. т. І, Киев, 1909 г., стар. 205.