Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха прыгоннай гаспадаркі/Сэнтымэнтальна-утопічнае народніцтва
← Романтычнае народніцтва | Сэнтымэнтальна-утопічнае народніцтва Манаграфія Аўтар: Міхаіл Піятуховіч 1928 год |
Асноўныя перадумовы беларускай літаратуры → |
САНТЫМЭНТАЛЬНА-УТОПІЧНАЕ НАРОДНІЦТВА
Найбольш яскравым прадстаўніком сантымэнтальна-утопічнага народна Дунін-Марцінкевіч.
Аб жыцьці пісьменьніка ў нас маюцца толькі схэматычна кароткія біографічныя зьвесткі. Проф. Доўнар-Запольскі[1] сьведчыць, што ў яго была ў рукапісу больш падрабязная біографія поэты, напісаная Аляксандрам Карповічам. Але, як сьведчыць дасьледчык у другім месцы, маскоўская цэнзура ў 1888 г. выкінула з артыкулу яго аб Дуніну-Марцінкевічу біографію поэты і яго портрэт.[2]
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1807 г. у фольварку Панюшковічах, на Бабруйшчыне; бацька яго быў арандатар—дробны шляхціц. Адукацыю пісьменьнік спачатку атрымаў у Бабруйскім вучылішчы, якое скончыў у 1826 г., а потым каля двух гадоў, да 1828 г., ён вучыўся на доктара ў Пецярбурзе, але невядома з якіх прычын мэдычнай асьветы ня скончыў і асталяваўся на сталае жыцьцё ў Менску; тут ён працаваў у розных установах (Рымска-каталіцкай консысторыі, гранічным судзе, крымінальнай палаце, зноў ў консысторыі) у якасьці ўрадоўца. У 60-х гадох ён прыдбаў на ўласныя сродкі, набытыя ашчаднасьцю, невялічкі маёнтачак Люцынку каля Менску, дзе памёр 17 сьнежня 1884 г.; пахаваны ў Тупальшчыне, мабыць, недалёка ад Люцынкі.
Біографія Д.-Марцінкевіча, такім чынам, нічога асаблівага не прадстаўляе; яна прыадчыняе нам аднастойнае і шэрае жыцьцё ўрадоўца і дробнага ўласьніка. Але пад казённым мундырам урадоўца царскай Расіі ў грудзёх Д.-Марцінкевіча білася досыць чулае і гуманнае сэрца, спачуваўшае народнаму гору. І гэта спачуваньне ён выявіў у сваёй мастацкай творчасьці.
Пісаў Д.-Марцінкевіч пабеларуску і папольску. Цалком на беларускай мове ім напісаны невялічкія вершаваныя апавяданьні—свайго роду маленькія поэмы: „Гапон" (1854), "Вечарніцы" (1855), "Купальле" (1855), "Шчароўскія дажынкі" (1857). Апроч таго, пяру пісьменьніка належаць і драматычныя творы: двухактовая комэдыя-опэра "Сялянка" (1846), аднаактовы жарт "Пінская шляхта" (1866) і комэдыя "Залёты" (1870).
Як паказваюць даты, творчасьць Д.-Марцінкевіча прыпадае на дзьве эпохі: эпоху існаваньня прыгоннай гаспадаркі і ліквідацыі яе. Адначасна ў гэтай творчасьці як-бы перакрыжоўваюцца дзьве літаратурныя манеры—сантымэнтальная рэалістычная. Асабліва выразна сантымэнталізм Д.-Марцінкевіча выяўлены ў яго вершаваных апавяданьнях, якія прадстаўляюць сабой найбольш каштоўную і паважную частку творчасьці пісьменьніка.
Сюжэты вершаваных апавяданьняў Д.-Марцінкевіча ў сваёй композыцыі вызначаюцца прастатой і нескладанасьцю; у іх пераважаюць мотывы статычныя; дынамічных, узрываючых мотываў мала. У гэтых апавяданьнях разгарнаюцца няхітрыя вясковыя гісторыі, у якіх побыт цесна пераплятаецца з романічнай інтрыгай. Найбольш цікавым па свайму сюжэту зьяўляецца апавяданьне „Гапон“, зьмест якога ў галоўных рысах зводзіцца да наступнага... Вясковы дзяцюк Гапон кахае сялянскую дзяўчыну Кацярыну; супернікам яго зьяўляецца аканом, які таксама пакахаў Кацярыну, але без узаемнасьці. Абражаны аканом помстуе: ён прадстаўляе Гапона перад паняй бунтаўніком і здае яго ў салдаты. Але нядоўгая была радасьць аканома; ён не пасьпеў скарыстаць вынікі свайго благога ўчынку; пані, даведаўшыся аб крыўдзе, якую ён зрабіў Гапону і Кацярыне, праганяе яго з пасады, а Кацярыну бярэ да сябе ў якасьці пакаёўкі. Праз пяць год Гапон ужо афіцэр, і вось жыцьцёвы лёс зноў зводзіць яго з аканомам, які трапляе ў рэкруцкі набор і прадстае прад камісіяй, дзе засядае афіцэр Гапон. Аканом, выдаючы сябе за сухотніка, імкнецца адкруціцца ад вайсковай службы, але Гапон выкрывае яго ману і ў сваю чаргу здае яго ў салдаты. Канчаецца гісторыя малюнкам вясельля Гапона, які жэніцца з Кацярынай з дазволу пані.
"Вечарніцы" заключаюць у сабе тры паасобныя апавяданьні, аб'яднаныя агульнай літаратурнай рамкай: малюецца звычай вясковых вечарніц-пасядзелак, на якіх дзед Ананія, з мэтай разважыць моладзь, апавядае розныя гісторыі. Два першыя апавяданьні яго прадстаўляюць сабой хадзячыя жарты-анекдоты, гэроем якіх зьяўляецца Зьміцер, "хоць дурэнь вялікі, ды мужык хіцер". З гэтым Зьміцерам здараюцца сьмешныя прыгоды... Адзін раз ён прадаў на таргу цялушку, выручыў ад продажу пяць рублёў і паклаў "сіненькую" паперку у кішэнь. Купіўшы селядца і паклаўшы яго гэтак сама ў кішэнь разам з папяровымі грашыма, Зьміцер заходзіць у карчму падмацавацца; там ён выпівае гарэлкі і, прагаладаўшыся, зьядае селядца разам з прыстаўшай да яго грашовай паперкай. Абрысоўкай гора і адчаю няўважлівага селяніна і канчаецца гэты першы жарт. У другі раз той-жа Зьміцер робіцца сьмешнай ахвярай кпінаў вясёлай кампаніі панкоў. Зьміцер панёс на торг прадаць пеўня; жартлівыя панкі рашылі пасьмяяцца з яго, — адзін за другім яны падыходзяць да прастацкага селяніна і праконваюць яго, што ён прадае зайца, а ня пеўня. У душы забабоннага селяніна пачынаецца завіханьне, у яго зьяўляецца раптам думка аб чарах жонкі, якая магла перавярнуць пеўня ў зайца. Ён, нарэшце, прымае жарты ўсур'ёз і пачынае выдаваць пявунчыка за шарака. Жарт канчаецца смутнай разьвязкай: паны, палічыўшы Зьмітра за п'янага, пачалі абкладаць яго кіямі; наш бядак у горы і свайго пеўня адцураўся. Трэцяе апавяданьне ад асобы Ананія, пад назвай "Стаўроўскія дзяды", у творчасьці Дуніна-Марцінкевіча займае асобнае месца. Яно прадстаўляе сабой экскурс у галіну дагістарычных часоў паганскай пары князя Грамабоя. Апавяданьне распадаецца на дзьве часткі-песьні. У першай песьні перад намі сям'я Данілы; члены гэтай сям'і: другая жонка Данілы Параска, родная дачка яе (Мархва) і падчарыца (Кася). Мачыха ўціскае падчырыцу, якая пакорна церпіць пакуту і атрымлівае, нарэшце, нагароду. У задушны дзень, калі спраўляюцца ў сям'і Данілы дзяды, у хату яго ўваходзяць мітычныя істоты—сабакі князя Боя—Стаўры-Гаўры і прыносяць з сабой два падарункі. Адзін з іх-залаты абраз лады—дастаецца Мархве, другі—жалезны крыжык—Каcі.
Другая песьня поэмы пераносіць нас у палац князя Грамабоя, да якога князь Віт зварачаецца з просьбай аб дапамозе яму ў барацьбе з паганцамі. Грамабой атрымлівае перамогу, пасьля якой радасна спатыкаюць князя. Віт раіць яму жаніцца; уся дружына падтрымлівае гэту раду. Сам лёс цудоўна прыходзіць Грамабою на дапамогу: ён сьніць сон, у якім бачыць дзядка і пекную дзяўчыну з падарункам Стаўраў-Гаўраў. Князь аддае загад адшукаць дзяўчыну з гэтым падарункам. На загад зьяўляецца родная дачка Параскі Мархва, але князь жорстка распраўляецца з ёю, скідаючы яе сам з замкавай гары. Потым зьяўляецца Кася, князь пазнае ў ёй дзяўчыну, якую бачыў у сьне, і бярэ яе сабе за жонку.
Найбольш простым па сюжэту зьяўляецца апавяданьне „Купала". Тут на фоне купальскай ночы рысуецца романічная гісторыя. Паніч-пісар кахае вясковую дзяўчыну Агату, якую гэтак сама любіць хлопец Саўка. Спаткаўшыся з Агатай у купальскую ноч, паніч раіць ёй выйсьці замуж за Саўку, а з ім любіцца і пасьля гэтага, як і раней. Агатка з агідай адкідае гэтую прапанову.
У склад апавяданьньня "Шчароўскія дажынкі" ўваходзіць пролёг, дзе даецца размова пана з войтам Навумам, і два разьдзелы. Першы разьдзел малюе нам падрыхтоўку да сьвята дажынак—выбар "царыцы дня", асобнай дзяўчыны, якая павінна паднесьці пану вянок. На гэтую ролю маецца дзьве прэтэндэнткі—Тадорка і Агатка; трэба выбраць найбольш сумленную.
Выбар адбываецца шляхам варажбы: пад рэшата ў цемры хаваецца певень, выпацканы сажай; робіцца папярэджаньне, што чалавек з чыстым сумленьнем можа сьмела падыходзіць і гладзіць пявунчыка; наадварот, у каго сумленьне нячыстае, таму лепш не падыходзіць, бо певень пры яго прыбліжэньні закрычыць. Агатка ў мінулым дапусьціла ашуканства у стасунку Тадоркі—хацела адбіць ад яе прыгожага дзяцюка Домку шляхам хлусьні і інтрыганцтва; цяпер Агатка баіцца падыйсьці да пеўня, і рукі ў яе аказваюцца чыстымі; у Тадоркі, якая сьмела падышла і пагладзіла пеўня, яны аказаліся выпацканымі сажай. Хітрыкі варажбы выкрываюць такім спосабам ашуканства Агаткі. "Царыцай-дня" абіраецца Тадорка. У другім разьдзеле апісваецца дажыначнае сьвяткаваньне з яго абрадамі, частаваньнем, забаўкамі і г. д.
Прастаце сюжэтаў у творчасьці Дуніна-Марцінкевіча адпавядае і нескладанасьць мотываў яе. Па галоўных адзнаках сваёй музы Дунін-Марцінкевіч—спозьніўшыся прадстаўнік сантымэнталізму. У яго заўважаецца пачуцьцёвасьць, якая даходзіць часам да нуднай саладкавасьці; у гэрояў пісьменьніка свайго роду гіпэртрофія сэрца, яны вызначаюцца далікатнай чуласьцю сэрца і сьлязьлівасьцю, у радасьці і горы праліваюць яны шмат сьлёз. У "Гапоне" разлучаная з сваім каханым Кацярына
...У садочку
Дый у цёмным кусточку
Горкі сьлёзкі вылівала,
Сваю долю праклінала.
Гэтак сама і ў радасьці, пры спатканьні з Гапонам, праліваюцца сьлёзы:
Як глянула Кацярынка,
Здрогнула, маўляў, асінка,
Сьлёзкі брызнулі з вачэй;
Ручкі на грудзех злажыла;
Быццам другі раз ажыла:
Гапон нашоўся пры ей.
У "Вечарніцах" апавядальнік Анані льле сьлёзы бяз усякага поваду:
Старычок цішком сядзеў
На ўзлокатках, ля стала,
На дружынку іон глядзеў,
Па шчочках сьлёзка цякла.
Перш, чым расказаць вясёлы жарт пра Зьмітра, "Стары абцёр сьлёзку белым рукавом". У тым-жа творы, у разьдзеле "Стаўроўскія дзяды", чытаем:
З зарой Кацярынка ў той дзень устала,
Беленькае лічка ў руч'ю скупала,
І з сіненькіх вочак стала сьлёзкі ліць.
Там-жа гаворыцца пра Віта, што ён, назіраючы спатканьне князя Грамабоя пасьля перамогі, — "радасну сьлёзку" кулаком абцёр"... Грамабой, у сваю чаргу, пры спатканьні "аж расплакаўся, з Вітам ён абняўся". Ідучы да князя, "спужалася Кася, сьлёзкамі заплакала". У "Шчароўскіх дажынках" у Тадоркі "з сіненькіх вочак лілісь сьлёзкі горкі". У творы „Купала" горка плача на спатканьні з пісарам Агатка:
Вось, маўляў, асінка ўся затраслася,
Уздыхнула цяжка, заламала рукі,
Горкімі сьлязамі тут-жа залілася.
Гэтак усюды ў Дуніна-Марцінкевіча цякуць сьлёзы цэлымі ручаямі: яго гэроі плачам выражаюць самыя рознастайныя эмоцыі—гора, радасьць, жах, рэлігійнасьць, узьнятасьць настрою пры ўрачыстых абставінах ды інш.
З творамі сантымэнталістых Дуніна-Марцінкевіча яднаюць яшчэ, апроч пачуцьцёвасьці, і некаторыя іншыя рысы.
У беларускага пісьменьніка заўважаецца выразны дыдактызм, у яго заўжды дабрачыннасьць атрымлівае нагароду, а хіба караецца. Па гэткай моральна-наўчальнай схэме цалкам разгарнаецца фабула "Гапона" і "Стаўроўскіх дзядоў". Першы твор—гэта беларуская "Памяла" ў мініатуры: падобна да таго, як у творы ангельскага сантыменталістага (Рычардсона) простая пакаёўка за сваю дабрачыннасьць робіцца буржуазнай паняй, і ў Дуніна-Марцінкевіча дабрачынная сялянская дзяўчына, гэтак сама пакаёўка, робіцца афіцэршай, выходзіць у людзі Гапон, а злы аканом караецца. Другі твор, "Стаўроўскія дзяды", пабудаваны на казачнай падставе: родная дачка, брыдкая з выгляду і па моральных сваіх якасьцях, гіне, падчарыца, процілеглая ёй па натуры, робіцца шчасьлівай, выходзіць замуж за князя Грамабоя. Эпізодычна гэты дыдактычны элемэнт уваходзіць і ў іншыя творы Дуніна-Марцінкевіча. У "Шчароўскіх дажынках" выкрываецца ашуканства злой Агаткі, перамагае добрая Тадорка; у творы "Купала", апроч зазначанай вышэй романічнай інтрыгі, маецца дадатак, які растлумачвае пахаджэньне самога сьвята купальля; у гэтым дадатку робіцца апотэоз сялянскай жанчыны, убогай з выгляду, але дабрачыннай па свайму жыцьцю; за гэтую дабрачыннасьць Кацярыну празывалі ўсе сьвятой; у гонар яе адбываецца быццам і самое сьвята купалы ("яна да сьвета ў рэчцы заўсёды купалась").
Уяўляючы сабой ілюстрацыю пэўнай моральна-наўчальнай тэндэнцыі, вобразы ў Дуніна-Марцінкевіча большаю часткаю будуюцца на прыёме ігры контрастаў; пісьменьнік ня ведае залатой жыцьцёвай сярэдзіны; ён пераважна рысуе нам процілеглыя моральныя полюсы—дабро і зло. У "Гапоне" на адным полюсе дабрачынныя персонажы— Кацярына і Гапон, на другім—злачынны аканом. У "Шчароўскіх дажынках" працістаўляюцца адна адней Тадорка і Агатка; у творы „Вечарніцы" у „Стаўроўскіх дзядох" сіротка Кася, з аднаго боку, і мачыха з роднай дачкой яе Мархвай, з другога, гэтак сама ўяўляюць сабой моральныя контрасты; у творы "Купала" моральна процілеглымі натурамі зьяўляюццапапсаваны паніч і дабрачынная Агатка. Угрунтаванае на абмалёўцы моральнай антытэзы портрэтнае мастацтва ў Дуніна-Марцінкевіча нявысокае; у яго маецца гатовы шаблëн, свайго роду кліше для абрысоўкі пэрсонажаў; адсюль, напр., усе яго дабрачынныя гэроіні, як дзьве кроплі вады, падобны адна да аднэй ня толькі сваімі ўнутранымі якасьцямі, але нават і па знадворнаму свайму выгляду; розьняцца яны толькі аднымі іменьнямі. Напр., Кацярына ў "Гапоне" малюецца такімі рысамі:
У Грыпіны Кацярына
Крый, божа! Бяды ня знала;
Як у садочку маліна,
Расла, цьвіла, дасьпявала;
На шчочках кроў з малаком.
І вочкі блішчаць агнём...
Гэтак сама і ў "Стаўроўскіх дзядох" Кацярына
Расла, як тычынка, цьвіла, як каліна;
Бывала вочкам як на цябе гляне,
Нехаця сэрца твайго дастане:
Серабрысты голас, як у салавейка,
А гаспадарная, быццам муравейка;
Ціха, як авечка,—прыгожа, як краска.
Падобны вобраз усплывае і ў "Шчароўскіх дажынках", дзе мы чытаем пра Тадорку:
Кроў з малаком—яе шчочкі,
Моланьню блішчаць вочкі,
Спацьцішка, баш, як зіркне,
Сэрца молатам заб'ецца,
Не спазнаеш сам сябе.
Яна-ж чэсна, працавіта...
У творы "Купала":
Маладзенькая Агатка,
Як малінка, красна, гладка.
Аналёгічна схэматычнымі рысамі малююцца і адмоўныя персонажны:
...Мачыха яе (Касі) Параска,
Была, як гадзюка, злая, што крый божа...
Бывала ад сьвету як возьме брехаць,
Дый на Кацярынку стане вымышляць,
Хоць на сьмерць заплачся — нішто не паможа.
У бабы доч Мархва, як маці сярдзіта,
Брыдка, маўляў, ведзьма, горка, як асіна...
Брыдкім зьяўляецца вобраз аканома ў творы „Гапон":
Рыжы вусы аканома
Шчэцьцю ўверх паднялісь;
Зіркнуў скоса на Гапона.
Вочы кроўю залілісь.
Губы страшна пакрывіў.
Кнут у жмені аж трашчыць...
Так Дунін-Марцінкевіч малюе падфарбаванае і ідэалізаванае дабро: ён заўважае і зло жыцьця, але гэта зло толькі пабежныя цені на агульным сьветлым фоне. Калі і парушаецца гармонія паміж моральнай вартасьцю чалавека і яго жыцьцёвым лёсам, то у такіх выпадках сам бог умешваецца у справы і ўстанаўляе гэтую гармонію. Зло ім караецца, а дабро узнагараджаецца. Такім чынам, у Дуніна-Марцінкевіча павярхоўны оптымізм цесна злучаны з рэлігійнасьцю. Гэроі ў творах беларускага пісьменьніка вызначаюцца пабожнасьцю: у радасьці і ў горы, нават у самых дробных выпадках жыцьця, яны заўжды зварачаюцца да бога, пакладаючы на яго ўсе свае надзеі. Улюбёны пэрсонаж Дуніна-Марцінкевіча—гэта прыгожая з выгляду і дабрачынная па сваіх моральных якасьцях вясковая дзяўчына-сірата; для яе адзіным абаронцам і протэктарам зьяўляецца бог, які, нарэшце, наладжвае яе долю і ўзнагараджае такім чынам модлы і надзеі. У "Гапоне" гэроіня за працай сьпявае пабожныя песьні:
- Кацярына прыпявае:
- Яна у добрай ахвоце
- Хваліць бога пры рабоце...
Пад пару ёй і яе суджаны:
- Гапон наш мундзір надзеў;
- Шчыра ўздыхнуу да бога...
Кася у "Стаўроўскіх дзядох", праліваючы сьлёзы з сіненькіх вочак, горача моліцца за свою маці-нябожчыцу. Дзед Ананія, перш чым расказаць якое-небудзь апавяданьне, лічыць сваім абавязкам перахрысьціцца і прашаптаць пацеры, наўчаючы "ўсяка дзела ад бога пачаць".
Такім чынам, у вершаваных апавяданьнях Дуніна-Марцінкевіча яскрава выяўляюцца саладкавата-сьлязьлівая пачуцьцёвасьць, моральны дыдактызм, прыём ігры контрастаў пры пабудове вобразаў і павярхоўны оптымізм на рэлігійнай аснове—рысы, якія набліжаюць яго творчасьць да творчасьці сантыменталістых. Падобна да іх, і беларускі аўтар ня столькі аналізуе факты жыцьця, колькі падганяе іх пад гатовы шаблён моральна рэлігійнага шляхецкага ідэалу.
У тых выпадках, калі Дунін-Марцінкевіч адступае ад гэтага шаблёну, фарбы ў яго робяцца больш сакавітымі і яскравымі. Лепшымі малюнкамі ў яго творах зьяўляюцца малюнкі сялянскага побыту. Як жывая, напрыклад, устае перад намі вясковая карчма былых часоў, абмаляваная ў "Гапоне"
- Шум, крык, гоман у карчме.
- Кіпіць сельская дружына.
- Піва, мěд, гарэлку пье,
- Ажна курыцца чупрына.
- Гаспадары за сталом
- Громка гутарку вядуць;
- А ляндарка з ляндаром
- Мёд, гарэлку раздаюць.
- Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
- Ля парога гаманяць,
- А старыя чараўніцы
- Цішком ля печы сядзяць...
- Дрыжаць чупрыны, спадніцы.
- Суматоха, што крый бог.
- Ад пылу аж пацямнела,
- Хохат, лопат, шум ды крык.
- Як у гаршку закіпела,
- Як на быдла напаў зык.
- Той у прысядкі, той выкілкі,
- Чупрыны, як шчэць, дрыжаць,
- Тая бокам, тая скокам...
Зачэпліваецца часткаю і будзённы побыт прыгонных сялян з іх непамернай паднявольнай працай і зьдзекамі прыганятых:
- Вот ночка яшчэ цямненька.
- Дошчык, як з сітца, прышыць,
- А войт дауным-даўнюсенька
- Загад пад вакном крычыць:
- Хто пойдзе дровы рубаць.
- Хто крупы таўчы і драць,
- А хто з цэпам малаціць,
- Каму брагу калаціць.
- А вось і аканом сам
- Прыбег да карчмы на кані,
- "Слухай, крычыць, слухай, хам!
- У карк шэльмаў тых гані.
- Бо як толькі апазьняцца,
- То скажы тым гультаëм,
- Што і з здароем ня відацца,
- Так задам ім нагаем.
- А ўжо нечага маніць:
- Доўга будзем памятаць.
- Калі возьмець драць і біць.
- То і з зямлі ня устаць...
Выразна выступае ў творчасьці Дуніна-Марцінкевіча плынь мастацкага фольклёрызму. Пісьменьнік, відаць, шчыра любіў народную песьню, і ў сваёй творчасьці адводзіць ёй шырокае месца. Народная беларуская песьня з яе рознастайнымі адценьнямі вельмі часта ўводзіцца ім у творы. Тут мы чуем сумна-жаласьлівыя гукі народнай скаргі, як, напр., у бытавой песьні, якую сьпявае Кацярына ў разлуцы з Гапонам:
- Родная ты мая маці,
- Пажалей свайго дзіцяці,
- Сьлёзкі яго асушы...
- Дзе-ж Гапонька наш дзяецца?
- Як беднаму там вядзецца?
- Цяжэнька-ж мне на душы.
- Яшчэ-ж каб Усьціньня жыла,
- Яна-б з намі патужыла,
- Утраім было-б лягчэй;
- А то цёмная магіла
- Яе, родную, пакрыла,
- Не змагла тугі сваей.
Ведае пісьменьнік і бадзёры разгул, які выліваецца ў гуках вясёлай таночнай песьні, напр.
- Эй, чух, Кацярынка,
- Чабоцікі красны;
- Каму блішчаць, каго любяць,
- Тваі вочкі ясны.
- Эй, чух, Кацярынка,
- Тваі кудры ўюцца,
- Скачэць, пляшэць мая міла,
- Аж шчочкі трасуцца.
Відаць, гэтыя песьні большай часткай браліся Дуніным-Марцінкевічам з вуснаў народу ў гатовым відзе і ўносіліся ім у творы бяз усякіх зьмен. Асабліва гэтымі песьнямі перасыпаны ў беларускага аўтара апісаньні народных абрадаў, якія сустракаюцца ў яго ў кожным творы. Кола народнай абраднасьці прадстаўлена пісьменьнікам ва ўсіх яе галоўных момантах. Так, у „Гапоне“ абрысавана беларускае вясельле: перад намі праходзіць сватаньне з яго характарнымі прыказкамі і нямінучымі запоінамі, заручыны, запяканьне караваю і, нарэшце, самы шлюб. У "Шчароўскіх Дажынках", як паказвае самая назва, абмалёвана вясковая ўрачыстасьць—канец жніва: абраная за царыцу дня Тадорка падносіць пану вянок з належнай прымоўкай, наладжваецца полудзень вельмі багаты нават раскошны, пасьля яго адбываюцца скокі і гульні. У "Вечарніцах" добра схоплены вясковы звычай пасядзелак, калі ў даўгія зімовыя вечары пад аднастайныя сьпевы завірухі забаўляюцца слуханьнем розных гісторый, якія з эпічным супакоем і паважнасьцю апавядае сівы дзядок. У другім разьдзеле таго-ж твору знайшоў сабе адбітак беларускі звычай памінаньня нябожчыкаў, апісваюцца "дзяды" з іх забабоннасьцю: закліканьнем і частаваньнем памёршых, якія грунтуюцца на веры ў магчымасьць непасрэдных зносін з нябожчыкамі. У творы "Купала" абмалёўваецца купальская абраднасьць: мы бачым гэтую падрыхтоўку да сьвята, украсу жывёлы вянкамі, зьбіраньне гальля, якое абкладаецца атопкамі, раскладаньне вогнішча і г. д.
Такім чынам, народная творчасьць з яе песьнямі і абрадамі ўяўляе сабой значную частку вершаваных апавяданьняў Дуніна-Марцінкевіча. Яна надае творчасьці пісьменьніка яскравы этнографічны колёрыт, але колёрыт досыць аднастайны. Беларускі аўтар успрыймаў народнае жыцьцё пераважна ў яго сьвяточна-прыгожым і ідылічным выглядзе. Толькі адзін раз, у паданым вышэй эпізодзе, пяшчотны ідылік адыходзіць ад сваёй схэмы і паказвае нам сялянскае жыцьцё з яго адваротным бокам паднявольнай працы і цяжкога соцыяльнага ўціску. Ва ўсіх другіх выпадках ён старанна захоўвае гэтую суровую і трагічную па сваёй сутнасьці прозу жыцьця, высоўваючы на авансцэну сваіх прастацкіх "Dorfgeschіchten" сьвяточна-пекныя дэкорацыі, сфабрыкаваныя і разьмалёваныя паводле гатовага літаратурнага ўзору: у Дуніна-Марцінкевіча дзеючыя асобы з сялян мала падобны да гарапашнікаў прыгоннага часу; гэта хутчэй нейкія вясёлыя пэйзане, якія сьпяваюць песьні, скачуць, весяляцца або накшталт аркадзкіх пастушкоў забаўляюцца каханьнем на ўлоньні прыроды.
У такім аднабокім скрыўленьні жыцьцёвай праўды досыць яскрава выяўляецца клясавая сутнасьць творчасьці Дуніна-Марцінкевіча.
Выступіўшы на літаратурнай ніве ў 40 і 50 гадох мінулага сталецьця, калі ў сувязі з распадам прыгоннай гаспадаркі, які ўжо пачаўся, сялянскае пытаньне усё больш і больш пачынала спыняць на сабе ўвагу, калі і з боку шляхты пачыналі ўжо выказвацца сантыментальна-гуманныя адносіны да мужыка, беларускі пісьменьнік у тон свайму часу падзяляе гэтыя адносіны. Ён спачувае народнаму гору, імкнецца паказаць нам сьветлыя бакі селяніна, глыбака чалавечыя струны яго душы; часам у Дуніна-Марцінкевіча заўважаецца нават некаторая ідэалізацыя селяніна, асабліва любіць ён ідэалізаваць сялянскую жанчыну. У творы "Купала" Агатка аказваецца ў моральных адносінах вышэй за папсаванага паніча-пісара; у вусны яе ўкладаецца досыць суровая філіпіка супроць панскай распусты; гэроіня кажа:
- Вам ня грэх мужычку на чэсьці забіці,
- Бо мужык ня годны, ня боская справа,
- Усяк зьдзекавацца над ім мае права.
- Яго, баш, ня маці, як вас нарадзіла,
- Як шляхціца яго ня прыме магіла.—
- Дзякуй-жа, панічу, за тваё каханьне;
- Мілейшы мне Саўка у мужыцкім стане:
- Ён пачцівым сэрцам век будзе любіці.
У тым-жа творы, у дадатку адносна пахаджэньня сьвята купальля, процістаўляюцца тры жонкі: князева, панская і сялянская; лепшай аказваецца апошняя:
- Князева жонка такога наварыць
- Ня раз мужу піва, так надакучае.
- Што ён сваю долю часта праклінае.
- А панская-ж жонка?-І та не сьвятая,
- Як мужык із хаты, яна запрашае
- Дзяцюкоў у хорам, галубіць, частуе,
- І мужаву працу на ліха марнуе.
- Трэцяя Яначкава, што была убога,
- Працавала шчыра у боязьні бога:
- Пакорная, ціха. для мужыка верна,
- Бяз думы, бяз жоўці, а так міласэрна,
- Што як бог дарыў іх у гумне ізбыткам,
- У клеці запасам, аборы дабыткам
- Усякі кусочак з беднымі дзяліла...
Гэты ідэал пакоры, пабожнасьці і дабрадзейства сам па сабе вельмі няглыбокі, павярхоўны; ён уяўляе сабой тыповыя патрыярхальна-шляхецкія погляды на жанчыну, але надзвычайна характарна, што ўвасабленьнем данага ідэалу зьяўляецца сялянская жанчына, а не якая-небудзь іншая. Імкненьне маляваць "ідэальныя" вобразы, узятыя з сялянскае асярэдзіны, было досыць пашырана ў літаратуры 40-50 гадоў. У францускай літаратуры таго часу такія вобразы дае нам, напр., Жорж-Занд у сваіх пасторальных романах; у расійскай літаратуры Тургенев у "Записках охотника" малюе нам ня столькі сапраўднага мужыка, колькі свае панска-шляхецкія ўяўленьні аб ім; на глебе Польшчы гэты нахіл да ідэалізацыі сялянства асабліва яскрава выявіўся ў творчасьці прадстаўнікоў так званай польска-украінскай школы. Само па сабе імкненьне даваць сьветлыя вобразы народнага жыцьця прадстаўляла бясспрэчны дадатны факт: яно адчыняла ў душы сяляніна, пад знадворнай абалонкай прыгнечанага і забітага нявольніка, глыбока-чалавечую сутнасьць, але Дунін-Марцінкевіч зыходзіць з гэтай позыцыі чыстага і бесстароньняга народалюбцы. Ня кажучы ўжо аб тым, што часам у яго выяўляецца тыпова шляхецкі нахіл пасьмяяцца над селянінам, вывесьці яго на зьдзек, як істоту дурную і сьмешную, самая галоўная загана творчасьці пісьменьніка ёсьць у ідэалізацыі панства. Калі ён імкнецца падгледзіць сьветлыя рысы селяніна, то яшчэ ў вялікшай ступені абмалёўваецца ім дабрачыннасьць паноў. У „Гапоне" даецца падфарбаваны, вельмі далёкі ад жыцьцёвай праўды вобраз чулай сэрцам пані, якая спагадае гору Кацярыны і клапоціцца аб яе жыцьцёвым лёсе. Разлучаная з сваім каханым:
- З той-жа пары Кацярына
- Як пакаёва дзяўчына
- Пры пані стала служыць;
- Пані яе палюбіла,
- Чытаць, пісаць навучыла,
- На ксёнжцэ бога хваліць.
У "Шчароўскіх дажынках" гэтак сама на сцэну выступае "паніч маладзенькі, сэрцам залаценькі". У „Стаўроўскіх дзядох" Дунін-Марцінкевіч, хоць і імкнецца абрысаваць нам старадаўнюю пару мітычнага паганства, але па сутнасьці ён модэрнізуе старасьветчыну, паднаўляе яе на сучасны яму лад: князь Грамабой, які выводзіцца тут, гэта вялікі пан прыгоннай пары,—паводле звычайнага для пісьменьніка трафарэту, пан вельмі добры і чулы сэрцам:
- Як родны бацька быў ён для чэлядзі,
- Любілі яго ў цэлай грамадзі.
Так Дунін-Марцінкевіч ідэалізуе і ўзаемаадносіны паміж панствам і сялянствам. Мы ведаем, што ў прыгонную пару гэтыя ўзаемаадносіны ўсё больш і больш набывалі характар цяжкай соцыяльнай колізіі і да таго колізіі часам крывавай. Беларускі аўтар ня бачыць трагічнага боку рачаіснасьці, шляхецка-клясавая псыхолёгія скрыўляе кут яго зроку, і дзейснасьць паварачаецца для яго сваім другім бокам: замест трагедыі перад намі манерна-саладкаватая ідылія, якая выстаўляе паноў у ненатуральна-штучным выглядзе нейкіх бацькоў у стасунку да сваіх прыгонных. Эксплёататарам надаецца роля нейкіх пратэктараў і абаронцаў, якія падтрымліваюць сваіх "мілых мужычкоў" у горы падзяляюць іх радасьці. Напр., пані бярэ самы непасрэдны удзел у вясельлі Гапона і Кацярыны:
- А пані—ня пані, маці.
- Маўляў, роднаму дзіцяці
- Прыгожы пасаг дала,
- Радасну сьлёзку ўраніла,
- Маладых благаславіла,
- Сама к вянцу павяла.
У часе дажынак, спраўляючы сьвяткаваньне, "паніч маладзенькі" гэтак сама выяўляе вельмі чулыя і простыя адносіны да сваіх прыгонных:
- Расплакаўся пан добры, рад, баш, прыгаворцы,
- Зьняў з галоўкі вяночак, а краснай Тадорцэ
- Сунуў у белу ручку аж два карбаванцы.
Багата пачаставаўшы сялян, паніч потым прымае ўдзел у іх забаўках: "карагодам правіць з панічом Тадорка". Адным словам, даецца чароўны малюнак нейкага казачнага жыцьця. Недарма і сам аўтар, як-бы адчуваючы фальшывасьць і надуманасьць падобных малюнкаў, звычайна канчае іх традыцыйна казачнай формуляй, як, напр.:
- Я на том вясельлі быў,
- Піва, мёд, гарэлку піў,
- У роце здаволь было,
- Аж па барадзе цякло.
Або:
- І я, мае дзеткі, на дажынках быў,
- Піва дый гарэлкі да сыта папіў
- І па барадзе цякло,
- Ды ў роце было.
Поэта, як-бы адчуваючы, што яго ідылія далёка ад жыцьцёвай праўды, імкнецца запэўніць нас:
- Бо гэта, браткі, праўда, а ня казка.
У казачна-ідылічнай краіне, створанай выабражэньнем поэты, сяляне, калі часам і пакутуюць, дык заўжды не па віне паноў, а толькі прыганятых. Ідэалізуючы сапраўдную зямляуласьніцкую шляхту, Дунін-Марцінкевіч заўжды ў адмоўных рысах малюе нам падпанкаў, яны аказваюцца людзьмі аморальнымі і сапраўднымі прыгнятальнікамі сялянства (пісар у творы "Купала", аканом у "Гапоне"). Паны, наадварот, як добрыя геніі сялянства, выпраўляюць памылкі сваіх служак, караючы іх за крыўды сялянам, як, напр., пані ў „Гапоне" карае аканома. А яшчэ лепш, па думцы аўтара, калі паны зусім не дапушчаюць гэтых крыўд. Ідэалам яго ў гэтым стасунку зьяўляецца князь Грамабой:
- Коратка дзяржаў ён радных паноў,
- Не папушчаў у крыўду бедных мужычкоў,
- Ды што і казаць! Бывала як гляне
- На аконама ці на камісара,
- Усяляку праўду з-пад ногця дастане:
- Кожан баяўся такога мацара.
Сяляне, як малюе беларускі пісьменьнік, зьяўляюцца пакорлівымі і чулымі да "панскай ласкі". Гэта сапраўдныя дзеці ў стасунку да сваіх бацькоў, якія шануюць іх і адносяцца да іх з шчырым замілаваньнем. Толькі на момант, у адным эпізодзе з-пад панскіх прыкрасаў, выплывае намёк на суровую праўду іншых адносін сялянства да паноў. У "Гапоне" аканом, каб напалохаць паню і адчапіцца ад суперніка, прадстаўляе апошняга за бунтаўніка, так малюе неспакойны стан сялян:
- Кепска, пані, ў нас чуваць,
- Уся воласьць у трывозе,
- Не адзін будзе ў астрозе,
- Хлопцы сталі бунтаваць.
Паню ахапляе жах ад такіх вестак, але па ходу дзеі выходзіць, што ўсё гэта мана, выдумка аканома. Сапраўды-ж у жыцьці, мы ведаем, такія факты не заўжды былі маной; рачаіснасьць прыгоннай пары ня рэдка падносіла паном такія сурпрызы, якія разыходзіліся з іх думкамі аб пакоры і забітасьці селяніна. Дунін-Марцінкевіч і ў даным выпадку, як за звычай, падфарбоўвае рачаіснасьць: суровая жыцьцёвая праўда аказваецца ў яго толькі маной злачыннага аканома.
Так беларускі пісьменьнік у першую чаргу бароніць інтарэсы шляхецкай клясы; для яго прыгон—гэта нормальная па сутнасьці соцыяльная зьява. Далёкі ад якой-небудзь опозыцыі гэтай зьяве, ён імкнецца ў існуючыя адносіны ўнесьці маленькі корэктыў: дае паном параду быць больш асьцярожнымі ў выбары аканомаў. Што да сялян, дык пры ўсёй сваёй гуманнасьці і сантымэнтальнай чуласьці, ён ня ідзе далей дыдактычных сэнтэнцый аб канчатковай перамозе дабра і пакараньні зла.
Узятая ў цэлым творчасьць Дуніна-Марцінкевіча ўяўляе сабой яскравы продукт патрыархальна-дваровай культуры, амаль зусім незачэпленай уплывамі капіталізму. У той час, як у Маскоўшчыне ў 40-50 г. г. мінулага сталецьця, у сувязі з распадам паншчыны насьпявала пэўная опозыцыя ёй, знайшоўшая свой выраз у творчасьці Тургенева і асабліва Грыгаровіча, у нас, на Беларусі, падствы прыгоннай гаспадаркі былі менш парушаны; адсюль вынікае і большая ўстойлівасьць у нас форм прыгоньніцкай сьвядомасьці. У яскравы колер гэтай сьвядомасьці, як мы бачылі, афарбованы творы Яна Чачота і Дуніна-Марцінкевіча: у абодвух пісьменьнікаў выяўляюцца сантыментальна-чулыя адносіны да селяніна, але, ня гледзячы на гэта, абодва яны зьяўляюцца ў аднолькавай ступені утопістымі, паколькі яны мысьлілі, што жыцьцё можна палепшыць ня шляхам ломкі няпрыгодных соцыяльных форм яго, але шляхам зьмен форм сузнаньня ў кірунку моральнай удасканаленасьці.