Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры (1922)/I

Гістарычныя ўмовы, пры якіх распачало разыўвацца старадаўнае бедарускае пісьменства
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Мікалай Янчук
1922 год
Літаратурная чыннасьць Францішка Скарыны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I.

Пачынаючы аглядзіны беларускага пісьменства, мы найперш павінны заўважыць, што ў гісторыі беларускай кніжнай літаратуры трэба адзначаць два пэрыады: старадаўны й новы. Мяжою, якая ляжыць паміж імі, трэба лічыць XVIII сталецьце, або лепш яго канец, калі Беларусь была далучана да Расеі.

Другі пэрыад у свой чарод дзеліцца на новы (30-40 г.г. мінулага сталецьця) і найноўшы, г. зн. сучасны нам пэрыад.

Нашым заданьнем будзе пазнаёміцца з першым, г. зн. старадаўным пэрыадам.

Пачаткі старадаўнага пэрыаду ў беларускім пісьменстве можна ўжо бачыць у вельмі даўных часох. Поруч з хрысьціянствам у 10 веку на Беларусі паявілася й пісьменства. Першыя кнігі, царкоўнага зьместу, пачалі да нас прывозіцца ад паўдзённых славян; перакладзены яны былі з грэцкае на г. зв. царкоўна славянскую мову. Але ненадоўга магло выстарчыць гэтых прывозных кніг. Новая хрысьціянская рэлігія мацнела й пашыралася, павялічваўся лік яе прыхільнікаў, множыўся стан свайго беларускага хрысьціянскага духавенства, паяўляліся манастыры, а побач з усім гэтым — павялічвалася запатрабаваньне й на царкоўныя кнігі, якія зьяўляліся найбольш пэўнымі, а бадай і ядынымі, скарбніцамі новых хрысьціянскіх праўд. І вось, беларускае духавенства, а нават і сьвецкія кніжныя людзі, пачынаюць перш перапісваць гэтыя кнігі, а з часам і пісаць самабытныя творы духоўнага характару. З гэтага моманту й пачынаецца ўласьціва беларускае пісьменства. Бо хаця і ў далейшым часе прывезеная з поўдня царкоўна-славяншчына пануе ў нашым пісьменстве, то аднак людзі, узгадаваныя на жывой народнай беларускай мове, перапісваючы ці самі творачы, ня могуць устрымацца, каб сям-там не прадраць гэтай царкоўна-славянскай заслоны й не паказаць узросткаў народнай мовы, якой будзе суджана з часам аканчальна перамагчы царкоўна-славяншчыну, каб самой цалкам запанаваць і закрасавацца ў нашым пісьменстве.

Калі мы возьмем гэткія старадаўныя помнікі нашага пісьменства, як творы слаўнага царкоўнага моўцы Кірылы, біскупа Тураўскага, вядомае «Слова аб палку Ігаравым», — гэтую высока-мастацкую песьню невядомага аўтара, вандроўку Данілы, ігумена Чарнігаўскага ў св. Зямлю й шмат іншых, то мы ўжо на іх заўважым беларускую ахварбоўку, пабачым асаблівасьці, характэрныя для нашай краіны.

Аднак мы пачнем грунтоўныя аглядзіны беларускага пісьменства толькі ад ХV сталецьця, ад таго моманту, калі нацыянальна-беларускі элемэнт у гэтым пісьменстве гэтак закрасаваў, што ён пачынае кідацца ў вочы нават людзям непасьвячоным у таямніцы гістарычнай літаратурнай навукі. Адгэтуль старую беларускую мову пачынаем бачыць і ў духоўных творах, і ў полемічнай літаратуры, і ў розных юрыдычных і дзяржаўных актах.

Рэлігійнае змаганьне на абшарах Беларусі паміж усходняй і заходняй царквамі высунула на чаргу і нацыянальнае пытаньне, і ў гэтай полемічнай літаратуры ўсё мацней і выразьней пачынае паказвацца жывая народная мова, якая аднак ня можа яшчэ перамагчы царкоўна-славяншчыны, а з другога боку — ня можа ўхіліцца й ад палянізмаў і лацінізмаў, якіх шмат уносіла ў кніжную мову лацінска-польская школа.

Беларускі народ мусіў на тры фронты змагацца за сваю веру й нацыянальнасьць з далёка больш дужымі, калі ня лікам, то духоўнымі й культурнымі сродкамі, ворагамі. З аднаго боку, польская палітыка, жадаючы ўтварыць з насяляўшых Рэчпаспалітую народаў моцную «адналітую» дзяржаву, пакіроўвала ўсе свае сілы на тое, каб найбольш многалікая ў гэтым краю беларуская нацыя памагчымасьці шчыльней зьлілася з польскаю на груньце рэлігійных і нацыянальных інтарэсаў. Адгэтуль паўстае канечнасьць апалячыць беларускае насяленьне, якое складала вялізную большасьць у Беларуска-Літоўскім гаспадарстве, пераканаць гэтае насяленьне ў тым, што толькі Польшча ёсьць яго бацькаўшчына. Адначасна з гэтым пашыраецца на Беларусі каталіцтва, або блізкая да яго вунія. Прыгэтым, зразумела, на першае месца выстаўляліся, як больш культурныя, польская й часткай лацінская мовы. З другога боку, новыя навучаньні заходніх рэфарматараў, Лютара, Кальвіна й інш., якія праніклі ўжо ў ХVІ сталецьці ў Польшчу й Беларусь і знайшлі тут шчырых прыхільнікаў і абаронцаў у асобах некаторых каралёў і князёў, — зьявіліся новай небясьпекай для праваслаўнай веры на Беларусі, бо да гэтых рэлігій пачалі далучацца знатныя беларуска-літоўскія роды, а за імі йшлі і іншыя станы насяленьня.

Асабліва ўзмоцніўся гэты рэфармацкі рэлігійны рух у часы панаваньня Жыгімонта ІІ Аўгуста, які сам спачуваў навамоднай рэлігіі. Пакуль жыў яшчэ бацька яго, кароль польскі Жыгімонт І, рэфармацыя не выступала гэтак яўна, але ужо рыхтаваўся для яе грунт, асабліва на Беларусі. У 1544 г. кароль Жыгімонт і перадаў панаваньне над Беларуска-Літоўскім гаспадарствам свайму сыну каралевічу Жыгімонту-Аўгусту, які й дазволіў вольны доступ рэфармацыі на Беларусь, а пасьля і ў Польшчу, калі па сьмерці свайго бацькі (1548 г.) ён стаў самастойным гаспадаром абедзьвюх частак польскай кароны. У часе яго панаваньня рэлігія й абычайнасьць вельмі заняпалі, а гэта яшчэ больш высоўвала на чаргу пытаньне аб царкоўнай рэформе. Малады кароль, можа проста дзеля моды, трымаў рэфармацкіх дзеячоў пры сваім двары і зьбіраў пратэстанцкія творы для сваёй бібліатэкі. Сьлядамі караля йшлі й вяльможы, з ліку якіх асабліва пашыралі новую рэлігію браты Радзівілы — Мікола Чорны, віленскі ваявода й канцлер, і стрыечны яго брат Мікола Рыжы, сястрою якога, Барбараю, быў паўторна жанаты Жыгімонт-Аўгуст. Першы з іх, атрымаўшы адукацыю заграніцаю, рана пазнаёміўся з навукаю Кальвіна і ў 1553 г. яўна прыняў гэтую рэлігію з усім сваім дваром, завёў у сваім палацы на віленскім прадмесьці Лукішках пратэстанцкую царкоўную службу, а пасьля ў самой Вільні збудаваў каменны пратэстанцкі сабор на Бэрнардынскім пляцы. Гэткія-ж сьвятыні ён пабудаваў і ў іншых сваіх мястэчках і гарадох: Несьвіжы, Клецку, Біржах, Бярэсьці і інш. і паназначаў пры іх добра адукаваных пастараў, выкліканых з Польшчы, якім даручыў закладаць пратэстанцкія школы пры сьвятынях. У Несьвіжы ён залажыў друкарню дзеля друкаваньня кальвінскіх кніг; у Бярэсьці яго коштам у 1563 г. была выдрукавана вядомая Радзівілаўская або Бярэсьцейская біблія у новым перакладзе з гэбрайскае й грэцкае — на польскую мову; пераклад гэты быў зроблены асобнай камісіяй у горадзе Пінчове, адкуль і біблія гэта часта завецца Пінчоўскай. Па прыкладу Радзівілаў ішлі і іншыя знатныя беларускія роды, і гэткім чынам пашыралася й красавала тут эвангялічная навука, якая асабліва была даспадобы шляхоцкаму стану.

Пасярод купецтва, мяшчан і рамесьнікаў пашыралася навука Лютара, бо там было шмат нямецкіх перасяленцаў, а ў суседзтве знаходзіўся Тэўтонскі рыцарскі ордэн, які гэтак-сама прыняў навуку Лютара ў 1525 г. і меў вялікі ўплыў на Беларуска-Літоўскую краіну. Дзеля пашырэньня новае рэлігіі пасылаліся найлепшыя сілы, вучоныя й краснамоўныя пастары, перад якімі праваслаўныя бацюшкі выглядалі яшчэ больш мізэрнымі й не маглі падтрымліваць пяршынства сваёй царквы, і не маглі ўдачна змагацца за яе незачэпнасьць і быць правадырамі асьветы ў народзе.

А тут, у палове ХVІ-га сталецьця, зьявіўся новы вораг — сэктанцкае навучаньне, падобнае да арыянства, супроць якога былі нават пратэстанты. Гэта было сацыніянства, празванае гэтак ад апосталаў гэтае навукі італьянцаў — Фаўста й Лелія Сацынаў. Гэтыя сэктанты ня лічылі Богам Ісуса Хрыста й адкідалі догмат аб Тройцы, дзеля чаго называліся яшчэ антытрынітарыямі, або унітарыямі (якіх нельга зьмешываць з вуніятамі). Апякуном сацыянаў стаўся знатны вяльможа, віленскі кашталян Ян Кішка, да якога належала 40 гарадоў і каля 700 маёнткаў. Як і Мікола Радзівіл Чорны, апякун пратэстантаў, ён не шкадаваў сродкаў на ўтрыманьне апосталаў і пашыральнікаў сацыніянскае рэлігіі, на закладаньне друкарняў і друкаваньне сацыніянскіх кніг у сваіх маёнтках. На барацьбу з новым ворагам выступілі ня толькі католікі й праваслаўныя, але й пратэстанты з Міколай Радзівілам Чорным на чале. Аднак сацыніянства не пераставала пашырацца, захопліваючы сабою шмат кальвіністаў і праваслаўных. Нават самі правадыры пратэстантызму, выпісаныя Радзівілам, схіліліся на бок сацыніянства, у тым ліку такія асобы, як Сымон Будны й Васіль Цяпінскі, імёны якіх павінны быць запісаны ў летапісу беларускага пісьменства, і на якіх нам прыдзецца затрымацца даўжэй.

Вышэйапісаныя зьявы выразна паказваюць, у якім стане знаходзілася духоўнае жыцьцё на Беларусі ў XVI сталецьці. Прасьвячоныя прыхільнікі старога разумелі, што найлепшым сродкам у змаганьні з руйнуючымі старое ўплывамі, павінна быць духоўная асьвета народу. Побач з гэтым пачалі пераконывацца, што слова Божае й рэлігійную навуку трэба падаваць народу на найлепш зразумелай для яго народнай мове. І вось, у часе найбольшых рэлігійных спрэчак, у XVI сталецьці, на Беларусі мы бачым рад паважных спробаў перакласьці сьвятыя кнігі на тагочасную беларускую народную мову; побач з гэтым паяўляюцца напісаныя на гэтай жа мове творы, як абаронцаў праваслаўнае веры, гэтак і іх праціўнікаў. З гэтага боку, тагочасныя царкоўныя кнігі й палемічныя духоўныя творы зьяўляюцца цікавымі й для гісторыка літаратуры, бо ў іх пачала прабівацца жывая народная крыніца, якая пазьней сталася жыватворнай для адраджэньня беларускага нацыянальнага пісьменства.

Першыя перакладчыкі сьвятога пісьма на мясцовую беларускую мову бралі прыклад з палякаў і часта нават клалі ў аснову сваёй працы польскі пераклад. А ў Польшчы ўжо даўно меліся пераклады на польскай мове, калі ня ўсёй бібліі, то прынамсь паасобных кніг; паміж гэтых кніг найбольш была папулярнай, як і у нас, псалтыр, вядомая на польскай мове ўжо ў ХVІ в. (Флёрыянская) і ў XV в. (Пулаўская); а ў гэтым-жа XV сталецьці ў каралевы Зофіі, 4-ай жонкі Уладыслава Ягайлы, маткі Казіміра Вялікага, была ўжо і ўся біблія на польскай мове, якая захавалася ў няпоўным складзе часткай у рэфармацкай калегіі ў Шораш-Потацку (у Вэнгрыі, адкуль і яе назова: Біблія Зофіі або Шорашпотацкая, у 1445 г.), а часткай захавалася ў Урацлаўскай гарадзкой бібліатэцы. У XVI сталецьці асабліва шмат паявілася рукапісных перакладаў, а пасьля й друкаваных выданьняў — бібліі і іншых сьвятых кніг на польскай мове, дзякуючы вышэйазначанаму рэлігійнаму руху. У рэлігійных спрэчках і адзін і другі бок карыстаўся сьв. пісьмом, каб давесьці сваю праўду, і перакладчыкі бібліі дапісвалі на палёх і пад загалоўкамі свае ўвагі й тлумачэньні; у гэтых допісах і тлумачэньнях яны праводзілі свае погляды, як гэта мы асабліва бачым у пратэстанцкіх бібліях таго часу.