Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры (1922)/III

Літаратурная чыннасьць Францішка Скарыны Літаратурная чыннасьць Сымона Буднага
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Мікалай Янчук
1922 год
Літаратурная чыннасьць Васіля Цяпінскага. Першыя друкарні па Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III

Літаратурная чыннасьць Скарыны абнімае сабою, як мы ўжо бачылі, першую чвэрць XVI-га сталецьця. Вось чаму яна яшчэ не пранікнулася тым асаблівым рэлігійна-полемічным духам і сваркаю, якімі адзначаецца ўся наша беларуская літаратура, пачынаючы ад паловы гэтага сталецьця. Пісьменьнікі гэтага пазьнейшага пэрыаду трацілі ўсе свае літаратурныя таленты на спрэчкі й перасуды аб такіх спецыяльных, а падчас нават дробных, рэлігійных пытаньнях, дзякуючы якім яны забывалі больш шырокія заданні. Рэдка хто з іх цікавіўся агульнымі культурна-асьветнымі справамі, нацыянальнымі ідэаламі і грамадзянскім будаўніцтвам. Нясумленнасьць, ненавісьць, падбухторваньне адной нацыі на другую, часта грубая прагавітасьць, пустая слава і іншыя падобныя адзнакі ў гэтых пісьменьнікаў-полемістаў зусім ня вабяць сучаснага чытача знаёміцца й цікавіцца гэтай літаратурай; апрача гэтага, і з павярхоўнае стараны гэтыя пісьменьнікі, ужываючы схоластычна-школьную багаслоўную мову, мала дапамагалі дзеля разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы. Аднак і ў гэтым пэрыадзе знойдзецца двох-трох прадстаўнікаў тагачаснай літаратуры на Беларусі, якія выявілі свае гуманныя й шчыранародныя імкненьні. З паміж іх зварочвае на сябе нашу увагу Сымон Будны, палацінску Budnaeus, і яго галоўнае выданьне, гэтак званая Несьвіжская Польская Біблія 1572 г.[1] Уроджаны на Беларусі, паводле адных вестак мазур, паводле другіх — беларусін, Будны адтрымаў адукацыю ў Кракаўскай Акадэміі, дзеля чаго добра ведаў як польскую, гэтак і беларускую мовы й зусім лёгка пісаў на гэтых мовах. Апрача гэтага ён ведаў чэскую і лацінскую мовы, здаецца, італьянскую, а гэтак сама грэцкую й гэбрайскую. Князь Мікола Радзівіл-Чорны, апякун кальвіністаў, назначыў Буднага пастарам у адным са сваіх мястэчак Клецку, ля Менску, разам з Сакалоўскім (Faleonius), які папаўся ў вастрог, як гарэтык. Але з часам Будны пачаў схіляцца ў бок сацыніянства, а дзеля гэтага павінен быў пакінуць старое месца і шукаць прытулку і апекі ў заступніка сацыніянаў, багатага вяльможы Яна Кішкі ў мястэчку Лоску.

Будны вельмі тужыў аб народзе, які заставаўся ў цемры нязнаньня, і абычайнасьць якога была ў поўным заняпадзе. З гэтае прычыны ён пастанавіў даць тагочаснаму грамадзянству для шырокага карыстаньня, біблію на польскай мове, танейшую коштам і выгаднейшую фарматам, чымсь ранейшыя, як напр. раскошна выданая ў 1563 г. ў Берасьці Радзівілаўская, якая паўторна пасьля была надрукавана ў лепшым выданьні у Несьвіжы. Нездаволены ранейшымі перакладамі бібліі, Будны пастанавіў для свайго выданьня зрабіць новы пераклад і ўзбагаціў выданьне абшырнаю прадмоваю, рознымі прыпіскамі у пратэстанцкім духу, не адмаўляючыся гэткім чынам і ад прапаганды.

Для беларускага-ж насяленьня Будны пераклаў яшчэ раней на беларускую мову лютаранскі «Катахізіс» і выдаў яго ў 1562 г. ў Несьвіжы (Слуцк. п., Менск, губ.); у гэтай працы яму дапамагалі нясьвіжскі стараста — Мацей Кавячынскі, які даваў грошы на выданьне, і Лаўрым Крышкоўскі, як перакладчык. Апрача гэтага Будны ў гэтым-жа року выдаў у Несьвіжы свой арыгінальны твор на беларускай мове „О оправданіи грѣшника предъ Богомъ“, які да гэтага часу, бадай-што нідзе, не захаваўся. Праз нейкі час пачалі выходзіць адзін за другім іншыя творы Буднага полемічна-рэлігійнага й духоўна-моральнага зьместу на польскай і лацінскай мовах, напісаныя прозаю й вершамі й друкаваныя ў Несьвіжы, Лоску, Бярэсьці. Наогул гэта быў выдатны літаратурны дзеяч другой паловы ХVІ в., жвавы й дасьціпны пісьменьнік і адзін з найбольш вядомых прыхільнікаў і апосталаў перш пратэстантызму, а пасьля сацыніянства.

З ідэямі антытрынітарызму (г. зн. проціў Тройцы), якія пашыраў Соцын у другой палове XVI в. ў Польшчы й Беларусі, Будны пазнаёміўся ад вядомага багаслова — філёзафа й мэдыка (вынайшаў закон курсаваньня крыві) Міх. Сэрвэта, які доўгі час пражываў у Вене, а пад канец свайго жыцьця распачаў рэлігійную спрэчку з Кальвінам; скуткам гэтай спрэчкі было тое, што Сэрвэт быў публічна спалены у Жэнэве ў 1563 г. за свае погляды.

Аднак Буднага нельга лічыць фанатыкам; як кажа аб ім адзін з сучасьнікаў, Будны ня думаў прымаць вянка мучаніка за свае перакананьні. Сучасьнікі апавядаюць аб гэткім здарэньні: калі Будны аднойчы папаўся ў рукі польскіх салдат-католікаў, якія варочаліся з маскоўскага паходу, і калі яго сталі вінаваціць у здрадзе веры й вымагаць, каб ён перастаў змагацца з каталіцкай верай, то Будны пакляўся, што ня толькі споўніць іх вымаганьне, але нават сам будзе дапамагаць езуітам у справе іх прапаганды. Магчыма, што ў зьвязку з гэтым здарэньнем пратэстанты на іх брацкіх сходах пачалі адлучаць Буднага ад сваіх брацтваў. Аб апошніх гадох яго жыцьця й аб сьмерці дакладных вестак зусім няма.

Нас мала цікавіць пытаньне аб рэлігійных перакананьнях Буднага, а важны той факт, што ён адзін з першых, шляхам за Скарынаю, адважыўся ўжываць мясцовую беларускую мову ў кнігах, якія мелі адносіны да рэлігіі; а апрача гэтага, нават у сваім польскім перакладзе бібліі, як сам адзначае ў прадмове да яе, Будны часта ўжывае беларускія словы нараўне са словамі розных мясцовых польскіх гаворак: кракоўскай, мазавецкай, падляскай, сандамірскай, бо як ён кажа: głupstwo to jest mową jednej krainy gardzić, a drugiej słówka pod niebiosa wynosić (прадм. да Бібліі).

У гісторыі беларускага пісьменства гэты факт, у кожным выпадку, вельмі важны, незалежна ад таго, як бы мы не глядзелі на самы характар гэтае беларускае мовы і як бы мы не ўважалі яе за мову кніжную, штучную.

Каб бліжэй пазнаеміцца з гэтаю моваю на духоўных і полемічных творах і перакладах Буднага, выданых у другой палавіне ХVI-га сталецьця, мы падамо тут некаторыя выпіскі з гэтых вельмі рэдкіх твораў Буднага. Пачнем з катахізісу 1562 г. Поўны загаловак яго гэткі: «Катихисисъ, то есть наука старадавая христіанская от светого писма для простых людей языка Руского[2] в пытаніях и отказѣхъ събрана». А ў другім загалоўку перад тэкстам сказана: «Катихисисъ для дѣтокъ христіанских языка руского, коротко выложена[3]». У пасьляслоўі падаецца месца й час выданьня. — „Доконана есть сія книга, зовемая греческимъ языкомъ Катихисисъ, а пословенски оглашеніе. Богу ко чти и посполитымъ людем языка Руского къ показанью и доброму наученью, накладомъ боголюбивыхъ мужей, пана Матвія Кавечиньскага, наместника Несьвижского, Симона Будного, Лаврентія Крышковского, на городѣ Несьвіжскомъ, подъ лѣты отъ воплощенія Спасова тисеча пятисотъ шестьдесятъ второго, месеця Іюня десятого дня“ — (251 ліст малой 4-кі)[4]. Пад прадмоваю за гэткай-жа датаю значыцца: «Писанъ у Клецку», — як відаць, у пэрыад, калі аўтар прабываў там, як пастар мясцовай кальвінскай грамады. Цяпер мы бачым, што мэтай выданьня ёсьць даць эвангельле новай веры простаму люду Беларусі. У гэтым яшчэ больш нас пераконвае, як „Предисловіе“ да кніжкі, гэтак і некаторыя яе разьдзелы, дзе разважаюцца гэткія пытаньні, як хрышчэньне, пакланеньне абразом і інш., з чыста пратэстанцкага погляду. Але для нас куды важней другая мэта выданьня, аб якой Будны ўспамінае ў пасьвячэньні да кнігі. Пасьвячаючы свае выданьне: «ихъ княжацскимъ милостямъ» — Радзівілам, Будны тлумачыць, што ён гэта робіць дзеля таго «абы ся ваши княжацскіе милости не только въ чужоземскихъ языцѣхъ кохали, але бы ся тежь наши княжацскіе милости и того здавна славного языка словенского розмиловати и онымъ ся бавити рачили. Слушная бо речь есть, абы ваши княжацскіе милости, в которомъ давные милости славне преднѣйшіе проложеньства[5] несуть… Богъ съ вашимъ княжацскимъ милостямъ, яко се вышей доложило, тотъ переводный въ томъ языку плодъ[6] только для самого того офяровалъ, абысте ваши княжацскіе милости, зацного стану княжата, а переднѣйшихъ вожовъ сынове, всимъ иншимъ съ себе добрый взоръ а прикладъ давати рачили, ижъ бы ся много иншихъ прикладами вашихъ княжацскихъ милости будовати могли, а тая отчизна и речъ посполитая з вашихъ княжацскихъ милости благословеное надѣи ожидать могла».

У канцы пасьпячэньня аўтар просіць выбачэньня за скромную павярхоўнасьць гэтае першае спробы яго выданьня, і высказвае надзею ў далейшым выдаць нешта лепшае: «А то, што ся на тотъ часъ, хотя не съ таковое годности, яковое бы святые табліци Божіе достойны былі, але зъ якого-жъ кольвек даного таланту вѣръце отъ вѣръного Христового збору братьи, а слугъ вашихъ квяжацскихъ милости на томъ новомъ початку покоротьцѣ выдать могло просимо, рачьте наши княжацскіе милости дотуль зъ ласкою за вдячнѣ пріимовати, покуль Панъ Богъ до чого большого допомоги будеть рачилъ».

З паказаных вышэй выпісак відаць, што, заляцаючы сваю кнігу чытачом «языка Руского» і іх дзецям, Будны толькі адзін раз успамінае аб сваіх братох аднаверцах, — «браты вѣрного Христового збору», не выстаўляючы на першы плян рэлігійнае прапаганды. Затое асабліва моцна й пастойна ён паднімае нацыянальнае пытаньне, выстаўляючы на першае месца ў сваіх выданьнях справу аб захаваньні роднае мовы. Вышэй мы адзначылі, як вельмі паважаў Будны мову кожнага народу, кожнае краіны. З гэтага боку погляды Буднага, як пісьменьніка XVI в., стаяць бязьмеры вышэй, чымся тагочасныя мыльныя й бязумоўна шкадлівыя імкненьні да прымусовай замены мясцовых моваў аднэй агульнай дзяржаўнай мовай, што зрабіць пэўна лягчэй, чымся прымусіць дакладна пазнаёміцца з гэтымі мовамі тых, каму гэта патрэбна дзеля дзяржаўных мэтаў. Будны заве гэтае вымаганьне проста «глупствам». Але сам ён адносіўся з нейкай асаблівай пашанаю якраз да беларускае мовы, хаця няма пэўных даных аб яго беларусінскім пахаджэньні. У яго не магло зьмясьціцца ў галаве тое, каб беларускі народ, лікам у некалькі міліёнаў, ня мог вольна карыстацца сваёй роднай мовай, і каб мова гэтага народу, якая ўзяла свой пачатак у старой славянскай і літаратурнай мове, лічылася няпрыгоднай дзеля друкаванай кнігі ў новую гуманную эпоху. І вось, прапануючы паляком сваю біблію на польскай мове, Будны не забывае й аб беларускім народзе. Рупячыся аб яго асьвеце, Будны выдае яшчэ нават раней за польскую біблію, беларускі лютаранскі катахізіс, бо ён перакананы, што ў пратэстанцкім тлумаченьні навука Хрыста выяўляецца найлепш, і што пратэстанты сваёю крытыкай вызваляюць думку й адкрываюць шлях да вольнага разьвіцьця й да новае асветы, якая зьвястуе эпоху адраджэньня. А справа асьветы моцна была заняпала ў беларускім грамадзянстве з тае прычыны, што вельмі мала мелася школаў, а праваслаўнае духавенства было страшэнна мала адукавана. Толькі з канца XVI-га сталецьця пачынаюць арганізоўвацца ў розных мясцох краю беларускія брацтвы, якія паміж іншым бяруць у рукі справу народнае асьветы. Аднак у самых брацтвах было шмат чаго дрэннага; недарма іх уставы забаранялі на брацкіх бяседах, на хаўтурох і інш. пачастунках не напівацца, не разьліваць мёду, не заводзіць бойкі, не сварыцца на месцы і г.д., а каб унікнуць няшчасьця, забаранялася прыходзіць на брацкія сходы з аружжам. Напрыклад, статут Віленскага брацтва 1582 г. вымагае, «ижбы братья въ оное братство вписные и гости приходячіе съ почтивостью в дому братскомъ сѣдѣли, словы збытныхъ межи собою не мовили, и на столъ не взлегали, и меду их братского не розливали, одно бы слушне и подлугъ мѣры пили, а никоторых шкодъ не дѣлали; а пакъ ли бы ся хто упивши якіе збытки починилъ, слова непочтивые мовилъ, альбо на столъ взлегалъ и питье розливалъ, тогды старосты такового мають первѣй словы скарати, а естли кто упорны будеть и отъ того ся не повстигнеть такового, яко упорного, виною братскою маюти, карати, чимъ братія обложать… Тежъ которые бы люди духовные якого-же кольвекъ стану, Римской веры и Греческой, будучи вписаные въ тое ихъ братство, хотя бы тежъ и невписаные до оного братства их приходили, прошеные отъ кого на свою учту, альбо ся хто бы на день вкупилъ, хотѣчи меду ихъ братского напитись и бесѣду съ братьею мѣти, и придало бы ся ему съ кимъ въ томъ ихъ братствѣ ростырку, або зваду почати, тогды о тыхъ дѣлѣхъ таковые духовные люди… не мають ся отъ судовъ отзывати, ани жадной помочи з урадов своихъ на то собѣ брати» і інш. (Акты Зап. Рус., т. III. № 131). Дакуманты таго часу адзначаюць «великое грубіянство и недбалость» духавенства; апошнія часта назначаюцца і скідаюцца патронамі з асабістых поглядаў бяз ведама біскупа: некаторыя духоўнікі, а асабліва манахі, вядуць валакіцкае жыцьцё, пераходзячы з парафіі да парафіі, з манастыру да манастыру, і пакідаючы на даволі доўгі час сваіх параф‘янаў бяз духоўнае апекі. Вось чаму, як скаржыўся мітрапаліта Солтап у 1509 г., «многіе люди, Русь, по нашимъ мѣстомъ и по князьскимъ и по панскимъ незаконно мѣшкають, жоны поимучи не вѣнчаются, и датой крестити не ходять, и на исповѣдь не ходять». Вышэйшае духавенства гэтак сама не заўсёды магло даваць добры прыклад ніжэйшаму й паднімаць абычайнасьць у народзе. Біскупскія й нават мітрапаліцкія пасады часта даставаліся нягодным асобам, часамі нават зусім мала граматным, за іх асабістыя заслугі перад каралём, ці дзякуючы пратэкцыі ўплывовых асобаў. Стары звычай выбіраць біскупаў «усім паспольствам» быў заменены «челобитьемъ» г. зн. куплёю і прадажаю герархічных мясцоў, якія вельмі часта займаліся сьвецкімі асобамі, зусім непадгатаванымі да высокага духоўнага стану й не жадаўшымі прыгэтым пакідаць сваіх даўнейшых сьвецкіх прывычак. Часамі яны па некалькі год кіравалі біскупствамі, ня прымаючы духоўнага стану, і самі ў свой чарод аддавалі цэрквы проста ў арэнду сьвецкім асобам, мяшчанам, гандляром[7]. Іх цікавілі толькі даходы з вялізных царкоўных маёнткаў, а не народ, які знаходзіўся пад іх духоўнай апекай. Нічога дзіўнага, што на працягу ўсяго XV і XVI в. в. не паявілася ніводнага самастойнага „поученія“ ад вышэйшага духавенства на Беларусі; не падало гэтаго духавенства свайго аўтаратэтнага слова за тое, каб закладаць школы, дзеля падгатоўкі духавенства, ня кажучы ўжо аб народнай асьвеце. Пры гэтых умовах лёгка зразумець і вытлумачыць усю глыбіню цемры й маральнага заняпаду на Беларусі, як паміж мяшчанствам, гэтак і сялянствам, у азначны пэрыяд; аб гэтым сьведчаць i чужаземцы, якія наведваліся сюды і асабліва дзівіліся панаваўшаму тут п‘янству: «У гарадох літоўскіх», — кажа адзін з гэтых сведак — Міхалён Ліцвін у сваім творы аб звычаях татар, ліцьвіноў і маскоўцаў, — няма іншых заводаў, як тыя, на якіх варыцца з жыта гарэлка й піва. Дзень пачынаецца ў іх піцьцём гарэлкі; яшчэ ў пасьцелі крычаць: гарэлкі, гарэлкі» — і п‘юць гэтую атруту і мужчыны, і кабеты, і моладзь на вуліцах і пляцох; сяляне, пакінуўшы поле, ідуць у шынкі й п‘юць там днямі й начамі; гэткім чынам яны вельмі зубожалі, а зладзейства й грабаўніцтва сталі там звычайным зьявішчам, дзякуючы чаму ў кожнай літоўскай правінцыі за гэтыя праступкі больш караюць сьмерцьцю людзей, чымся ва ўсіх землях татарскіх, дзе ўжываць гарэлку забаронена законам. Поўная адсутнасьць культурнага жыцьця, самаволя, уціск простага народу папамі, перакупнасьць адміністрацыі й судзьдзяў — вось абраз таго маральнага заняпаду, які быў няўхільным скуткам браку асьветы й духоўнага выхаваньня народу.

Ці-ж маглі не жалець гэтага народу й сваей бацькаўшчыны тым нямногія прасьвячоныя людзі, якія бачылі й глыбока адчувалі гэтае зло, і да ліку якіх прыналежаў і Сымон Будны? Як ім было не вінаваціць і не ўмаўляць тых, у чыіх руках знаходзілася будучына краю й дабрабыт народу — адміністрацыю, панства й духавенства? Як ім было не падзяляць новых думак, якія прыйшлі знадворку, каб зруйнаваць гнілы лад і залажыць новыя падваліны жыцьця? А ў гэты час якраз пахлынулі з захаду зьвястуны новае рэлігіі пратэстантызму, якія паднялі пытаньне аб грунтоўных рэформах царкоўнага ладу і аб поўным аднаўленьні духоўнага жыцьця. Няма нічога дзіўнага, што за імі пайшло шмат беларускага грамадзянства, у тым ліку й гэткія літаратурныя сілы, як Сымон Будны й Васіль Цяпінскі, аб якім гутарка будзе ніжэй.

Погляды Буднага на гэтыя пытаньні вылажаны коратка ў яго прадмове да Катыхізісу 1562 г. На гэтай прадмове варта крыху затрымацца, каб пазнаёміцца гэтак сама з літаратурным складам і моваю гэтага пісьменьніка. Вось загаловак і пачатак прадмовы (паводле сучаснага правопісу): «К усім благаверным хрысьціанам языка рускага прадсловіе у Катыхісію».

«Катыхісіс слово ест грэчаскага языка, сказует жэ ся на славенскую рэч аглашэньне ілі гласам учэніе. Ведама бо маець быці, іж. Апосталы й іх учаніцы ня тако скора й ня так латве ад ельлін імют жыдоў к веры Хрыстовай прыступаюшчых тайнамі сьвятымі служылі… Досыць бо яўна, іж апосталы нікога ад паган і ад жыдоў ня хрысцілі, ажа пярвей опага наўчылі й у веры іскусілі» Згодна з гэтым у разьдзеле аб сьвятым хрышчэньні аўтар заўважвае: «Пра то не га- разд цяпер некаторы чыняць, овіжа жыдоў, турчынаў, татар і іных наган, не научыўшы ані жыцьця іх дазнаўцы, хрысьцяць».

Вытлумачыўшы затым, як узмацнялася хрысьціянства, пакуль да яго з павагаю адносіліся самі веруючыя і іх кіраўнікі, аўтар далей кажа: «Леч дыябал не дапусьціў сяму абычаю доўга межы хрысьціянамі стаяць, сьпячым бо чалавекам, па слону Евангельскаму, прыйдзе й высеяў плявёлы. Се ест, калі ся ляпілі учыці людзей, научыў іх дыябал, абы верылі, іж без наукі, бяз веры і бяз іспавяданія можаць чалавек спасен быць, толькі бы вадою ў дзяцінстве ахрышчаны быў, а прышэдшы к розуму, толькі бы ў пэўныя дні мяса ня еў, міластыню хацяць ад злога набыці даваў, сьвятым ся маліў і таковыя рэчы па абычаю захаваў. А наастатак на тое ся спушчалі, естлі хто меў, што бы папом на душы даў абы цела на пасьвяшчонай зямлі палажылі, праводзілі, паміналі, трэціны, дзявяціны, паўсарочыны, сарочыны, паўгодзіны і годзіны, і іншыя таковыя вымыслы чынілі. Для таго іменьня, сёла, места адпісвалі, манастыры й будаваныя цэрквы надавалі, або зноў будавалі колакалы, папірыоны[8], дыскосы[9], рызы, іконы ілі балваны[10] купавалі падзяваючысы[11] для таковых спраў спасеньня, царствія Божага й жывата вечнага». Аўтар вінаваціць духавенства, што яно ня тлумачыць народу самой сутнасьці Хрыстовай веры, а здавальняецца толькі абрадамі: «Тыя так ня толькі не навучаюць, але й самі мала праўды знаюць, і оным, каторыя бы вучыці хацелі, забараняюць, няйнача, яко прад тым законьнікі жыдоўскія».

Наогул, тагочасныя царкоўныя парадкі выклікаюць папрокі з боку Буднага: «Не надае аб тым многа пісаці, — кажа ён у тэй-жа прадмове — усе бо ведаем, яковых цяпер вучыцеляў імаем. Ведаець весь сьвет, яко па свае сцепені[12] уступаюць; ня тайна тэж, яко на ніх стаяць і справуюцца. Лепш плакаці, нежалі іх норавы выпісываць».

Чакаць іх паправы, на думцы аўтара, няма надзеі. Застаецца адно: уцякаць ад гэткіх вучыцялёў і шукаць іншых. Якіх-жа? Мабыць, такіх, якія пашыраюць навуку, паложаную ў аснову памянёнага Катыхізісу, г. зн. пратэстантаў. «Оно пэўная рэч, — піша ён далей, — іж напрасна іх папраўленьня ў навуцы ілі у жыцьці ждаці. Лучшай, абы кажды, хто ня хочаць згінуці, іншага сабе лекарства зачасу шукаў, а такавым пастарам пакой даў»… Або, лепш было-б гэткіх пастараў праганяць вон: «Учыцель наказаньнем, научэньнем і напамінаньнем заховуюць людзей ад духоўнае гнілі, але естлі таго ня чыніць, павеляваець Гасподзь вон яго выкінуць». Давярацца нягоднаму пастыру небясьпечна, бо ў сьв. пісьме сказана: «Аще сьляпец водзіць, оба у яму впадзетася». — Чаго-ж для ад таковых сьляпцоў не бяжым? Чаму ся, ім вадзіць дапушчаем»? I абураны гэтым становішчам Будны заклікае: «Зьмілуйся ужо кажды над сабою. Бога для! Устань ад сну, ужо пара абачыцца! Досыць есьмо ўжо спалі, калі есмо за справаю сіх сьляпцоў ні Бога ня зналі, і аб спасеньні сваім, на чым ляжыць, ведалі».

Але цяпер настаюць лепшыя часы: «Ныне Бог міласьцівы, ужаліўшыся нас, адкрыў нам грэшным слова свае праўдзівае, і што дзень значней адкрываець. Учыцелей, ачкольвек зрэдка, верных пасылаець. Пра то гадзіцца й нам усім меціся к таму самым, абы есмо тае неізрачоннае ласкі ўдзячны былі, слова Божае обема, яко мовяць, рукамі прынялі, дзяржалі, па яму жылі й іных к ваму прыводзілі.

Ясна, што пад новымі вучыцялямі, якія пасылаюцца Богам апошнія часы й якія тлумачаць запраўдны зьмест слова Божага, Будны разумее пратэстанцкіх апосталаў і духоўнікаў, якія ў гэты час пачалі пашыраць сваю навуку на Беларусі. Да гэтае новае навукі й павінны звяртацца ўсе, хто шукае збаўленьня. Грунт для пратэстанцкае навукі быў даволі падгатаваны тым маральным заняпадам, аб якім мы казалі вышэй, і аб чым гэтак сама сьведчыць Будны ў вышэйвылажаных радкех яго прадмовы да Катыхізісу.

Выдаючы гэты Катыхізіс, Будны меў на ўвазе гэткае заданьне: «абы усе, слова Божае й ісьціны разуменьня жаждуючыя, мелі, чаго бы ся й самі вучылі й дзетак сваіх навучалі». Прыгэтым ён спадзяваўся з часам шырэй апрацаваць некаторыя пытаньні. — «А ведзь жа папатом, естлі будзець Божая воля, можацца шырэй ў другое управіці. Найболей чацьвертая часьць, се ест о сьвятым хрышчэньні й о вячэры Сына Божага, памысьліці можам апрычную кніжку выпусьціць». Але, як відаць, новая перамена ў поглядах аўтара, пераход яго ў сацыніянства, разам з гэтым перамена службы й месца пражываньня, а гэтак сама пасьпешная праца над перакладам і выданьнем польскае бібліі, дзякуючы якой ён, як сам піша ў адным пісьме нават часова ўтраціў зрок, — усё гэта перашкодзіла яму напісаць «апрычную кніжку», прынамсі яна ў літаратуры невядома. Ало праз чатыры месяцы пасьля Катыхізісу Будны пад сваімі інцыяламі «С. Б.» выдаў у тэй-жа друкарні на беларускай мове сваю вышэйпамянёную кніжку: «О оправданіи грѣшника предъ Богомъ», у якой у дальшым цягу праводзіў свае пратэстанцкія погляды. Магчыма, што якраз гэты твор ён меў на ўвазе, калі ў прадмове да Катыхізісу абяцаў сваім чытачом выдаць новую кніжку. Мясцовы сабор, угледзіўшы ў гэтых выданьнях рэфармацкія думкі, асудзіў Буднага, як гарэтыка й пазбавіў яго духоўнага стану: пасьля гэтага Будны публічна быў адмовіўся ад сваіх поглядаў. Гэта адбывалася ў 1582 г., а ў наступным Будны выпушчае на польскай мове свой новы твор: «O urządzie miecza używającem», у форме дыялёгу; у гэтым творы Будны, ня тоячы сваіх сымпатыяў да навамоднае навукі сацыніян, стараецца давесьці, насупраць скрайнім дзеячом гэтае навукі, што нічога няма дрэннага, калі хрысьціяне будуць слухацца зямное ўлады й самі будуць уладаць зямлёю, падданымі й нявольнікамі (але толькі «богабаязна»), што не забараняецца ўжываць зброі, прымаць удзел на вайне і г. д.[13] Гэтых поглядаў Будны бараніў нават на публічных спрэчках. Мы ня будзем доўга супыняцца на яго польскіх і лацінскіх творах, бо яны не датычаць нашага найблізшага заданьня, хаця якраз у гэтых творах з вялікшай дакладнасьцю выяўляюцца рэлігійныя, сацыяльна-палітычныя й філёзафскія погляды Буднага.

Рэлігійныя погляды Буднага найбольш выразна выяўлены: 1) У яго вядомым творы: «O przedniejszych wiary chrystiańskiej artykulech», выданым у 1570 г. у Лоску. Кніжка вельмі рэдкая, і з яе зьместам пазнаёміцца толькі па выпісках у Jocher‘a: «Obraz bibliograficzno-historycznej literatury i nauk w Polsce Т. II. Wilno, 1842, № 3094. стр. 232 і 510-512. Гэты твор выклікаў адказ у польскай літаратуры. Гл. «Wiszniewski. Historia literatury Polskiej», т. IX. стр. 68-92, 174, 2) у выданым у яго перакладзе творы: «Sw. Justyna Rozmowa z Trytonem Żydem, з яго прадм. Выд. у Несьвіжы 1564 г. Гл. Wiszniewski, т. VI, стр. 546.

Аб яго стасунку да палітычных пытаньняў сьведчаць некаторыя выданьні, у якіх Будны прымаў удзел (Гл. Wiszniewski, т. IX, 338-9), а гэтак сама яго ўласны твор проціў Марціна Чаховіча, у якім ён адмаўляецца ад удзелу ў палітычных справах: «Refutatio argumentorum M. Czechowicii. Losk, 1574.

Погляд Буднага на смертную кару выяўляецца ў яго брашурцы, выданай ім у 1576 г. ў Лоску: «O furyach albo szaleństwach francuskich, to jest o strasznem, a niesłusznem admirała Kastylionskiego y innych mężów zamordowaniu». Што-ж датыча яго вышэй памянёнага твору на беларускай мове, («О оправданіи» і інш.) то аб ім мы, на жаль, можам казаць толькі агулова й дагадкамі, бо гэтага твору цяпер няма ні ў воднай кніжніцы, хаця яшчэ на пачатку мінулага сталецьця гэтая кніжка была вядома бібліографу Сопікаву, які апісаў яе ў сваім «Опытѣ россійской библіографіи», пад № 793.

Хаця ў гэтым творы Будны трымаецца пэўных сацыніянскіх поглядаў, аднак стараецца не высказваць іх яўна, а будуе свае вывады больш на грунце маральным і гуманным, чымся на сухіх догматычна-багаслоўскіх асновах і рахубах.

Пытаньні дзяржаўна-палітычнага характару аб урадовай уладзе, аб праве вайны, аб сьмертнай кары, аб нявольніцтве і г. д., якія гэтак цікавілі яго аднадумцаў, з Марцінам Чаховічам на чале, — мала закранулі Буднага, і ня імі ён кіраваўся ў сваёй працы. Усе імкненьні тэй памяркоўнай грамады сацыніян, да якіх далучаўся Будны, былі пакіраваны на справу народнае асьветы. І гэтая Прасьветная праца сацыніян, з нахілам іх навукі да рацыяналізму й свабоды думкі, наймацней вабіла да іх спачуваючых і павялічвала лік іх прыхільнікаў, як у вышэйшым, гэтак і ў сярэднім станах, а часта і ў народзе. Гэтым тлумачыцца хуткае й даволі значнае паваджэньне гэтае новае навукі ў Польшчы, Галіччыне, Беларусі, Літве, на Валыні і Ўкраіне. І запраўды, цікаўна, што дзе толькі паяўлялася хаця невялікая грамада сацыніян, там зараз-жа закладаліся школы, прытулкі, шпіталі, а часта й друкарня, дзеля выданьня кніг на мясцовых мовах. Гісторыкі справядліва адзначаюць, што ў XIV-XVII в.в. ніхто больш не зрабіў для народнае асьветы, як гэтыя гарэтыкі». Але сацыніяне зьяўляліся вялікай небясьпекай для католікаў і праваслаўных, і злучанымі патугамі адных і другіх, асабліва-ж езуітаў, яны нарэшце былі на пачатку XVIII в. прагнаны адусюль і нашлі сабе прыпынак толькі ў вольнай Галяндыі[14].

Будны не дажыў да гэтага разгрому, але пры жыцьці пажыў сабе шмат ворагаў, як з боку католікаў і пратэстантаў, гэтак і з боку праваслаўных, якія бачылі ў сацыніянстве нішто іншае, як адраджэньне гарэзыі «жыдовінаў», пранікшай з захаду нават у Маскву ўжо пры Іване III і меўшай прыхільнікаў пры двары самога цара. З боку праваслаўных проціў Буднага паўстаў быўшы ігумен Троіцка-Сергіева манастыру — старац Арцём, які ўцёк на Беларусь з тае прычыны, што на Стоглавым саборы пры Іване Грозным яго абвінавачвалі за вольнадумства й зносіны з князем Курбскім. У сваіх двох абшырных „Посланіяхъ до Симона еретика Будного“,[15] ён пабратэрску намаўляе Буднага апамятацца, даводзіць мыльнасьць яго багаслоўскіх поглядаў і нязгоднасьць іх з навучаньнем айцоў царквы, а гэтак сама вінаваціць яго ў свабодным тлумачэньні тэкстаў сьв. пісьма, у чым Будны часамі быў вінаваты, хаця сам вымагаў ад іншых дакладнасьці й стараўся апірацца на грэцкія і гэбрайскія крыніцы.

Супроць Буднага й яго супрацоўнікаў па выдавецтву, як відаць, паўстае патрыярха Адриан, калі ён (ці ад імя яго хто іншы) кажа ў прадмове да «Православного исповѣданія вѣры: — «Мартина убо Лютера ученицы, изобрѣтше писмена славенороссійская, точная, чистая, и приведше на славенскій чистый діалектъ своихъ лживыхъ догматовъ доводы и ти потомъ издавше, изнесоша на свѣтъ свой полный не цвѣтъ, обухающіе услаждающий, но терни, осязающія убодающій, двѣ книжичищы, елину в полдесть въ градѣ Несвижинѣ въ лѣто 1562, вторую сокращеншу въ четверть въ градѣ Стіокоднѣ въ лѣто 1628, нарекше тыя книжицы Катихисисъ», і інш.[16]

Яшчэ з большай злосьцю нападалі на яго ворагі ў польскай літаратуры, тым больш, што ў сваіх польскіх і лацінскіх трактатах, як мы бачылі, Будны не абмяжоўваўся толькі рэлігійна-догматычным пытаньнем, але зачапляў гэтак сама й пытаньні палітычныя й сацыяльныя.

Усе вылажаныя тут коратка факты даволі ясна, хаця і ў агульных рысах, малююць нязвычайную асабістасьць нашага пісьменьніка, чалавека адукаванага, які стараўся выкарыстаць сваю адукацыю на пажытак усяму грамадзянству, не шкадуючы сваёй энэргіі, здароўя й коштаў; шукаў бязупынку новых шляхаў, не ганяючыся ніколі за жаднымі карысьцямі выгодамі; прымаў самы чынны ўдзел у ўмысловым жыцьці свайго веку й сваімі літаратурнымі працамі стараўся будзіць грамадзянскую думку й заміраўшае сумленьне. У тыя часы рэлігійнага фанатызму кожная праява крытычнае думкі разглядалася, як гарэзыя й божая абраза. І калі ўсюды дыміліся вогнішчы інквізыцыі, мы можам лічыць за шчасьце, што Буднага не спаткаў той самы лёс, які зьвёў са сьвету яго нешчасьлівага настаўніка Сэрвата. А тыя сацыяльна-палітычныя ідэі, якімі ён цікавіўся 400 год таму назад, як — ідэі дзяржаўныя, пытаньні вайны й міру, правы жыцьця й свабоды асабістасьці — жывуць і ў сучасны нам момант і будуць жыць яшчэ сталецьці, мяняючы свой выгляд і пэрыадычна паўтараюнася, як недасягальныя імкненьні чалавецтва.



  1. Ёсьць думка, што Новы Завет быў выданы Будным яшчэ ў 1570 г., але нікому з бібліографаў гэтае выданьне не патрапілася
  2. г. зн. пляменьня.
  3. Па грэцку слова «катихисисъ» жаноцкага роду.
  4. У экзэмпляры Маскоўскага Румянцаўскага музэю, якім мы карысталіся, спачатку кнігі не захавалася двох лістоў, а у канцы-трох лістоў
  5. Вышэйшыя абавязкі.
  6. На палёх вытлумачана «овоц»
  7. Гл. Лявіцкага: „Внутреннее состояніе западно-русской церкви въ концѣ XVI в.“; стр 19—63 76—80) Кіеў 1887 г. (З прадмовы до 1-й ч. VI тому: „Архива Юго-западной Россіі“).
  8. келіхі.
  9. кубкі.
  10. статуі.
  11. спадзяючыся.
  12. абавязак, сан.
  13. Памянёны, твор дакладна разгледжаны з арыгінальнымі выпіскамі ў Брукнэра: „Różnowierey polscy“, I, 163 і мм. Плывы экзэмпляр маецца ў бібліотэцы Чартарыйскіх (Merczyng).
  14. Гл. Лявіцкага: Социніанство въ Польшѣ и Юго-западной Руси въ XVI—XVII в.в. Кіевъ 1882 (З журн. «Кіевская Старина» 1882 г. кн. IV—VI).
  15. Е. Будрына: «Антитриннтарій XVI в. I — Мих. Серветъ и его время. II — Фаустъ Социнъ. III — Разборъ вѣроученія социніанской секты. Казань, 1878-89. — Henrych Merczyng: Polscy deiści i wolnomysliciele za Jagiellonów (z. т. XVII, вып. 2 „Przeglądu Historycznego“) Warszawa, 1911. 8 (30 стр.). Яго-ж: Szymon Budny jako krytyk tekstów bibiijnych. Kraków, 1913. (гэтае працы пакуль не ўдалося бачыць). Aks. Brückner: Różnowiercy Polscy. Szkice obyczajowe i literackie: Serja I Warszawa, 1905 Спачатку друкаванае ў „Ateneum“ (1896-98 г.).
  16. Катыхізіс Буднага быў перадрукованы у 1628 г. у Стакгольме для беларусаў-лютаран, адыйшоўшых па Стакгольскім дагаворы 1617 г. да Швэцыі.