Насцечка
Аўтар: Кузьма Чорны
1941

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нейк раптам усе пачалі заўважаць высокага старога чалавека. Ён часта відзён быў на тых вуліцах, што ляжаць каля гарадскога рынку. Гэты чалавек хадзіў павольна, быццам аб нечым раздумваючы, цвёрда апіраўся на выгнутую з маладога дубка палку; і заўсёды здавалася, што ён гэта не так сабе ходзіць, а мае нейкую справу. Раней яго не заўважалі. Вельмі можа быць, што ён толькі нядаўна стаў жыць тут.

Была восень. Надвор’е стаяла мокрае, і вецер найчасцей павяваў ужо холадам. Стары чалавек заўсёды хадзіў адзеты ў паношанае цёмнае паліто, на яго быццам караткаватае, з цёплым каўняром. У яго была зусім сівая, маленькая, нізка падстрыжаная бародка і такія ж сівыя выбіваліся з-пад суконнай шапкі валасы каля вушэй. Лоб яго быў высокі, нос арліны, і вочы, нягледзячы на старасць, ясныя. Відаць было, што ён ад старасці не вельмі ўжо моцны, але і ў паходцы яго, і ў выразе твару было нешта цвёрдае. Здавалася, што чалавек гэты нечым ганарыцца. Не то што ён быў горды перад людзьмі. Не. Наадварот. З выгляду ён быў ветлівы да ўсіх.

Адзін раз ён убачыў, як конь не мог зрушыць з месца цяжкі воз з дрывамі, і фурманшчык неміласэрна біў каня пугаўём па шыі і жываце. Стары чалавек адразу падбег да фурманшчыка і моцна сказаў:

— Якое ж у цябе сэрца, калі ты не шкадуеш жывёлы? Ды і сам сабе ты гэтым горш зробіш, калі змарнуеш каня. Чаго стаіце? — Тут ён павярнуўся тварам да натоўпу. — Ты там, маладзейшы, падштурхні воз плячом, яго абы з месца зрушыць…

Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Стары чалавек рушыў у сваю дарогу, і на твары яго доўга трымалася ўсмешка. Здавалася, што гэты чалавек добра ведае, што ён сам варт на свеце.

На вуліцы яго бачылі кожны дзень па некалькі разоў. Зранку ён ішоў з накрытым газетай кошыкам. Удзень ішоў з пустымі рукамі, але таксама, як і зранку, здавалася, што ён некуды спяшаецца. А перад вечарам, на змроку дня, ішоў вельмі павольна, пастукваў дубовай палкай па тратуары; часам спыняўся і стаяў на адным месцы, гледзячы на якое-небудзь дрэва або на гурт вясёлых дзяцей. Пасля, быццам адумаўшыся, ішоў далей, даходзіў да якога-небудзь завулка і варочаўся назад, робячы па тратуары сваю праходку.

Аднойчы на тым самым тратуары гулялі дзеці. Хоць, калі сказаць праўду, — гэта была не зусім гульня. Каля зялёнай брамы ў заросшым дрэвамі двары стаялі тры дзяўчынкі і каля іх пакручваўся, на галоў дзве вышэйшы за кожную з іх, хлапчук. Ён быў высокі ростам, яму ўжо магло быць год чатырнаццаць. Дзяўчаткам было год па трынаццаць кожнай.

Адзеты ён быў не то што лепш за тых дзяўчатак, з якімі бесперапынна зачэпаўся, але на ім усё ляжала нейк гладчэй, спрытней, дасціпней. Ён быў у высокіх боціках з блішчастымі мяккімі халяўкамі, на паліто каўнерык з нейкага шэранькага звярка. Ніводнай мінуты ён не мог устаяць на месцы. Ён усё круціўся на адной назе і за кожным паваротам даваў у галаву каторай-небудзь дзяўчынцы пстрычку. І кожны раз дзяўчаткі хорам крычалі яму:

— Серж, мы цябе не чапаем. Пусці, нам трэба ісці.

— Ідзіце, — гаварыў Серж, і калі дзяўчаткі, узяўшыся пад рукі, ішлі, ён зноў даваў каторай-небудзь з іх пстрычку ў галаву, і яны адступалі на ранейшае месца.

І ў гэты момант у вачах яго свяцілася гэтулькі самаздавальнення, гэтулькі ўцехі з самога сябе, што здавалася, — гэты маладзенькі францік зараз заплюе вочы ўсяму свету і скажа:

— Эй вы, бачыце, які я спрытны і харошы. А вы ўсе перада мной нейкія пачвары, і больш нічога.

— Пусці, нам трэба ісці, — запішчалі дзяўчаткі.

— Ідзіце, — сказаў Серж.

Дзяўчаткі пайшлі, але Серж у момант вока перакруціўся на адной назе і даў самай меншай дзяўчынцы такую пстрычку ў лоб, што тая крыкнула і моцна заплакала. — Ён жа адзін, а нас трое, — крыкнула самая большая, — чаго мы будзем яго баяцца?

Самая меншая не пакідала плакаць. Серж падбег да самай большай з гнеўным крыкам:

— Вы не будзеце мяне баяцца?

І намерыўся ўжо даць пстрычку ў галаву большай, але тая яго так пхнула ад сябе, што ён хістануўся з тратуара і ўпаў на адно калена ў лужу. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Серж усхапіўся на ногі і тут жа ўбачыў, што яго калена і прыгожая халяўка ўся ў гразі. Поўны злосці, ён дагнаў дзяўчатак і з усяго размаху пхнуў у плечы самую большую, а пасля і самую меншую. Яны абедзве ўпалі на тратуар, і меншая так далася тварам аб мокрую асфальтавую пліту, што з носа і з дзяснаў у яе пацякла кроў. Убачыўшы гэта, Серж спалохаўся, але, каб не паказаць віду, закрычаў:

— Вось табе, цяпер будзеш памятаць.

І кінуўся ўцякаць дадому, але ў гэты час нечая моцная рука хапіла яго за плячо, і над яго галавой прагучаў басавіты голас:

— Ах ты, хуліган, што гэта ты нарабіў?

Серж падняў угару вочы і ўбачыў, што яго трымае той самы стары і высокі чалавек, якога ён прывык кожны дзень бачыць на гэтай самай вуліцы.

— Пусці! — закрычаў Серж, ірвануўшыся з усёй сілы.

— Не, ты раней скажаш, як ты завешся і з якой ты школы, тады я цябе пушчу, — адказаў стары чалавек.

— Ён завецца Серж, а вучыцца ён разам з намі: у дваццатай школе, — запішчалі дзяўчаткі.

— Ідзі, хуліган, — гнеўна сказаў стары чалавек, пускаючы Сержа.

Дзяўчаткі павялі сваю скрываўленую сяброўку да яе дома, а Серж, з паважным выглядам нявіннага пакутніка, паволі адышоўся ад старога чалавека на некалькі крокаў і засвістаў. Стары чалавек моўчкі паківаў галавой і хацеў ужо ісці, але Серж раптам крыкнуў яму:

— Стары чорт! Ты вечарам стаіш на вуліцы і на месяц глядзіш, як дурань. Ты думаеш, я цябе баюся?

І Серж пабег, азіраючыся, а стары чалавек доўга стаяў і ківаў галавой. Пасля ён паволі пайшоў тратуарам, звыкла сабе накульгваючы на левую нагу і пастукваючы палкай па мокрых асфальтавых плітах. Ён дайшоў да чыгуначнага

пераезда. Шлагбаум быў спушчан. Стары чалавек астаўся чакаць, пакуль пройдзе поезд. Бадай-што ўжо зусім змеркла. Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба, і ўвесь захад рабіўся ясны. Сонца зайшло, але над горадам яшчэ не патухлі яго апошнія водбліскі. Стары чалавек азірнуўся навокал сябе, і на вачах яго бліснулі слёзы. Поезд прайшоў, шлагбаум падняўся, стары чалавек перайшоў праз рэйкі і ўвайшоў у глухі завулак. Тут ён пайшоў шпарчэй, выпрастаўся, здаваўся яшчэ вышэйшы ростам. Ён паспрабаваў нешта спяваць сабе пад нос ціхенька і аднастайна. Голас у яго быў вельмі нізкі.

У канцы завулка стаяў трохпавярховы вялікі стары дом. У ім было многа дзвярэй і вокан. Тынк на яго сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Цяпер у вокнах гэтага дома свяціліся агні і з сярэдзіны чулася музыка. Чалавек увайшоў у адчыненыя дзверы цёмнага карыдора і скрыўся там. Ён ні разу не азірнуўся і не бачыў, што Серж увесь час ішоў назіркам следам за ім, хаваючыся за сцены і платы, каб лепш падгледзець, куды гэта стары пойдзе. Серж тады толькі для віду адбегся ад чалавека, а пасля вярнуўся і пайшоў следам за ім. І цяпер ён радасна глядзеў, у які дом увайшоў ненавідны яму стары чалавек. Серж глядзеў у цёмны карыдор трохпавярховага дома з вялікім самаздавальненнем і пачаў высвістваць нейкую вясёлую песеньку. Стары чалавек нават і не падазраваў нічога гэтага.


Якраз каля таго часу, калі на вуліцах відзён стаў высокі стары чалавек, у дваццатай школе з’явілася новая вучаніца Насця Закрэўская. Ёй ішоў трынаццаты год, і вучылася яна ў пятым класе. Раней у гэтай школе яна ніколі не вучылася, і калі прыйшла з пачатку восені запісацца ў пяты клас, то сказала, што толькі нядаўна пераехала жыць у гэты горад.

Насця, ці як пасля ўсе ў школе яе пачалі зваць, Насцечка, была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсцяной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі, а калі стала халадней, — пачала адзяваць на кофтачку чорнае

ватовае паліто з простым бобрыкавым каўнярком і вузенькім суконным паяском.

Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць па двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды, — ці то ў карыдоры, ці то на дварэ. Яна мела прывычку часта гаварыць: «ой, дзевачкі!» Часамі, бегучы, спатыкнецца і ўпадзе, і тады закрычыць:

— Ой, дзевачкі, я так далася каленам.

Вучылася яна вельмі добра. Яна старалася вучыцца. Нешта дні праз два пасля здарэння на вуліцы паміж Сержам і старым чалавекам, у пятым класе вучні рабілі арыфметычныя прыклады. Адзін прыклад асабліва здаўся цяжкім бадай-што ўсяму класу. Насця Закрэўская стаяла ля класнай дошкі, ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў і думала. Нешта ў яе тут не выходзіла. Дзеці глядзелі ў свае сшыткі. Настаўніца сказала да ўсяго класа:

— Хто зрабіў прыклад?

— Я, — абазвалася адразу некалькі галасоў. Абазваўся таксама і Серж.

— Правільна робіць прыклад Насця? — запытала настаўніца.

— Правільна, — пачуўся голас.

— Не, няправільна, — крыкнуў Серж.

— Адзін кажа: «правільна», а другі — «няправільна», — сказала настаўніца. — А ты, Насця, рабі да канца так, як пачала.

— Яна няправільна робіць! — закрычаў Серж. — Я ўжо зрабіў і ведаю. Я выйду за яе зраблю, яна не зробіць.

— Цябе не выклікалі да дошкі, ты і сядзі, — пакрыўдзілася Насця. — Я сама без цябе зраблю.

— Ты не зробіш! — аж падскочыў Серж.

— Дзеці, ціха! — моцна сказала настаўніца.

— Яна толькі будзе час траціць і не зробіць, а я зраблю! — ужо зусім крыкнуў Серж.

Зняважаная Насця злосна глянула на Сержа і зачырванелася. Серж кпліва на яе глядзеў з гордым выглядам ад таго, што ён больш ведае за Насцю.

— Сядзі, Серж, на месцы і маўчы. Ты перашкаджаеш Насці і ўсім, — сказала настаўніца. У Сержа была такая натура, што ён прывык лічыць сябе лепшым і разумнейшым за ўсіх на свеце. Ён з такой пагардай глянуў на настаўніцу і пасля на Насцю, што настаўніца адчула ў душы прыкрасць. У Сержавым позірку было штосьці ўжо не дзіцячае. Здавалася, што на настаўніцу глядзіць дарослы чалавек, але па-дзіцячаму распешчаны і свавольны. Настаўніца на гэты раз змаўчала і перавяла вочы на Насцю, якая ў гэты час шпарка пісала на дошцы лічбы. У знак пратэсту супроць таго, што яму больш не аддаюць увагі, Серж скамячыў кавалачак паперы, пажаваў яе і пстрыкнуў пальцамі гэтыя мокрыя жовіны ў акно. Настаўніца ўстала са свайго месца і падышла да Сержа. Грозна яна сказала яму:

— Калі ты не пакінеш хуліганіць, я табе зараз загадаю выйсці з класа.

— Што, хіба я хуліганю? — сказаў Серж і зрабіў нявінныя, ягнячыя вочы. — Я зрабіў прыклад.

— Калі зрабіў, дык нашто сваволіць?

— Я зрабіла, — сказала Насця.

Настаўніца паглядзела на дошку і запытала ў класа:

— Правільна яна зрабіла?

— Правільна, — сказалі галасы.

— Няправільна, — сказалі другія галасы.

— Серж, правільна яна зрабіла? — запытала настаўніца.

— Не, — самаўпэўнена адказаў Серж.

— Ідзі зрабі правільна.

З паважным выглядам Серж выйшаў да дошкі і пачаў пісаць лічбы па-свойму. Але неўзабаве ён заблытаўся, падбег да свайго месца і ўзяў свой сшытак.

— А ты цяпер нанава зрабі, — сказала настаўніца.

— Я ўжо зрабіў, нашто мне другі раз рабіць?

І ён перапісаў на дошку тое, што было ў яго сшытку. Настаўніца дала некалькі пытанняў, дзеці на іх адказалі і раптам зразумелі ўсё. Насця дагэтуль стаяла каля дошкі збянтэжаная, думаючы, што, можа, гэта ў яе няправільна, а ў Сержа правільна. А цяпер яна радасна паглядзела на Сержа.

— У Насці правільна, — крычаў увесь клас.

У гэты час зазвінеў званок, але настаўніца яшчэ паспела сказаць Сержу:

— Ты не прывыкаеш працаваць, а думаеш, што ты больш і лепш за ўсіх ведаеш. Ты няправільна зрабіў, а Насця правільна. А ты самаўпэўнена зневажаў яе. А калі я сказала табе, каб ты сядзеў ціха, ты і мяне пачаў зневажаць і ўвесь клас сваім хуліганствам.

Настаўніца выйшла, і Серж, каб паказаць перад усімі, што ён усё ж такі праў, пусціў ёй услед працяглы свіст. Прайшоў яшчэ адзін урок, і Серж увесь гэты час сядзеў злосны і надзьмуты. Яму было непрыемна, што выйшла не па яго, што ўвесь клас спачувае Насці, а не яму, што Насця трымае сябе весела і радасна, што яна са шчаслівым і гордым бляскам у вачах некалькі разоў паглядзела на яго. І ў дадатак яшчэ настаўніца назвала яго ўчынак з жованай паперай хуліганствам.

Заняткі ў школе скончыліся. Дзеці пайшлі дадому. Серж падпільнаваў Насцю на тратуары і заляпіў ёй гразёю твар. Назаўтра Насця паскардзілася настаўніцы, і перад усім класам настаўніца прабірала Сержа. І адразу пасля гэтага Насця пачала заўважаць, што Серж стаў яе ворагам. Ён стараўся, каб яна адчувала на сабе яго помсту. Ён не хацеў спакойна прапусціць яе каля сябе. Ён ёй даваў пстрычкі, шчыпаў за шыю, біў кулакамі ў плечы. Стала так, што Насця баялася выходзіць са школы пасля заняткаў: яна ведала, што недзе за вуглом яе чакае Серж. І перад тым як ісці дадому, яна пачала выглядаць з карыдора, чакаючы, каб хто-небудзь з дарослых быў паблізу, каб было ў каго папрасіць абароны. Так прайшло дні чатыры.

На чацвёртым дні, перад самым вечарам, Серж стаяў на вуліцы, раздумваючы, куды яму пайсці. Раптам ён убачыў Насцю. Можа, ён гэтым разам і не зачапіў бы яе, каб не Насцін выгляд. Занадта ўжо яна была ў гэты момант вясёлая, смелая і самаўпэўненая. Яшчэ здалёк яна заўважыла Сержа, і вочы яе заблішчэлі. За апошнія дні Серж прывык да таго, што яна, пры кожным спатканні, палахліва хавалася або ўцякала ад яго, а гэта так смела ішла. Узбуджаны настрой зноў апанаваў Сержам. Гэты момант у яго душы стаў падобен да таго моманту, калі некалькі дзён таму назад высокі стары чалавек хапіў яго за плячо, баронячы ад яго трох дзяўчатак. І горш за ўсё было тое, што цяпер, на тратуары, Насця смела і заўзята пагразіла яму пальцам. Гэта ўсё вельмі выразна гаварыла Сержу, што Насця так хоча сказаць яму: «Я цябе не баюся, я лепшая і разумнейшая за цябе, а ты хуліган, і такім цябе не толькі я, але і ўсе лічаць. І я цябе не баюся». І гэтулькі было ў Насціных вачах пагарды да яго, што ён не вытрымаў. Як гэта яна, гэтая нейкая Насця, можа так зневажаць яго? Даволі таго, што ўжо і ў школе тады яна ўзяла верх над ім, што спачуванне ўсяго класа было на яе старане, і яна быццам нейкім героем была ў тую мінуту, калі ішла ад дошкі на сваё месца пасля арыфметычнага прыклада. А звыш усяго, яшчэ і настаўніца прабрала яго. Усе гэтыя крыўды выплылі раптам на верх яго душы і пачалі кіраваць яго ўчынкамі.

Серж грозна падбег да Насці і загарадзіў ёй дарогу. Ён ужо нарыхтаваў кулак, каб штурхануць Насцю пад бок, і ў Насціным твары адбылася момантная змена. Страх і баязлівасць засвяціліся ў яе вачах. Яна шпарка адступіла на крок ад Сержа і бездапаможна азірнулася. Але, мусіць, яна, азірнуўшыся, убачыла нейкі свой паратунак, бо зноў смела зірнула на Сержа і нават крыкнула яму:

— Пусці, хуліган!

Серж не зводзіў з Насці вачэй і нічога навокал сябе не бачыў. Ён падняў кулак над Насцяй, і ў той жа момант моцная рука, якраз, як некалькі дзён таму назад, хапіла яго за плячо. Ён шпарка ўскінуў угару вочы і жахнуўся: над ім стаяў той самы высокі стары.

— Дык выходзіць, што ты кожны дзень на паляванні бываеш?! Ах, гадзюк пракляты, — сказаў стары чалавек і злосна адштурхнуў ад сябе Сержа.

Серж адляцеў убок і ўскочыў у двор вялікага дома. У той момант, калі чалавек трымаў яго за плячо, ён бачыў, як Насця стаяла перад ім упэўненая ў сабе, вясёлая і смелая. Выглянуўшы цяпер з-за вугла, Серж бачыў, што Насця была ўжо далёка. Стары чалавек ішоў за ёю, а не побач яе, і цяжка было ўгадаць, ці гэта яны разам ідуць, ці гэта яны проста выпадкова сышліся на вуліцы і нават не ведаюць адзін аднаго.

Якія няўдачы і якая ганьба спасцігла Сержа за апошні час! А да гэтага ён не прывык.

Яму заўсёды ўсё ўдавалася, і заўсёды ён меў тое, што толькі захоча. Бацька яго быў даволі буйны работнік у горадзе, і многа людзей яго ведала. Ён быў заўсёды вельмі заняты працай, можна сказаць, што ён працаваў з цямна да цямна. Нават і ў выхадныя дні ён часта бываў заняты. А калі выдаралася яму вольная часіна, ён садзіўся ў машыну, браў з сабой свайго адзінага сына Сержа і выязджаў за горад адпачыць на прыродзе. Больш ён свайго Сержа бадай-што і не бачыў. Ён прыходзіў з працы позна, калі Серж ужо спаў, а ўставаў тады, калі Серж быў ужо ў школе. Улетку ж Серж са сваёй маці жыў у вёсцы, а бацька аставаўся адзін у горадзе.

Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам, але бывала так, што бацька адным якім-небудзь учынкам у адзін момант разбураў усё тое, чаго дамагалася маці. Сержу часамі ўздумаецца тыя дзвесце крокаў, якія аддзялялі яго кватэру ад школы, не прайсці пяшком так, як усе дзеці, а праехаць у бацькавай машыне. Маці скажа, што гэтага не трэба, што ніхто з дзяцей у школу не едзе ў машыне. А Серж пачынае плакаць і крычаць. Тады бацька, каб адчапіцца, скажа шафёру завезці яго. І Серж тады гаворыць, што бацька лепшы за маці, што бацька добры, а маці злая, і з выглядам гордага начальніка над усімі людзьмі вылазіць з машыны каля школы, тады, калі ўсе дзеці стаяць навакол і глядзяць на яго. І Серж думае, што ён лепшы за ўсіх, за ўсіх разумнейшы і мае права мець ва ўсім над усімі перавагу. І пакрысе ў ім укаранілася ўпэўненасць, што ён нейкая выдатная асоба, а ўсе перад ім нічога не варты. І калі часамі ў яго была якая-небудзь няўдача, ён злаваў і стараўся спагнаць злосць на кім-небудзь, замест таго, каб самому, сваімі сіламі, паправіць справу.

Ён хацеў, каб кожнае яго слова было законам для ўсіх, а калі хто пярэчыў яму, ён аж кіпеў ад злосці і пагражаў, што паскардзіцца свайму бацьку. А бацька яго, як ён думаў, мае права і павінен зрабіць усё, што яму, Сержу, заманецца. Серж доўга стаяў за вуглом, раздумваючы аб сваёй няшчаснай асобе. Усялякія смелыя планы складаліся ў яго галаве. Ён павінен паказаць сябе перад усімі імі. А ўсе яны — гэта былі: Насця і, перш за ўсё, той невядомы высокі стары чалавек, які, як здань, заўсёды з’яўляецца перад ім на вуліцы і ўмешваецца ў яго справы. Выбух злосці да гэтага старога апанаваў Сержам. І што такое гэтая нейкая Насця?! Што яна варта перад ім, перад Сержам? Нейкая драбяза. Чым яна такая выдатная? Вось дык гераіня! Ён хацеў не так перад ёю, як перад усім класам, паказаць сябе, а выйшла так, што быццам гэта не ён разумнейшы і важнейшы перад усімі, а яна. Яна спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над ім, а ён сваім крыкам і самаўпэўненасцю дайшоў да таго, што яго абсмяялі. Ён пакажа ім усім — і старому, і Насці, і настаўніцы, — што яны нічога не варты перад ім, а ён мае права распараджацца ўсім светам.

Вось ад гэтага ўсяго і мучыўся Серж, стоячы за вуглом. Свет яму не быў мілы. Надыходзіў вечар, а ён усё стаяў. Выйшаўшы пасля на вуліцу, ён убачыў на тратуары свайго аднакласніка — белабрысага Мішку. Гэты Мішка вельмі ўзрадаваўся, калі апынуўся каля Сержа. Шырока расцягнуўшы ад усмешкі твар, ён сказаў:

— Я думаў, што ты дадому ўцёк, а ты тут быў. Што ты тут так доўга рабіў?

— А ты раней мяне бачыў?

— Дзіва што бачыў. Я унь там ішоў, як гэты стары трос цябе за плячо

І Мішка пляснуў сябе па халяве тоўстым скруткам тэлефоннага шнура.

— Дзе ты гэты шнур узяў? — хрыплым голасам абазваўся Серж, каб абы перавесці гаворку на што-небудзь іншае. Гэта ж вельмі дрэнныя справы, што яго ганьбу бачылі і на вуліцы людзі.

— Гэты стары зноў тут ходзіць, — не пакідаў свае гаворкі белабрысы Мішка. — Толькі што ён у тым завулку ў краме купляў яблыкі…

— Адрэж мне палавіну гэтага шнура.

— Хітранькі. А што ты мне дасі за гэта?

Сержу ніякага шнура не трэба было. Яму абы-што гаварыць. Яны паволі ўжо ішлі тратуарам. Мішка кпліва і хітра паглядаў на Сержа, і таму гэта было горш за ўсё. Ён ведаў, што назаўтра Мішка на ўсю школу разнясе навіну, што яго на вуліцы трэслі за плячо. Ды каб жа толькі трэслі. Гэта было б яшчэ нічога. Але Мішка не такі хлопец, каб сказаць так, як яно было сапраўды. Ён у дзесяць разоў яшчэ ад сябе дадасць таго, чаго зусім не было. Ён будзе расказваць, што гэты стары круціў яго за вушы, цягаў за валасы. І расказваць будзе са страшэнным рогатам, а гледзячы на яго, і ўсе будуць рагатаць. Такой ганьбы і няславы Серж не можа вытрымаць.

Яны дайшлі ўжо да самага чыгуначнага пераезда.

— Унь ён! — гукнуў белабрысы Мішка.

Серж азірнуўся. За крокаў трыста ад сябе, у святле вулічнай лямпы ён убачыў высокага старога. Той паволі сабе ішоў і еў яблык.

— Хадзем хутчэй, каб ён нас не дагнаў, — прагаварыў Серж. — Дык сыдзі ўбок, калі ты яго баішся, — кпліва сказаў Мішка і зарагатаў.

Сержа як падмыла кіпнем. Ён тузануў Мішку за руку і прашаптаў яму:

— Я ведаю, дзе ён жыве. Хадзем, ты толькі мне кавалак гэтага шнура дасі.

Серж ужо ведаў, што ён будзе рабіць. Мішка заўтра будзе расказваць пра яго, як пра героя, як пра смельчака, а не як пра баязліўца, якога трэслі за плячо. Белабрысы Мішка хоць і шкадаваў шнура, хоць і не ведаў, што будзе рабіць Серж, але вельмі ахвотна пайшоў са сваім паплечнікам, адчуваючы, што тут можа быць нешта для яго цікавае.

— Што ты будзеш рабіць? — запытаў Мішка.

— Я перапну шнурам у дзвярах, каб ён упаў, — растлумачыў Серж. — Ты адарвеш мне кавалак шнура.

Калі яны дайшлі да вядомага Сержу дома, Мішка сам узяўся наладжваць справу. З трухлявай дошкі ў плоце ён дастаў цвік і ўбіў яго ў вушак заўсёды адчыненых карыдорных дзвярэй. Пасля ржавай бляшкай перапілаваў шнур. Серж вырваў кавалак шнура з Мішкавых рук: яму хацелася самому дзейнічаць, а то гэта ж будзе Мішкава геройства, а не яго. Ён завязаў за цвік адным канцом шнур, а другі канец ужо сам Мішка працягнуў за вугал дома. Удвух яны схаваліся там. Шнур ляжаў на зямлі, і хто ішоў у карыдор ці з карыдора, то або ступаў на яго, або пераступаў. Найбольш шпагат пераступалі, бо на ўваходзе ў карыдор стаяла вада ад дажджоў. Лужа была не глыбокая, але кожны стараўся абысці яе бокам, паўз сцяну. Мінут дзесяць Серж з белабрысым Мішкам чакалі за вуглом, стуліўшыся, як шчанюкі, і, нарэшце, убачылі, як стары чалавек варочаўся са свайго спацыра. Ён падышоў да адчыненых карыдорных дзвярэй, паглядзеў на цёмнае акно ў сцяне побач з дзвярыма і прагуў сам сабе пад нос:

— У акне цёмна, малая недзе забавілася. Што ж такое, што яна яшчэ не прыйшла?

І ступіў цераз лужу ў карыдор, але ў той жа момант Серж з Мішкам нацягнулі шпагат. Чалавек усім размахам нагі вытнуўся аб яго і ўпаў у самых дзвярах. Ногі яго паехалі назад на двор, і нагамі і жыватом ён апынуўся ў вадзе. Пакуль ён устаў, прайшло, можа, мінуты дзве, і ў гэты момант Серж, не могучы стрымаць свае 374 радасці, зарагатаў за вуглом. Стары ўзняўся на ногі, а Серж, забыўшыся на ўсё, не пакідаў рагатаць і пасля, следам за Мішкам, кінуўся бегчы. Але ў гэты момант з-за рога вуліцы ў завулак завярнуўся аўтамабіль і асвяціў двух хуліганаў фарамі. У яркім святле Серж перабег вуліцу, а стары чалавек глядзеў на яго і пазнаў яго. Пасля гэтага чалавек, стогнучы і асцепваючыся ад вады, увайшоў у карыдор, дастаў з кішэні ключ і доўга бразгаў ім, пакуль адамкнуў дзверы ў свой пакой. Ён засвяціў над сталом электрычную лямпачку і пачаў скідаць з сябе мокрае паліто. І ўсё гуў сам сабе пад нос:

— Дзе ж гэта малая так загулялася, дзе ж гэта яна дагэтуль?

Пакуль ён пераадзеўся ў сухое, пакуль паставіў грэць чайнік, каб гарачым чаем сагрэцца пасля халоднай вады, у якую ён упаў праз Сержа, стары чалавек адчуў холад ва ўсім целе. Стаўшы плячом да печы, ён стараўся абагрэцца. Яго пачала хіліць дрымота, у касцях стала ламаць, ён прылёг на пасцель і нацягнуў на галаву коўдру. Праз некалькі мінут ён спаў, не прычакаўшы чаю.

Чайнік закіпваў. Звінючы шум ішоў ад яго. Лямпачка гарэла над сталом і асвятляла гэты невялікі пакойчык. Тут было ўтульна, і ўтульнасць гэтую павялічвала дамавітае шыпенне чайніка. Стол быў засланы цыратай, чатыры крэслы стаялі навокал стала. Пры сцяне, напроці дзвярэй, стаяла канапка, і на ёй ляжала падушка, а на падушцы згорненая коўдра і прасцірадла, — можна здагадацца, што ўночы на канапцы робяць пасцель і спяць. А каля печы, у цямнейшым куце, стаяў ложак, і на ім цяпер спаў стары гаспадар гэтага пакоя. Каля ложка былі вузенькія дзверы, цяпер адчыненыя, і лямпачка кідала туды святло. Гэта была невялікая куханька: асвятляўся рог пліты і столік з талеркамі і іншай пасудай. Ляжала там яшчэ на падлозе бярэма дроў. А тут, на стале, ляжалі кнігі і сшыткі, два карандашы, ліст паперы з няскончаным рысункам. Была яшчэ і этажэрка з будзільнікам і таксама з кнігамі.

З карыдора шпарка адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшла Насця Закрэўская.

— Ой, дзевачкі, — закрычала яна, хоць ніякіх дзевачак тут не было, — чайнік кіпіць і залівае падлогу. Ой, дзевачкі, паўчайніка выбегла на падлогу.

І яна хапіла за весілку чайнік.

Усе ў школе пачалі заўважаць, што з Насцяй пачало рабіцца нешта нязвычнае, чаго з ёй раней ніколі не было. Яна заўсёды была самая ўзорная вучаніца, а гэта пачала пазніцца ў школу. Яна была заўсёды самая акуратная ва ўсім, а гэта стала прыходзіць у школу з растрапанымі валасамі і ў перапынку паміж урокамі канчала сваю прычоску. А адзін раз на вялікім перапынку яна паспела некуды са школы збегаць і прынесці ў школу нечага поўную торбу і палажыла ў парту разам са сваімі кнігамі. Гэта было дзён праз чатыры пасля таго, калі Серж з белабрысым Мішкам перапіналі шнуром уваход у дом, дзе жыў стары высокі чалавек. У адзін з гэтых дзён, зранку, Серж папрасіў у бацькі пяць рублёў. Бацька збіраўся ісці на работу і спешна пераглядаў нейкія паперы і складваў іх у партфель.

— Нашто табе пяць рублёў? — мармытнуў сабе пад нос бацька, заняты сваімі справамі.

— Трэба.

— Не трэба табе так многа.

— Ай, трэба! — закрычаў Серж такім прарэзлівым, пісклівым і распешчаным голасам, што бацька заткнуў рукамі вушы, пасля выхапіў з кішэні пяць рублёў і кінуў Сержу, а сам зноў паглыбіўся ў свае паперы.

Узрадаваны поспехам, Серж зноў сказаў:

— Я сёння хачу паехаць у школу на машыне.

— Не свавольнічай, ідзі так, як усе дзеці, — мармытнуў сабе пад нос бацька.

— Ай! На машыне! — яўкнуў Серж мацней яшчэ, як першы раз, і з радасцю ўбачыў, што бацька зноў заткнуў вушы.

— Ай, ехаць на машыне! — запішчаў ён другі раз і яшчэ з большай радасцю ўбачыў, што бацька ўсхапіўся са свайго месца і выбег у другі пакой, дзе чакаў шафёр, каб неўзабаве везці Сержавага бацьку на працу.

— Завязіце яго ў школу, ён мне жыць не дае, гэты чарцюк, — сказаў бацька шафёру і пабег да сваіх папераў.

Падміргнуўшы некуды ў цёмны кут карыдора, Серж пайшоў садзіцца ў машыну.

З вельмі паважным выглядам ён падкаціў на машыне да школы і вылез з яе. Ён аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Так, як робяць вялікія начальнікі (ён гэта некалькі разоў бачыў), ён махнуў шафёру рукой, хоць шафёр і без гэтага ўжо заварачваў машыну.

Да заняткаў было яшчэ мінут дзесяць. Серж падышоў да буфета і запатрабаваў у буфетчыцы яблык, цукерак і пернікаў на ўсе пяць рублёў.

— Нашто табе так многа? — сказала буфетчыца, выбіраючы з каша яблыкі.

— Колькі хачу, гэтулькі і купляю! — крыкнуў Серж, з арлінай гордасцю кідаючы вачыма і на буфетчыцу, і на дзяцей.

— Чаго ты крычыш? — абазвалася пакрыўджаная буфетчыца. — Я старая жанчына. Бач, які герой знайшоўся. Сам кату па пяту, а распараджаецца.

— Калі захачу, дык магу ўвесь гэты твой буфет купіць за адным разам! — гыркнуў Серж, распіхаючы па кішэнях ласункі.

У такіх выпадках заўсёды можа знайсціся які-небудзь падхалім, самы сапраўдны падлізнік. Падскочыў белабрысы Мішка, і палавіна купленых Сержам цукерак апынулася ў яго кішэні. Па дарозе ў клас Серж убачыў Насцю. З якой вялікай гордасцю ён паглядзеў на яе, на гэтую нейкую Насцечку, якая мала што калі і купляе ў буфеце, а найчасцей прыносіць сабе з дому хлеб і кілбасу ці што-небудзь падобнае.

Пачуўся званок, і Серж горда ўвайшоў у клас, з усмешкай паглядаючы на ўсіх. Сержу пачало здавацца, што ён многа зрабіў ужо для таго, каб аднавіць тое, што было за апошнія дні страчана; каб на яго пачалі глядзець як на героя, які нікога і нічога не баіцца, які за ўсіх лепшы і выдатнейшы. Яму стала спакайней на душы, але тым большая злосць да Насці мучыла яго. Ён жа ёй нічога не зрабіў такога, каб яна адчувала яго сілу і перавагу над сабою. Яна ж і дагэтуль можа думаць, што ён нічога не варт: што ў арыфметычных задачах ён вельмі слабы, што на ім асталася тая пячаць, якую паставіла на яго настаўніца словам «хуліган», што ён ніякі не герой, што ён не выдатнейшы за ўсіх і што ён і астаўся такой нікчэмнасцю, якой быў тады, калі яго стары чалавек трос на вуліцы за плячо. Так прайшлі першыя ўрокі.

Серж бачыў, што Насця на вялікім перапынку нешта паклала ў парту. Калі яна адышлася некуды, ён развязаў пакладзеную ў парту Насцяй торбу і паглядзеў у яе. Торба была поўна гароху. Серж торбы не завязаў, а паставіў яе так, каб гарох не высыпаўся, і за торбу завязаў нітку, а канец ніткі працягнуў да парты белабрысага Мішкі (сам ён сядзеў на першай парце — усялякае свавольства яго лёгка заўважыць настаўніцы). Калі пачаўся ўрок, Мішка пацягнуў за нітку, і ўвесь гарох сыпануўся па ўсім класе.

— Што гэта? — крыкнула настаўніца.

— Гэта Насця Закрэўская цэлымі торбамі гарох у клас носіць! — закрычаў Серж.

— Насця, нашто ты гарох у клас носіш? — запытала настаўніца.

— Гэта я купіла суп варыць.

— Табе мама сказала купіць?

— Я сама. Мая мама жыве ў Маскве.

— І заўсёды ты так?

— Не, раней дзед усё купляў, а цяпер ён ляжыць хворы. Мне трэба і купіць, і суп зварыць, і ў аптэку пайсці, і яго дагледзець. А як я пасля заняткаў пайду купляць, калі тады мне адразу дадому бегчы, — можа, яму, хвораму, што трэба, — ён жа і так колькі гадзін, пакуль я тут, адзін ляжыць.

— А больш у цябе нікога няма тут?

— Нікога няма.

Гаворка з настаўніцай скончылася, але ў перапынку пачалася гаворка з дзяцьмі. Усе пыталі Насцю:

— А чаму твая мама жыве не з вамі, а ў Маскве?

— Яна там давучваецца.

— Як гэта давучваецца?

— Бо яна вучылася дома, сама, у завочным інстытуце, а на ўсю гэтую восень і на пачатак зімы яна паехала трымаць апошнія іспыты і працаваць над дыпломнай працай. А калі яна скончыць усё гэта, то тады прыедзе да нас і або будзем жыць тут, або паедзем з мамай туды, куды пашлюць маму.

— А дзе твой тата?

— Мой тата памёр, калі я яшчэ зусім малая была, і я яго не памятаю.

— А адкуль вы прыехалі сюды?

— Мы прыехалі з раёна, там мая мама была настаўніца ў пачатковай школе.

— А там было добра? — О, мне туды зноў хочацца. Там такі лес і такая рэчка! Мы з мамай так любім лес. А ўвосень — які лес прыгожы! На полі мокра, пуста, вецер ходзіць, а ў лесе хвоі густа стаяць; зелена, зацішна, свежа і толькі ўверсе вецер у хвоях — ш-ш-ш… А ядловец — зялёны стаіць пад якім-небудзь вялікім дрэвам. А на крушынавым ці на арэхавым кусце астанецца часамі адзін жоўты лісток, і так на яго слаўна глядзець. Ого, я люблю тое месца, дзе мы жылі. Мая мама казала, што, як скончыць навуку, будзе прасіць, каб яе паслалі на працу ў вёску. Яна казала, што любіць так вёску таму, што радзілася і вырасла ў ёй. Я таксама радзілася і жыла ў вёсцы.

— А хто быў твой тата?

— Мой тата быў вясковы настаўнік, а мама была родам з той самай вёскі, куды прыехаў працаваць мой тата. Мама мая ледзьве ўмела чытаць і пісаць, а тата яе навучыў больш, і мама паехала на настаўніцкія курсы. Так і яна стала настаўніцай. Пасля радзілася я, а тата мой памёр, і мама пачала вучыцца ў завочным інстытуце. Яна ўсё сама вучылася і кнігі чытала і цяпер мне ўсё піша з Масквы, каб і я вучылася і кнігі чытала. А мой дзед — гэта татаў бацька, ён родам з гэтага самага горада. Мама мая летась доўга хварэла, у яе было запаленне лёгкіх, яна захаладзілася і ўвесь канец леташняй зімы не працавала ў школе, а цяпер паехала ў Маскву, а дзед прывёз мяне сюды, ён любіць гэты горад, а ў вёсцы там, ён кажа, яму не было чаго рабіць.

— А што ён тут робіць?

— Ён мяне глядзіць. Ён і суп варыць, і ў печы паліць, і на рынак ходзіць.

— А як ён грошы зарабляе?

— Ён стары. Ён атрымоўвае пенсію. Ой, дзевачкі! Ён такі хворы, у яго запаленне лёгкіх. Ён мне сказаў, што адзін хуліган з нашай школы (ён яго ведае) укінуў яго ў ваду на вуліцы, і ён з гэтага захаладзіўся. Ой, дзевачкі, я цяпер устаю вельмі рана, яшчэ за дзве гадзіны перад тым, як ісці ў школу. Я стаўлю чай і кармлю дзядуньку, а пасля бягу ў школу, а на вялікім перапынку ў краму бягу, а са школы бягу дадому хутчэй падпаліць у печы і зварыць суп і дзядуньку пакарміць. Ой, дзевачкі!

— А хто гэта з нашай школы яго ў ваду ўкінуў?

— Ён ведае; ён, як паправіцца, прыйдзе ў школу і скажа. — Але хто гэта?

— Ён мне не сказаў хто, ён гаворыць, што мне трэба вучыцца, а не займацца такімі справамі.

— Няхай ён скажа табе, а ты скажы настаўніцы.

— Ой дзевачкі, ён не хоча гаварыць.

— А мы скажам самі настаўніцы, што ў нашай школе ёсць такі хуліган. І няхай тады сама настаўніца запытаецца ў яго.

— Няхай ён раней паправіцца, няможна яго турбаваць, так і доктар сказаў.

Аднак жа дзяўчаткі ўсю сваю гаворку з Насцяй пераказалі настаўніцы. Настаўніца, на першы раз, сказала дзяўчаткам пайсці да Насці, даведацца яе і паглядзець, як яна жыве.

У той самы дзень з Насцяй здарылася непрыемная прыгода. Ідучы раніцой у школу, яна ўзяла з сабой трохлітровую бляшанку, каб, ідучы са школы, купіць газы. Бляшанку яна схавала ў раздзявальні ў самы цёмны куток. Але Серж падгледзеў гэта. Калі быў вялікі перапынак, ён панёс бляшанку на двор, схаваўся за сцірту дроў, узяў цвік і камень і доўга прабіваў цвіком дзірку ў дне бляшанкі. Прабіў дзірку і паставіў ціхом пасудзіну на ранейшае месца. Калі скончыліся заняткі, ён пахваліўся сваім учынкам белабрысаму Мішку, і яны зводдалеку пайшлі следам за Насцяй. Назіркам сочачы за ёю, яны бачылі, як Насця стаяла ў чарзе ў краме, як купіла два літры газы і як панесла газу дадому. Яны ўсё ішлі следам за ёю, а яна не бачыла, што з пасудзіны тоненькай нітачкай выліваецца газа. Яна мінула чыгуначны пераезд і тады заўважыла, што пасуда стала занадта лёгкая. Яна праверыла пасуду, убачыла, што робіцца і што газа бадай-што ўся вылілася, і крыкнула:

— Ой, дзевачкі!

І моцна заплакала і пабегла як толькі магла дамоў. З-за чыгуначнай будкі на пераездзе яна пачула рогат і, азірнуўшыся, убачыла павысаджваныя з-за сцяны галовы Сержа і Мішкі. Прыбегшы дадому, яна паскардзілася дзеду, дзед папрасіў паперу і карандаш і, лежачы ў пасцелі, пачаў пісаць запіску дырэктару школы.

Насця пазычыла ў суседзяў газы і зварыла на прымусе суп. З дзедам яны паабедалі. Насця ўзяла новую пасуду і, азіраючыся, каб не спаткаць Сержа, прынесла з крамы газы, пасля зрабіла свае ўрокі і піла з дзедам чай.

Дзед сказаў, што яму стала лепш, хвароба, мусіць, праходзіць, і ціхім голасам расказаў Насці, што за некалькі дзён да хваробы ён спаткаў на вуліцы свайго знаёмага.

— Гэта нават больш чым знаёмы. Год таму назад дваццаць мы разам жылі; гэта быў тады яшчэ зусім малады хлопец. Ён быў тады, як родны мне. Ён тады быў камсамолец, я яго вельмі любіў, ён быў як сын мне. Мы з ім разам працавалі. Мне тады было пяцьдзесят год. Калі Чырвоная Армія выгнала адгэтуль палякаў, мы з ім на багатых кулацкіх хутарах і фальварках шукалі лішняга хлеба, каб забраць яго для Чырвонай Арміі. Раз мы ехалі лесам, і на нас напалі бандыты. Мне прыйшлося яго ратаваць, і мяне ранілі ў нагу, з таго часу я злёгку кульгаю.

— Дык вось ад чаго ты кульгаеш, — заспявала Насця.

— Я табе, як папраўлюся, раскажу пра гэта.

— Раскажы цяпер.

— Мне цяпер, Насцечка, цяжка гаварыць многа. Раней гэты чалавек мне часта пісаў пісьмы, а апошнія гады нейк так выйшла, што мы не ведалі адзін пра аднаго. А цяпер я спаткаў яго. Мы так узрадаваліся адзін аднаму. Ён працуе ў гэтым горадзе. Ён тут вядзе вялікую працу. Я яму даў адрас, і ён, мусіць, гэтымі днямі зойдзе да нас… Ну, мне ўжо зусім лепш стала… Сёння дзесяты дзень пасля апошняга мамінага пісьма. Павінна быць ужо новае пісьмо.

Назаўтра Насця занесла ў школу дзедаву запіску. Там было напісана, што хуліган завецца Серж, — так і Насця сказала дзеду, і ён сам памятаў гэтае імя з таго часу, калі бараніў на вуліцы трох дзяўчатак.

Серж ужо спагнаў сваю злосць. І час пэўны прайшоў ужо, і ўсё перажытае ім прытупілася і ўжо стала надакучаць. Ён адчуваў сябе так, быццам разлічыўся ўжо з усімі сваімі непрыяцелямі. Ужо ён пачынаў займацца новымі справамі, як на яго галаву ўпалі новыя непрыемнасці.


Сержаў бацька прыйшоў дадому са свае працы крыху раней, як звычайна, і ўвечары зусім нікуды не выходзіў з дому. Ён нават і справамі сваімі не займаўся. Да самага вечара быў маўклівы, задуменны, а як толькі Серж апрануўся, каб ісці на вуліцу, ён сярдзіта крыкнуў яму:

— Не хадзі нікуды, сядзі дома.

Серж, ведама, не прывык слухаць таго, што гаворыць бацька, і пайшоў к дзвярам, але пачуў бацькаў голас:

— Каму я гавару, — табе ці гэтай сцяне?

— Сцяне, — весела хіхікнуў Серж і адчыніў дзверы, але бацькава рука хапіла яго за плячо і ўцягнула назад у пакой.

— Раздзявайся, — сказаў бацька.

— Чаму гэта, каб я раздзяваўся?

— Раздзявайся.

— Не хачу.

— Не, ты зараз захочаш.

— Не.

— Захочаш.

— А от і не.

Бацька сарваў з Сержа паліто і шпурнуў у кут.

— Трэба было раней думаць пра гэта, а то ты патураў усім яго капрызам, а цяпер агледзеўся, што з яго выйшаў хуліган, — сказала маці і заплакала.

Гледзячы, як маці плача, Серж здагадаўся ўжо, што адбылося нешта непрыемнае, і ён устрывожыўся. Апусціўшы вочы ў падлогу, ён стаяў і маўчаў.

— Глядзі мне ў вочы, — сказаў бацька.

Серж утаропіў свае вочы на бацьку так, што той аж уздрыгануўся.

— У цябе хапае смеласці глядзець мне ў вочы?

— Ты ж казаў, каб я табе глядзеў у вочы?

— Ты здзекуешся з бацькі?

— Я ж цябе слухаю.

Бацька аж пазелянеў ад злосці і хапіў сына за каўнер рубашкі. Ён яго хацеў біць, але маці не дала. Серж злосны і пакрыўджаны горда сказаў бацьку:

— Чаго ты мяне мучыш?

— Гэта ты папу мучыш, — сказала маці.

— Што я яму кепскае зрабіў?

— Ты старога чалавека ў ваду ўкінуў — ён цяпер хворы.

— І яшчэ раз укіну, калі будзе хапаць мяне на вуліцы за каўнер. Я яго не чапаў, ён першы.

— Ён бараніў ад цябе дзяўчатак.

— Цераз гэтых дзяўчатак я ў лужу ўпаў.

І раптам Сержа апанавала крыўда; ён успомніў, як ён запэцкаў у гразь новыя свае штаны. К таму ж ён адчуў, што над яго галавой збіраюцца вялікія непрыемнасці, і трэба было ратавацца. І ён заплакаў. Ён ужо не слухаў, што крычаў бацька і што казала маці, і ўсё мацней і мацней плакаў. І чым больш ён плакаў, тым больш яму рабілася шкада самога сябе, і яму пачало нарэшце здавацца, што ён вялікі пакутнік, што яго ўсе крыўдзяць і ён ад усіх нявінна церпіць. Праз свае слёзы ён з нянавісцю глядзеў на бацьку і на маці, якія, замест таго, каб пашкадаваць яго, абыходзяцца з ім так нядобра, што спачуваюць таму старому, які першы яго зачапіў. Увесь свет вінаваты перад гэтым Сержам, і толькі ён адзін нявінны і цярплівы. Ён нарэшце кінуўся да пасцелі, упаў тварам у падушку і астаўся так ляжаць, пачмыхваючы і пахліпваючы носам.

— Можа, і праўда ён не вінават, — сказаў паціху бацька.

— Укінуць у ваду старога чалавека, — дык гэта не вінават?! — не сцярпела маці.

— Можа, яго давялі да гэтага? Я яшчэ дазнаюся, як усё гэта было.

— Гэта мы яго давялі да гэтага. Я ж бачу, — ён нікога не паважае, апроч самога сябе.

— Паважаць сябе трэба.

— Паважае сябе толькі той, хто паважае другіх.

— Я гэта ведаю, што ты мяне вучыш?

— Калі ты ведаеш, дык трэба старацца, каб і Серж быў такі. Трэба старацца, каб з яго вырас такі чалавек, які ведаў бы, што калі ты пакасціш другому чалавеку, то лепш табе не жыць на свеце. Я ведаю, што тут выходзіць: калі ён пад’язджае на машыне к школе, то ён адчувае гэта не так, што машына аблягчае чалавеку хаду, беражэ яго сілы, а бачыць у гэтым толькі сваю перавагу перад другімі дзецьмі. Ён прывыкае з пагардай глядзець на ўсіх. Калі ў дарослага чалавека такое чорствае самалюбства, то ён не паможа другому. Такога чалавека любіць ніхто не будзе, а кожны будзе яго баяцца, а значыцца, і ненавідзець. Я не хачу, каб мой сын быў такі. Я адзін раз бачыла, як жанчына на вуліцы паслізнулася і ўпала і як два рослыя франты, бачачы гэта, зарагаталі. Гэта ўсё адна і тая ж справа. Каб, скажам, хто-небудзь з дзяцей, з якімі Серж разам вучыцца, што-небудзь нёс цяжкае і абнямог ад цяжару, Сержу і ў галаву не прыйшло б памагчы гэтаму свайму таварышу.

— Адкуль ты ведаеш? — Табе ж казалі ў школе, што ён прабіў цвіком пасуду, у якой дзяўчынка газу несла. Хіба можа быць большая пакасць? Няхай сабе яго першага зачапілі. Але ж гэта расправа гордага паніча. Тая дзяўчынка і вучыцца, і працуе, а ён не адчувае гэтага. Я сама пайду да таго старога чалавека і пагавару з ім. І, калі трэба будзе, я прымушу Сержа папрасіць у яго прабачэння. Няхай папросіць, каб стары чалавек дараваў яму.

— Добра, ты ідзі да таго чалавека, а я пагавару з Сержам.

— Калі мой сын зрабіў таму чалавеку прыкрасць, то для мяне гэта тое, што я сама пакрыўдзіла чалавека. Мне самой брыдка і горка.

Серж усё гэта чуў. Ён адчуваў толькі тое, што ён трапіў у бяду. Назаўтра бацька прыйшоў з працы таксама раней: ён хацеў як найбольш пабыць разам з Сержам. Ён выйшаў з ім на вуліцу, і яны пайшлі да чыгуначнага пераезда. Уздоўж рэек, над высокім адкосам, была вузкая сцежка, пратаптаная пешаходамі. Абапал чыгункі выходзілі сюды невялікія дамы з садкамі і агародзікамі. Тут многа было дрэў, яны стаялі зусім голыя, і на прымерзлай ужо зямлі ляжала іх высахлае лісце.

— Зараз будзе зіма, — сказаў бацька Сержу. — Зямля мерзне. — І Сержаў бацька падумаў пра сябе, што ён сам вельмі мала апошнімі гадамі аддаваўся вялікай прыемнасці заўважаць тое, як жыве прырода. Ён так быў заўсёды заняты працай, што дзень за днём ішлі для яго неўзаметку. «Таксама я не заўважаў, як расце Серж», — думаў ён. У яго з’явілася адчуванне, што быццам ён страціў нешта добрае і патрэбнае, нават такое, без чаго нельга яму жыць шчасліва, і гэта страчанае трэба вярнуць назад. Ён вёў Сержа за руку і адчуваў радасць ад таго, што вось пачынаецца вечар, і што ціхі вецер цягне з далечыні і абвявае яго твар, і што недзе там, за далёкімі дрэвамі, куды ідуць чыгуначныя рэйкі, вецер расчысціў ад хмар неба, і цёмная сінявасць яго згушчаецца ў вячорны змрок. «Усё добра, — думаў ён, — добра, што ў вокнах вялікіх і малых дамоў запальваюцца агні, добра, што пагойдваецца галлё старой бярозы, пад якой яны цяпер ішлі, добра, што з коміна завода, недзе над дахамі дамоў, плыве струмень дыму і што там загуў гудок». Яны ішлі ўсё далей і далей, дайшлі бадай-што да ўскраіны гэтага прыгарада і пайшлі назад. — Калі я быў малы, такі, як цяпер ты, — сказаў ён Сержу, — я любіў такі час, калі блізіцца зіма. Але я і ўсялякі час у годзе любіў.

Гаворачы так са сваім Сержам, ён адчуваў патрэбнасць расказаць каму-небудзь аб сваім жыцці, аб самім сабе, аб тым, што было і ёсць у яго жыцці добрага, дарагога і слаўнага. І яму раптам стала крыўдна, што яго сын нічога не ведае аб ім, сваім бацьку, і што ён сам мала цікавіўся сваім сынам. Яму нават стала страшна ад таго, што паміж ім і яго малым няма дружбы. А без гэтай дружбы чагосьці вялікага і патрэбнага не хапае ў жыцці. Дружба тут павінна быць вялікая, моцная і вечная.

— Ведаеш, Серж, — сказаў ён, — мне трэба табе многа чаго расказаць.

— Ну, раскажы, — сказаў Серж. — Ты ж мне ніколі нічога не расказваеш.

— Не, гэта не то, што за адзін раз што-небудзь расказаць. Я табе многа буду чаго расказваць. У мяне была вельмі цікавая маладосць. І мне сорамна перад самім сабою, што я ніколі яе не ўспамінаю нават і сам сабе.

— А што ты рабіў, як быў малады? Раскажы, як ты вучыўся? На выдатна?

— Я тады і не вучыўся.

— То ты, мусіць, і камсамольцам не быў? Бо як гэта, — каб камсамолец ды не вучыўся?

— Пачакай, тады камсамол толькі што з’явіўся на свет. Гэта было дзесяткі два год таму назад. Я тады недалёка ад нашага горада, у адным вялікім мястэчку, служыў парабкам у кулака. Тут тады былі палякі, яны захапілі былі гэтую мясцовасць, з імі тады ваявалі. А як Чырвоная Армія іх адгэтуль прагнала, у наша мястэчка прыехаў з горада чалавек. Ён быў раней рабочы на заводзе, а тады многа рабочых, якія змагаліся з палякамі за савецкую ўладу, паслалі ва ўсе канцы Беларусі ўстанаўляць пасля палякаў савецкі лад. Гэты чалавек быў назначан на тое, каб сабраць хлеб у кулакоў для Чырвонай Арміі. Ён быў упаўнаважаны на гэта па ўсёй нашай воласці. Кулакі не хацелі даваць хлеба. Кулакі ішлі ў банды. А ў нашай воласці было многа лясоў, і самы большы лес за кіламетраў дзесяць ад мястэчка. Там банда кулацкая і засела. Бандыты нападалі на савецкіх работнікаў і забівалі іх. Прозвішча таго чалавека, пра якога я табе тут гавару, было — Закрэўскі. І от бандыты вельмі хацелі яго забіць. Мяне тады наша камсамольская арганізацыя назначыла памагаць Закрэўскаму ў працы. Нам удваіх прыходзілася кожны дзень ездзіць па кулацкіх хутарах і шукаць, дзе кулакі хаваюць хлеб. А яны закопвалі збожжа ў зямлю, яно там гніло і прападала марна, але кулаку гэта было прыемней, чым аддаць Чырвонай Арміі.

Адзін раз Закрэўскі са мною паехаў на далёкія хутары. Нам трэба было праязджаць непадалёку таго вялікага лесу, дзе асабліва многа здаралася бандыцкіх нападаў на праезджых. З дому мы выехалі пасля паўдня, а пакуль аб’ехалі некалькі хутароў, то сонца пачало ўжо сыходзіць к вечару. Нам трэба было паспець яшчэ на самы далёкі хутар. Мы ехалі на сялянскай фурманцы, нас было траіх: Закрэўскі, фурманшчык — чалавек з нашага мястэчка — і я. У мяне была вінтоўка, Закрэўскі навучыў мяне добра страляць, у Закрэўскага быў рэвальвер, ну, а ў фурманшчыка, вядома, апроч пугі, нічога не было. Мы ехалі шырокай дарогай, паабапал яе былі паплавы і часамі дробныя хвойнічкі. Месца было нізкае, часамі да самай дарогі падступала балота з высокай асакой і грузлым куп’ём. На сонцы было горача, хоць к вечару спёка зменшвалася. Птушкі спявалі навокал нас, у хвойных лясах густа рос верас і зелянеў ягаднік. Скрозь па дарозе ішлі тэлеграфныя слупы, а перад намі ўвесь час лётаў дробны каршачок. Мы з цікаўнасцю за ім наглядалі. Ён адляціцца ад нас далёка наперад і сядзе на тэлеграфны слуп, а калі мы пад’едзем бліжэй, ён зноў адляціцца і зноў сядзе. Так ён, можа, кіламетраў сем ляцеў перад намі.

У адным месцы дарога пайшла крыху ўгару, і злева дарогі мы ўбачылі вялікі кавалак засеянага маладога хвойнага лесу. Хвойкі былі вышынёй з чалавечы рост, не большыя, і раслі яны так густа, што праз іх, здавалася, цяжка было прабіцца. Я стаў на фурманцы, каб вышэй зірнуць, і ўбачыў, што гэты малады зараснік цягнецца ўглыб ад дарогі на некалькі кіламетраў; канца яго не відаць было.

— Ох, тут ваўкоў многа збіраецца, тут увосень іх цэлае зборышча, — сказаў фурманшчык, махнуўшы пугай на зараснік. — З простым воўкам прыемней спаткацца, чым з воўкам кулацкім, — сказаў Закрэўскі.

— Праўда, — сказаў фурманшчык. — Я, прызнацца, баюся тут ехаць, яшчэ напорамся на бандытаў.

— Разумныя кажуць, што свет трымаецца на смелых людзях, — адказаў на гэта Закрэўскі.

Сержаў бацька змоўк і спыніўся закурыць. Яны былі ўжо нападалёку свайго дома. У бацькавым расказе Серж некалькі разоў чуў ужо прозвішча Закрэўскі, і кожны раз, чуючы гэтае слова, ён з непрыемнасцю і нейкай незразумелай трывогай успамінаў Насцю Закрэўскую. І кожны раз стараўся не думаць аб ёй.

— Ну, расказвай далей, — сказаў ён бацьку.

— Мы праехалі яшчэ кіламетры два, як раптам убачылі, што з хвойнага зарасніку выйшаў чалавек. Ён быў невялікага росту, у ботах, у штанах з фарбаванага начорна палатна і ў суконнай жакетцы наапашкі. Шапку ён трымаў у руцэ і абмахваў ёю спацелы твар.

— А хто гэта быў? — не вытрымаў Серж.

— Пачакай, раскажу ўсё парадкам. Гэты чалавек пачаў падбліжвацца да нашай фурманкі, і мы паміж сабою пераглянуліся.

— Ой, утаміўся ідучы, — сказаў чалавек, падыходзячы зусім блізка. — Ногі забалелі. Можа, падвязеце крыху?

— Нас і так трох на возе, каню цяжка будзе, — злосна адказаў наш фурманшчык, падазрона не спускаючы вачэй з незнаёмага чалавека.

— Мне тут недалёка, — самым мірным тонам сказаў незнаёмы.

— А нам яшчэ далёка, конь стомлены, дарога цяжкая. Вы дойдзеце скора, а мы яшчэ немаведама калі заедзем.

Тут мы заўважылі, што з зарасніку выйшаў другі чалавек і ідзе проста да нас.

— Падвязіце, ногі баляць, — сказаў ён.

Наш фурманшчык зірнуў на Закрэўскага, а пасля на другога незнаёмага і ўжо хацеў нешта сказаць, як раптам з зарасніку выйшла яшчэ трох незнаёмых, і гэтыя наперарэз пайшлі нашай фурманцы.

— Не хочуць падвезці! — гукнуў ім першы незнаёмы.

Трое незнаёмых зарагаталі, і адзін з іх хапіў нашага каня за аброць і скіраваў у лес.

— Ты што? — сказаў Закрэўскі. — Чаго ты хочаш, хто ты такі?

Тут мы ўбачылі, што з лесу да нас ідуць яшчэ чацвёра і ўжо не скрываючы, хто яны такія: усе яны былі з польскімі карабінамі. У тых жа ранейшых раптам з’явіліся ў руках рэвальверы. Іх было дзевяць чалавек, а нас траіх, калі лічыць і фурманшчыка, узброенага пугай. Яны ўсе акружылі наш воз і кіравалі каня ў лес; мы ўжо ехалі ў густым зарасніку.

— Што вы робіце, — чаго вы хочаце, людзі? — сказаў Закрэўскі.

— Ты не ведаеш, чаго я хачу? — раўнуў адзін з бандытаў. Я паглядзеў на яго і ўбачыў таго хутараніна, у якога мы знайшлі сто пудоў закапанага жыта.

Мне стала страшна. Я быў тады вельмі малады, мне толькі што мінула тады васемнаццаць год. Шукаючы ратунку, хоць бы спачування, я паглядзеў Закрэўскаму ў вочы і ўбачыў у іх такую ласкавасць да мяне, што быццам бы гэта быў мой родны бацька. Мне стала лягчэй на душы, але ўсё ж з вялікім жахам я азірнуўся навокал сябе. У хвойнай зараслі ўжо згушчаўся вячорны змрок. Бандыты нас пасадзілі на зямлю, самі селі навокал нас і пачалі курыць. Каня яны прывязалі да дрэва. Усе маўчалі. Змяркалася. Пад дрэвамі неўзабаве стала зусім цёмна.

— Што ж ты змоўк? — сказаў Серж. — Расказвай далей.

— Ну, мы прыйшлі ўжо дадому. Далей раскажу пасля.

— Ах, расказвай цяпер.

— Не, я табе пасля вячэры дакажу да канца. Бачыш, — вечар, зусім цёмна.

— Ну, дык я з табою лягу спаць сёння, і ты мне ў пасцелі будзеш расказваць.

— Добра. Няхай будзе гэтак.



— А далей было так, — пачаў зноў расказваць бацька, садзячыся разам з Сержам за стол (Серж не мог прычакаць пасцелі і намогся, каб бацька цяпер гаварыў), — бандыты нас пратрымалі ў лесе да ночы. Мне было так страшна і так цёмна на душы, што як бы стопудовы камень сціскаў мае грудзі і жалеза душыла мне


горла. І зоры над маёй галавой здаваліся мне, як у тумане. Вельмі моцна пахла лісце на дрэвах, і ад гэтага мне было яшчэ цяжэй. Я гэты пах адчуваў, як нешта такое, што для мяне ўжо скора скончыцца назаўсёды. Больш як калі‑небудзь у сваім жыцці, я ў гэты момант адчуваў, якое шчасце жыць на свеце.

— Не зважай ні на што, будзь смелы, — сказаў мне Закрэўскі.

— На чорта мы гэтую фурманку за сабой цягнем, — сказаў адзін бандыт. — Здалёк чуваць, як колы ляскочуць.

— А дзе ж ты яе дзенеш? — адказаў другі. — На дарозе пакінеш? Днём убачаць і пачнуць здагадвацца.

Бандыты перад намі адкрыта ўсё гаварылі, — яны былі ўпэўнены ў сваёй сіле.

Як добра ўмеркла, бандыты павялі нас далей. Доўга вялі яны нас лясной дарогай і прывялі ў нейкі лясны хутар. Нас увялі ў склеп. Вусаты бандыт сказаў, павярнуўшыся да Закрэўскага:

— Мы вас усіх выпусцім, толькі напішы акты, што на гэтых хутарах хлеба няма і браць няма чаго. А пасля ты прывязеш мне ўезднага камісара.

— Ты яго тут забіць хочаш?

— А гэта ўжо мне ведаць, што я з ім зраблю.

— Ну, а калі замест камісара я прывяду сюды чырвонаармейцаў?

— А я пушчу пакуль што толькі цябе аднаго. А іх (ён паказаў на мяне і фурманшчыка), а іх тады, калі ты прывязеш камісара.

Закрэўскі моўчкі пачаў азірацца навакол: ніякай надзеі выбрацца адгэтуль не было.

— Пусці яго, — сказаў Закрэўскі, паказваючы на мяне. — Няхай ён прывядзе камісара.

— А я хачу, каб ты! — зароў бандыт.

— А я з табою і гаварыць не хачу, — адказаў Закрэўскі.

Бандыты выйшлі і замкнулі нас у склепе.

— Ты на мяне не крыўдуй, — сказаў мне Закрэўскі, — што я так пра цябе сказаў, што ты камісара прывядзеш. Я ведаю, што ты гэтага не зробіш. Але я хацеў, каб яны цябе пусцілі. Лепш жа мне, паджылому чалавеку, загінуць, як табе, маладому. Я пажыў ужо крыху на свеце, а ты, можна сказаць, яшчэ не спрабаваў жыцця. А якое там і жыццё было табе, парабчуку?.. Цяпер толькі і жыць табе стала, калі прыйшла савецкая ўлада. Ты цяпер чалавекам будзеш.

Раптам мы пачулі, што фурманшчык плача.

— Нічога, братка, — пачаў цешыць яго Закрэўскі. — Яшчэ ж нас не страляюць, яшчэ ўсё можа быць. А яны цябе і чапаць не павінны, ты ж толькі фурманшчык.

Смелы тон слоў Закрэўскага і ўся яго вытрымка надалі фурманшчыку смеласць. Ён паспакайнеў і пачаў часта заглядваць у шчыліну ў дзвярах.

Так прайшло, можа, гадзіны дзве. Бандытаў не чуваць было. Фурманшчык зноў паглядзеў у шчыліну.

— Дзень блізка, — уздыхнуў фурманшчык, — на дварэ шарэй стала. — Тут ён павысіў голас: — Яны ідуць… Нейкая дзяўчына з імі…

Мы па чарзе паглядзелі ў шчыліну і ўбачылі, што перад бандытамі стаіць дзяўчына і нешта ціха гаворыць ім. Відна было, як яна кудысьці паказвае пальцам.

— Дзе, дзе ты бачыла? — моцна загаварыла некалькі бандытаў.

— За садам, пры гумне, — адказала дзяўчына.

— А колькі іх?

— Больш як пяцьдзесят.

І тут адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі: бандыты рвануліся з месца і адразу зніклі. Не паспелі мы адумацца, як пачулі, што на дзвярах грукаюць нечым цяжкім. Мы не ведалі, што гэта робіцца. Пасля дзяўчына прасунула нам пад дзвярыма ў шчыліну сякеру і сказала:

— Я не магу замка адбіць, разбівайце дзверы.

Фурманшчык хапіў сякеру і разоў пяць так грукнуў у дзверы, што замест іх толькі пашчэпаныя дошкі асталіся.

— Бяжыце за мной, — сказала дзяўчына.

Яна нас вывела на лясную дарогу.

— Хто ты такая? — запытаў у яе Закрэўскі.

— Я тут служу за парабчанку. Я не спала і заўважыла, як вас прывялі. Я падкралася да склепа і падслухала, што яны гавораць. Я ўсё зразумела і сказала гэтым бандытам, што за гумном каля паўсотні чырвонаармейцаў з’явілася. Я ўсё гэта выдумала, каб выратаваць вас.

Фурманшчык паглядзеў на дзяўчыну, і на яго твары ўвесь час трымалася радасная ўсмешка. Ён стаў, як дзіця: зрываў з кустоў лісце і нюхаў, хапаўся рукой за вяршкі маладых хвоек…

— Бандыты будуць вас лавіць, — сказала дзяўчына.

Фурманшчык зноў спалохаўся.

— А гэта што? — сказаў вясёлым тонам Закрэўскі, каб падбадзёрыць фурманшчыка, і дастаў з‑пад піджака рэвальвер, якога бандыты не паспелі забраць.

Тут Закрэўскі пачаў мацаць па кішэнях і стаў неспакойны.

— У часе гэтай мітусні недзе згубіў рэвальверныя набоі. Толькі ўсяго і ратунку таго, што ў рэвальверы нявыстраляныя.

Дзяўчына паказала нам, у якім баку бліжэйшая вёска. Мы з Закрэўскім пайшлі ў той бок лесам, а дзяўчына з фурманшчыкам ішлі за намі крокаў за пяцьсот.

Нам трэба было перайсці ўпоперак дарогу, а там, цераз невялікі лясок, мы выйшлі б ужо ў адкрытую, людную мясцовасць. Але ў гэтым месцы мы наткнуліся на двух бандытаў. Мы іх пазналі, на гэтай самай дарозе яны ўчора падышлі былі да нашага воза. Відаць, бандыты разбрыліся цяпер па ўсім лесе, шукаючы нас; напэўна, яны ўжо ведалі, што дзяўчына іх ашукала. Гэтых двух мы ўбачылі па той бок дарогі, яны выглядалі з‑за дрэва. Трэба было прабіцца сілай. Як я шкадаваў, што ў мяне няма маёй вінтоўкі. Два бандыты нас яшчэ не бачылі. Закрэўскі закрыў мяне сваімі плячыма і сказаў так бегчы за ім. Мне стала так сорамна перад ім, што ён, старэйшы, закрывае мяне, маладзейшага, што я пачаў прасіць, каб ён даў мне свой рэвальвер, а сам ішоў за мною.

— Слухай, што я табе скажу, — сярдзіта скамандаваў ён мне моцным шэптам. — Марш за мной, і каб я ад цябе больш ні слова не чуў. Крычы разам са мной «ура».

Я сябе так адчуў у гэты момант, што быццам бы мне было ўсяго год пяць. Скажу табе, што незавідная гэта справа, калі нехта цябе ратуе, а ты не можаш нават і памагчы яму, а ні то, каб самому сябе ратаваць. Мы закрычалі і пабеглі проста на бандытаў; бег я, хаваючыся за Закрэўскага плечы. Закрэўскі, крыкнуўшы, стрэліў з рэвальвера. Ад такой нечаканасці тыя два перапалохаліся і затрапяталіся. Можа, яны нават і не разгледзелі нас як трэба; адзін з іх стрэліў нам насустрач, і яны кінуліся бегчы. Я ўбачыў, што Закрэўскі раптам пачаў прыпадаць на адну нагу, але ў такой сумятні адразу не здагадаўся, што гэта такое. Мы перабеглі цераз дарогу, і Закрэўскі яшчэ раз стрэліў наўздагон тым двум. Яны недзе скрыліся ў лесе. Вельмі шпарка перайшлі мы цераз прыдарожны лясок і выйшлі на поле. І тут Закрэўскі застагнаў. Нейк адразу ён абмяк, і я ўбачыў, што ў яго з нагі, вышэй калена, сочыцца кроў.

— Раніў гад мяне, — сказаў Закрэўскі і абаперся на маё плячо. Я ўзяў з яго рук рэвальвер.

— Пусты, — сказаў Закрэўскі, — няма больш чым страляць. — І яшчэ мацней застагнаў. Я трымаў яго пад плячо, і так мы дайшлі да вёскі. Адтуль на фурманцы мы прыехалі ў мястэчка, і Закрэўскі тады больш як месяц ляжаў у бальніцы. Паправіўшыся, ён стаў працаваць на тым самым месцы. Нага яго асталася крыху папсаванай. Яна яму хоць і не балела, але ён на яе накульгваў, не вельмі моцна, але гэта было відна. Так у яго і асталося назаўсёды. З таго часу мы з ім сталі блізкімі людзьмі. Ён мне быў як родны бацька. Памагаў заўсёды і клапаціўся аба мне. Пасля я паехаў вучыцца, а ён выехаў працаваць у іншае месца. Мы пісалі адзін аднаму пісьмы, а ўлетку я прыязджаў да яго ў госці. У яго быў сын, мой аднагодак, ён стаў маім блізкім таварышам. Аднойчы Закрэўскі напісаў мне страшную вестку: яго сын, зусім яшчэ малады чалавек, памёр, пакінуўшы маленькую дзяўчынку і асірацелую жонку. Сын яго быў у вёсцы настаўнікам. Прайшло яшчэ некалькі часу, і нейк так здарылася, што мы не сустракаліся. Апошнія гады мы не ведалі адзін пра аднаго нічога. А нядаўна я спаткаў яго тут на вуліцы. Мы так узрадаваліся адзін аднаму, што абняліся проста сярод вуліцы, не зважаючы на тое, што на нас азіраюцца людзі. Ён пераехаў жыць у гэты горад. Ён даў мне свой адрас, а я яму наш. І нешта ён да мяне не заходзіць, можа, ён хворы, ён ужо зусім стары. Заўтра выхадны дзень, заўтра я пайду да яго.

— І я пайду з табой, — сказаў Серж.

— Добра, і цябе вазьму.

Серж ужо любіў гэтага старога чалавека; у яго думках вобраз яго склаўся ўжо, як вобраз героя і вельмі цікавага чалавека, якога можна толькі любіць і паважаць.

— Пайшла б і я з вамі, але мне трэба ісці даведацца таго чалавека, якога Серж так скрыўдзіў. Ну, але я пайду да Закрэўскага другім разам, калі ён да нас скора не прыйдзе. Мне таксама яго вельмі хочацца пабачыць.

— А што стала з той дзяўчынай, якая тады выратавала вас ад бандытаў? — запытаў Серж.

— Я тады… — пачала гаварыць Сержава маці, але Серж перабіў яе:

— Пры чым тут ты! Не перашкаджай расказваць.

Маці ўсміхнулася, а бацька сказаў:

— А тая дзяўчына з фурманшчыкам дайшлі да вёскі пазней за нас, яны не маглі перайсці занятую бандытамі дарогу. Перад вечарам на тое месца прыехалі чырвонаармейцы, якім я наказаў у мястэчку.

— Той фурманшчык, — сказала маці, — як толькі явіўся дадому, пачаў бедаваць, што недзе там астаўся яго конь. А праз некалькі дзён чырвонаармейцы прывялі яму яго каня.

— Пры чым тут ты! — закрычаў Серж. — Бацька, а што стала пасля з той дзяўчынай?

— О, яна засталася знаёмая мне на ўсё жыццё.

— А цяпер яна дзе?

— Ты яе вельмі добра ведаеш. Толькі яна цяпер ужо не такая маладая, з таго часу прайшло дзесяткі два год.

— Як жа я яе ведаю? — аж падскочыў на сваім крэсле Серж. — Дзе яна?

— А от яна. Гэта твая мама.

Серж адкінуўся на спінку крэсла і разявіў рот ад здзіўлення, не зводзячы вачэй са сваёй маці.


Насцечка Закрэўская апошнімі часамі ўжо пачынала сумаваць без сваёй мамы. Асабліва гэта здаралася тады, калі ўвечары, падрыхтаваўшы свае ўрокі, яна слалася спаць. Спала яна на канапе. У гэтыя часы дзед яе ўжо спаў, і яна была адна сама з сабою. Паслаўшы пасцель, перад тым як легчы, яна вылічвала, колькі яшчэ аставалася да сакавіка месяца, калі мама назаўсёды прыедзе з Масквы. Аставалася яшчэ многа часу, і Насцечка не магла вытрымаць: яна скоранька прысядала к сталу і пісала маме пісьмо. Так было бадай штодзень. Кожнае пісьмо было кароткае. Калі збіралася пісем тры, Насцечка складвала іх у адзін канверт і пасылала ў Маскву. А тады тушыла святло і, узбуджаная, прыпадала тварам да аконнай шыбы. Позна яшчэ не было. Завулкам праходзілі людзі, часам праязджала машына. Насцечка любіла, калі

вечарамі дзьмуў вецер. Тады, лежачы ў пасцелі, добра было слухаць, як шуміць голы клён каля іхняга акна, і здаецца, што гэта нейкая бесканцовая песня ці доўгі‑доўгі расказ. Сапраўды, гэта быццам нехта нешта расказвае, цікавае, важнае і патрэбнае. А яшчэ гэты шум нагадвае доўгую‑доўгую дарогу, паабапал якой стаяць вёскі і гарады і ўсюды жывуць людзі. Праходзяць паязды, і пыхкаюць дымам паравозы, дымяцца ў небе заводы, зелянеюць паплавы, пагойдваецца жытняе поле, у хвоях чуцен ветравы шэпт, у рэчцы блішчыць пад сонцам вада. А як пахнуць мокрай травой прасторы рачных берагоў! А якое сонца ўзыходзіць яснай раніцай! А які агністы захад бывае ў бясхмарны дзень! І як добра, што пасля восені бывае зіма, а пасля зімы вясна, а тады лета і зноў восень. Колькі ўсяго на свеце многа, і як добра быць сярод усяго гэтага. І як добра, што сярод гэтага свету дзед так жыў, што мае цяпер многа чаго расказаць сваёй унучцы, Насцечцы. І як добра тое, што будзе наперадзе! Увосень слаўна чакаць першага снегу, а зімой — першай травы. І як радасна ўбачыць першы жоўты лісток на дрэве. А самае найпрыгажэйшае лісце бывае ўвосень на асінах. Які колер! Шум ветру за акном пераходзіць у ціхую музыку, расплываецца ў штосьці невыразнае, Насцечка ўжо дрэмле ў сваёй пасцелі, і нарэшце прыходзіць сон, моцны, салодкі і здаровы.

Ноч праходзіць, як адзін момант. Насцечка прачынаецца ўжо раніцой. Дзесяць мінут яна ляжыць і ўстанаўляе ў памяці, што яна будзе рабіць у гэты дзень, а пасля ўстае і шпарка адзяецца. К гэтаму часу ўжо гатова снеданне, і дзед ужо клапоціцца ў кухеньцы і весела падае адтуль голас:

— Расчухвайся, расчухвайся, малая, у школу скора.

А Насцечка заўсёды зробіць дзеду нечаканасць. Адзяецца яна ціха, каб дзед не чуў, а як толькі ён гукне з кухні, каб яна «расчухвалася», Насцечка ў адзін момант з’яўляецца на кухенным парозе, гатовая, адзетая.

— Я ўжо расчухалася, — рагоча яна і бяжыць мыцца.

— Ах ты, матыль, — смяецца дзед і найчасцей патрымае сваю Насцечку з мінуту на руках.

— Ты, можа, будзеш трымаць мяне на руках і тады, калі я стану вялікая? — гаворыць Насцечка.

— О, каб я дажыў да таго часу, калі ты будзеш вялікая, — адказвае дзед. — Ну, матыль, садзіся снедаць… А што мы сёння будзем варыць на абед? А калі захварэў дзед, усё пайшло інакш. Насцечка ўставала гадзіны за тры да таго, калі ёй ісці ў школу. Яшчэ была ноч, калі яна запальвала святло, накладала ў печ дроў або перабірала крупы ці гарох, каб, прыйшоўшы са школы, адразу паставіць на прымус варыць абед. Напаіўшы дзеда чаем і пакарміўшы яго, яна бегла ў школу, а прыйшоўшы дадому, варыла абед, хадзіла на рынак, прыносіла ў кухню дровы. Добра, што дзедава хвароба доўга не цягнулася. На дзесяты дзень ён пачаў уставаць і праходжвацца ад ложка да стала, а пасля сядзеў, а пасля сам пачаў грэць чай і падпальваць у печы. З кожным днём яму рабілася ўсё лепш.

Але за час хваробы Насцечка была такая занятая, што ёй не было калі не толькі пісаць маме пісьмы, але нават і сумаваць па ёй. За работай дні прайшлі вельмі скора, і Насцечка не напісала маме ніводнага пісьма. Мама ў Маскве ўстрывожылася і пастаралася ўзяць да самай вясны водпуск, каб весці сваю навуку дома і каб толькі ў самым канцы паехаць завяршыць яе. Яна і дала тэлеграму Насцечцы, што тымі днямі прыедзе. Гэта было ўжо тады, калі дзед пачынаў рабіць усё сам і нават ужо выходзіў раз прайсціся па завулку, — без гэтай праходкі яму быццам нечага не хапала, так ён прывык да яе.

Ужо першы дзень, як нападаў першы снег, але яго было яшчэ мала, шмат дзе з‑пад яго відна была яшчэ мёрзлая зямля. Дзень быў хмурны, мяккі. Насцечка прачнулася рана, і ёй ужо не хацелася спаць. Яшчэ было, можа, больш за гадзіну да рассвітання, а яна ўжо выспалася. Яна паднялася, каб запаліць святло, і заўважыла, што ў кухні гарыць лямпачка. Дзед там нечым займаўся.

— Я ўжо расчухваюся! — закрычала Насцечка.

— Спі, яшчэ рана, — адказаў дзед. — Чаго табе так рана ўставаць, матыль?

— А ты чаго так рана ўстаў?

— Мне, старому, не спіцца. Я выспаўся.

— Ты думаеш, я не ведаю, чаго ты так рана ўстаў? Я хітрая, я ўсё ведаю. Я ж бачу, што ты там нешта перастаўляеш у кухні. Ты наводзіш там парадкі, каб усё было так, як было тады, калі мама адгэтуль паехала. Ты хочаш, каб мама застала тут ранейшы парадак.

— Бо гэта так і трэба, каб мама не сказала, што мы неахайнікі. Насцечка раптам саскочыла з пасцелі і кінулася ў кухню.

— А дзе тут якія непарадкі? — закрычала яна. — Ну, скажы, дзе што не так як трэба?

— Я ж на цябе нічога не кажу, матыль ты мой дарагі.

— Ой, дзевачкі, ён мне нічога не кажа, а сам пайшоў глядзець, што пасля мяне прыбіраць трэба.

Насцечка хапіла дзеда за камізэльку і пацягла з кухні ў пакой. Дзед рабіў выгляд, што ўпінаецца, а Насцечка рабіла выгляд, што не заўважае гэтага, і цягнула яго.

— Каб ты мне больш у кухню не хадзіў! — пішчала Насцечка. — Ты яшчэ хворы, чаму ты не ляжыш?

— Ой, я ўтаміўся, — прасіўся дзед. — Дай аддыхацца.

Насцечка пусціла яго. Ён сеў на канапу і сапраўды пачаў аддыхвацца.

— Нядобра, ліха на яго, калі да старасці далучыцца хвароба, — гаварыў ён па слову.

І от нарэшце Насцечка ўбачыла, што дзед аддыхаўся і бярэцца за тытунь, каб закурыць люльку.

— Ой, ты хітры, — сказала Насцечка.

— Чаму гэта я хітры? — запытаў дзед.

— Я ведаю, чаму табе не спалася сёння. Ты гэта не можаш прычакаць, каб скарэй ісці на вакзал спаткаць маму.

— Ой, дзевачкі! — запішчаў дзед, дражнячы Насцечку.

— Ты мяне дражніш таму, што я ўгадала, і табе ўжо няма чаго казаць больш.

Гэта была праўда, і дзед ціхом закурыў люльку. Яму, сапраўды, з паўночы не спалася, і ён, як малы, чакаў, каб хутчэй прыйшла раніца, калі ён з Насцечкай пойдзе на вакзал сустракаць дарагога і роднага чалавека. Учора была тэлеграма, што Насцечкіна мама прыедзе сёння зранку. Цяпер толькі што пачало днець, а маскоўскі поезд прыходзіў пасля паўдня. Пасмактаўшы крыху люльку, дзед сказаў такім тонам, каб Насцечка не заўважыла, што яна ўгадала, чаму яму не спалася:

— А нам жа яшчэ трэба прыгатавацца, каб усё было гатова к мамінаму прыезду.

— Ой! — крыкнула Насцечка.

— Дзевачкі! — піскнуў дзед.

— Ой, дзевачкі, — зарагатала Насцечка. — А мама вельмі любіць гарохавы суп, давай сёння зробім.

— Ну, давай.

Насцечка адным махам ног пераскочыла цераз пакой і выцягла з шафы торбу з гарохам. Удваіх яны перабіралі гарох, пасля пілі чай, пасля зноў перабіралі гарох. Так марудна ў іх ішла работа таму, што яны не так перабіралі той гарох, як падражніваліся адно з адным, сваволілі так, быццам дзеду таксама было год дванаццаць.

— Ой! — не вытрымала нарэшце Насцечка.

— Дзевачкі! — запішчаў дзед.

— Каб, здаецца, скарэй той поезд з мамаю прыходзіў, — сказала Насцечка і запусціла ў дзеда гарошынай.

— Праўда, — згадзіўся дзед, сумна паківаўшы галавой.

І от прыйшоў дзень. Раніца скончылася, дзед патушыў святло і паглядзеў у акно.

— О, снегу падбавіла за ноч, — сказаў ён, — прыйдзецца табе, Насцечка, даставаць свае лыжы.

Дзед адзеўся ў святочны гарнітур і доўга круціў перад люстэркам свае сівыя вусы. Насцечка таксама апранулася ў святочнае адзенне і раптам заўважыла, што гароху яны так і не скончылі перабіраць.

— Што ж гэта будзе з нашым супам?.. — сумна прамармытаў дзед.

— Ой, нудна нейк чакаць, няма чаго рабіць, каб скарэй той поезд прыходзіў.

— Давай скончым гэты гарох і выйдзем на вуліцу, — сказаў дзед.

І яны зноў селі за гарох, але тут сыпануўся ў дзверы дробны стук, і ў сенцах абазваліся хорам дзіцячыя галасы:

— Насцечка, адчыні.

— Ой, дзевачкі! — радасна крыкнула Насцечка і, рассыпаўшы на падлогу жменю гароху, кінулася к дзвярам, каб адчыніць іх. Увайшлі тры дзяўчынкі — Рая, Фаня і Надзя.

— Скарэй, скарэй сюды, матылі вы мае, — радасна затрапятаўся дзед.


Гэта былі тыя самыя тры дзяўчаткі, пра якіх гаварылася ў пачатку гэтай аповесці. Гэта іх тады Насцін дзед бараніў ад Сержа Мілеўскага. Яшчэ да таго здарэння яны раз ці два былі на кватэры ў сваёй школьнай падругі Насцечкі. А пасля таго як Насцін дзед абараніў іх на вуліцы, яны адчулі да яе большую яшчэ прыхільнасць. І калі

настаўніца сказала даведацца пра Насцечку, як яна жыве са сваім хворым дзедам, Рая, Фаня і Надзя пачалі вельмі часта прыходзіць да сваёй падругі.

Рая здавалася самай сталай з іх траіх. У яе былі дзве зусім яшчэ малыя сястрыцы, і адна з іх была слабага здароўя і даволі часта хварэла. Раінай маме было многа клопату і працы, і Рая ўсё памагала ёй. Рая ўжо ўмела зварыць які хочаш суп, умела добра засмажыць мяса і прыгатаваць усё што трэба. Яна вельмі добра вышывала і някепска шыла. Невядома, хто ад каго пераняў, — ці Рая ад Насцечкі, ці Насцечка ад Раі, але Рая таксама, як і Насцечка, мела прывычку часам запішчаць: «Ой, дзевачкі!» Апошнімі днямі Рая ганарылася тым, што яна сама сабе перашыла плацце. На твары яе было некалькі вяснушчатых крапінак, а валасы яе шчыльна ляжалі на галаве пад грабянцом. Яна была вельмі падобна да Насцечкі — і з голасу, і з постаці, і з усяго выгляду, і са свае сталасці.

Фаня не была падобна да Раі і Насцечкі. Перш за ўсё, яна была на год за іх маладзейшая і меншая ростам. Валасы на яе галаве густа кучаравіліся, гаварыла яна павольна, быццам спявала. І ўжо ніяк ад яе нельга было пачуць якога‑небудзь раптоўнага выкрыку: «Ой, дзевачкі!» Перад тым як сказаць слова, яна падумае і тады праспявае ўжо тое, што хоча сказаць.

А Надзя была вялікая рагатуха. Яна вельмі любіла рагатаць. Раптам скажа:

— Я піла ваду і аблілася.

І зарагоча. А то часам здарыцца ёй паслізнуцца па лёдзе і ўпасці, а вядома, калі толькі што ўпадзеш, то ў першы момант не баліць. Забаліць крыху пасля, калі моцна даўся. Дык у такіх выпадках Надзя раней зарагоча, а тады ўжо заплача.

Вось гэтыя тры дзяўчынкі і ўвайшлі цяпер у Насціну кватэру.

Рая наступіла нагой на рассыпаны гарох і ледзьве не ўпала.

— Ой, дзевачкі! — крыкнула яна.

А Надзя, вядома, што зрабіла пасля гэтага, — яна адразу зарагатала. Затое Фаня падумала і паважна праспявала:

— Трэба гэты гарох пазбіраць, а то тут можна ўпасці.

— Ой, дзевачкі, давайце збіраць гарох! — крыкнула Рая, і яны ўсе ўчатырох прыгнуліся к падлозе. — Як добра, што вы прыйшлі, — сказала Насцечка, — а то мне нудна было чакаць поезда.

— Якога поезда? — запытала Надзя.

— Мая мама прыязджае. І ведаеце што? Яна ўжо раней пісала, што мае патэфон. Яна, значыцца, яго сёння прывязе.

— А якія пласцінкі? — заспявала Фаня.

— А якія пласцінкі‑і‑і, — перадражніла яе Рая. — Адкуль жа Насця можа ведаць?

— От, каб была «Лезгінка», — зарагатала Надзя.

— Ой, дзевачкі! — крыкнула Рая. — Патанцуем «Лезгінку».

— А музыка? — паважна сказала Насцечка.

— А мы самі сабе выспеўваць будзем.

— Так вы патоміцеся, гэта цяжка так, — сказаў дзед.

Але хто яго там слухаў, калі справа ішла аб «Лезгінцы». Дзяўчаткі пачалі танцаваць. Дзед глядзеў на іх, і слаўная ўсмешка запоўніла яго твар. Усё было на свеце добра. Ён паправіўся, Насцечка здаровая, вясёлая і вучыцца добра, а зараз будзе тут дарагі чалавек — Насціна мама. Дзед пачаў біць у далоні і ў такт танца прыгаварваў:

— Гоп‑гоп, Насцечка, гоп‑гоп, Надзечка.

Адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў Сержаў бацька, а за ім Серж. Яны стукалі з карыдора ў дзверы, але іх не чулі за танцамі, і яны адчынілі самі.

— Ой, дзевачкі! — прапішчалі ў адзін голас Насця і Рая.

Танец у момант спыніўся, і дзяўчаткі ўставіліся вачыма ў Сержа. Запанавала маўчанне. Але тут радасным і ўзбуджаным голасам абазваўся дзед:

— Нарэшце я цябе дачакаўся. Чаму ж ты дагэтуль не прыходзіў? А я чакаў, чакаў…

Дзед і Сержаў бацька абняліся і пацалаваліся. Слёзы радасці стаялі ў дзедавых вачах.

— Я расказаў свайму Сяргею пра тое колішняе здарэнне з бандытамі і пра вас, — гаварыў Сержаў бацька. — І ён так палюбіў вас і аж плакаў, так прасіў, каб я яго ўзяў з сабою да вас… Сяргей, хадзі сюды, трэба ж вам пазнаёміцца.

Серж і стары Закрэўскі ступілі адзін да аднаго крок і глянулі адзін на аднаго. Дагэтуль яны яшчэ не бачыліся. Закрэўскі быў заняты вітаннем з Сержавым бацькам, а Серж спадылба пазіраў на знаёмых яму дзяўчатак і ў душы сваёй праклінаў тую часіну, калі ён сюды прыйшоў. Цяпер Сержавы вочы спаткаліся з вачыма старога Закрэўскага. І — які жах! Замест таго чалавека, якога ён ужо любіў пасля бацькавых расказаў, Серж убачыў перад сабой ненавіднага яму старога, якому ён так многа зрабіў зла. Абодва яны, і Закрэўскі і Серж, збянтэжыліся. Серж густа пачырванеў і апусціў вочы ў падлогу, а ў Закрэўскага задрыжалі губы і пачырванелі вочы, але ён адразу ж справіўся з сабой і, каб не дапусціць да якіх бы там ні было непрыемнасцей, сказаў:

— Ну, от і добра, што мы пазнаёміліся.

— Ніколі з ім так не было, каб ён быў такі нясмелы, што спускаў вочы ў падлогу, — сказаў пра свайго сына Сержаў бацька. — Гэта, мусіць, ён пасля таго, што пачуў пра вас з майго расказа… Ну добра, Серж, ідзі гуляй з дзяўчаткамі.

— А мы тут сабе пасядзім і пагаворым, — сказаў Закрэўскі. — А ведаеш, хто да нас сёння прыязджае?..

І ён расказаў, каго яны чакаюць.

— Вельмі добра, — сказаў Сержаў бацька. — Я даўно яе не бачыў, будзе прыемнае і радаснае спатканне. Мы ж бачыліся яшчэ тады даўно, калі цяжка жылося. Як я рад, што мы ўсе будзем жыць у адным горадзе… Серж, гуляй з дзецьмі, чаго ж ты стаіш як акамянелы?

Але ў тым была і бяда, што Серж не мог з чыстай душой падысці да дзяўчатак і зірнуць ім смела, па‑таварыску, па‑сяброўску ў вочы. Але ўсё ж гэтая прыкрасць была нішто ў параўнанні з тым, што рабілася ў яго душы з таго моманту, калі ён убачыў, да каго ён з бацькам прыйшоў і каго ён так моцна скрыўдзіў. Стары чалавек здаваўся яму цяпер нейкім магутным веліканам, перад якім ён, з усімі сваімі ганарыстымі капрызамі, нічога не варт. Ён так сябе адчуваў, быццам лепш было б яму ў гэтыя мінуты праваліцца скрозь зямлю.

— Насцечка, — сказаў дзед, — я адзін пайду на вакзал, а вы тут усе сядзіце і чакайце. Тры мінуты ходу да вакзала і тры мінуты назад. А поезд вось павінен ужо прыйсці.

Закрэўскі адзеў паліто і шпарка выйшаў. Сержаў бацька астаўся адзін з дзецьмі. Насцечка захвалявалася, яна раз‑поразу заглядвала ў акно. Жартачкі! Зараз будзе тут яе мама, якой яна ўжо колькі часу не бачыла. Дзяўчаткі акружылі Насцечку і зашчабяталі, Серж пачаў шаптаць бацьку на вуха: «Хадзем дадому», — але бацька і слухаць пра гэта не хацеў. Як жа ён мог пайсці дадому ў гэты момант, калі зараз ён убачыць свайго блізкага чалавека, — Насціну маму, з сям’ёй якой, калі яшчэ жыў быў Насцін бацька, ён так дружыў. Многа год яны ўжо не бачыліся, і ён радасна чакаў гэтага спаткання. І Сержа ён таксама нікуды адгэтуль не пусціць, ён пахваліцца блізкім людзям, які ў яго ўжо сын. У чаканні прайшло мінут дваццаць. І вось на двары каля дома пачулася гаворка, і Насцечка праз акно ўбачыла, як мама яе і дзед увайшлі ў сенцы. А іх даганяла нейкая жанчына і следам за імі таксама ўвайшла ў сенцы. Насцечка саскочыла з крэсла, на якім стаяла на каленях, каб лепш глядзець у акно, і падбегла да дзвярэй. З усяго размаху яна стукнула рукамі ў дзверы і адчыніла іх. Мама, захваляваўшыся, ледзьве ўвапхнула ў дзверы чамадан і кінулася да свае Насцечкі.

— Мама! — закрычала Насцечка і павісла на мамінай шыі.

Рая, Фаня і Надзя стаялі каля стала, і на тварыках іх расплылася чыстая, як усход сонца ў ціхі веснавы дзень, усмешка шчаслівага маленства.

Але дзверы ў сенцы нейкі час аставаліся адчыненыя, і незнаёмая жанчына гаварыла там дзеду:

— Гэта тут жыве стары чалавек са сваёй унучкай, які хварэў праз тое, што ўпаў у ваду?

— Тут, гэта я, — чула Насцечка голас свайго дзеда. — А чаму вы пытаеце?

— Вас кінуў у ваду малы хуліган, гэта мой сын, я прыйшла папрасіць у вас прабачэння.

— Э, што там, я паправіўся ўжо, — збянтэжыўся дзед.

— І вашай унучцы мой гэты хуліган…

Жанчына не скончыла, змоўкла, пачырванела тварам і адразу пасля гэтага збялела. Закрэўскі таксама глядзеў на яе, не могучы ад здзіўлення прагаварыць і слова. Нешта ён мармытнуў сабе над нос і шпарка ўвайшоў у кватэру, пакінуўшы за сабой адчыненыя дзверы. Жанчына не смела ўвайсці і стаяла ў сенцах. Закрэўскі паставіў на падлогу патэфон, які ён нёс з вакзала, і павярнуўся да дзвярэй, ужо стараючыся паспакайнець:

— Ну, заходзь жа… (Канцы губ яго ўздрыгануліся.) А тут і Сяргей твой, і… Ну, заходзь жа, колькі год я цябе не бачыў… (Твар яго засвяціўся радасцю.) Ты ж як дачка мне… Ну, чаго там… А памятаеш, як ты выратавала нас ад бандытаў?..

Жанчына ціха плакала, Насцін дзед пагладзіў яе па галаве і пацалаваў у лоб. Серж стаяў як акамянелы. Сержаў бацька ўстаў з крэсла так шпарка, быццам бы крэсла гарэла агнём. Ён стаяў, апусціўшы рукі і не ведаючы, дзе дзецца.

— Дык вось, каго гэта ты так пакрыўдзіў… — павярнуўся бацька да Сержа і змоўк, а пасля цішэй сказаў: — Гэта я яго пакрыўдзіў, гэта я сам вінават…

Першая напружаная мінута прайшла. Насцечка стаяла на крэсле, абняўшыся з мамай так, што, здавалася, іх ніяк не адарвеш адну ад другой.

— А мама… Ой, дзевачкі, хадзіце сюды! — крыкнула Насцечка. — Мама, гэта мае падругі.

— О, у іх вялікае сяброўства, — сказаў дзед. — Такая ў іх дружба, што толькі цешыцца можна.

— Добры дзень вам, дзяўчаткі, — сказала мама. — Хоць я вас і першы раз бачу, але ўжо люблю вас за тое, што вы дружыце з маёй Насцечкай.

— О, Насцечка маладзец, — сказаў дзед. — Яна і вучыцца, і весяліцца, і чытае, і гуляе, і такая сталая, і такая гаспадыня была, калі… (Ён не хацеў сказаць: «калі я быў хворы», але падумаў і сказаў: «калі трэба было».)

— Ну, цяпер я ўжо тут гаспадыня, — сказала Насціна мама, — калі ласка, усе за стол. Добра, што вы тут не забывалі іх, — гаварыла яна да Сержавага бацькі і маці. — І вам, дзяўчаткі, дзякую за дружбу з Насцечкай. Дружба — вялікая справа. Без дружбы чалавеку цяжка жыць, чуеце, дзяўчаткі? Дружба робіць вялікія справы. І ў няшчасці, і ў радасці без дружбы чалавеку нельга быць. Шануйце, дзеці, дружбу, гэта самае дарагое і важнае, што ёсць у чалавека. Вырастайце вялікія і аберагайце праз усё жыццё дружбу. І ведайце — асабліва моцная павінна быць тая дружба, што ўстанаўліваецца ў маленстве і ў маладыя гады.

Серж раптам зарыдаў і кінуўся да дзвярэй. Дзеці кінуліся да акна і ўбачылі, што ён шпарка пабег завулкам. Маці яго акінула вачыма ўсіх, і ў позірку яе гэтулькі было пакут за сваё дзіця.

— Што гэта за хлопчык? — сказала Насціна мама. — Я і не заўважыла яго адразу. — Гэта… гэта… мой. Я пасля раскажу, — ціха прагаварыла Сержава маці.

— Ён цяпер пабяжыць дадому, — сказаў Насцін дзед. — Гэта і добра, няхай пабудзе сам з сабой, паспакайнее.

— Ён больш такім не будзе, — сказаў Сержаў бацька моцна і рашуча, і тон яго голасу настроіў усіх на весялейшы лад.

Усе сядзелі за сталом, на які Насціна мама ўсё больш і больш ставіла ўсялякіх пачастункаў. Сержава мама пачала памагаць ёй. Надзя выскачыла з‑за стала і пачала пераглядаць патэфонныя пласцінкі.

— «Лезгінка»! — закрычала яна раптам.

— Ой, дзевачкі! — крыкнула Рая.

А Насцечка зусім страціла сваю ранейшую гаспадыньскую сталасць. Ёй хацелася песціцца і быць каля мамы. І калі мама падыходзіла да стала, Насцечка прыхілялася да яе галавой. Нарэшце мама села каля сваёй Насцечкі. Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон і пачалі танцаваць асецінскую «Лезгінку». Дзед не вытрымаў. Ён адышоўся да сцяны, глядзеў на дзяцей, у такт танца ляскаў у далоні і прыгаварваў:

— Гоп‑гоп, Насцечка. Гоп‑гоп, Раечка. Гоп‑гоп, Фанечка. Гоп‑гоп, Надзечка.

І на твары яго ўвесь час ляжала пячаць радасці.