Натхненне і гармонія

Натхненне і гармонія
Артыкул
Аўтар: Змітрок Бядуля
1920

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(К 3-й гадаўшчыне смерці М. Багдановіча (25) V — 1917 года)

Хараство — гэта ёсць крыніца жыватворных чараў, якая з першых атамаў жыцця пад сонцам, з першых раслін на зямлі, хмарак пад небам, спеваў птушак над лугамі, грацыйных скокаў тыгрыса ў трапічных лясах пачала звяртаць на сябе ўвагу і палоніць сабою ўсіх болей-меней свядомых істот.

Хараство, — дачка сонца, царыца неба і зямлі, — з усмешкай сфінкса цэлыя тысячагоддзі пазірала на сваіх жрацоў-людзей, якія шчыра служылі яму, творачы гімны і малітвы ў розных кшталтах і постацях зыкамі, лініямі, фарбамі і словамі.

А чым болей людзі разумелі тайны хараства, тым болей шчаслівыя былі яны. чым глыбей яны ўнікалі ў дзіўную гармонію ўсясветнасці, тым болей іх душы і сэрцы палалі бясс- мертным агнём натхнення.

Захопліваючыся залатым тастаментам прыроды, выбраныя людзі тварылі асалоду ў жыцці, рай на зямлі, маючы сваёй мэтай тлумачыць людскім масам з’явішчы хараства ў даступных формах — у музыцы, на камені, на палатне, у паэзіі.

Жрацы хараства адкрывалі людзям яго таемнасці, паказваючы ім яго творчасць усюды, каб ачысціць гэтакім чынам людскія душы, падняць іх на скрыдлах натхнення да нябёс, каб яны парабіліся лепшымі і святлейшымі. мастацтва ёсць той святы хорам, каторы асвятляе жыццё парываннямі к дабру і праўдзе, будзіць свядомасць і руйнуе нізкія інстынкты ў сэрцах людскіх.

Светлай сцежкай ішлі да людзей прарокі хараства пакаленне за пакаленнем, век за векам, тысячалецце за тысячалеццем, убіраючы залатую карону багіні хараства сваімі творамі — агняцветнымі каменнямі, каторыя ззяюць у небе творчасці чалавечага генія, як Млечны Шлях сярод неба.

Кожны народ паасобку меў сваіх лепшых людзей, каторыя служылі хараству шчыра і набожна, каторыя сваімі натхнёнымі творамі авекавечылі свой народ.

Адным з шчырых жрацоў хараства, з святлейшых людзей на- шага народа быў і наш паэт чыстай красы максім багдановіч. За кароткі час сваёй творчасці ён выведаў тайну гармоніі, вывучыў карты роднай красы і вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння.

Азнаёміўшыся з вялікім кветнікам усясветнай паэзіі ад старадаўніх класічных часоў па сягонняшні дзень, Багдановіч навастрыў сваё паэтычнае пачуццё, узбагаціўшы родную нацы- янальную паэзію новымі формамі, новымі гармоніямі, фарбамі, вобразамі і мелодыямі. Ён умеў знаходзіць фарбы там, дзе другія праходзілі міма, нічога не бачачы.

На беларускай ліры ён выпрабаваў розныя тоны, розныя акорды паэзіі, паказваючы гібкасць і меладыйнасць жывой беларускай мовы, на якой можна выказаць самыя, чуць улоўныя, размаітасці думак і пачуццяў.

У сваіх творах м. багдановіч часта выказваў свой погляд на красу і паэзію.

Усюды ёсць хараство — у вясновым красаванні дрэваў, у сінякрылым матыльку, у залатых струнах сонца, у шэптах ветру, у шуме чароту ля рэчкі, усюды...

Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

Бо людзі заняты сваімі будзённымі справамі жыцця. Пачуцці ў іх агрубелі штодзёншчынай. Яны ходзяць па дарагіх скарбах, як па простых каменнях, не прыкмячаючы іх, і толькі адзін паэт, каторы аддаецца ўвесь служэнню музам, гэта ўсё бачыць і адчувае:

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.

І толькі калі чалавек зліваецца з хараством прыроды, ён знаходзіць сваё шчасце і свой супакой:

Падымі ўгару сваё вока,
І ты будзеш ізноў як дзіця,
І адыдуць-адлынуць далёка
Ўсе трывогі зямнога жыцця.

Ціха тучу блакіт закалыша,
У душы адрасце пара крыл, —
Узляціць яна ў сінюю вышу
І ў струях яе змые свой пыл.

Там не трэба ні шчасця, ні ласкі,
Там няма ні нуды, ні клапот.
Ты царэвіч цудоўнае казкі,
Гэта хмара — дыван-самалёт!

Паэт на горне сваёй душы перакоўвае, як той казачны алхімік, камень на золата.

Душа паэта адбівае жыццё ў розныя колеры, як вясёлка пад сонцам. І такім чынам:

Калі ў дух мой западзе і заварушыцца
Там кавалак грубага жыцця, —
У жэмчуг звернецца ён сілай пачуцця.

Чалавек можа толькі тады быць паэтам, калі душа яго пранікнута хараством да самазабыцця, да самаахвярнасці, калі душа яго гарыць на сваім уласным агні, як той матылёк, каторы ляціць на агонь, зачарованы красой, не думаючы аб сваёй гібелі:

Свяча гарыць. З яе ліецца
За кропляй кропля, як раса,
А матылёк ужо не б’ецца:
Табе ахвяра ён, краса!

У сваім «Апокрыфе» М. Багдановіч у пекнай форме выказвае свой погляд на хараство і на яго практычную карысць:

11. Штодзённымі клопатамі поўна людское жыццё. але калі зварухнецца душа чалавека, толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.

12. Бо спяваюць нават жабы ў багне.

20. ...Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы.

У «Мадоннах» — дзе паэт паміж непрыкметнымі, здаецца, абразамі дзяўчынкі-дзіцяці і дарослай дзяўчыны прыкмячае лік маці божай, твор вялікага Рафаэля, — Багдановіч кажа аб бязмежнай сіле хараства, каторая ачышчае душу ад звычайных інстынктаў, даючы ёй найвялікшае духоўнае шчасце:

І у гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна
якойсць шырокаю, радзімаю красою, —
І, помню, я на міг пахарашэў душою.

Або:

І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй
Натхнёнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было, —
Там запалілася цяпло.

Краса дае шчасце і натхненне, але натхненне без гармоніі не дасягае мэты. дарагі камень цэніцца подлуг сваёй ашліфоўкі. Зычная арфа без кемных пальцаў не дае цэлай мелодыі.

Усё павінна быць у мастацтве строга апрацована. Гэты строгі закон мы бачым нават у прыродзе, дзе кожная маленькая, скромная кветка прыгажэй у шмат разоў багатага хораму саламонавага. Хаатычнае накідванне пекных слоў, вобразаў без сістэмы, без апрацоўкі, без цэльнасці не мае патрэбнага ўплыву на людзей. У паэзіі, апрача душы — натхнення, павінна быць і голае цела — добрая тэхніка. І вось Багдановіч у цудным вершы з васьмі радкоў звяртаецца да маладога песняра з навучаннем, як пісаць вершы:

Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення.
Разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы святога сумлення.

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеннем.
Як ударыш ты ім, — ён, як звон, зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў.

Тут уся мудрасць аб карысці добрай тэхнікі вершаў. Гэта ёсць словы праўды аб паэзіі практычнага настаўніка, сказаныя проста, коратка, пекна і вобразна. Кожны малады пясняр, прачытаўшы іх, пэўне, адкіне большую часць сваіх спробных твораў і свядома пачне апрацоўваць вершы свае і пачне глядзець на мастацтва непамылкова.

Ва ўсіх творах багдановіча чуецца старанная, строгая апрацоўка, багацце і размаітасць вобразаў і формаў, вялікая краса і глыбіня думак. у сваіх кароценькіх вершах ён куе родную красу і торыць дарогу для другіх беларускіх паэтаў.

1920