Нацыянальнасьць у Вінцука Дунін-Марцінкевіча

Нацыянальнасьць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча
Артыкул
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1923 год
Крыніца: Заходняя Беларусь. Вільня: Беларуске Выдавецкае Таварыства, 1923 — бач. 115-121

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нацыянальнасьць у Вінцука Дунін-Марцінкевіча.

(Матэрыялы да характарыстыкі творчасьці).

Разглядаючыся ў літаратурнай спадчыне Вінцука Дунін-Марцінкевіча, ня вельмі многа знаходзім даказаў яркага й моцнага выяўленьня ў яго бязспорнай і яснай беларускай нацыянальнасьці. І дагэтуль яшчэ нашыя крытыкі і пісьменьнікі адносяца з нейкай рэзэрвай, нават часта і з поўнаю няверай што да яго працы й нацыянальнага беларускага напрамку, робяць усялякія закіды з боку дыдактыкі аўтара, ці з боку сацыяльных перакананьняў, а часта нават і з боку структуры (будовы) беларускага вершу, які, будучы ў аўтара сыльлябічным, быццам і ня мае чыста беларускага народнага характару.

На ўсе гэтыя закіды вельмі лёгка адказаць таму, хто бліжэй знаёмы з літаратурнай эпохай і сацыяльнай працай дзеячоў і пісьменьнікаў 1840-1880 гадоў.

Дыдактыка была ў модзе, як неабходны варунак гэтага літэратурнага кірунку, асабліва ў адносінах да народу і дзяцей, якім трэба было нясьці пачатковую прасьвету й культуру духа; дыдактыка пратрывала бадай цэлае 19 сталецьце. Так пісалі Ян Баршчэўскі, Ян Чэчот і Аляксандар Рыпінскі, і вініць іх за тое, што яны пісалі ня гэтак, як бы нам цяпер хацелася, ніяк ня можна, бо гэта і абмылка і спроба навязаньня да ацэнкі іх творчасьці новых сучасных крытэрыяў, якія ў тыя часы нават і не істнавалі. Асабліва ярка кідаецца гэта ў вочы, калі спатыкаемся мы з ацэнкай іх творчасьці з боку сацыяльнага. Некаторыя нашыя літэрат. крытыкі, якія бачаць у творах Марцінкевіча адно "шляхоцкія ідэі", ня могуць ані як дабачыцца ў ім дэмакратызму, які - што бы ні гаварылі - ёсьць; забываюцца яны аб законе эвалюцыі дэмакратызму, і дзеля таго іх ацэнка выходзіць, як у крывым люстры. Такая сучасная крытычная мера, якая апіраецца толькі на об'екце сучасных думак і паглядаў, а ня ўмее ці ня здольна ацаніць творчасьць з боку гістарычнае эвалюцыі, заглыбіцца і зразумець дэмакратычныя імкненьні людзей данае эпохі, зьвязаных і скаваных часта варункамі жыцыя і непамернага палітычна-паліцэйскага ўціску, - мусіць быць і вузкай, і аднабокай і... страшэньне несправядлівай.

Для зразуменьня Марцінкевіча неабходна прастудыяваць яго эпоху. Сацыяльныя пагляды дзеячоў гэтага часу трэба выкапаць з тагачасных твораў, гадавікоў газет, пісаных успамінаў (мэмуараў) ды лістовай перапіскі. Багацьце матэрыялу, як друкаванага, так і рукапіснага, аграмаднае. І вось, пазнаёміўшыся з усім гэтым, адразу ярка і выразна паўстае нам перад вачамі асоба дзеяча і пісьменьніка, пачынае захопліваць нашу ўвагу, сымпатыю, і мы пранікаемся тады пашанай і любоўю да чалавека, каторага мы зразумелі, пазнаўшы ўсе абставіны яго жыцьця й працы.

З гэтага пункту гледзячы, мусім адзначыць, што ніхто з нашых старых пісьменьнікаў так не пакрыўджаны нашымі крытыкамі, як Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

Друкаваныя творы Марцінкевіча, калі добра да іх прыглядзецца, усе падыходзяць да наглядаў, псыхікі і эстэтыкі народнае масы; сьведчыць аб тым (што ужо раней заўважыў прафэсар Доўнар-Запольскі) іх пашырэньне сярод сялянства, прычым некаторыя з сялян ня толькі ўмеюць вершы Марцінкевіча на памяць, але і ведаюць імя іх аўтара. Заўважыць тут трэба, што, калі гэтыя сыльлябічныя вершы і спадабаліся народу, так што нават увайшлі, так сказаць, і ў этнаграфію, дык мелі яны даўны й моцна прыгатаваны грунт. Бо жыцьцё выплывае толькі з жыцьця, праца новых пакаленьняў асновываецца на працы старых пакаленьняў, дык і праца Вінцука Дунін-Марцінкевіча апіралася на працы ранейшых за яго будзіцеляў народу. Калі возьмем пад увагу нацыянальную працу бязыменных, нават нязнаных нам бліжэй па іх працы, скромных беларускіх працаўнікоў-будзіцеляў народнага беларускага духа з-пасярод беларусаў-езуітаў і беларусаў-базыліян, якія ў працягу XVІІІ і пачатку XІX сталецьцяў пакінулі пасьля сябе шмат літаратурных беларускіх памятак у кантах, калядках, рэлігійных песьнях, бэтлейках, інтэрмэдыях і школьных драмах і камэдыях, - мы мусім прыйсьці да перакананьня, што сыльлябічнасьць вершаў павінна была быць прынята народам, бо ўплыў гэты ярка відаць і цяпер у чыста народных творах.

Даказы гэтага "абыватэльства" сыльлябічнасьці верша кожны можа пабачыць і ў сучасных нашых дамарослых сялянскіх вершапісаў. Кожная беларуская рэдакцыя атрымлівае шмат такіх вершаў ад вясковых пісакаў, а калі іх ня друкуе, дык толькі з гэтае прычыны, што вымагае цяпер ад вершу шмат больш артызму, чымсь гэта было раней, у даўнейшыя часы.

Беларуская літэратура XVІІІ і амаль што ня цэлага XІX сталецьця можа быць сьмела названа рукапіснай, бо, з прычыны гаротнасьці жыцьця, забароны друкаваньня пабеларуску, іначай разьвівацца не магла. І дзіва тут у тым, што, ня гледзячы на гэткія, здавалася бы, забойчыя перашкоды, яна разьвівалася, расла, пакуль не дачакалася магчымасьці свабоднага друку. Відаць, жыцьцёвая яе сілa лішне вялікая, каб якія-колечы дрэнныя абставіны, перашкоды і забароны маглі яе спыніць у жыцьці ці зьніштожыць...

Памятак сыльлябічнае вешраванае творчасьці ў беларускай літэратуры так многа, што настаў ужо час, каб усё гэта навучна прастудыяваць. Тыповымі зьяўляюцца тут гэтак называныя "гутаркі“, лік каторых надта вялікі. Падходзяць да іх „рацэі" або арацыі, прамовы паважныя або жартаблівыя, ужываныя ў важных здарэньнях жыцьця, як напрыклад: на вясельлях, на імянінах і г. д.

Марцінкевіч, добра ведаючы народ, стараўся так пісаць, каб якнайбліжэй дайсьці да народнага смаку й упадабаньня. Рукапісная беларуская літаратура добра была яму вядома, у творах сваіх ён прыводзіць шмат народных прыказак, песьняў, каб як мага найбліжэй падыйсьці да народнага смаку й упадабаньня.

І вось гэтае імкненьне Марцінкевіча да народнасьці, да перакананьня селяніна, што яго мова такая добрая, як і кожная другая, пры ўжываньні літэратурнае формы згодна з традыцыяй і смакам сялян - усё гэта не падабалася нашым крытыкам. Пасыпаліся закіды: мала нацыянальны, дыдактычны маралізатар, з сацыяльнага боку адна толькі шляхоцкасьць паглядаў на мужыка, як раба ў пана, форма верша сыльлябічная, а значыцца польская, - ну, адным словам, шляхоцкі пісьменьнік, які пісаў дзеля забавы, каб пасьмяяцца над мужычком.

Ці ж гэта па праўдзі так?

Non ridere, non lugere, neque detestari, sed intelligere - кажа Сьпіноза, і гэтыя залатыя словы надзвычайна падыходзяць да данага выпадку. "Не сьмяяцца, не бедаваць, не пратэставаць, адно старацца зразумець" - вось мэтад, каторы павінен быць дэвізам кожнага крытыка.

Надта цікавае сьвятло кідае на Марцінкевіча і на яго нацыянальнае пачуцьце ліст, пісаны ім да знамянітага польскага пісьменьніка Крашэўскага. Ліст гэты знаходзіцца ў архіве бібліатэкі Кракоўскае Акадэміі навук і быў друкаваны з маленькімі пропускамі (з цэнзурных прычын) у часоnісі: GAZETA POLSKA 1861 году № 111 стран. 2. Прыводзім яго ў перакладзе цалком:

"Жывучы сярод народу, які гаворыць беларускай гутаркай, зьвязаны целам і душою з яго спосабам думак, думаючы аб лепшай долі гэтага братняга народу, які застыў у дзяцінстве й цямноце, пастанавіў я, каб заахвоціць яго да прасьветы, у духу яго звычаяў, паданьняў-легенд і здольнасьці душэўнай, пісаць у яго роднай мове, і вось з радасьцю я хутка ўгледзіў, што выданыя мною „Сялянку“, „Гапона“, „Вечарніцы“, „Дудара“, „Купалу" народ прыняў з аграмадным упадабаньнем, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць, з памяці паўтараць мае, гэтак для яе мілыя, творы. З гэтае прычыны распаўсюджываецца ўжо сягоньня ў часьці над Вяльлей і Нёмнам, над Сьвіслаччу, Бярэзінай, Дзьвіной, Дняпром і г. д. чытаньне беларускага друку, а калі ўжо ахвота й любоў да духовае стравы разбуджаны, знойдуцца з часам багатыя матэрыялы ў роднай мове.

„Гэтую маю думку і імкненьне зразумелі й ацанілі людзі ў Польшчы, не зразумелі ў Літве і на Беларусі, і вось на літэратурным сходзе ў пана К... пачуў я словы: "што, пішучы ў беларускай мове, сярод сялянскага народу зашчэпліваю провінцыяналізмы"; на што я прымушаны адказаць:

"Няшчасная прошласьць давяла сялянскі народ да ўпадку, ня думаючы саўсім аб духовай і маральнай адукацыі, хаця бы праз памяць на тое, што гэта дзеткі аднэй маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысьціяне, каторыя маюць права да навукі ў роднай мове так, як да нябеснага хлеба.

"Калі ніводзін польскі ані расейскі орган друку не патрапіў, паміма намаганьняў у працягу амаль ня цэлага сталецьця, падняць наш народ, дык ці можна-ж гэтаму дзівіцца?... Ці мог якіколечы орган трапіць да вуха, да перакананьня селяніна, катораму спосабы навучаньня граматы ў роднай мове так былі утруднены, каторы, абліваючы крывавым потам гоні сваіх паноў, ня меў часу для духоўнага навучаньня? Калі часам голас матчынае мовы абіўся аб зацікаўленае вуха бедака, гэта была паводка пагроз ды лаянак, высказаных да пагарджанага сіраты.

"Вось, дагледзіўшы благія намаганьні адарваць і зьняверыць да нас народ, пастанавіў я праз творы ў яго роднай мове, адпаведныя яго паняцьцям, што знаходзяцца яшчэ ў калысцы, і аблягчаючыя яму спосабы асваеньня з граматай, заахвоціць яго да роднага слова, да прасьветы і маральна паправіць. Які вызваляючы, збаўчы ўплыў аказалі гэтыя мае кніжкі на яго, трэба вывясьці і з гэтага, што кніжкі ў народнай мове ўжо саўсім разыйшліся, а новыя ня друкуюцца.

"Вялікі час на тое, каб "абыватэлі" нашыя агледзіліся ўрэшце і праз аткрываньне школак, дамоў-ахронак, праз увядзеньне ў навучаньне народнай сялянскай мовы і праз другія магчымыя ахвяры стараліся гэтых маладых братоў сваіх, умеючых быць удзячнымі, прыгорнуць да сэрца і дзеля агульнага дабра цесна з імі злучыцца.

Наум Прыгаворка".

3 ліста гэтага моцна б'ець любоў Марцінкевіча да беларускага народу, яго шчыры дэмакратызм, высказаны досіць сьмела, чаго ў кніжках, друкаваных і праходзячых праз цэнзуру, рабіць было нельга.

Думкі аб скасаваньні прыгону, крытыка варункаў жыцьця сялян у часе паншчыны былі расейскім урадам Мікалая I-га і яго цэнзурай забаронены.

Аб гэтым нашы крытыкі ня маюць права ня ведаць і на старыя літэратурныя творы павінны зірнуць праз прызму тагачасных забарон цэнзуры. Тады толькі шмат што пабачаць і зразумеюць многае, што недасказана, што закрыта, што нават можа й незразумела спачатку.

Як адносілася цэнзура да друкаванай крытыкі сялянскага жыцьця пад панскім прыгонам, можа сьведчыць вершык Ігната Легатовіча (1796 .. +1867 г. у Менску) у кніжцы-альманаху: BOJAN. Wilno, 1838, пад загалоўкам: Spiewek z Biało-ruskiego narzecza (стрaніцa 224):

Скажы, Вяльможны Пане,
Што у нашым будзе стане?
Бо мне нешта казалі,
Шмо вы няслушна давалі
У марцу podymnego?
— A tobіe chlopіe co do tego?

— Прауда, што Вы панамі,
Пакуль жывеце над намі!..
Але што з таго будзе,
Калі станем на судзе?
Ня скажаш: Panіe tego,
Co tobіe chlopіe do tego.

Гэтага было досіць, каб кніжку, каторую ужо адзін цэнзар у Вільні прапусьціў, другія цэнзары (ад губэрнатара) забаранілі і прыказалі канфіскаваць.

Пасьля скасаваньня уніі ў 1839 годзе пастаноўлена была абсалютная русыфікацыя беларусаў. Кніжкі беларускія, як Беларускі Катэхізм 1835 г. (аўтар ксёндз уніят, прафэсар славістыкі на Віленскім унівэрсытэці, Міхал Баброўскі), "Селянка“ Марцінкевіча, "Песьні" Чэчота прынаны былі шкоднымі, і ўжо цераз колькі гадоў пасьля таго, як іх надрукавалі, пачалі іх адбіраць і ніштожыць. Ініцыятарам быў вядомы мітрапаліт Семашка, злы дух тагачаснай культуры і вораг беларушчыны.

Дэмакратызм Марцінкевіча, яго шчырыя імкненьні да нацыянальнага падняцьця беларусаў не далі яму ў жыцьці нічога добрага. Прыйшлося нашаму паэту цярпець напасьці, як і кепкаваньні, як ад некаторых заядлых польскіх патрыётаў, паноў-шляхты й абыватэляў-памешчыкаў, так і чыноўнікаў маскалёў і абмаскалеўшых беларусаў. Ёсць на ўсё гэта шмат даказаў у недрукаваных матэрыялах. З асаблівай няпрыхільнасьцю глядзелі на Марцінкевіча тыя, што хацелі ў сваіх тайных і яўных школках і ахронках перарабляць беларускіх дзетак на палякоў. Ім ня ў смак былі беларускія народныя творы Марцінкевіча, яны бачылі, што гэтыя творы падабаюцца народу, што народ гэта прыймае з запалам і радасьцяй, і што ўсё гэта псуе і можа папсаваць іх палітыку ды зашкодзіць у будучыні валаданьню іх на Беларусі. Апрача невялічкага ліку прыяцеляў, людзей паступовых, ня меў Марцінкевіч прыхільных сабе людзей. У 1863 годзе Марцінкевіча былі арыштавалі: вінавацілі яго ў тым, што ён, як беларускі пісьменьнік, і зьяўляецца аўтарам варожых да расейскага ўраду беларускіх праклямацый, адозв, брашур ды рэвалюцыйнай газэткі „ Мужыцкая Праўда". Пратрымаўшы яго каля 10 месяцаў у вастрозе, расейская адміністрацыя мусіла нашага паэта выпусьціць на свабоду, калі з палітычных працэсаў выявілася, што гэтыя друкі-фабрыкацыі віленскіх і беластоцкіх загадчыкаў паўстаньня, і што пападалі яны ў Менск з Заходняе Беларусі.

З ліста Марцінкевіча да Крашэўскага відаць ясна, хоць і шмат у ім недасказанага, куды ён ішоў, чаго хацеў для беларусаў і як глядзеў на паноў і на беларускую справу. Выданьне першай беларускай папулярнай народнай кніжкі „Гапон“ у 1855 годзе ды яшчэ з ільлюстрацыямі ёсьць незабытая, аграмадная нацыянальная заслуга Марцінкевіча перад беларускім грамадзянствам. На гэта неяк ніхто не зьвярнуў дагэтуль увагі. Выдадзеная у 1859 годзе кніжка: пераклад паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэуш" - была канфіскавана. А мала каму вядома, што яна выдадзена была за складковыя, цяжка запрацаваныя, сялянскія грошы. На цікавую прадмову да кніжкі ніхто не зьвярнуў увагі, і нават не стараліся яе перадрукаваць у новым выданьні. А шкада, бо ўсё гэта дае ясны і справядлівы пагляд беларускага грамадзянства на свайго вялікага „Дудара“.

Хоць Марцінкевіча і выпусьцілі на свабоду, але чыноўнікі не пераставалі сачыць за ім, уважаючы яго небясьпечным чалавекам у Расейскай Імпэрыі, які хоча будзіць беларускі народ і гэтак разьдзяліць гаспадарсцьвенае адзінства Расеі.

Дзеля гэтакіх прычын і няма дзіва, што Марцінкевіч, хаця пасьля 1864 году не перастаў пісаць па беларуску, мусіў аднак дзеля спакою і бясьпечнасьці сваей асобы скрывацца неяк са сваімі працамі й упадабаньнямі. Камедыя „Залëты“ напісана у 1870 годзе, "Пінская шляхта" ў мове пінчукоў у 1866 годзе, вершык "Заўтра Спаса, кажуць людзі" у 1866 годзе - вось усе вядомыя нам творы Марцінкевіча пасьля 1864 году. Беларускі пісьменьнік Ядвігін Ш., каторы вучыўся ў дачкі Марцінкевіча, панны Мальвіны, піша ў сваіх успамінах аб паэце, што ў яго быў поўны кубел беларускіх твораў, каторы згарэў у часе пажару дому.

Вядома, што Марцінкевіч шмат сваіх вершаў даваў знаёмым; пераклад паэмы Міцкевіча „Пан Тадэуш" быў зроблены поўнасьцю і пераходзіў з рук у рукі, пакуль у 1890 годзе не прапаў недзе ў Варшаве. Яшчэ і цяпер удаецца знайсьці тое сëе з твораў Марцінкевіча, як напрыклад верш "Заўтра Спаса, кажуць людзі". Старыя людзі кажуць, што усё лепшае, што напісаў Марцінкевіч, было ў рукапісах, а друкаванае было толькі тое, што мела чыста народны этнаграфічны характар.

Пасьля паўстаньня од 1864 г. беларускі дух спыніўся на нейкі час. Забарона друку па беларуску выклікала рукапісную літэратуру, якая пачала далей разьвівацца так, як яна разьвівалася пасьля скасаваньня уніі. Беларускае нацыянальнае адраджэньне перажывае крызіс, старыя грамадзянскія паняцьці і вартасьці замяняюцца памалу новымі, і каля 1881 году першыя беларускія сацыялістычныя дзеячы бяруць у свае рукі спадчыну беларускае нацыянальнае ідэі і разам з тым паднімаюць новы сьцяг змаганьня за народ на новай сацыяльна-грамадзянскай падставе.

Раман Суніца.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.