Нацыянальная мова ў праваслаўнай царкве

Нацыянальная мова ў праваслаўнай царкве
Артыкул
Аўтар: Лука Голад
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праваслаўная царква ў адносінах да нацыянальных пытаньняў стаіць на грунце Божага Слова. Дзеля яе „НѢсть ні эллін, ні іудей, ні варвар, ні скіф, ні раб, ні свободъ”. Нацыянальныя разнасьці, істнуючыя паміж людзьмі, ня могуць быць прычынай, утрымліваючай уплыў хрысціянскае ідэі на духоўнае разьвіцьцё народу. Рэлігія стаіць вышэй ўсіх гэтых пытаньняў, але гэта яшчэ ня значыць, што яна імкнецца да зьніштажэньня ўсіх нацыянальных асаблівасьцяў. Наадварот, яна з ахвотай карыстаецца з іх, і з свайго боку іх падтрымлівае. Уплыў хрысьціянскіх ідэй раскрывае рожныя староны нацыянальнага духу і выяўляе яго нацыянальныя багацьці. З другога боку і сама хрысьціянская ідэя, калі яна зрастаецца з нацыянальным духам і выяўляецца ў яго нацыянальным жыцьці, у свой чарод шырэй выяўляе сваю духоўную сілу і сваі багацьці. Гэта асабліва патрэбна сказаць аб тых нацыях, каторыя да прыняцьця хрысьціянства стаялі на нізкай ступені культурнага разьвіцьця, як народы славянскія. Іх культурнае жыцьцё ня толькі цесна звязана з рэлігійнай культурай, але гэта астатняя з’яўляецца для іх тым фундамэнтам, на каторым будуецца іх нацыянальная культура.

Як ведама, хрысьціянская вера прыйшла да славян, ня выключаючы і польскіх, з Візантыі. Першымі хрысьціянскімі прасьветнікамі былі сьв. брацьці Кірыл і Мэфодзі, каторыя палажылі і першы камень славянскае культуры, стварыўшы дзеля рэлігійных мэтаў азбуку (кірыліцу) і пералажыўшы на славянскую мову слова Божае і богаслужэбныя кнігі. У далейшым сваім разьвіцьці гэтым-жа шляхам. У гэтым-жа напрамку ішла і беларуская культура, калі беларускі народ стаў хрысьціянскім.

Першыя школы закладаюцца пры царквах і манастырах, першыя кнігі перапісываюцца асобамі духоўнымі. Яны-ж былі і першымі сеяцелямі гэтае культуры ў ваўсіх кутках беларускае зямлі. Каму няведамы такія прадстаўнікі і пашырацялі рэлігійнае асьветы, як Кірыл Тураўскі, Клімян Смаляціч, Еўфросінія Полацкая, і хто ня ведае, якую ролю адыгралі ў сваім часе ў пашырэньні духоўнае асьветы Віленскае брацтва, Супраскі манастыр і шмат іншых. Карацей, і культура беларускага народу ішла гэтым-жа шляхам, як разьвіваецца культура кожнага народу, г. е. паўстала і разьвілася з роднае яго праваслаўнае рэлігіі. А дзеля таго, што на шчасьце беларускага народу, праваслаўная вера выкладалася і прышчаплялася яму ў роднай яго мове славянскай, то адгэтуль выяўляецца і значэньне славянскае мовы, як аснаўной падставы беларускае культуры.

Часта гавораць, што ня толькі з поглядаў нацыянальных, але і чыста рэлігійных патрэбна каб царква ў багаслужэньню пазаставіла, як кажуць, мёртвую мала зразумелую мову славянскую і перайшла на мову народную беларускую.

З погляду догматычнага і канонійнага ў такім пераходзе няма нічога грахоўнага і калі-б гэта было карысным для царквы, дык яна бязумоўна стала бы на гэты шлях. Але ёсць пэўныя прычыны, каторыя утрымоўваюць яе ад гэтага, як здаецца з першага пагляду, карыснага для царквы кроку.

Правослаўная царква заўсёды карысталася з нацыянальнае мовы і давала кожнаму народу магчымасьць адпраўляць царкоўную службу ў яго роднай мове. Так нам ведама царкоўная служба на грэцкай, сэрбскай, румынскай і іншых мовах. Але кожная з гэтых моваў розьніцца ад звычайнае разгаворнае мовы. І гэта зусім зразумела. Рэлігія ёсьць перш-наперш містыка. З гэтага поваду і мова рэлігійная павінна мець пэўную долю містыцызму. Дзеля гэтага самае жыцьцё ўсіх нацыянальнасьцяў адрожняе рэлігійную мову ад звычайнае.

У звычайным жыцьці нацыянальная мова, падлягаючы культурным ўплывам, хутка меняецца, і за пэўны пэрыад дужа розьніцца ад сваіх первотных формаў, часта распадаецца на некалькі дыалектаў. Царкоўная мова балей кансэрватыўная, яна заўсёды імкнецца да захаваньня старых формаў. Вонкавыя формы мовы як бы асьвяшчаюцца. Вуха рэлігійнага чалавека прызвычаіваецца да іх і праз іх выклікае ў душы адпаведныя рэлігійныя вобразы і прадстаўленьні. Складаецца навык да вонкавых выразаў малітвы, якія передаюцца з роду ў род, надаючы гэтым выразам характар сьвятасьці і дзеля гэтага неадменнасьці. Асабліва гэта патрэбна сказаць аб народзе з нявысокім ураўнем культурнага разьвіцьця. Рэлігійнае сумленьне гэткага народу вельмі чутка і беражна адносіцца да ўсялякіх зьмен у гэтай галіне яго жыцьця. Даволі заслацца на гістарычны прыклад рускага расколу ў сваім паўстаньні і разьвіцьці абапіраўшагася на гэтых псіхологічных падставах, каб пераканацца ў праўдзівасьці сказанага. Ёсьць і другія прыклады, сьцьверджаньня кансэрватыўныя погляды на перамену рэлігійнае мовы на звычайную. Так у Галіцыі украінскі народ цьвёрда дзержыцца сваёй богаслужбовай славянскае мовы, ня ўзіраючы на вымаганьня вызшае духоўнае ўлады да зьмены яе на лацінскую. Ён інстыктыўна адчувае, што яна з’яўляецца для яго асновай яго нацыянальнага істнаваньня і культурнага разьвіцьця. А калі трапляецца, што неякія асобы згаджаюцца на гэту рэформу, дык часьцей ўсяга такія, для каторых рэлігія ня адыгрывае асобнае ролі ў іх жыцьці, і каторыя глядзяць на гэта выключна з пункту гледжаньня палітычнага. Неабдуманны крок ў гэтым пытаньні можа стварыць новы разлом у беларускай нацыі.

Беларуская нацыя на жаль і так падзеляна на праваслаўных і каталікоў, што ня можна лічыць карысным дзеля нацыянальнага разьвіцьця. Тварыць новыя варункі дзеля магчымага далейшага падзелу, — ня карысна з нацыянальнага, ані з царкоўнага поглядаў.

Ёсьць у гэтай справе і тэхнычныя труднасьці дзеля грунтовага яе выкананьня, — гэта адсутнасьць перакладу на беларускую мову бібліі. З першага погляду здаецца, што гэта справа вельмі простая. Але як паглядзець ў гісторыі перакладу сьв. бібліі на іншыі мовы, дык адразу стане ясным, сколькі навуковых сілаў з вялікай навуковай эрудыцыяй, якога патрэбна багацтва народнае мовы, каб перадаць усе тонкасьці мысьлі гэтае вялікае кнігі. Патрэбна шмат усяго таго, чаго ёсьць пакуль так мала ў маладой беларускай культуры. А перакладаць на беларускую мову царкоўную службу, ня маючы пера ложаннае бібліі, гэта рэч немагчымая.

З майго погляду, пераклад царкоўнае службы на разгаворную мову будзе някарысным і дзеля культуры самае беларускае мовы. Усялякая мова, адарваная ад сваіх істокаў (крыніц), якімі з‘яўляецца для беларускае мовы мова славянская, дужа хутка падпадае ўплыву другой, болей разьвітай мовы, асабліва блізкай па вымаўленьню. Калі-ж гэтакай мовы няма, дык і чужой. І гэта зусім зразумела. Як вышэй было гаворана, асновай усялякае культуры ёсьць культ, рэлігія. Калі ў аснове рэлігійнага культу ляжыць родная мова, тады для разгаворнае мовы яна служыць тою крыніцаю, з каторае карыстаецца першая ў сваім культурным разьвіцьці. Калі-ж гэтакай мовы няма, тады яна мусіць у сваім развіцьці падпадаць уплыву чужой болей культурнае мовы.

Яскравы прыклад падобнага роду ўплыву чужых моваваў можна бачыць на мове польскай, у каторай шмат выразаў з іншых моваў, лацінскае, нямецкае і г. д. З гэтага погляду славанская мова павінна быць захована ў царкве, як адна з срэдстваў культурнага разьвіцьця беларускае мовы.

Але захоўваючы славянскую мову, як мову рэлігійнага культу, праваслаўная царква ў другой галіне свайго жыцьця, ў галіне выкладаньня рэлігіі і царкоўнага казаньня павінна заўсёды ўжываць родную мову. У роднай мове лягчэй успрамаюцца рэлігійныя ісціны, з другога боку і самую рэлігію родная мова зрадняе з народным духам. Кожнаму ведама, што Сэрбы, Грэкі, Беларусы і г. д. аднае праваслаўнае рэлігіі. Калі-ж прыглядзецца да іх рэлігійнага жыцьця, то лёгка заўважыць, як многа ў тым жыцьці кожнага з гэтых народаў ёсьць адмеменнага, прыўнесяннага нацыянальным яго гэніям.

Значэньне нацыянальнае мовы ў навучэньні рэлігіі яскрава выяўляецца ў наступным прыкладзе.

Калі прапаведнік прамаўляе на роднай мове да сваёй паствы, дык заўсёды ён карыстаецца з яе прыхільнасьці. Паміж прапаведнікам і пастваю завязываецца духоўная сувязь, каторая дае яму магчымасьць рэлігійных уплываў на народныя масы. Наадварот, калі прапаведнік гаворыць сваю прамову ў расейскай мове, каторая для беларусаў была мовай афіцыяльных аднінаў паміж народам і ўладай, дык тады паміж пастырам і пастваю як-бы ўстае сьцяна афіцыяльнасьці і духоўнага адчуждзеньня.

На жаль гэтыя погляды вельмі трудна прабіваюць сабе дарогу ў сазнаньні праваслаўнага духавенства, каторае ў гэтым пытаньні трымаецца старых традыцыяў і з гэтага поваду часта ня прыносіць тэй карысьці, якую яна магла бы прынясьці для роднага яму беларускага народу.