Нацыянальны элемэнт у творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы (Лёсік)
Нацыянальны элемэнт у творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы Даклад Аўтар: Язэп Лёсік 1922 год Крыніца: Адраджэньне, №1 |
Даклад Я. Лёсіка―Нацыянальны элемэнт у творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы.
Я хачу пагаварыць аб тым, як адбілася ў творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы нашая нацыянальная справа, беларускае нацыянальнае адраджэньне. Я ня буду чапаць мастацкага боку яго творчасьці, бо мяне цікавіць не поэта і пісьменьнік, як такі, а поэта і пісьменьнік, як грамадзянін, які робіць добрую грамадзянскую справу, «паспалітае добрае», як некалі пісаў наш слаўны перакладчык Бібліі, Скарына.
Зазначу толькі, што, як поэта і пісьменьнік, Якуб Колас дасяг надзвычайнай вышыні, і цяпер талент яго стаў на ступень найвышэйшага росквіту. Гэта сапраўды наш гэній, беларускі клясык. Па свайму таленту, па шырыні і глыбіні свае творчасьці яго, калі й можна да каго прыраўнаваць, то толькі да нашага слаўнага земляка, вялікага польскага поэта—Адама Міцкевіча ў яго поэме «Пан Тадэуш». Каб бачыць гэта, даволі пазнаёміцца хоць з некаторымі часьцінамі яго поэмы «Новая Зямля». Напісана поэма вершам надзвычайнай прыгожасьці з чаруючай мілагучнасьцю. Але калі ў «Пане Тадэушу» малюецца ўклад жыцьця нашага беларускага шляхецтва пэўнага часу, то заданьні «Новае Зямлі» далёка шырэйшыя. «Новая 3ямля»―гэта беларуская «Іліада». У «Новай Зямлі», як у люстры, прыгожа адбіваецца сялянскае жыцьце ў яе многапакутнае Беларусі, а хараство, багацьце і рознастайнасьць нашае айчыны выступае ў поэме перад усім культурным сьветам першы раз і прымушае кожнага сказаць, што Беларусь бясспрэчна «красавіца невеста», хоць і без пасагу, як некалі казаў міністар маскоўскага цара Мікалая І, Навасільцаў, прыязджаўшы на Беларусь гасіць апошнія іскры нацыянальнай сывядомасьці нашага народу. І цікава, што і «Пан Тадэуш» Адама Міцкевіча і «Новая Зямля» Я. Коласа пачынаюцца аднакімі думкамі, аднолькавымі пачуцьцямі ― звароткам да свае ўкаханае краіны, да роднай Беларусі. Адам Міцкевіч у перакладзе Марцінкевіча кажа: «Родная зямелька! Ты, маўляў, здароўе: той цябе ашануе, каму безгалоўе, хто жыў калісь на ніўцы тваей, як у раі, і вось крывавы роніць сьлёзкі ў чужым краі! Цяпер то, як ты красна, я чую, я бачу і апішу, бо горка ўсьцяж па табе плачу!» А Якуб Колас цьвердзіць: «Мой родны кут, як ты мне мілы: забыць цябе ня маю сілы! Ня раз, утомленны дарогай―жыцьцём вясны мае ўбогай―к табе я ў думках залятаю і там душой сапачываю». Тут яны ня толькі два вялікія поэты, землякі і аднафамільцы, ―бо і Якуб Колас па свайму сапраўднаму прозьвішчу Міцкевіч,―тут яны і родныя браты па вялікаму замілаваньню да роднае краіны, што гарачым полымем шугае з іх агністага сэрца. Яны чуюць, яны ведаюць, што «у родным краі ёсьць крыніца жывой вады, што у ім толькі можна пазбыцца свае нуды», як гэніяльна выславіўся другі наш слаўны поэта Максім Багдановіч. Тут, калі ўжо зайшла гутарка пра «Новую Землю», то трудна стрымацца, каб ня прывесьці, хоць для увору, таго хараства ў апісаньні нашае смутна-прыгожае прыроды, каторае зіяючымі дыямэнтамі рассыпана па ўсёй поэме. Успамінаючы шырокія прасторы свае роднае краіны, седзячы ў мурах Менскага вастрогу, куды ўкінуў царызм поэту за любоў да свае айчыны, Якуб Колас у поэме «Н. З» кажа:
Вось як цяпер, перада мною |
Стаіш у мяне прэд вачыма, |
Гэта малюнак таго куточку Белаpycі на Меншчыне, дзе рос і гадаваўся поэта, але-ці-ж гэта не агульны малюнак усяе Беларусі, «заўседы смутнае, як удовы»? Ці-ж ня гэтак-бы абмаляваў сваю мясцовасьць кожны з нас, у якім-б куточку Беларусі сам не радзіўся? Яна—наша айчына—усюды прыгожая, усюды мілая, і ўсюды смутная, як тая ўдава. А чаму яна смутная? Па кім яна нудзіцца? А нудзіцца яна, журбуе яна па сваім дзецям; гаруе яна па свайму скарбу-пасагу, што парасьцягалі яе дужэйшыя суседзі ў часе яе нацыянальнага заняпаду. Гаруе яна па дзецях сваіх, што не вярнуліся яшчэ з многавяковага нацыянальнага палону. Дык ці-ж можа быць вобраз Беларусі ня смутны? Язык прыліпае к гартані поэты, калі ён хоча сьпяваць пра вясёлae
Ня пытайце, не прасеце |
кажа Колас у сваім першым сборнічку вершаў «Песьні Жальбы»―
Бо як песьню засьпяваю, |
Не, рана яшчэ весяліцца, грэх танцаваць, калі маці-айчына носіць жалобу, калі дзеци яе бадзяюцца яшчэ дзесь па чужых старонках, калі ня скончылася яшчэ наша бабілёнскае паланеньне. Вось калі вернецца апошні блудны сын Беларусі, тагды вазрадуецца яна радасьцю вялікаю. А покі што―яна і радасьць наша і смутак наш. І калі Якуб Колас хацеў нарысаваць агульны вобраз роднага краю, то мусіў нарысаваць яго і мілым і смутным. Мілы ён―бо гэта крыніца жыцьця, смутны―бо не перажыта яшчэ наша нацыянальная няволя, бо мы блудзім яшчэ па пустыні, як тое жыдоўства, што вывеў некалі Майсей з няволі эгіпецкай. Вось гэты агульны вобраз нашай айчыны ў апісаньні Я. Коласа ў яго натхненным вершы «Родныя вобразы»:
Вобразы мілыя роднага краю, |
Вось такі то вобраз нашай айчыны: ён і мілы, ён і смутны і іншы быць ня можа, покі ня скончылася нашае нацыянальнае паланеньне. Гэтаe вялікае замілаваньне да свае айчыны, поўнае смутку і жальбы-нядолі, агністаю пасмаю праходзіць праз усю творчасьць Якуба Коласа. Якуб Колас не пратэстуе, ён і ня бунтуе, як Янка Купала―гэты волат у беларускім пісьменсьцьве, каторы кажа:
За што, о Божа праведны, магучы, |
Не, Якуб Колас ня бунтуе. Ён, як тыя прарокі, толькі распаляе агонь любві да палоннай айчывы і сваёю жальбай, сваім плачам на таках бабілёнскіх будзіць заснуўшых, кліча нас успомніць свой страчаны Сіон і ня мірыцца з палонам. Ён навучае нас любіць сваю прыгожую, але пакрыўджаную бацькаўшчыну, цьвёрда верыць у лепшую будучыну свайго народу і распаляе ў нас агонь сьвятога абурэньня. Калі Няслухоўскі толькі марыў аб тым, што «сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашай ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй-доляй шчасьліваю», то Якуб Колас гаворыць аб гэтым цьвёрда, упэўнена, як уладу маючы. Вось што мы чытаем у другой яго поэме «Сымон Музыка» на пачатку яе:
О край родны, край прыгожы, |
Дзе мядамі пахнуць грэчкі, |
Нажаль, шмат дзе поэту не хапае гістарычнай веды: іначай ня можна сабе вытлумачыць вось хоць-бы таго месца ў поэме «Сымон музыка», дзе гаворыцца, што па Беларусі «бяз жалю капытамі конь казацкі ступаў і збажыну з ярынамі талачыў і драсаваў» і што «на нашых станавішчах білісь Польшча і Літва». Гісторыя сьведчыць, што конь казацкі ніколі беларускай збажыны не талачыў і не драсаваў, а гістарычная Літва - гэта сама Беларусь...
Калі Якуб Колас сваёю поэтыцкай творчасьцю, пісанаю вершам, знаёміць нас з хараством роднага краю, навучае любіць яго і верыць у яго лепшую будучыну, то ў прозе, пад займеньнікам (псэўданімам) Тараса Гушчы, ён ужо выступае як грамадянін-абаронца справы адраджэньня свайго народу. Ды ёначай і быць не павінна, калі разумець, што пісьменства—гэта водгульле жыцьця.
А значэньні пісьменства гаварыць ня прыходзіцца. Даволі таго, што пісьменства заўседы становіць косьць ад касці і плоць ад плоці самога жыцьця. Але толькі тое пісьменства варта свайго слаўнага найменьня, калі яно сапраўды адбівае народнае жыцьцё. Пісьменства павінна выступаць уцехаю ў жыцьцёвай будзёншчыне, падымаць чалавечы дух і прывучаць людзей займаць свае думкі ня будзенным і скора прамінаючым, a дамагацца вышэйшага і лепшага, што бязупынна жане чалавека ўсё ўперад і далей. Пісьменства выяўляе творчыя сілы свайго народу, выстаўляе яго ідэалы і служыць пабудчыкам грамадзянскага змаганьня за лепшыя ўмовы жыцьця.
Але апрача гэтых, агульна-людскіх задань, пісьменства народу нацыянальна-прыгнечанга мае свае асабістыя, адмыслова - нацыянальныя заданьні. Перад беларусінскім, напрыклад, пісьменствам стаіць яшчэ адна справа, невядомая тым шчасьлівым народам, што жылі бясьпечна ад нацыянальнага прыгняценьня. Нашае пісьменства, выяўляючы духоўную істоту свайго народу і рысуючы яго жаданьні, ідэалы, мусіць бараніць яшчэ сваю народнасьць ад загубы, пагражаючай ёй збоку захватніцкіх імкненьняў сваіх дужэйшых суседзяў. Пісьменства народу нацыянальна-прыгнечанага нямінуча становіцца абаронцам свае народнасьці, нацыянальнай самабытнасьці свайго народу, свайго асобнага ўкладу жыцьця, а ў першую чаргу свае мовы. Бо калі мова для народаў нацыянальна дужых, служыць толькі спосабам для лягчэйшага ўзаемнага паразуменьня, то для нас, беларусінаў, як і для кожнага нацыянальна заняпалага народу, мова становіць аснову культурнага жыцьця. Калі немец, француз, ангелец ці расіец карыстаюцца сваёю мовай натуральна, як натуральна карыстаецца здаровы чалавек сваім здароўем, не адчуваючы навет яго, то мы, беларусіны, рвемся да свае мовы, як хворы да здароўя. Як рыба вады, як кожнае стварэньне патрабуе воздуху, так мы ня можам не бараніць свае нацыянальнай асобнасьці, каб не памерці. Натуральнае імкненьне кожнае жывое істоты, кожнага стварэньня — жыць як можна лягчэй і прыемней, а найбольшай прыемнасьці і лёгкасьці можна дасягнуць толькі ў сваіх родных, прызвычаеных умовах жыцьця. Вось чаму кожны народ мусіць бараніць сваю нацыянальную незалежнасьць, калі ня хоча памерці. І пісьменства, адбіваючы жыцьце свайго народу і выяўляючы імкненьні, становіцца ў першых радох у барацьбе народу за сваю нацыянальную самабытнасьць. Роль нацыянальнага заступніцтва ўзяло на сябе нашае пісьменства даўно, яшчэ з часу політычнай суполкі з Польшчай, калі першы раз востра пачулася нацыянальная небясьпека. Ужо ў XVІ-м сталецьці наш слаўны перакладчык бібліі Францыск-Георгі Скарына з Полацку выступіў на абарону свае нацыянальнасьці. Ён пісаў: «панежа ад прыраджэньня зьверы, хадзяшчыя ў пустыні, знаюць ямы свая; пціцы, лятаюшчыя па воздуху, ведаюць гнезды свая; рыбы, плываюшчыя па моры і ў раках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобныя бароняць вульняў сваіх, — такжа і людзі, і гдзе зрадзіліся і ускормлены суць па бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць». Скарына бачыў, як перакідаліся вышэйшыя станы ў польскі бок, як сваё роднае закідаецца і зьневажаецца і, прыступаючы да свае вялікае літаратурнае працы (пабеларуску, ане па ц.-славянску, як практывавалася да таго часу) пісаў, што робіць ён гэта «найболей з тае прычыны, іжа мя міласьцівы бог з таго языка на сьвет пусьціў». І вось, пачынаючы з Скарыны нашае пісьменства ані на момант не забывала свае, нацыянальнае справы, справы абароны свае народнасьці. І калі за нашую памяць беларушчына зьневажалася і душылася, калі ніхто не прызнаваў нас за народ, калі расійскія і польскія вучоныя навукова даводзілі, што ніякіх беларусінаў ня было, няма і быць не павінна, калі народ наш называлі расійскім імпэрыалістычным тэрмінам «западна-рускіх» (на жаль, ня ізжытага і дагэтуль, бач - журнал "Труды беларускага унів." арт. Савіча),—тагды Якуб Колас пад займеньнем Т. Гушчы, як прозаік, выступіў з апавяданьнем «Дудар». У гэтым апавяданьні ў вобразе трох братоў выступаюць: беларусін, украінец і расіец або велікарус. На падгаворы велікаруса забыць сваю беларускаю мову, бо гэта мова нямая, бо яна не дала сьвету нічога, чым-бы можна было пахваліцца, беларусін адказаў:
«Брат!, раскажу табе казку. Пасадзіў пан дудара ў глыбокім склепе за каменныя съцены і кажа яму: «Грай мне на дудцы, каб я чуў твае песьні, і тады я пазволю табе сьпяваць людзям песьні і дам табе права расказаць сьвету пра твае думкі. Праз каменныя сьцены не прабілася песьня дудара, і ніхто яго не пачуў. A ці-ж беларускі народ ня быу тым дударом, якога пасадзіў пан, расійскі царызм, у мураванае скляпеньне? А расійскае грамадзянства, тымчасам, казала нам: чаму-ж ня чутно вашых песень? Дзе ваша літаратура, чаму ня відаць яе? Значыць, мова ваша—нямая мова: яна ня здольна гаварыць з сьветам. Прымайце нашу мову!... Так, за мураванымі сьцянамі ня чуваць былі стогны нашага народу...
Найбольшай увагі з нацыянальнага боку заслугуе сцэнічні айразок Я. Коласа-Т. Гушчы пад назовам «На дарозе жыцьця». Тут выступаюць чатыры асобы: старая бедная жанчына, маладая прыгожая дзяўчына, хлопец Bacіль — сын жанчыны, і падарожны. Бедная жанчына—гэта Беларусь, дзяўчына — маладая беларуская інтэлігэнцыя, Васіль—беларускае грамадзянства, а падарожны—людзкая веда. Беларусь—жанчына стаіць на шырокім шляху. Перад ёю распаўзаюцца ва ўсе бакі дарогі і сьцежкі. Пасярод дарогі стаіць стары сагнуты крыж. Паволі апускаецца на землю ноч. Беларусь-жанчына садзіцца на прыдарожны камень і кажа: «Прызначыў мне бог сьвяты ў адвечнай кнізе жыцьця вялікае гора... Асудзіў ён мяне на доўгае-доўгае блуканьне». Потым жанчына нізка схіляе голаў, доўга і моцна задумваецца, а далей зноў кажа: «Сказаў мне бог сьвяты, што тады толькі скончыцца мая дарога пакуты, толькі тады я выйду на прасторную пуціну і пазнаю радасьць даўгажаданага сапачынку пасьля труднай дарогі, калі пазьбіраю я дзетак сваіх. Дзе-ж вы, мае дзеткі? Пакінулі вы мяне і разышліся па сьвеце, а я хаджу, шукаю вас, каб зноў сабраць вас у адну сямейку». Угледзіўшы Васіля, яна пазнала, што гэта сын яе, і кідаецца да яго, але той засаромяўся беднасьці свае маткі і з пагардаю адвярнуўся ад яе. А маці моліць: «Васілька, Васілёк! Ты зірні мне ў вочы, зірні, саколік, хоць на адзін мамэньцік! На галоўцы тваёй, пад праваю броўкай, ёсьць маленькі шрамок». —Шрамок—гэта нашыя беларускія нацыянальныя асаблівасьці.—Але Васіль не зважае на гэта і крычыць: «Прэч, шалёная кабета!» Тагды дзяўчына, з якою быў Васіль, паглядзела на яго халоднымі, злымі, поўнымі зьневажэньня, вачыма ды сказала: «Ты—пусты, нікчэмны, дрэнны чалавек! Ты пасаромяўся свае беднае маткі, ты не пасаромяўся людзей, ты плюнуў у твар свае мацеры. Да каго-ж ты падобен цяпер? Ты падобен, выбачай, да тэй сьвіньні, што наеўшыся жалудоў, стала лычом рыць карэньні таго дуба, на каторым вырасьлі яны».
Сустрэўшы далей падарожнага, жанчына апавядае яму, што яна шукае дзетак сваіх, каторыя разышліся па сьвеце. Яна хоча сабраць іх у адну сямейку і пачаць жыць сваім жыцьцём. Яна хоча, каб род яе не растросься, ня зьнішчыўся і не расьсеяўся, як тое парахно над прасторамі палёў. Але дзеці цураюцца яе: адна беднасьць і прастача адганяе іх ад яе. A падарожны ей адбазаў: «у цябе, кабетка, вялікая мэта, дзеля каторай варта жыць. Дык ідзі, ідзі, старэнькая, ня бойся: твой голас дойдзе да сэрца тваіх дзетак! Яны пачуюць яго, і душа іх моцна-моцна занудзіцца па родным парозе. Людзі, бы дзеці: ты бачыла, як маленькія дзеткі ганяюцца, бегаюць, ловяць па сьцяце зайчыка. Ало іх ручкі ловяць голыя сьцены, a зайчык або прапаў або перабег у другі бок. Так і людзі на чужыне... Не, галубка, толькі на роднай глебе, на ўласных каранёх дае дрэва багаты плод...»
«На дарозе жыцьця»—гэта жывы абраз Беларусі. Беларусь не сабрала яшчэ сваіх дветак. яна не пачала яшчэ жыць сваім жыцьцём і не дачакала яшчэ даўгажаданага сапачынку. А беларускае грамадзянства, гэты Васіль-хам, усё яшчэ не прызнае і выракаецца свае маці-Беларусі. Мы яшчэ і сёньня чуем, як крычыць на яе пэўная частка нашага грамадзянства: «Ідзі прэч ад мяне, шалёная кабета!» І яна йдзе, становіцца на камень каля крыжа—эмблемы хрысьціянскай веры—ды як тая жанчына ў сцэн. творы «На дарозе Ж.» моліцца найвышэйшай сіле: «Божа, расьпяты на крыжы! Зьнімі з мяне цяжкі крыж мой і пакажы мне дарогу ў сэрца маіх дзетак!» Але мы ведаем, мы ўжо бачым, што тая дарога ўжо знойдзена, і па ёй агромністай чарадой варочаюцца беларусіны да дому. А значыць, сапачынак ужо блізка. Блізка нашая Абяцаная Зямля. Беларусь падышла да мяжы яе. Ужо можна ўзайці на тую высокую гоpy, адкуль відаць шырокія прасторы свайго ўласнага нацыянальнага жыцьця. Там, у межах нашае Абяцанае Зямлі, мы будзем гэтак сама жыць, працаваць і змагацца, але праца наша, барацьба наша асалодзіцца нявымоўнай радасьцю свае нацыянальнае творчасьці, бо толькі на роднай глебе, на родных карэньнях дае дрэва багаты і пажаданы плён... Яшчэ ня раз мы спатыкнемся, яшчэ ня раз акрывавяцца рукі нашы і ногі нашы на камяністай дарозе да новага жыцьця, але Абяцаная Зямля відаць. Ясным сонцам яна сьвеціць нам і нагародзіць тых, хто так прагнуў яе, што й душу сваю аддаваў за краіну сваю. Так, Беларусь яшчэ ў муках адраджэньня, але падыходзіць ужо час яе доўгачаканага сапачынку...
Беларусь у вобразе няшчаснай мацеры, шукаючай сваіх пагубленых дзяцей—гэта ўлюблёнае ўвасабленьне Якуба Коласа. На гэтую тэму мы маем яго вялікай натхненнасьці верш «Няшчасная маці» у новым зборніку вершаў «Водгульле» (стр. 32):
У кожную ночку, як сьвет заціхае, Ідзе яна ціха, як ночка, панура, І далей бяз шуму ідзе на балоты, Абходзіць магілы, на прыклад садзіцца * * * І людзі гавораць, што часта чувалі І чулае вуха той плач улавіла. Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі? |
Тут мне ўспамінаюцца словы старасьвецкага польскага поэты Каханоўскага: «А калі адчынены каму дзьверы да неба, то гэта тым, хто служыў айчыне». Калі праўду сказаў Каханоўскі, калі заслугі, паложаныя для айчыны, адчыняюць дзьверы да неба, то наш найслаўлейшы поэта Якуб Колас будзе цешыцца вечным райскім жыцьцём, несьмярценнаю славай поэты-беларусіна, бо ён верна слугаваў і слугуе сваей айчыне пяром, абмочаным у сьлязах смутку і жальбы. Любоў яго да маці-Беларусі, што нарадзіла і выгадавала яго, шырокая, як мора, і безгранічная, як сьвет. Мы маем поэтыцкую творчасьць Якуба Коласа, пранятую такім агністым замілаваньнем да свае няшчаснае айчыны, якога ня выявіў ніводзін славянскі народ, не выключаючы і Польшчы. А гэта ўжо скарб ня толькі беларусінскі, гэта ўжо дыамэнт у кароне агульна-людзкой літаратуры.
Уся літаратурная творчасьць Я. Коласа—творчасьць нацыянальная. У ёй, як у люстры, адбіваецца нашая прырода, дух і характар нашага сялянскага народу, аднолькава, як у падзеях дадатных, так і адмоўных, як у добрай, так і благой долі. І апрача таго, літ. твор. Я. Коласа ня толкі люстра ўсяе сучаснае Беларусі,—яна наша і настаўніца; бо вучыць нас любіць сваю краіну моцна, аж да сьмерці. Літаратура—гэта выдатнейшая азнака жыцьцёвасьці і будучыны народу. «Літаратура кожнага народу, — кажа польскі гісторык літаратуры, Брадзінскі—становіць моральны быт яго; яна бясьпечна ў сваіх граніцах і ніякаму зьнішчэньню не падлягае».
27. ІV. 22.
МЕНСК.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.