Наша Ніва (1906)/1909/2/З чужыны

З чужыны
Верш
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
1909 год
З чужыны (Цётка)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I душна, i цесна, i сэрцэ самлела
Мне тут на чужыне, здалёк ад сваіх...
Як птушка на скрыдлах ляцець бы хацела,
Як хваля па моры, плыла бы да іх!

Знелася б, здаецца, расінкай на хмары,
А хмары бы ветрам сказала я гнаць
Далёка, далёка, гдзе сьняцца мне чары,
Гдзе боры густыя над Нёмнам шумяць,

Гдзе пацеркай белай Вілья прабегае,
Гдзе Вільня між гораў гняздо сабе вье,
Гдзе кожна дарога i крыж мяне знае,
Гдзе ўсё, усё чыста вярнуцца заве!

Там я нарадзілась і вырасла ў волю,
Там першые словы вучылась казаць.
Затое сягоньня ляцела б стрэлою
Там зь імі, з усімі год Новы спаткаць!

Ой, мілые, мілые, сьнегам пакрыты
Загоны, лясочкі, дарожкі мае!
Эх, як вы у сэрцы маім не забыты,
Як часта абраз ваш у думцэ ўстае!

А вы, бледны твары, панурэны ў працы,
I ты, друг мой, смутак зь ix сьлёзных вачэй,
Прыміце сягоньня прывет мой гарачы,
Каб жыць нам было ў гэтым годзе лягчэй!..

Кракоу, 1 январа 1909 г.