Наша Ніва (1906)/1909/43/Сіняя кніжэчка
Сіняя кніжачка Апавяданьне Аўтар: Васіль Стафанік 1909 год Арыгінальная назва: Синя книжечка Пераклад: Рамуальд Зямкевіч |
Іншыя публікацыі: Сіняя кніжачка |
(З Васыля Стэфаныка).
Той Антон, што крычыць там на сходзе пьяны, заўсягды быў неякі нешчаслівы. Усё ішло ў яго з рук і нічога ў рукі. Купіць карову — прападзе. Купіць сьвінку — астанецца ў яго толькі шчаціна. І так кожным разом.
Але калі у яго жонка памёрла, а пасьля два сыны, Антон ня той стаў. Піў і піў, і піў: прапіў кавалак поля, прапіў гарод, а цяпер і хату прадаў. Прадаў хату, узяў ад старшыны сінюю кніжачку службовую, дый мае ісьці недзе наймацца, службы сабе шукаць.
Сядзіць вось там пьяны і лічыць, каб сяло чуло, каму прадаў поле, каму гарод, а каму хату.
— Прадаў і баста! Не маё дый усё. Не ма-а-ё! Ай каб дзед мой устаў з труны! Мосьпане, меў чатыры валы, як сьлімакі, двадцаць чатыры маргі поля, хата на цэлую вёску! Усё маў. А цяпер, глядзіце!
Паказываў селянам сінюю кніжэчку.
— Ай пью і ешчэ піць буду. За сваё пью, ніхто да таго ня мае дзела. А ён мне кажа: прапіў ты землю. Печатку кладзе і лае! Эгэ, не такіх я старшыноў відзеў.
— Каб табе так лёгка было паміраць, як мне гаспадару лёгка.
— Іду я с хаты, такі саўсім ужо выходжу, пацалаваў парог дый іду. Не маё: дык што-ж рабіць? Гані як сабаку ад чужоі хаты! Можна — прашу. Было маё, а цяпер чужое. Выходжу на двор, а лес шуміць, славамі гаворыць: вярніся, Антон да хаты, ой вярніся!
Антон бьецца абодвымі кулакамі ў грудзі, аж гоман расходзіцца па вёсцэ.
— Ведаеце, такая ўзяла мяне нуда, такая нуда! Ўходжу ізноў у хату. Пасядзеў, пасядзеў, дый выходжу, — не маё, што-ж казаць, калі не маё!
— Каб маім ворагом так паміраць лёгка, як мне сваю хату пакідаць!
— Выходжу на двор, ды нешта ешчэ мяне дзяржыць. Зялёны мох на хаце, траба б яе скрыць. Дарма—не я цябе, нябога, буду крыць. Камень — хаця камень і той лопнуў бы з жалю.
Антон бье аб землю рукамі, бытцам аб камень.
— Сеў я на прызьбе. Ешчэ нябошчыца маці масьціла, а я гліну вазіў. Толькі хацеў падняцца, а прызба не пускае, пробую ешчэ — не пускае. А мне жаль не жаль, не! Адначэй гіну... Сяджу і плачу, так плачу ды стагну, бытцам хто палосы дзярэ з мяне. Людзі заглядаюцца на пакутніка.
— Глядзіце, там каля варот поп прамову казаў. Усе плакалі. Добрая, кажэ, жонка была, працавітая...
Перэварачывайцеся ў магілках, нябошчыкі, бо я лайдак. Прапіў усё да ніткі. І палатно прапіў. Чуеш, Марына, і ты Васіль, дый ты Юрка, цяпер бацька ваш жыдом ваду будзе насіць, ды ў бруднай кашуле хадзіць.
Антон цяпер паказывае на старшынову хату.
— Але старшыніха добрая кабета. Вынясла мне хлеба на дарогу, каб старшыня ня відзеў. Нехай Бог твае дзеці благаславіць, дзе нагой толькі ступяць. Нехай вам усім Бог дае лепей, як мне..
— Чаго-ж мне сядзець на чужой прызьбе?
Іду. Толькі ступіў, а вокны ў плач. Заплакалі, як дзеткі малые. Лес ім нешта шэпча, а яны сыплюць сьлязу за сьлязой як боб. Заплакала за мной хат. Як дзіця па мацеры, — так плакала.
— Палой абцëр я вокны, каб ня плакалі па мне, бо дарма, дый адыйшоў саўсім.
— Ай лёгка, як камень грызьці. Цёмны сьвет перэда мной.
Антон водзіць рукой вакол сябе.
Маю ешчэ грошы і піць буду. З нашымі людзьмі напьюся і з імі страчу. Нехай памятаюць, як я вёску пакідаў.
— Глядзіце, за пазухай маю сінюю кніжэчку. Вось мая хата і маë поле, і мой гарод. Іду з ёй на край сьвета. Кніжачка ад цара, ўсюды маю дзьверы ў пятніку адчынены. Ўсюды. І да паноў, і да жыдоў, і да ўселякай веры!
Пералажіў з украінскай мовы. Р. Зем-віч