Наша Ніва (1906)/1909/5/Грайка
Грайка Верш Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка) Крыніца: Наша Ніва, 1909, №5 |
Граў бы я многа, дый сіл не хватае,
І рвецца за стрункаю струнка,
Хоць песьня ешчэ не замёрла ўдалая,
Хоць родзіцца думка за думкай.
Граў бы я многа, ды сьмерць кажэ «годзе!»,
Ў магілку мне ладзіцца кажэ…
Эй, рвіцеся струны, што гэта мне шкодзе?
Ў магілку супольна мы ляжэм!
Можэ с тэй ліры вырасьце іва,
С парваных струн — белыя кветкі,
Можэ вясною будуць ігрыва
У дрэўца ценю гуляць дзеткі,
Можэ хто з дзетак скруце жалейку —
Ўнучку паломанай ліры —
І так заіграе, што ўсенька зямелька
Пачуе мой одгалас шчыры!
Дзедавы струны, рана парваные,
Зноў громка азвуцца, як звоны,
Песьня, за жыцьця яго недаграная,
У сэрцы ўнука дасць плёны.
А на задушкі пад цёмнаю івай
Жывое пачуецца слова,
Што песня ўстала с стотысячнай сілай,
Жыве мая ліра нанова!
Кракоу
(1909)