Наша Ніва (1906)/1912/12-13/Дзень рожэвай кветкі

Дзень рожэвай кветкі
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 12-13, 22 (4) сакавіка 1912 г., б. 1-2
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзень рожавай кветкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзень рожэвай кветкі.

Зарумянілося на ўсходзі небо, і земля пачала скідаць з сябе белы вэлён лёгкаго, маёваго туману.

Ціха, бытцым будзячыся па здаровым сьне, уздыхнуў лес; і гэты спакойны, здаровы ўздох пакаціўся ў шырокі луг, захвалеваў зялёным дываном сочнай травы, аддаўся на жытнім моры…

Драч апошні раз прабубнеў сваю хрыплую песьню, а разбудзіўшыеся ластаўкі разселіся ў рад на выступаючым са стрэхі шастку і пачалі строіць сваю лагодную капэлю.

На ўсходзі ўсё ешчэ калыхалася чырвоная зарніца, як сонцэвы сьцяг, але вось скрозь чэрвень гэтаго сьцягу прабіўся ў гару першы сноп вострых, доўгіх праменёў…

Раздаўся чароўны павітальны гімн усхадзячаму сонцу, сымволу дабра і праўды…

У адну з гэткіх чароўных раніц абудзілася пад малым ваконцэм селянскай хаты чырвоная рожа. У раскошных прасонках скранула лісткамі, і з аксамітнай іх зелені пасыпаліся швуркі брылянтавай расы; ешчэ раз скранулася рожа, і на аднэй з галінак трэснуў кветны пучок, а с паміж зялёных клапцікоў выглянула чырвоная кветка, першая кветка гэтай вясны…

Паміж стыдліва напоўрасхіленых кветных лісткоў закаціліся дзьве капелькі чыстай, іскрыстай расы і выгледалі, як пара сьмяючыхся вочэк дзеўчаці.

А калі праз зялёные косы плакучай бярозы прабіўся сонцэвы прамень і пацалаваў кветку, па ей разліўся густы румянец, і пара сьветлых вочэк зайскрыліся, бытцым стрымліваючы у кветнай душы раскаты радаснаго, пустога сьмеху.

Гэтак расьцвіла рожэва кветка пад скромным ваконцэм селянскай хаты, але ня суджэна было ей тут красаваці, ўдыхаючы пах лясоў і лугоў. Гэтай-жэ раніцай адламалі рожэву кветку і аддалі праежджаўшаму пану, што ехаў у горад.

Калі гаспадар ламаў з рожэваго куста кветку, яна, схіснуўшыся, ўраніла свае вочкі, бытцым дзьве дробные сьлёзкі і сталася маркотнай, як зжатае поле…

Прыбыўшы ў горад, пан увайшоў у сьветлые пакоі з залочэнымі белымі мэблямі, з мяккімі пэрскімі дыванамі, па каторых ціха ступалі абутые у скуру ногі людзей, як рысь паступае па сівым імху, чэкаючы здабычу.

Проці яго выйшла белая паня с цёмнымі валасамі і белай, як каліноў цьвет, аткрытай шыей; пан пацалаваў яе пахучую руку і, пацалаваўшы перад тым рожэву кветку, падаў у рукі белай пані; тая ўшпіліла яе лёгка дрыжачай рукой у свае валасы.

Рожэва кветка на цёмна-буйных валасах белай пані схінулася, як бранка ў няволі, каторая, выплакаўшы ўсе сьлёзы, села пад цёмным борам і чэкае прыходу незнанай долі.

.......................

Сьнедаючы за сталом, устаўленым крышталовымі кружкамі і малочна-белай порцэлянай, паня прышпіліла рожэву кветку свайму маладому палюбоўніку, да леваго вылогу чорнаго фрака.

Выходзячы з сьветлых пакоеў паніч той лёгка прыціснуў пальтом рожэву кветку, і яе кволые клапцікі пакрыліся сеткай чуць відочных загібоў; а калі ён ішоў вуліцай і сонцэ заглядало на кветку, яна хіліла сваю галоўку ўсё ніжэй, бытцым стыдаючыся глянуць яму ў вочы.

Гэтак прыйшлі яны ў цяністы сад, дзе паміж дрэў і кветак біў халодны фантан. Брызгі жывой вады ўзлеталі высока, іскрыліся на сонцы і густым дажджом сыпаліся ў ніз, на зямлю.

Паніч, сеўшы на лаўцы, дастаў с кішэня газэту і пачаў чытаць. Пражыло палуднёвае сонцэ, яго сухіе, гарачые прамені даходзілі да рожэвай кветкі выпіваючы пасьледкі сокоў. Яна—сасмагшая, хворая—пачала вянуць.

Злажыўшы газэту, паніч закурыў цыгару і зірнуў раз і другі на кветку: кветка аплюхла і страціла сьвежасць. Адшпіліўшы і пакруціўшы момэнт у руках, паніч кінуў яе на малеваную лаўку ў садзі, а сам пайшоў за сваімі справамі,

Рожэва кветка лежала на малеванай лаўцы, а з ўсіх старон дыхало на яе жарам і лажыўся дробны пыл з расцёртых ў пяску плювоцін. Каб яна магла крычаць, прасіла-б на голас каплі, халоднай каплі с фантану! Але кветка маўчала; каплі жывой вады іскрыліся ў сонцы і перэліваліся, а да яе даходзіў толькі іх плеск…

Хутка вянула кветка, а сеткі загібоў ўсё цямней і глыбей адзначаліся на кветных клапціках ешчэ не так даўно сьвежай, пахучай рожы…

Адвячоркам прыйшоў у сад чэлавек брудна адзеты і, знайшоўшы кветку на лаўцы, узяў яе у свае рукі і пачаў забаўляцца. Найперш адшчыпнуў чэранок, пасьля пачаў расхіляць недаразвітые клапцікі сваімі бруднымі пальцамі. Калі кончыў гэту работу, кветка бытцым разцьвіла; але гэта быў толькі чмут майстра с паплямленымі пальцамі: ён, разрываючы грудзі да самаго сэрца рожэвай кветкі, дабіў яе. Яна цяпер ешчэ хутчэй пачала вянуць.

Калі-ж на кветных клапціках ад грубых і брудных пальцоў пайшлі гнойные плямы, і чэлавеку здакучыло забаўляцца ей, ён, як палюбоўнік панін, кінуў яе ізноў на малеваную лаўку.

Вечэрам прыйшоўшые людзі скінулі кветку далоў і ўтапталі ў лужыну, каторая зрабілася там ад вады с фантана, калі раз вецер пахінуў у бок жывы іскрысты стоўб сваім напорам.

А поўначы, зачыніўшы сад, вартаўнік, узяўшы мятлу, пачаў абметаць сьмяцьцё кругом фантана. Метла заняла і рожэву кветку і, доўгі час качаючы яе па курадымных сьцежках, прыгнала да памыйніцы, куды скідалося ўсё сьмяцьцё са сьцежэк гарадзкога саду.

.......................

У памыйніцы канала рожэва кветка, а перад яе вачамі маячылася убраная у правідны белы вэлён земля, як маладая красуня, заснуўшая спакойным сном. Рожэвы сьцяг на ўсходзі, прадвестнік сонца, сымволу дабра і праўды… Дзьве капэлькі расы, падобные да пары сьмяючыхся вачэй, каторые тояць у кветнай душы раскаты пустога, вясёлаго сьмеху…

А калі ўсходзіло над зямлёй ізноў сонцэ, рожэва кветка ў памыйніцы ўздыхнула апошні раз на гэтай зямлі, аддаючы сваю бязвінную душу ў рукі міласернаго Бога, што стварыў яе.

Власт.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.