Наша Ніва (1906)/1912/12-13/Земскіе суды

З нашай мінуўшчыны. Земскіе суды
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 12-13, 22 (4) сакавіка 1912 г., б. 3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Земскія суды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З нашай мінуўшчыны. Земскіе суды

Земскіе суды.

„Устаўные граматы“, выданные беларускім землям вялікім князем Вітоўтам, успамінаюць аб земскіх судах, як аб ўсім вядомай організаціі, гэтак сама і „Статут“ (друкаваны па беларуску ў 1588 г.) толькі падцьверджае парадкі „судоваго земскаго ураду“, ссылаючыся на „даўные прывілеі і „стары іхні статут“. Гэткім чынам пачаткі організаціі земскіх судоў мы павінны адсунуць у глыбокую мінуўшчыну. І дзеля таго, што земскіе суды вырабляліся векамі на мейсцовым грунці, нельга устанавіць, калі яны зачаліся: яны развіваліся разам з народам і культурай яго.

У XVI сталецьці земскі суд складаўся с трох асоб: судзьдзі, падсудка і пісара. Усе тры гэтые судовые асобы выбіраліся „вольна“ на з’ездзі ўсіх абыватэлёў павету „ад высшаго, да нізшаго стану“, каторые у назначэны дзень прыбылі у той павет, або замак „гаспадарскі“. Як на судзьдзю, так на падсудка і пісара з’езд выбіраў чатырох кандыдатоў с паміж людзей добрых, набожных, веры годных, а ў праве умеетных, пісаць умеючых, родічоў таго панства Вялікаго Князства і ў тым павеці ня нова, не зумышльне аселых“; адным словам, людзей справядлівых, ўсім вядомых, сьветлых. Выбраўшы кандыдатоў, упісывалі іх імёны ў „паданьне“ і за сваімі подпісямі і печацямі пасылалі на зацьверджэньне Вялікаго Князя. Вялікі князь павінен быў выбраць с паміж чатырох кандыдатоў аднаго на судовае мейсцо і зацьвярдзіць „да жывата яго“. Гэта значыць, што судзьдзя, раз выбраны і зацьверджэны, аставаўся судзьдзёй да сьмерці сваей, і ніхто, нават сам гаспадар, ня мог яго скінуць. Рабілося гэтак затым, каб суд ні ад каго не залежаў і мог судзіць на „нікога не агледаючыся“, толькі „павэдле права посполітаго (агульнаго) і сумленьня свайго“.

Пасьля выбароў і зацьверджэньня, на першых „рочках“ (заседаньні) новы судзьдзя павінен быў даць публічную прысягу, што будзе судзіць „не фольгуючы высокім і подлым станом, на достойносьцях і на врадех седзячых, (не зважаючы) на багатаго і на беднаго, на прыяцеля ані на непрыяцеля, на туташняго ані на госьця прыбылаго, не с прыязьні ані з васьні, нез боязьні айі за посулы і дары… ані баючыся казьні, помсты і пагрозак“… На судовы урад право не пазваляло выбіраць асоб духоўных і тых, каторые мелі якіе небудзь іншые ўрады.

Суд адбываўся у асобным абшырным будынку, каторы ў часе судоў быў повен народу. Сходзіліся у суд тые, што мелі свае справы у судзе і чэкалі чароду, і тые, каторые хацелі паслухаць, хто с кім і за што судзіцца. Але гэта не с пустой толькі цікавасьці. Суд у XVI сталецьці—гэта была бытцым школа права, бо ў тые часы знаньне законоў было кожнаму вельмі патрэбно, а разам с тым было знакам культурнасьці, калі хто добра ведаў ўсе парадкі „права посполітаго“. А той, хто нябыў „сьвядомы права посполітаго“ і „абычаёў праўных“,—лічыўся за недавучку. Дый публіка на заседаньнях земскіх судоў ня толькі прыходзіла паслухаць, як цяпер: часта траплялося, што калі між публікай бывалі „паважаные і сьвядомые права посполітаго асобы“, то судзьдзі іх запрашалі к „разсудку праўному”, і яны мелі дарадчы голас пры судовых пастановах, апрача таго кожны, хто быў на судзе, меў право сказаць, што ведаў аб разбіранай справе, ня будучы сьведкай, або сказаць свой пагляд на справу.

Канцэлярыю вёў пісар пры помачы падпіскоў. На падпіскоў ішла ахвотна маладзёж, бо гэта служыло ім заместа школы да далейшай урадовай службы; а калі і ня меў на мэці быць ўраднікам, дык знаньне права надавало „полеру“. Дзеля гэтаго канцэлярыя заўсягды кіпела жыцьцём.

Словам, Беларусы ў XVI сталецьці мелі ўжо найлепшые—нават і паведле цяперашняго паняцьця—суды, бо судзьдзі былі выбарные, дажывотные і незалежные ад ураду. Цяпер гэткіе суды маюць толькі найбольш культурные заходна-эўропэйскіе гасударствы, ды Злучэные Штаты Паўночнай Амэрыкі.

В. Л.