Наша Ніва (1906)/1912/24/Аб хаўрусах рэмесьнікоў

Аб хаўрусах рэмесьнікоў
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 24, 14 чэрвеня 1912 г., б. 3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб хаўрусах рамесьнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб хаурусах рэмесьнікоу

Не багата прырода нашай Беларусі: земля рэдка дзе бывае добрая, а больш за ўсё землі у нас дрэнные і даюць малые ураджаі, ды і тэй дрэннай зямлі для многамільённаго селянства скупа; вось селянство нашэ, як той казаў, не жыве, а мадзее. Каб выбрысьці з беднаты і недастатку, патрэбны які-колечы заработак на старане. Заработак гэткі малая частка селян знаходзіць каля рубкі лясоў, дзе ешчэ які клак застаўся, а большая частка выежджае, шукаючы хлеба, ў чужые старонкі: у Сыбір, на Амур, ды ў гарады ўсяе Расеі на фабрыкі; а ешчэ іншые едуць за морэ у Амарыку і Бразылію. Выежджаюць лепшые, байчэйшые, здатнейшые сілы, астаюцца слабейшые. Народ не павінен пры нормальных варунках пазбывацца лепшых сваіх сіл, але заховываць іх для сябе, для свайго узросту і развіцьця. Яя-жэ мы можэм захаваць гэтые лепшые свае сілы, каторым не хапае куска хлеба у сваей старане? Не хапае работы для крэпкіх рук?

Але далёка ешчэ ня ўсе багацтвы вашай зямлі выкарыстаны, і шмат ешчэ можна выцягнуць з яе; толькі на гэта патрэбна уменьне, навука, ды ешчэ адна драбніца: грошы. Ўсё ж такі ёсць і ешчэ адно поле да працы: гэта—рэмёслы. У Вялікарасеі і ў Сыбіры рэмесьнікі і дробные прамышленікі цягнуць не малые заработкі з гэтаго. Але каб яны працавалі так, як працуюць нашы рамесьнікі, то гэтак сама заработкі іх не былі-б вялікіе.

Уся сіла расейскіх „кустароў“ (гэтак называюць там дробных рэмесьнікоў, што працуюць у сябе дома) у іх хаўрусах. Блізка па ўсіх большых вялікарускіх гарадох даўно ўжо пазакладаліся „арцелі“ (хаўрусы) рэмесьнікоў: сталяроў, сьлесароў ганчароў і др. Калі асобнаму чэлавеку цяжка здабыць грошы на інструмэнты і матэр’ялы, то гэта лёгка даецца хаўрусу. Асобнаму ремесьніку цяжка пазычыдь гроша, а хаўрусу лёгка. Кустарные хаўрусы ў Вялікарасеі дабываюць грошы такім парадкам: найперш складаюць хаўрус павэдле нормальнаго, апрацаванаго міністэрствам фінансоў уставу, пасьля плацяць членскую складку ў кассу хаўрусу (па 3, 5, 10 рублёў, ці болей с кожнай душы) і бяруць пазычку з банку, за гэтые грошы наймаюць кватэру, купляюць матэр’ялы, плацяць сваім хаўрусьнікам за выраблены імі тавар і даюць грошы на розные другіе расходы. Гэткім парадкам вялікарускі рэмесьнік-селянін мае работу і заработак, седзючы у сваей вёсцы, мае грошы на пачатак промыслу.

У нашай Беларусі ні мала ёсць людзей, зручных да рознаго рэмесла, але заработак іх малы, бо яны ідуць паасобку, а каб залажыць які большы інтэрас ў іх нехапае грошы,—вось жэ будучына нашых хатніх промыслоў можэ быць толькі ў хаўрусох.

Пры прошлым нумары мы разаслалі нашым чытачом кніжку „Як багацеюць чэскіе селяне“, там расказаваецца, якім парадкам чэскіе хлебаробы дайшлі да навукі і багацьця. Ішлі яны да гэтаго праз хаўрусы. Праз хаўрусы і хаўрусам і мы здалеем падняць сельскую гаспадарку і даць заработак тэй арміі нашых беларусоў, каторые выносяць свае лепшые сілы у чужые старонкі.

Л.