Наша Ніва (1906)/1912/30/Якім павінен быць беларус?

Якім павінен быць беларус?
Публіцыстыка
Аўтар: Баляслаў Пачопка
1912 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Якім павінен быць беларус?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кожын разумны чэлавек скажэ, што, каб быць добрым беларусам, то канечне трэба быць добрым і справедлівым „чэлавекам”. Але ёсць і такіе галоўкі, каторые на гэта пытаньне атказываюць зусім іначэй. Вось дзеля гэтаго і хачу сказаць аб гэтым слоў колькі.

Хто ня бачыў людзей, валяючыхся па равох, як тая скаціна, хто ня чуў іх лаянак, пракляцьця, бязстыдных песьняў'?! Хто ня бачыў бедных матак з дзяцём на руцэ, другое вядзе за ручку, а трэйцяе носіць пад сэрцэм ешчэ... і ідзе яна... куды? мо купіць дзіцяці на сукеначку, мо да крамы па хлеб? Не! яна ідзе і плачэ і кляне, бо ідзе за мужэм, што дастаўшы колькі рублёў за цэлатыднёвую працу, ходзіць ад піўной да другой, пакуль не прапье да апошняй кацейкі. Бачучы гэткаго мужа і бацьку, барануючаго нагамі зямлю па вуліцы ды лаючаго жонку, ці лежачаго у раўчаку, — ці-ж падумае хто разумны, што гэта ён бачыць чэлавека, вартаго гэтай назвы? О, не!

Усяк скажэ, што гэта жывёла, бо ўжо розуму адрокся і робіць тое, чаго і жывёла ня робіць. Бо жывёла ня робіць таго, што ей шкодзіць; гэты-ж чэлавек не глядзіць на тое, што гэтак укарачвае сабе жыцьцё, наганяе розные хваробы, а праз яго мучаюцца голадам бедная жонка і нічым ня вінные дзеткі... З боку глянуўшы на гэта, сэрцэ сціскаецца і сьлёзы коцяцца з вачэй, а ён, спраўца гэтаго усяго, пяець безстыдную песьню і нічога ня бачыць.

Дык ці можэ гэткі добрым беларусам быць? А крый нас Божэ! Беларус павінен мець за аснову: „любі, а тады рабі, што хочэш“.

Так. Любі сам сябе і рабі с сабой, што хочэш. Дык жэ пэўна ня пойдзеш туманіць сабе галаву гарэлкай ці півам, бо ты сябе любіш, а гэта табе шкодзіць.

Любі жонку і дзяцей, а пасьля рабі, што хочэш; дык пэўна не дасі зломанаго граша на гарэлку, калі грошы патрэбны на яду, адзежыну і другіе рэчы у сямейцы.

Любі усіх суседзяў і ўсіх людзей, а тады рабі, што хочэш;дык пэўна ня пойдзеш красьці іх дабро, нікога ня ўдэрыш, ані абмовіш,—словам, нікога ня скрыўдзіш, калі будзеш усіх любіць.

Любі бацьку і матку, і ніколі ты не падыймеш рукі на іх і не зневажыш іх грубым словам.

Любі і ўсякае стварэньне, дык ня будзеш мучыць безлітосна каня і каровы, ня будзеш без патрэбы ламаць дрэўцаў, словам ва ўсім будзеш шанаваць жыцьцё і здароўе, катораго ты ім даць ня можэш, значыць, і адбіраць ня маеш права.

А калі з вас спаткаў хто такога чэлавека, што гэтак усякаго і ўсё любіць, усякаго і ўсё шануець, ці-ж не падумалася вам тады: „Вось, каб гэткімі былі ўсе беларусы!“

Так: Любі! — гэтаго досі. Любі і каханую нашу матку Беларусь, а тады рабі, што хочэш; дык пэўне ня вырачэшся сваей роднай мовы, ды будзеш шчыра працаваць дзеля дабра роднаго краю і народу. Так. Любі, а пасьля рабі, што хочэш, дык і будзеш добрым і справядлівым беларусам!

Б. П—ко.