Наша думка (газета)/1921/15/Тры трубы залотыя…

Тры трубы залотыя…
Верш
Аўтар: Лявон Вітан-Дубейкаўскі
1921 год
Крыніца: Часопіс «Наша Думка», № 15, 15 красавіка 1921 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Тры трубы залотыя


(На тле старасьвецкіх беларускіх вайсковых песьняу).


Ай лес к лесу клоніцца,
Вярхушачкі ломяцца!
Ай люлюхны, люлюхны:
Вярхушачкі ломяцца!

Як зачула матухна
Тры трубы залотыя,
Ай люлюхны, люлюхны:
Тры трубы залотыя,

«Ці ня мой-жа то сыночак
На вайну саружаецца?»
Ай люлюхны, люлюхны:
На вайну саружаецца?

А ў першую зайгралі,
Конікаў сядлаючы!
Ай люлюхны, люлюхны:
Конікаў сядлаючы!

А ў другую зайгралі:—
З хаты выпраўляючы!
Ай люлюхны, люлюхны:
З хаты выпраўляючы!

А ў трэйцюю зайгралі,
Вайну падымаючы!
Ай люлюхны, люлюхны:
Вайну падыймаючы!

Ай лес к лесу клоніцца,
Вярхушачкі ломяцца!
Ай люлюхны, люлюхны:
Вярхушачкі ломяцца!

Ай плакала-ж матухна, —
Сыночка чакаючы!
Ай люлюхны, люлюхны:
Сыночка чакаючы!


Лявон Вітан—Дубейкаўскі.