Нашто глядзіш ты мне ў вочы…
Нашто глядзіш ты мне ў вочы Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1926 Крыніца: Малады араты. — 1926. — № 14. — С. 10. |
* * *
Нашто глядзіш мне так у вочы,
Скажы, о любая, скажы?
Пад гэты змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць.
Я знаю: сэрца тваё б’ецца
Агнём нявыпітай крыві,
І вось затым ў шырокім свеце
Хачу я песні абнавіць…
Ты горка плачаш, слёзы льюцца,
Яны гараць-пякуць агнём.
Глядзі навокал: кветкі й людзі
Цябе вітаюць з новым днём.
А так нядаўна, так шчасліва
Твой смех палаў ў маіх грудзёх,
Калі мы дружна, хоць маўкліва,
Ішлі змагацца за жыццё!
І ты парою песні пела,
Як птушка вольная дуброў,
І ўсё на нівах паланела,
Як паланее толькі кроў!
І так ішлі ў трывозе ночы,
Так беглі дні і ўсё жыццё.
А я маўчаў, і толькі вочы
Шукалі нешта над трысцём.
І я не знаў, што ў час расстання
Душу мяцежную аддам
Ўсяму, што з подыхам світання
Імкнецца ў радасную даль.
Дзе ёсць другая маладзіца,
І гэта песня для другой,—
Я толькі ёй адной маліўся,
Адну кахаў сярод лугоў.
Чаго ж глядзіш так мне у вочы,
Скажы, о любая, скажы?
Пад гэты змрок халоднай ночы
Я не магу з табою жыць!