Нашы дні (1937)/Песня аб вясне

Ноч Песня аб вясне
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Маёй каханцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня аб вясне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСНЯ АБ ВЯСНЕ

Уцякай, мароз-дзядуля!
Чуеш ты, стары, ці не?
На пагорках булі-гулі! —
Песні чуюцца вясне.

Звоніць, скача, як дзіцятка,
Гэты жэўжык ручаёк.
На яго, бы тая матка,
Сонца кідае свой зрок,

А ён, гучны і смяшлівы,
Так і ходзіць, аж дрыжыць,
І другі сябрук шчаслівы
Насустрэч яму бяжыць.

Ты паслухай, дзед сярдзіты,
Што там чуецца ўгары?
Што за спеў за самавіты
Ў небе правяць песняры?

А зіма аж пачарнела —
Годзе ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем весну прывітаць!

А як слаўна каля хаткі
Нам пабегаць, пагуляць!
Ну, зіма: збірай манаткі,
Годзе нас табе ўшчуваць!
Маладая вясна,
Залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!

Вокам маткі зірні,
Бледнасць з твару згані!
Дай уздужаць малым
Пад павевам тваім.
Мы вяночак спляцём,
Табе песню спяём.

1922 г.