На варту Яню
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1937 год
Калгасу „Слабада“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Яню (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Прадстаўніку Кітая ў Жэневе)

Ох, бедны Янь, цябе мне шкода:
Як ні спрачаўся ты з Сато,
Не падтрымаў цябе ніхто, —
Такая воўчая іх мода.

Эх, мілы мой. Там многа Джэкаў,
Што выпускаюць трыбухі —
Адпусціць папа ім грахі
За іх крывавую апеку.

Хоць дыпламат ты, бедны Яне,
Да ты наіўны чалавек,
Бо меў надзею, што за здзек
Супроць японца папа ўстане.

Дзівак! ну што такое папа?
Старыя рэзгіны, труна!
Ты чуў адказ ад шаптуна?
Маліцца богу будзе, шляпа.

Каб між Кітаем і Японцам
Быў мір, калі той бог захоча.
Але раса, брат, выесць вочы,
Пакуль узыйдзе тое сонца.

Глядзі, як папавы „авечкі“
Шлюць за даларчыкі рублі
Японцу з зброяй караблі —
І папа будзе мець „на свечкі!“

Дык кінь, брат Янь, ты спосаб гэты.
Вярніся лепш у свой Кітай
Ды за кітайскія Советы
Ты голас голасна падай!

1932 г.