Нашы патрэбы
Нашы патрэбы Публіцыстыка Аўтар: Язэп Лёсік Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», №19, 20, 22, 23. - 11, 17 верасня, 4, 9 кастрычніка 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына). |
I
правіцьСялянам, як рыбе вада, патрэбна зямля. Без зямлі селянін затхнецца на Беларусі, як рыба на беразе. Не гледзячы на тое, што навокала процьма зямлі і панскай, і казённай, і манастырскай, і што гэтай зямлі хваціла б на ўсіх аж занадта, а нашаму селяніну прыходзіцца ўсё-такі пакідаць сваю родную хату, расставацца са сваімі людзьмі ды вандраваць у свет шукаць сабе хлеба… Найчасцей, нажаваўшыся з роднай краінай, падаецца ён у чужы далёкі горад, часамі ў Амерыку, а праз апошнія гады сяля- не нашы цэлымі вёскамі перасяліліся ў Сібір. Але нідзе няма лепей, як дома. На чужыне заўсёды нудна, кепска і нядобра. Апарт таго, чалавек, трапіўшы на чужыну, пачынае пераймаць чужую мову, чужыя звычаі і калі прыпадкам і вернецца дадому, дык пачувае сябе як адрэзаная луста хлеба. Пераняўшы чужую гаворку, чужыя звычаі і ўклад жыцця, чалавек як-бы ўмірае для свайго краю і народу. Такім чынам, народ можа раскідацца па свеце, аслабець, расцярушыцца, як нацыя, і загінуць саўсім, як асобны народ. Вось і трэба парупіцца і паклапаціцца аб тым, каб гэтага не здарылася, каб народ наш беларускі жыў заўсёды разам, на сваёй беларускай зямлі, каб ён рос, крапчаў і пашыраўся ды не даў сябе праглынуць большым і дужэйшым суседзям.
Цяпер, дзякуючы рэвалюцыі, атрымана поўная магчымасць ухіліцца ад гэтых сумных і прыкрых з’явішч. Дзеля гэтага народ павінен адбудаваць нанава ўвесь дзяржаўны лад у гасударстве, трэба завесці новыя парадкі ва ўсём грамадскім жыцці. Стары парадак згніў і раскідаўся, і так ці гэтак, а людзям трэба будаваць новы парадак. Кожын з нас памятае, як трудна жылося пры старым парадку. Вось жа і трэба цяпер усё ўважна абмеркаваць, абгледзець і парупіцца аб тым, каб той новы парадак, каторы мы маем пабудаваць, быў дапасаваны да нашых патрэбаў, да патрэб усяго працоўнага народу, каб ён не ціснуў на нас, як даўней, не валтузіў і не запыняў нашага поступу да лепшага жыцця, а каб, наадварот, дапамагаў нашаму развіццю і спрыяў нам у нашых дамаганнях лепшай будучыны.
Патрэб у кожнага народу многа, але ўсе іх можна раздзяліць на дзве часткі — на патрэбы агульныя, каторых дамагаюцца ўсе людзі на свеце, усе народы або нацыі, і на патрэбы асабістыя, каторыя аднаму народу не патрэбны, бо яны ўжо іх маюць, а другому патрэбны, як хлеб і вада. Гэтыя асабістыя патрэбы маюць усе дзяржаўныя нацыі, як у нас расійцы, або маскоўцы, напрыклад, і не маюць іх нацыі недзяржаўныя, як мы, беларусы, і ўкраінцы ці літоўцы ў Расіі.
Мы — беларусы, нацыя недзяржаўная, а гэта значыць, што мы апроч агульных, супольных патрэб з усімі народамі Расіі маем яшчэ свае асабістыя, беларускія патрэбы. Гэта мы заўсёды павінны трымаць на ўвазе і ў сваіх палітычных і грамадзянскіх дамаганнях павінны кіравацца сваімі інтарэсамі, сваімі беларускімі патрэбамі. Без гэтых сваіх асабістых патрэб трацяць свой сэнс і значэнне агульныя патрэбы. Да агульных, супольных усім народам Расіі, патрэб належаць зямля і воля, а ўсе асабістыя патрэбы можна выславіць адным словам: аўтаномія, г. зн. права самім заводзіць у сябе свае парадкі, права на тое, каб наша родная беларуская мова скрозь панавала ў нашым краі, каб на ёй вучыліся, гаварылі, каб яна ўжывалася нараўне з расійскай ва ўсіх урадавых інстытуцыях, каб развівалася наша беларуская культура, літаратура, навука, умеласць, каб мы, беларусы, сталі нараўне і поплеч з усімі народамі, што жывуць на свеце — з расійцамі, палякамі, французамі, ангельцамі, немцамі і т. д. Усяго гэтага мы прычакаем, калі даб’ёмся сабе аўтаноміі, калі здабудзем аўтономію для нашага краю, аўтаномію Беларусі.
Учыніўшы рэвалюцыю, мы здабылі сабе волю. Волю мы ўжо маем, але аб зямлі трэба яшчэ падбаць. Маючы волю, лёгка здабыць сабе зямлю. Дзеля гэтага і кажуць, што воля — самая важная і самая грунтоўная патрэба чалавека. Без волі чалавек, як без вады рыба.
Да гэтага часу мы ўсе жылі для багачоў і правіцельства, дзеля сябе нам некалі было жыць, дый не давалі нам жыць дзеля сябе. Цяпер жа гэта мінулася. Дзякуючы волі, мы можам узяць уладу ў свае рукі і павінны ўзяць яе так, каб потым ніхто не мог адабраць. Бо які народ не возьме ўлады ў свае рукі, дык ён мала таго, што не разжывецца на зямлю, але страціць яшчэ і сваю волю ды зноў пападзе ў няволю да багачоў і цароў. Вот жа каб гэтага не было, каб не апынуліся мы зноў каля разбітага карыта, дык нам трэ падумаць, ад чаго гэта залежыць. А залежыць гэта будзе ад таго, каго мы пашлём да Учрадзіцельнага Сабранія, або па-нашаму, да Устаноўчага Сойму. Значыць, да Устаноўчага Сойму нам трэба паслаць такіх людзей, каторыя павінны ўстанавіць у Расіі федэратыўную дэмакратычную рэспубліку або, сказаць па-нашаму, каб кожан народ быў сам сабе галава і каб увесь народ быў сам сабе цар. Вось калі мы ўстановім у нашай дзяржаве гэтакі лад, тагды, напэўна, можам шчыра падзякаваць тым, хто меў многа зямлі: панам, царам і манастырам. І тагды нашы дэпутаты, каторых мы самі выбярэм ды пашлём да Устаноўчага Сойму, напішуць такі закон: «Уся зямля ў нашым гасударстве належыць усяму народу». Пасля гэтага кожны чалавек, мужчына ці кабета, можа ўзяць, калі захоча, роўны з усімі кавалак зямлі ды працаваць на ём, жывучы на карысць сабе і ўсім добрым людзям. Будзе ўстаноўлена «працоўная норма», або, іначай сказаць, колькі дзесяцін або маргоў у той ці іншай мясцовасці можна даць на душу. Трэба заўважыць, што кавалак зямлі будзе давацца такі, каб чалавек мог жыць на ём па-людску. Будуць меркавацца з тым, каб хваціла не толькі піць, есці ды хораша прыбрацца, але каб чалавек мог купляць сабе кніжкі, выпісваць газеты, хадзіць у тэатр. Гэтага кавалка зямлі ніхто не мае права ні прадаць, ні залажыць, ані здаць у арэнду. Ён твой, покі ты працуеш на ём, а перастаў рабіць — зямля зноў адыходзіць да народу. Такім чынам, адзін чалавек ніколі не збярэ многа зямлі і не будзе ў вёсках ні вельмі багатых, ні надта бедных — хіба хто будзе занадта гультаіць.
Гэтак кажуць адны. На іх думку, гэта самы лепшы спосаб развагі зямельнага пытання. Другія ж з імі не згаджаюцца і кажуць: што будзе рабіць удава з дробнымі дзяцьмі? Парабка наняць не можна ды ён і сам не пойдзе, бо будзе мець сваю ўласную гаспадарку, а тым часам есці трэба. Яны, гэтыя другія, гэтаксама кажуць, што зямля павінна належаць да ўсяго народу, але не трэба яе рэзаць на дзялянкі і рабіць з яе арцабную дошку. Пры такім парадку не павернешся ў полі з вялікай машынай і будзеш поркацца з сахою, як і дзед твой поркаўся. Наогул, народ павялічваецца, а зямля ўсё тая. Каб яна магла пракарміць усіх людзей, дык яе трэба штораз лепей абрабляць і ведаць, дзе, як і што лепей пасеяць. Гэта вымагае агульнай развагі, харошых знаўцаў земляробства і прасторнасці ў полі. А адзін чалавек на сваём невялічкім кусочку хіба ж можа з усім гэтым управіцца? Вот людзі і кажуць, што пасля таго, як зацвердзіцца закон, што ўся зямля пераходзіць да рук усяго народу, дык яе не трэба дзяліць на дробныя часткі, а каму-колечы прырэзаць, а рэшту заставіць у вялікіх, асобных кавалках, каторыя будуць абрабляцца тымі, хто не мае ўласнай гаспадаркі — накшталт таго, як гэта робіцца на фабрыках і заводах. Там кожны работнік не мае нічога свайго, асобнага, а працуюць усе разам, як бы не дзеля сябе, а, тым часам, і робяць яны меней за селяніна ў полі, і жывуць яны лепей за земляроба або за таго, хто мае свай уласны кавалай зямлі. Дзеля загаду ўсёй працай на такіх вялікіх кавалках будуць выбірацца пры кожным месцы мясцовыя «зямельныя рады», каторыя і будуць кіраваць усім гэтым, як загадчыкі, кіраўнічы і інжынеры на фабрыцы ці заводзе.
Як бачым, на кожнае пытанне людзі маюць свае асабістыя погляды, каторыя яны стараюцца правесці ў жыццё. Кожнаму здаецца, што яго погляд найлепшы і разумнейшы за другіх. Але каб той ці іншы погляд зрабіўся законам для ўсіх, дык яго павінна зацвердзіць Учрэдзіцельнае Сабраніе, або Устаноўчы Сойм, па-нашаму. Значыць, усё будзе залежаць ад Сойму і ад таго дзяржаўнага ладу, каторы ён установіць. А ўсё гэта агулам залежыць ад таго, якіх мы выбярэм ды пашлём да Сойму дэпутатаў. Значыць, перш-наперш трэба падумаць аб тым, якіх людзей нам выбіраць за дэпутатаў. Трэба глядзець, каб да Устаноўчага Сойму не папаў вораг простага народу; асабліва ж трэ пільнаваць, каб не выбраць ды не паслаць туды ворага нашай бацькаўшчыны, Беларусі. А гэта можа здарыцца, калі мы будзем падаваць голас за чалавека, каторага саўсім не ведаем, або прадамо свае галасы за чарку гарэлкі ці за грошы, як гэта даўней рабілася пры воласці. Няхай не дажывём мы да гэтага сораму, да гэтакага ганебнага ўчынку. Нам, беларусам, асабліва трэ трымаць вуха востра. Мы народ удвойчы пакрыўджаны, нам мала таго, што хто паабяцае стаяць у Сойме за зямлю і волю. Зямля і воля — добрая рэч, але мала з гэтага карысці будзе, калі мы зноў пападзём у нацыянальную няволю да расійцаў ці палякаў. Мы павінны кожнага, хто дакляруе нам зямлю, яшчэ спытаць, а як ён, пане-дабрадзею, ставіцца да нашай мовы, а ці шануе ён нас як беларусаў, ці хоча ён або ці будзе стаяць у Сойме за тое, каб у нас былі свае беларускія школы, каб мова наша панавала ў нашым краю, каб у нас былі свае беларускія парадкі, каб мы сваёю зямлёю распараджаліся самі так, як гэта нам люба і карысна — адным словам, мы павінны спытаць, ці будзе ён дамагацца аўтаноміі Беларусі. А калі ён нам гэтага не дакляруе, дык мы павінны прагнаць яго ад сябе прэч, хоць бы ён быў і сацыяліст. Аўтаномія нам патрэбна, як рыбе вада, птушцы воздух, а земляробу зямля. Без аўтаноміі і зямелька не пойдзе нам на карысць. Гэта мы павінны цвёрда запамятаць і пастаянна трымаць на ўвазе. Божа нас барані, каб мы праз падашуканства ці праз што-небудзь другое адказаліся ад гэтага ці згадзіліся з кім, што аўтаномія нам не патрэбна, што з нас досыць і таго, калі мы атрымаем зямлю.
Што гэта аўтаномія і дзеля чаго, уласна, мы, беларусы, павінны яе дамагацца — аб тым гутарка пойдзе ў другі раз. А покі што трэба памятаць, што той, хто будзе палохаць нас аўтаноміяй і даводзіць нам, што яна непатрэбна і шкадліва, дык ён вораг наш, вораг усяго беларускага народу. Аўтаноміі дамагаемся не адны мы, беларусы, а ўсе народы Расіі: украінцы, літоўцы, латышы, фінляндцы і т. д. Ужо з гэтага відаць, што яна штось не кепскае, калі яе так прагнуць людзі. А калі мы, беларусы, адмовімся ад гэтага, дык толькі пасведчым усім людзям на смех, што мы народ цёмны, баязлівы і самі не ведаем, чаго нам трэба.
II
правіцьЯк толькі справа паўстане аб тым, як павінен карыстацца народ той зямлёй, што адыдзе да яго па закону, зацвержанаму Устаноўчым Соймам, дык кожын пачынае разважаць гэта пытанне па-свойму. Прынамсі, адна партыя кажа так, а другая гэтак; адзін народ хоча ўстанавіць свае парадкі, а другі свае. Тут нельга сказаць, што той памыляецца, а гэты кажа праўду, або — што адзін ілжэ, а другі падашуквае. Кожын гаворыць так, як падказвае яму яго сумленне, яго асабістае пракананне або, лепей выславіцца, кожын мае на ўвазе свае інтарэсы — інтарэсы таго стану, таго народу, думкамі і патрэбамі каторага ён пераняўся, на поглядах каторага ён выхаваўся. Калі чалавек пераняўся поглядамі сялянства, дык ён і будзе бараніць яго патрэбы, змагацца за яго інтарэсы. А калі справа паўстане аб інтарэсе ўсяго народу, аб патрэбах цэлай нацыі, дык маскаль або расіец будзе стаяць за свае маскоўскія нацыянальныя інтарэсы, украінец за свае, а паляк — за свае. І напэўна можна сказаць, што ў гэтым змаганні яны рэдка прыйдуць да згоды, бо кожнаму хочацца зрабіць сабе лепш і захапіць сабе больш. Размеркаваць пытанні аб тым, дзе канчаюцца інтарэсы адной нацыі і пачынаюцца патрэбы другой, калі яны жывуць у адной дзяржаве, — можна толькі сілаю, моцнай, згоднай арганізацыяй і разумным, цвёрдым змаганнем.
Заўважыўшы гэта, мы, беларусы, павінны заўсёды трымаць на ўвазе, што народ мы асобны, не падобны ні да расійцаў, ні да палякаў, а значыцца, і патрэбы ў нас асобныя, свае, беларускія, адметныя і нават нязгодныя з патрэбамі расійцаў або палякаў ці якога іншага народу. Ім бы, як нацыі, напэўна б лепш было, каб мы адракліся ад сваіх беларускіх патрэб ды прылучыліся да іх. У кожным выпадку яны стануць разважаць свае справы па-свойму, на карысць свайго ўласнага жыцця, а мы павінны меркавацца з патрэбамі і інтарэсамі сваімі, кіравацца ў сваёй чыннасці тым, што вымагаецца варункамі нашага жыцця, што карысна нам і што спрыяе нашаму нацыянальнаму, культурнаму і гаспадарскаму дабрабыту.
Але што ж будзе, калі мы забудземся аб сваіх беларускіх патрэбах і сапраўды згодзімся з тымі, каторыя кажуць, што ў Дзяржаве Расійскай трэба зрабіць адзін парадак, аднакі для ўсіх народаў Расіі? А будзе тое, што маскоўцы пабудуюць гэты парадак на свой густ, дапасуюць яго да патрэб свайго жыцця і зямлю, напрыклад, падзеляць так, як яны звыклі карыстацца ёй спакон веку. Яны гэта зробяць, бо іх больш за нас, і іх дэпутатаў у Сойме гэтаксама будзе больш. Усё гэта трапіцца з намі, калі мы станем слухаць тых «дабрадзеяў», што не прызнаюць нас за асобны народ, не лічаць нас за беларусаў, каторыя кажуць, што ў нас сваёй мовы няма і нам непатрэбна яна, што мы павінны парабіцца расійцамі або палякамі, дзеля чаго, моў, будуйце ў сябе школы расійскія ці польскія, а не свае, беларускія. Іншыя кажуць гэта наўмысля, а другія проста па недавумству і глупству. А то бывае і так, што чалавек, як расійскі сацыяліст, напрыклад, не ведае ні нас, ні жыцця нашага. Ён нават і шчыра хацеў бы зрабіць нам дабро, дык не можа і сваёй фатыгай толькі псуе нам і нарабляе шкоды, бо, не ведаючы ні нас, ні жыцця нашага, шые абутак для нас на свой уласны, маскоўскі капыл. Разумеецца, такі абутак будзе заўсёды муляць нам і дапякаць пры ўжыванні.
Ніхто лепей не ведае нашых патрэб, як мы самі; ніхто не завядзе лепшага парадку ў гаспадарцы, як сам гаспадар. Калі мы папусцімся і аддамо развагу сваіх патрэб у рукі чужынцаў або сваіх вырадкаў, што адракліся і нас і мовы нашай, дык яны ўсё зробяць так, як гэта добра для жыцця на Маскоўшчыне або дзе-небудзь у Польшчы. Канец канцом мы сцямім і схамянёмся па часе, што нарабілі сабе клопату, але будзе позна. Нас заўсёды запыняць і скажуць: «Не верадуй, васпан, — скачы, уражэ, як пан кажэ!..»
Вось дзеля таго, каб ухіліцца ад усіх гэтых прыкрых з’явішч, каб не папасціся пад загад і кіраўніцтва чужынцам, каб потым не скардзіцца, не верадаваць, праклінаючы жыццё сваё па часе, каб не клялі нас дзеткі нашы, апынуўшыся праз нас, праз недаеўмства і нядбаласць нашу ў нацыянальным палоне ў чужынцаў — маскоўцаў або палякаў — дзеля ўсяго гэтага мы і павінны дамагацца аўтаноміі для свайго краю, аўтаноміі Беларусі. Супольныя справы, да каторых належаць: дзяржаўны лад, грашовыя знакі, абарона дзяржавы — гэтыя справы мы разбярэм супольна, разам з усімі народамі Расіі на Устаноўчым Сойме, а свае асобныя, беларускія справы, мы можам разважыць толькі самі ў сябе дома, у сваёй Беларускай Краёвай Радзе. Права мець сваю асобную Беларускую Краёвую Раду мы атрымаем толькі тагды, як даб’ёмся аўтаноміі для свайго краю. Дзеля гэтага нам трэба загадзя ўжо патурбавацца аб тым, каб намеціць, ды каб потым паслаць да агульнага, усім народам Расіі Устаноўчага Сойму, сваіх беларусаў, шчырых прыхільнікаў працоўнага народу, — такіх людзей, каторыя любяць край наш, шануюць мову нашу і каторыя будуць дбаць аб тым, каб здабыць для Беларусі аўтаномію. Калі мы гэтакіх дэпутатаў выбярэм, дык даб’ёмся сабе права на сваю Краёвую Раду, бо ў гэтай справе да нас прылучацца ўкраінцы, літоўцы, латышы, эстонцы, Сібір і Каўказ, каторым гэтаксама патрэбна аўтаномія. Злучыўшыся з імі, мы згуртуем каля сябе большасць у Сойме і разам з імі напішам сабе законы, якія нам патрэбны, а ў тым ліку і закон аб аўтаноміі для Беларусі. Трэба яшчэ дадаць і тое, што ў вольнай дзяржаве ніхто не мае права забараняць жыць так, як народ сам таго хоча, абы не перашкаджала вольнаму жыццю другога народу, бо кажуць, што кожны народ мае права на самаадзначэнне, г. зн. мець свае парадкі, вучыцца і гаварыць сваёю моваю, словам, жыць уласным жыццём, развіваючы сваю культуру і свой гаспадарскі дабрабыт. І калі народ у Дзяржаве жыве сваім уласным жыццём, калі ён мае свае парадкі, свае законы і ўстановы ў сваём родным краю і ніхто яму не перашкаджае, дык і кажуць, што гэты народ жыве аўтаномна. Аўтаномна жыве Ірландзія, Трансваль (буры) у Англіі, на грунце аўтаноміі пабудавана жыццё ўсіх краёў у Амерыцы. Усе культурныя, асвечаныя людзі дамагаюцца аўтаноміі, а гэта знача, што і мы, беларусы, не павінны прыставаць ад іх, каб не заблудзіць ды не згінуць у цемры. Хто хоча сабе дабра, той не скажа, што яму не патрэбна аўтаномія. Толькі цёмны, забіты народ можа сказаць гэта…
Нашы сяляне на з’ездах выслаўляліся ў тым сэнсе, што ім не патрэбна аўтаномія, але ж рабілі яны гэта па недавумству і цемнаце сваёй, а найбольш па падашуканству, бо разам з гэтым яны казалі, што і мова іх не патрэбна. Ніхто на свеце не выракаецца ад сваёй мовы, — і немцы, і французы, і палякі, і расійцы, чэхі і балгары шануюць і любяць сваю мову, а нашы сяляне адракаюцца. Значыць, робяць яны гэта па недавумству і цемнаце. Ведаючы, што наша сялянства забіта і цёмна, ворагі Беларусі карыстаюць з гэтага і кажуць:"Запытайце ў народу". А хіба, спытаем мы іх, рэвалюцыянеры пыталіся ў народу, як ушчыналі рэвалюцыю? Хіба яны не ведалі, што народ па цемнаце сваёй мог спалохацца ды выславіцца за тое, каб цара не чапалі? Яны гэта ведалі і рабілі так, як яно па разумнаму даследу выходзіць лепей і карысней. І цяпер кожын з нас шчыра ім дзякуе.
Яшчэ ворагі беларушчыны кажуць, на што будаваць беларускія школы, калі народ іх не хоча. Народ… А прыпамятайце, калі ласка, што рабіў народ пры князю Уладзіміры, як дзяцей забіралі ў школы да навукі? Як жа народ наш запатрабуе сваіх беларускіх школаў, калі ён іх ніколі не бачыў і нічагутка ў гэтай справе не цяміць? Хіба можна пытацца ў народу аб тым, ці патрэбны нам, напрыклад, вось хоць тыя лабараторыі, дзе працуюць і поркаюцца ўсё жыццё вучоныя? Цёмны народ заўсёды скажа, што — не трэба. І дзіўная гэта звычка ў людзей пасылацца на народ там, дзе яно саўсім недарэчы. У ва ўсіх іншых пытаннях мы звяртаемся да знаўцаў і спецыялістаў, а вот пры дзяржаўным адбудаванні здавальняемся думкамі такіх майстраў, як цёмны, некультурны народ, каторы ў халерны год забіваў дактароў, а ў час рэакцыі лавіў ды выдаваў царскай паліцыі рэвалюцыянераў, паламаўшы ім рэбры… Народ — добрая рэч, але яму трэба расказаць, растлумачыць, яго трэба спачатку асвяціць, навучыць, а ўжо потым клікаць да сябе на параду…
III
правіцьДа гэтага часу Расія была і покі што застаецца дзяржаваю не хаўруснаю, або, як кажуць, не федэратыўнаю. Ніводзін народ у Расіі не меў аўтаноміі, а жыў так, як загадвалі яму з Петраграда цар і яго служкі. Манархічная Расія ўяўляла з сябе велізарную казарму, дзе павінны былі жыць адным парадкам, слухаць адныя каманды. Усе народы і краі Расіі былі цесна звязаны паміж сабою, але не добраахвотным перавяслам братэрскага пачуцця, а прымусам і прынукаю, ланцугамі царскага самадзяржавія, накшталт таго, як звязвалі колісь катаржнікаў, заганяючы іх у Сібір.
Няма чаго казаць, што такое супольнае жыццё народаў не мае жаднай вартасці і пры першай прыгодзе рвецца, як гнілая нітка. Толькі добраахвотная, палюбоўная супольнасць моцна звязвае людзей і стварае грунтоўную і магутную дзяржаву. Гэта мы бачым на прыкладзе Англіі, Амерыканскіх Злучаных Штатаў і самой Германіі, з каторай мы цяпер ваюем. У гэтых дзяржавах не толькі кожны асобны народ, але і кожная асобная па жыццёваму ўкладу частка дзяржавы мае свае парадкі, свае законы і ўстановы. Раней за ўсіх зразумела патрэбу і няўхільнасць аўтаноміі Англія. Праўда, дорага гэта ёй каштавала — за сваю навуку яна заплаціла стратаю багатай калоніі — Паўноч. Амэрык. Злучаных Штатаў, але раз дасведчыўшыся, што сіламоц нікога ўтрымаць нельга, яна павярнула на іншую дарогу і цяпер сама спрыяе і дапамагае завядзенню аўтаномнага ладу. Сваёю разумнаю палітыкай яна ўтрымала за сабою Канаду, частка якой хацела прылучыцца да суседніх Злучаных Амэр. Штатаў, і ўмацавала прыхільнасць прылучаных да сябе вайною бураў у Афрыцы. За цяперашнюю вайну гэтыя калоніі многа дапамагалі Англіі грашыма, людзьмі і ваеннымі прыладамі, хоць маглі і не рабіць гэтага.
Усе гэтыя прыклады сведчаць пра тое, што аўтаномны лад дзяржавы не аслабляе і не разлучае дзяржаву, а, наадварот, спрыяе таму, каб яна ўзмацнялася ды зноў злучалася нават тагды, калі распад ўжо пачаўся. Знача, тыя людзі, што палохаюць распадам дзяржавы пры завядзенні аўтаномнага ладу, не маюць пад сабою жаднага грунту. Яны або кепска дасведчаны ў гэтым пытанні, або наўмысля, маючы на ўвазе ўласную карысць і рахуючы выкарыстаць чужую недасведчанасць, пускаюць байкі пра шкадлівы ўплыў аўтаномнага ладу. Гэта трэба запамятаць і, адхіліўшы ўсялякія нагаворы, як мага дамагацца аўтаномнага ладу для свайго роднага краю. Мы павінны мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ўраду. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытна-грашавая сістэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя жалезныя дарогі, — павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласці, каторая гэтаксама павінна складацца з прадстаўнікоў усіх нацый і краёў. Агульнадзяржаўная ўласць павінна быць прадстаўніцай усіх людзей, усіх народаў і краёў і іх аб’яднаць.
Мала дабіцца рэспублікі, трэба дамагацца яшчэ і таго, каб рэспубліка была і федэрацыйнай, або, па-латыні, хаўруснай, кожны край, кожны асобны народ каб меў сваю аўтаномію. У Францыі рэспубліка існуе ўжо больш соткі год, але яна цэнтралістычна. Там, як і ў нас цяпер і як было гэта пры царызме, усім загадваюць міністры з Парыжу, а міністраў прызначае агульнадзяржаўны парламент. Пры кожнай перамене большасці ў парламенце змяняюцца і міністры. Жыццё валтузіцца кожны раз пры змене загадчыкаў-міністраў. У самых дробных мясцовых справах трэба чакаць дазволу і ласкі цэнтральнага правіцельства. Такая рэспубліка нас не здавальняе. Мы ўсе патаміліся страшным і прыкрым цэнтралізмам старога, скінутага рэжыму і не хочам, каб ён жыў далей, хоць бы і пад рэспубліканскім чырвоным сцягам. Мы хочам, каб у нашым краю будавалі сваё жыццё нашы людзі і каб у нашы беларускія справы не мешалася цэнтральная ўласць з Масквы ці з Петраграду. Мы хочам, каб знікла нарэшце тая абрыдлая, да смерці шкадлівая розніца паміж дзяржаўнаю і недзяржаўнаю нацыяй, каторая высмоктвала з нас усе нашы сілы. Мы хочам, каб усе народы былі дзяржаўнымі на сваёй зямлі.
Усе ў адзін голас кажуць, што Беларусь самы бедны край, а народ наш самы цёмны пасярод народаў Расіі, але ніхто даладне не расказаў, чаму гэта так, чаму Беларусь, колісь складаўшая магутнае Літоўска-Рускае гасударства, не ведаўшая татаршчыны, дыктаваўшая сваю волю Маскве, прылучыўшая да сябе ўсю багатую Украіну, — чаму цяпер дайшла да такога заняпаду? Беларусь наша бедна, а народ наш цёмны не за тым, што ён горшы за другіх або не мае здатнасці да навукі і прасветы. Нядоля наша ў тым, што мы, страціўшы сваю незалежнасць, па цяжкіх умовах гісторыі, не здолелі адстаяць сваю нацыянальную самабытнасць і сталі папасам для суседзяў, спажыткоўнаю ніваю для чужынцаў. Яны высмоктвалі з нас апошнія сокі, адбіралі ў нас нашых лепшых людзей (Міцкевіч, Касцюшка, Дастаеўскі) і зруйнавалі краіну нашу да сучаснага становішча. Але гэта мінулася, недарма настала свабода. Мы павінны дабіцца сабе аўтаноміі і стварыць у сябе свае ўласныя беларускія парадкі і зажыць сваім уласным беларускім жыццём. Годзе быць пашаю для чужынцаў, годзе карміць чужынцаў сабе на згубу і пастаянную пакуту. Аўтаномія для нас — пытанне жыцця і смерці. Калі мы любім свой край, калі жадаем сабе лепшай долі, калі абрыдзела нам парабецтва, калі мы не страцілі дашчэнту свайго нацыянальнага гонару і не рашыліся чалавечнай вартасці, дык мы павінны стаць на ўласныя ногі. Мы павінны дамагацца самакіравання, бо цэнтралізм маскоўскі і ўплыў польскі заесць нас дазвання. Цэлыя соткі год нас апалячвалі, больш як сто год нас амаскалівалі, але ні паланізм, ні русіцызм не крануўся народу нашага анізвання. Народ у істоце сваёй застаўся непарушаным. У гэтым наша сіла, наша збавенне і залог светлай будучыны.
IV
правіцьУтварыўшы аўтаномны лад на Беларусі, мы станем паўнамоцнымі гаспадарамі на сваёй зямлі і атрымаем поўную магчымасць павярнуць усе скарбы нашага краю на карысць свайго народу, на свае нацыянальныя патрэбы, дзеля развіцця культуры і гаспадарскага дабрабыту. Тагды беларускія працоўныя масы, каторыя на працягу цэлых вякоў абдзіраліся і выкарыстоўваліся дзеля росту і панавання багатых станаў, чужых ім як па нацыянальнасці, так і па культуры, і дзеля развіцця гэтай чужой культуры дастануць змогу выйсці на вольны шлях эканамічнага і культурнага развіцця і збавяцца ад свайго заняпаду матэрыяльнымі і духоўнымі скарбамі свае зямлі. Тагды можна будзе ўжыць усіх багатых заходаў дзеля развіцця ўсёй паўнаты беларускага культурнага і палітычнага жыцця, далучыўшы да гэтага шырокія народныя масы, увесь працоўны народ, коштам каторага да гэтага часу вырасталі толькі чужакультурныя станы і іх эканамічныя і палітычныя ўплывы.
З эканамічнага боку вельмі важна, каб дастаткі беларускай зямлі і людская сіла нашага краю не марнаваліся дарэмна ды не перацягваліся наўмысля на чужы бок рознымі штучнымі і прыватнымі эканамічнымі рахункамі з вялікаю школаю для краю і дарэмнаю стратаю для ўсяго нашага народу, а каб ужываліся мудра, маючы на ўвазе інтарэсы свайго краю і дабрабыт свайго народу. Беларусь уяўляе з сябе асобную краіну са сваім уласным выразным тварам і жыццёвым укладам. Яна як трэба абдарована ўсялякімі прыроднымі ўмовамі для эканамічнага развіцця і поступу. Яна мае свае рэчкі, горы, радзючы грунт, многа лугоў для гадоўлі гавяды, вялікія запасы лесу, а — перш за ўсё і важней за ўсё — народ працавіты, старанны, крэпкі, здольны і цямушчы, што пры самых цяжкіх умовах сваёй гістарычнай далі здолеў паставіць сваё земляробства вышэй за ўсіх у Расіі. Не гледзячы на свой пясчаны грунт, зямля наша родзіць добра, і дзякуючы разумнай працавітасці народу нашага, Беларусь не бачыла павальнай галадоўлі — гісторыя не ведае такога здарэння, каб дзяржаўная казна прыходзіла да нас на дапамогу сваімі коштамі, як гэта рабілася на Маскоўшчыне і па іншых кутках Расіі. Зямля там бадай што і лепшая, ураджайнейшая за нашу, але народ маскоўскі (велікарусы) да таго некультурны, нядбалы і няўмелы, што галадаў амаль не кожнае пакаленне. Пры самых цяжкіх варунках беларус не траціў датэнпнасці і быў гаспадаром свайго становішча. Адным словам — Беларусь мае ўсё патрэбнае, каб зрабіцца краем цвітучым і багатым, а не такім заняпалым і занядбаным, якім стаўся ён пад загадам маскоўскай дзяржаўнасці. І мы, усе грамадзяне зямлі беларускай, павінны далажыць усіх сіл, каб скінуць з сябе апякунства чужынцаў і збавіць край наш ад кіраўніцтва маскоўцаў. Гэта мы павінны зрабіць, бо грубае, некультурнае ўладарства Масквы знішчыць край наш дашчэнту і прывядзе да загібелі, як яно вынішчыла і загубіла Дзяржаву Расійскую. Нам трэба дабіцца, каб кіраўніцтва эканамічнымі і грамадзянскімі справамі належала да самога краю, да яго аўтаномнага краёвага Сойму. Тагды Краёвая Рада, кіруючыся інтарэсамі і дабрабытам свайго народу, не дазволіць, каб цэнтральны ўрад рознымі тарыфнымі штукамі і мытнай палітыкай калечыў развіццё нашай прамысловасці і гандлю; тагды краёвы ўрад не папусціцца, каб нашу эканамічную энергію і сыровы прадукт перацягвалі штучна да розных пазакраёвых фабрычна-прамысловых раёнаў; тагды не будзе таго, каб цэлы край, заселены народам са светлай і вялікай гісторыяй, пазбаўлен быў вышэйшых навучных інстытуцый і праз соткі год не мог вярнуць таго, што ў яго адабралі гвалтоўна (Віленскі універсітэт). Дзеля ўсяго гэтага нам патрэбна аўтаномія. Нам патрэбна аўтаномія, каб запэўніць беларускаму хлебаробу як найбольшы прыбытак, а беларускаму пралетарыю — як найвышэйшы заработак, каб даць сваім людзям работу дома, на месцы, на грунце ўласнай беларускай прамысловасці, і каб нашы людзі не вандравалі, шукаючы заработкаў, у свет на чужыну, дзе і сам работнік і яго рабочая сіла прападалі для нашага краю. І мала таго, што наш работнік, трапіўшы ў чужы край, пераймаўся чужыншчынаю і навекі гінуў для роднага краю, але, апарт таго, вярнуўшыся дадому, ён нарабляў шмат ожоды, пашыраючы дэнацыяналізатарскую заразу.
З погляду на культурнае становішча нашага краю становіцца ясна, што толькі пры аўтаномным ладзе пачне расці і квітнець культура, навука, літаратура і ўмеласць здольнага і багата абдарованага нашага народу. Толькі пад загадам аўтаномнага ладу народ наш, з прышчэпу да агульнадзяржаўнага будаўніцтва, вырасце ў магутную асобную расліну — заваюе сабе пачэснае месца ў свеце, стаўшы поплеч з народамі Еўропы. Узгадаваўшы культуру багатую, моцную і арыгінальную, разгарнуўшы ўсю сваю вялікую здольнасць, народ наш стане цэнтрам у сваём краю і сваёю літаратураю, навукаю і мастацтвам звяжа шчыраю любоўю ўсе народнасці Беларусі, каторыя, у сваю чаргу, аддадуць усе свае сілы і розум на карысць супольнай айчыны, на дабро і пыху роднага краю. Усё гэта так важна, проста і ясна, што сапраўды трэба ўлажыць усю сваю душу, аддаць усе свае сілы, каб утварыць светлую будучыну сваёй бацькаўшчыны, здабыўшы шырокую нацыянальна- тэрытарыяльную аўтаномію для Беларусі. «Падумайце, — піша праф. Грушэўскі, — якая гэта будзе эканомія часу і энергіі, колькі адпадзе дарэмных турботаў… Адпадзе ўся барацьба за нацыянальнае права, якая пастаянна валтузіла і затрымоўвала эканамічны і палітычны поступ… Не трэ будзе пакладаць свае здольнасці і энергію на заходы каля палагоджання сваіх нацыянальных і краёвых спраў у агульнадзяржаўным парламенце, не патрэбны будуць хітрыя партыйныя камбінацыі, каб правесці сваю справу, не трэ будзе „абрабляць“ расійскае ліберальнае грамадзянства і іншыя расійскія партыі, каб прыхіліць іх да сваіх нацыянальных і краёвых патрэбаў. Даволі гэтага! Даволі мы мелі гэтага пры змарлым рэжыме і добра ведаем, як прыемна стасавацца да расійскага грамадзянства! Няхай яно жыве здарова, як само хоча, а нам трэба свае справы разважаць у сябе дома, у сваём краёвым сойме, і толькі тое невялічкае, што датычыцца ўсяе дзяржавы, мы разважым супольна на агульным прадстаўніцтве Расійскай федэратыўнай рэспублікі».
Але не досыць атрымаць аўтаномію хоць бы і самую поўную. Трэба яшчэ падбаць аб тым, каб сама дзяржава, у склад каторай Беларусь мае ўвайсці, была пабудавана на цвёрдым федэрацыйным грунце, каб гэта была дзяржава дэмакратычная і федэратыўная. Чаму ж гэта важна і дзеля чаго гэта трэба?
«Рэч простая, — піша вышэйпамянёны праф. Грушэўскі ў сваёй брашуры „Якой мы хочам аўтаноміі і федэрацыі“,— калі мець нават шырокую палітычную аўтаномію сваёй нацыянальнай тэрыторыі, але калі дзяржава, з каторай яна будзе злучана, застанецца дзяржавай цэнтралізаванаю, дык хоць бы аўтаномія была забяспечана на моцы канстытуцыйнай хартыі, тым часам становішча яе не будзе пэўнае і адносіны яе да дзяржавы не будуць добрыя. Наша старая гетманская Украіна, — чытаем мы далей, — мела шырокую аўтаномію, была праўдзіваю дзяржаваю, а як звязалася з цэнтралістычнаю Маскоўскаю дзяржаваю, дык яе аўтаномія стала на дрыгвяную плошчу. Да таго часу тая аўтаномія трывала, покі маскоўскі ўрад (Пятра I) не пачуў сябе дужым ды не наважыўся зламаць свой „трактат з Багданам Хмяльніцкім“. І зламаў». Гэтаксама было і з Беларуссю. На моцы Люблінскай уніі (1569 г.) яна злучылася з Польшчай у адну Рэч Паспалітую (дзяржаву) як роўная з роўнай і вольная з вольнай, а тым часам стрэў яе аднакі лёс з гістарычнай доляй Украіны. Тое самае мы бачым і на прыкладзе Фінляндзіі. Яна мела сваю канстытуцыю, покі расійскі ўрад не скасаваў. Нават Кацярына II, прылучаючы прымусам Беларусь да Маскоўшчыны, дакляравала захаваць яе вольнасці і права павэдлуг старых звычаяў і прывілеяў «на вечныя часы», але ўсім нам ведама, колькі трывалі гэтыя «вечные времена». Скончылася тым, што паступовая русіфікацыя Беларусі, аб якой Кацярына II пісала графу Разумоўскаму, была ўквечана страшэнным у свеце гвалтоўствам — забаронаю ўжываць беларускую мову.
На моцы гэтага гістарычнага і палітычнага даследу мы павінны дамагацца, каб усе часткі Расійскай Рэспублікі былі не толькі аўтаномнымі правінцыямі, а і дзяржавамі, злучанымі паміж сабою федэрацыйным (хаўрусным) перавяслам на грунце агульнага інтарэсу, супольнай патрэбы і ўзаемнай дапамогі. І толькі тагды становішча Беларусі будзе забяспечана і адносіны яе да Расійскай Рэспублікі будуць шчырыя і пэўныя, калі гэта станецца або калі справы аўтаномнага жыцця злучаць усе народы Расіі ў адзін вольны дзяржаўны хаўрус — федэрацыю. А гэта будзе, бо яно вымагаецца і жыццём, і гістарычным поступам народаў Еўропы. Так, гэта будзе, бо павінна быць, калі хоча таго жыццё, калі ў гэтым — прагрэс і культура ўсяго чалавецтва.