Нашы страты
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
канец 1916
Крыніца: Беларускі каляндар на 1917 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Колькі нашых братоў-беларусаў, адарваных ад роднай нівы, злажыла свае галовы на палёх бітв — у змаганьні за чужую для іх справу, мы ня ведаем. Толькі пасьля вайны будзем мы лічыць нашы страты, аплакваць тых, хто зышоў са сьвету як ахвяра расейскага панаваньня на нашай зямлі. Але і апрыч ахвяр вайны гэты мінуўшы ўжо 1916 год быў для беларусаў дужа цяжкі: ён вырваў спаміж нас двое людзей, каторыя ў беларускім руху занімалі надта выдатнае становішча.

Першы удар быў з гэтага боку ваеннага фронту: у ноч 4 на 5 лютага 1916 году памерла вядомая пісьменьніца-паэтка і грамадзкая работніца на беларускай ніве — Алёйзія з Пашкевічаў Кейрысовая, шырока знаная пад прозьвішчам Цётка.

Зь імем Цёткі злучаюцца першыя зачаткі беларускай работы ў Вільні — у 1904—1905 гадах, калі, поруч з рэвалюцыйным рухам па ўсей Расеі, пачаўся у шырокіх масах народных рух беларусаў. Пад той час у Вільні пачалі ладзіцца беларускія работніцкія арганізацыі — кружкі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, і тут Цётка выказала свае арганізатарскія здольнасьці. Яе можна было бачыць на ўсіх вялікшых работніцкіх сходах, — а калі настаў час вялікіх публічных мітынгаў, Цётка выступала ўсюды, будзячы агульны спогад сваімі шчырымі, гарачымі беларускімі прамовамі. Асаблівую энэргію выявіла Цётка ў часе сваей нядоўгай працы ў новавілейскай бальніцы: яна была тут у самым цэнтры работніцкіх арганізацый Нова-Вілейска.

Ужо пад самы канец рэвалюцыйнаго пэрыяду ў Вільні пачала выхадзіць першая беларуская легальная газэта «Наша Доля», і Цётка прыняла ў ей гарачае учасьце. Маючы вялікія пісарскія здольнасьці, яна друкавала тут свае творы, каторыя станавілі прадоўжаньне яе першых паэтыцкіх спроб на сучасныя тэмы, выпусканых нелегальна ў дзясятках тысяч лятучых лісткоў.

Калі рэакцыя пачала шырыцца ўсё болей і Цётку пацягнулі пад суд, яна прымушана была выехаць за граніцу. Яна знайшла сабе прыпынак у Львове — між братамі ўкраінцамі. Тут хадзіла ў унівэрсытэт — на гістарычна-філялягічны факультэт і спэцыяльна працавала над беларушчынай. Як тэму для дактарату выбрала беларускіе батлейкі і сабрала багаты матэрыял да гэтага.

Выйшаўшы замуж і зьмяніўшы гэтак імя, Цётка вярнулася назад у родны Край, каб далей працаваць між сваімі. Тут, у Вільні, яна была пры закладзінах беларускага тэатру, беларускіх грамадзкіх арганізацый. Працавала дзеля школьнай справы, падгатаўляючы кніжкі для пачатковых школ, і выпусьціла ў сьвет сваё «Першае чытаньне». Нейкі час была ў Пецярбурзе, дзе працавала ў беларускай калёніі, пісала і памяшчала свае творы у «Маладой Беларусі». Пасьля наладзіла ў Мінску месячнік для маладзёжы — «Лучынку» і была там глаўнай літаратурнай кіраўнічкай5.

Калі настала вайна, Цётка запісалася ў сёстры міласэрдзя і пад кулямі на палёх бітв аказвала помач раненым, не зьвяртаючы ўвагі на небасьпечнасьць. Пасьля, каб быць у Вільні, паступіла ў тутэйшы тыфусовы барак і працавала блізка да апошніх дзён расейскага панаваньня. І тут, спатыкаючы хворых салдатаў-беларусаў, Цётка вяла між імі сваю беларускую работу. Толькі перад самым адходам расейцаў, баючыся, каб яе ня вывезьлі разам з адступаўшым войскам, Цётка папрасіла даць ей на нейкі час одпуск.

Калі — пасьля прыходу немцаў — пачалася шырокая беларуская работа дзеля наладжаньня беларускіх школ, Цётка была тут першая: яна вышуківала вучыцельскія сілы, зьбірала дзяцей, сама кіравала школьнай работай. Гэтаксама яе стараньнем былі ўрэшце адкрыты беларускія вучыцельскія курсы ў Вільні, на каторых Цётка выкладала пэдагогіку, гігіену і інш. Поруч з тым знаходзіла яшчэ час і дзеля таго, каб вясьці работу між сваімі старымі знаёмымі — віленскімі работнікамі. У часе гэтай працы Цётку спаткаў цяжкі ўдар: у роднай вёсцы — у Лідчыне — памёр яе бацька. Паехаўшы хаваць бацьку, Цётка і там не ўсядзела без работы: яна аб’яжджала вёскі, дзе панаваў пад той час тыфус, каб даць справаздачу ў Вільні і прасіць помачы для зруйнаваных вайной сялян, — ды тут заразілася на тую хваробу, каторая яе не чапіла ў часе працы ў тыфусовым бараку. Аслабеўшыя ад надмернай грамадзкай працы сілы былі прычынай таго, што Цётка не перанесла хваробы і ў ноч з 4 на 5 лютага аддала Богу душу. Яе пахавалі на вясковых могілкаах — між тымі шэрымі гаротнікамі, для каторых яна працавала ўсё сваё жыцьцё.

Віленскае дэмакратычнае грамадзянства горача адгукнулася на цяжкую ўтрату, якую панясьлі беларусы ў асобе сьв. п. Алёйзіі Кейрысовай. Каб выказаць сваю пашану памёршай без пары грамадзкай працаўніцы, прадстаўнікі дэмакратычных груп спаміж беларусаў, літвінаў, палякаў і жыдоў пачалі складаць чысьленыя ахвяры на найдаражэйшую для памёршай справу — на заложаныя ею беларускія школы ў Вільні.

Другая цяжкая ўтрата беларусоў за 1916 год — гэта сьмерць Аляксандра Ельскага, каторы памёр 27 жніўня ў Міншчыне, у сваім дварэ Замосьці.

У яго асобе зышоў у магілу апошні прадстаўнік таго кірунку, да каторага ў сваім часе прыналежаў Марцінкевіч, Тапчэўскі, Дыбоўскі, а яшчэ раней — Рыпінскі, Чачот і іншыя. Усе яны — ідэолягі «шляхецкага дэмакратызму», каторы, хоць і на свой асаблівы спосаб, прызнаваў сваю павіннасьць працаваць для беларускага народу, апекавацца «меншымі братамі», вясьці іх па дарозе цноты і боязьні Божай. У чысьленых выданьнях сваіх, друкаваных па-беларуску прозай і вершам, Ельскі за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў зьвяртаўся да народу з гарачым прызывам пазбыцца благіх наклоннасьцей, асабліва ж найгоршага ворага нашага — п’янства («Слова аб праклятай гарэлцы» і інш.). Паўчаючы народ у сваіх беларускіх брашурках, ён не зыходзіў з клясавага становішча і ў гэтым быў блізкі Марцінкевічу. Але ў сваей ідэалёгіі заўсёды стараўся апірацца на хрысьціянскай навуцы, і гэта давала яму магчымасьць крытычным вокам глядзець на свой уласны стан, каторы Ельскі пазнаў быў лішне добра і даволі цёмнымі фарбамі адмаляваў у сваей «Гісторыі шляхты». Крытыкуючы, Ельскі рабіў гэта з болем сэрца; асабліва балела яму душа, гледзючы на тое, як апалячаная шляхта адыходзіла ўсё далей і далей ад беларускага сялянства, як між ею і нашым народам вырастае штораз вышэйшы мур, узмацовываецца змаганьне: шчыры хрысьціянін, ён жадаў брацкіх адносін між вёскай і дваром і верыў, што яны могуць запанаваць толькі на грунце збліжэньня шляхты да сялянства, прамаўляючы да «меншых братоў» у іх роднай мове.

Ельскі шчыра кахаў родны край і лічыў, што павінасьць жыхароў нашай зямліцы — працаваць дзеля лепшай долі гэтай апошняй. Яшчэ ў 80-х і 90-х гадох ён пісаў аб гэтым у стацьцях, друкаваных у пецярбурскай польскай газэце «Kraj».

Сьв. п. Аляксандар Ельскі — гэта быў жывы мост, які злучаў нашу цяперашнюю працу і цяперашні рух з цэлай плеядай даўнейшых працаўнікоў на роднай ніве. Баючыся радыкалізму «маладых», ён, аднак, разумеў іх і шчыра спагадаў ім, зыходзячыся зь імі на ацэнцы сучаснай палітыкі дэнацыяналізаванай краёвай інтэлігенцыі. Стаўляючы перад усім праўду і справядлівасьць, ён ня мог згадзіцца з тым, што гэта інтэлігенцыя за крошкі навукі забірае ў нашага народу яго нацыянальную душу, забірае яго матчыну мову і гэтак абкрадывае з найдаражэйшых скарбаў, і ня маючы прылучыць свае слабеючыя сілы да работы «маладых», ён у пастаяннай перапісцы зь імі пасылаў ім свае ўвагі і рады, прызываючы да асьцярожнасьці, разважлівасьці і хрысьціянскага мілаваньня нават сваіх ворагаў. Калі ж для грамадкі беларускіх працаўнікоў наступалі цяжкія мамэнты, ён сьпяшаўся і з матэрыяльнай помаччу, давяраючы ім свае зьберажоныя грошы. У адным зь пісем, пісаных колькі год таму, Ельскі выказваў шчыры жаль з прычыны таго, што расейскія законы не даюць яму споўніць старую яго думку: усе свае грошы памясьціць такім спосабам, каб за іх пасьля яго сьмерці можна было наладзіць карысную для акалічных беларускіх вёсак установу — ратунковы камітэт, бальніцу ці іншае. Ці ўдалося яму знайсьці на гэта спосаб, нет ведама...

Невядома таксама, ці ўцалелі яго багатыя зборы памятак мінуўшчыны Беларусі, каторыя ён хаваў у сваім дварэ і спадзяваўся знайсьці для іх адпаведнае месца ў сталіцы краю — Вільні.

Шчыры сын Зямлі Беларускай, ён ішоў заўсёды простай дарогай, выказываючы адкрыта, свае пагляды, сваю любоў да народу беларускага, — і нават найгоршыя ворагі беларускага адраджэньня ня сьмелі кідаць каменьнямі на яго работу, а пасьля сьмерці ўспамянулі яго добрым словам як заслужанага грамадзяніна Краю.