Наш культурны рост
Наш культурны рост Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1924 Крыніца: Змаганьне. 1924. 4 студз. |
Аб моцы народу гаворыць ня гэтулькі яго вонкавае жыцьцё, сколькі сіла ягонага духа, сколькі захаваны ў яго душы запас творчае энэргіі, выяўленьнем якое і зьяўляюцца гэтыя вонкавыя формы грамадзкага жыцьця. Бо гэтыя формы народ творыць у барацьбе, і яны ня зразу стаюцца ідэальнымі, ня зразу аказваюцца зусім прытарнаванымі да ўнутранага жыцьця народнае душы.
З боем тварылася наша народная школа ў Заходняй Беларусі. І хаця ў гэтай барацьбе перавага на мамэнт аказалася на старане варожае нам сілы, але факт існаваньня тут за апошнія гады каля 400 беларускіх народных школ і дзьвюх вучыцельскіх сэмінарыяў не прайшоў бяз сьледу нават пасьля прымусовага закрыцьця гэтых школ: тыя чатыры сотні сьвядомых беларускіх культурных працаўнікоў, прымушаных цяпер да бязьдзейнасьці, — гэта ж запас нашае нацыянальнае творчае сілы, які знойдзе для сябе выхад пры першай перамене вонкавых абставінаў. З боем вядуць сваю працу нашыя беларускія гімназіі, але і працаўнікі ў іх, і моладзь, бачучы гэту барацьбу нашага народу за існаваньне і права на культуру, узгадовываюць у сабе веру толькі ў свае ўласныя сілы, прывучаюцца спадзявацца толькі на сябе і гартуюць свае душы. А з тэй моладзі, што кожны год канчае беларускія сярэднія школы, складаюцца новыя сотні нацыянальна сьвядомых інтэлігентаў, расьце грамада дзеячоў, што далей будуць вясьці творчую працу над будаваньнем нацыянальнае культуры, над будаваньнем духовае Беларусі. Лічба студэнтаў-беларусаў з Зах. Беларусі ў Праскім унівэрсытэце пераступіла у 1923 годзе за сотню.
Тое ж бачым у Ўсходняй Беларусі. Там лічба беларускіх працаўнікоў на ніве прасьветы на роднай мове і ў родным духу лічыцца ўжо тысячамі. Там тыя культурныя цэннасьці, якія ў пастаці кніжак, журналаў і г. д. з такім трудом творым мы на Захадзе, — там яны творацца ў дзяржаўных установах, як Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, як Інстытут беларускае культуры, як сэкцыя беларускае музыкі ў Маскоўскай кансэрваторыі і г. д. Там, на Ўсходзе, творыцца 6еларуская навука — тая духовая страва, якой будзе карміцца ўся наша нарастаючая інтэлігенцыя, дзелючыся ёю ў свой чарод з народнымі масамі. І гэтая беларуская навука абыймае з кожным годам усё новыя галіны знаньня: за 1923 год у Менску пачалі вясьці па-беларуску ўнівэрсітэцкія выклады ўсіх прадметаў беларусазнаўства (мова, літаратура, родная гісторыя, геаграфія і краязнаўства, этнаграфія і др.), некаторых юрыдычных і грамадзянскіх навук, а так жа па прыродзе. А слухала гэтых выкладаў некалькі сот беларускіх студэнтаў. А ў меру гэтага разьвіцьця беларускае навукі прыбываюць патрэбныя беларускія ўчэбнікі, якія ўжо зусім забясьпечылі нашу пачатковую і сярэднюю школу, і творацца беларускія навуковыя працы і дасьледы, якія будуць служыць учэбнымі дапамогамі для студэнтаў унівэрсытэтаў.
Усё ярчэй і мацней выяўляецца і фармуецца беларуская грамадзкая думка, паглыбляецца беларускі сьветапагляд у тых грубых журналах, якія пачалі выходзіць у 1923 годзе: на Ўсходзе — месячнік «Полымя» і «Адраджэньне»4; на Захадзе — зборнікі «Заходняе Беларусі», першая кніга якое выйшла ў сьвет у самым канцы году; у Коўне — месячнік «Крывіч»6; у Празе — «Беларускі студэнт». Асабліва буйна расьцьвіла за леташні год беларуская прэса ў Заходняй Беларусі: пад той час, як на Ўсходзе выходзіла бадай адна толькі штодзённая «Савецкая Беларусь», на Захадзе мы бачылі дзевяць беларускіх часопісяў (ад 1 да 3 разоў у тыдзень): «Беларускі Звон», «Наша Будучына», «Новае Жыцьцё», «Нашае Жыцьцё», «Наш Сьцяг», «Вольны Сьцяг», «Воля Народу», «Змаганьне» — друкаваныя кірыліцай і «Крыніца» — друкаваная лацініцай (— ня лічучы дзясятай часопісі ў беларускай мове паўурадовага характару «Сялянская Гутарка» ў Горадні, якая выпусьціла 3—4 нумары, поўныя брахні і зьвягі на ўсё беларускае). Праўда, з гэтых дзевяцёх часопісяў пяць былі зачынены ўладай. Апрача таго, выйшла 10 аднаднёвак (сканфіскаваны 4), а паіменна: «Беларускі Гоман», «Крык Праўды», «У 5-ыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі», «Беларуская Доля», «Зарава», «Новае Нашае Жыцьцё», «Падняты Сьцяг», «Сьцяг», «Сьцяг Народу», «Сьцяг Волі».
Урэшце, буйна расьце найярчэйшае выяўленьне нацыянальнае культуры, нацыянальнае душы ў мастацкай форме — наша літаратура. Узбагачываецца найбольш дагэтуль бедная у нас беларуская повесьць8, характэрны паказчык росту беларускага нацыянальнага жыцьця наагул. Выходзяць «Сокі цаліны»[1] (ч. І: «Бацькава воля») Цішкі Гартнага, вядомага ўжо ў беларускай літаратуры сваей лірычнай творчасьцю. Дае арыгінальную повесьць Язэп Нарцызаў — «Вялікая шышка». Урэшце чаруе чытача сваей глыбокай паэзіяй Тарас Гушча (Якуб Колас) такімі творамі, як найнавейшая яго повесьць «У палескай глушы», як пачатыя даўно, але закончаныя толькі летась дзьве яго вершаваныя паэмы «Сымон Музыка» і «Новая зямля». А насколькі моцна выяўляецца ў нашым грамадзянстве патрэба ў повесьці, сьведчыць такжа выхад у сьвет перакладных твораў, прыкладам «Алеся» Купрына (пераклаў Краўцоў Макар) і інш. Выйшаў і дужа пекны зборнік дробных апавяданьняў Зьмітрака Бядулі «На зачарованых гонях».
Расьце творчасьць старых, заслужаных беларускіх лірыкаў: Купала выпусьціў у сьвет новы вялікі том «Спадчына» і ў другім выданьні «Шляхам жыцьця», Якуб Колас — «Водгульле», Цішка Гартны — «Песьні працы і змаганьня». А да грамады старых іменьняў далучаецца рад новых, якія безумоўна займуць пачэснае месца у нашай літаратуры: Міхась Чарот, Л. Родзевіч, Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка ды Натальля Арсеньнева, якія за мінулы год асабліва адзначыліся сваімі творамі.
Нельга прайсьці моўчкі і міма працы нашых мастакоў-пісьменьнікаў як на ніве беларускае сцэны, так і на ніве беларускае музыкі. Фр. Аляхновіч, Сучасны, Галубок і шмат іншых узбагацілі даволі цэннымі творамі наш тэатральны рэпэртуар. З музыкаў Тэраўскі даў свой вельмі багаты па зьместу «Беларускі лірнік», М. Равенскі — «Зборнік песьняў з нотамі», А. Грыневіч — «Навуку сьпеву» і ненадрукаваны яшчэ дзіцячы сьпеўнік.
Уся гэтая культурная праца, увесь гэты здабытак нашае творчае мысьлі — гэта знак, што пры ўсякіх абставінах, нягледзячы на няўстанную барацьбу за самае існаваньне нашага народу, наш культурны рост не спыняецца ні на адзін мамэнт. Чаго мы пазбаўлены на Захадзе, тое дапаўняе Усход, — і наадварот. І Беларусь расьце — расьце ў сэрцах і душах збудзіўшыхся зосну старых інтэлігентаў, нарастаючай новай народнай інтэлігенцыі, працоўных сялянскіх і работніцкіх масаў. А росту яе ніякая сіла, ніякі гвалт зламаць ня здолее.
- ↑ Гэты твор і некалькі другіх, хоць і надрукаваны ў Менску і Бэрліне ў канцы 1922 г., ды да нас дайшлі толькі летась, і затым уваходзяць у наш агляд.