На Полацкім Замчышчы (1928)

На Полацкім Замчышчы
П’еса
Аўтар: Вольга Сахарава
1928 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!“..


НА ПОЛАЦКІМ
ЗАМЧЫШЧЫ

(Казачная фэерыя)

Інсцэніроўка О. Ф. Сахаравай.

З п“есы „Сон на кургане





м. ДЗЬВІНСК

1928 г.

„Даўны час мінуўся. Славу замяло.
Веча занямела. Як і ня было…
Полацак вялікі — змогся. Супачыў.
Волі Крывічанскай — быццам і ня сьніў.
Справа пахавана. Курганы маўчаць,
Палата з Дзьвіною грозна ня бурляць.
Ціха яны плачуць: гэй, мінуўся час, —
У цяжкой няволі Полацак пагас…

На Полацкім Замчышчы

(Казачная фэерыя)

Інсцэніроўка О. Ф. Сахаравай.

З п“есы „Сон на кургане

Беларускага народн. паэта Янкі Купалы.

Прыс“вячаецца род-
наму месту Полацку.
О. Сахарава
21 кастрычніка 1928 г.


м. ДЗЬВІНСК

1928 г.

ПАСТАНОЎКА П”ЕСЫ „НА ПОЛАЦКІМ ЗАМЧЫШЧЫ“
Ў ДЗЬВІНСКІМ МЯСТОВЫМ КЛЮБУ 21 КАСТРЫЧНІКА 1928 Г.




Артысты-вучні Дзьвінскай беларускай гімназіі і стаяць злева направа: кіраўніца балету В. І. Матэас, аўторша інсцэніроўкі п”есы О. Ф. Сахарава, рэжыссёр п”есы П. М. Жэрдзі, дырэктар беларускай гімназіі С. П. Сахараў і кіраўнік хору Г. І. Фрэйман.

На Полацкім Замчышчы.

Пралёг:

Апавяданьне і малітва старога дзеда.

Дзея 1.

Чары русалак і сон князя Усяслава на кургане.

Дзея 2.

На старадаўнім Полацкім замчышчы.

Асобы:

Князь Усяслаў, князеўна Прадслава, Русалкі, Чорны, Ведзьмы.


Пралёг.

За сцэнай чутна пяяньне хору пра „Слаўны Полацак“. На сцэне вясковая хата, каля яе плот і заваленка. На завалінцы сядзіць дзед, беларус, 80 гадоў, з дабрадушным тварам, сівай, даўгою барадой, сівымі валасамі, апрануты ў чугай і лапці з аборамі. Ён курыць піпку і задумаўшыся качае галавой і ўслухоўваецца ў песьню. Каля яго гуртком сядзяць яго ўнукі і ўнучкі, вялікія і малыя, апранутыя ў беларускія вопраткі і касьцюмы і зьдзіўлена глядзяць на задумаўшагася дзеда.

Унучка старшая да дзеда: Што ты так задумаўся, дзядулька, і прыціх.

Дзед да ўнукаў: Авось, дзетухны, у маіх вушах усё зьвініць сумная песьня пра стольнае і слаўнае места Полацак, пра наша веча, пра нашу волю…

Усе ўнукі разам: Дзядулька родненькі, раскажы нам пра старыну, пра славу Полацку.

Хор заціхае і дзед пачынаець сваю прамову:

Дзед: (уздыхае). Эха-хо, цяжка, дзетухны, мне мінулае ўспамінаць аб тым, што было калісь — та слава, сіла й моц у нашага беларускага народу, калісь-та ён займаў пачэснае мейсца сярод другіх народаў. Моцна тады стаяў вялікі, багаты, стольны Полацак…

Унізу ціха журчэлі срабрыстыя хвалі Дзьвіны і нясьлі к Полацку прыгожа ўбраныя стругі з чужаземнымі гасьцямі і рознымі таварамі…

А над усім местам высіўся на крутой гары, абросшай густым драмучым борам, магутны замак Рагвалода… Бурнае жыцьцё тады кіпела ў замку…

Седаўласыя баяны пад звонкія струны ліры сьпявалі ў час бясёдаў аб бойках, аб слаўных патугах нашых продкаў. Але мінуў час… Навісьлі хмары… Пагасла слава Полацку… Няма ўжо тых харобрых князёў і іх дружын, што сваймі шаломамі змагаліся за вольнасьць, за славу, за шчасьце Бацькаўшчыны… Цяжкае, гаротнае мінулае спавіло нашу старонку горам і пакутаю. Над Беларусью вісьне народная скарга на сваю цяжкую долю, вісьне ліхі смутак… (уздыхаець). Замярло жыцьцё і ў замку, пачаў ён абрастаць мохам, груганы зьляталіся на завываньне буйных вятроў…

Толькі ціхая, родная Дзьвіна захавала тайну мінулых дзён замку… Ды ў поўнач, калі сьветлы месяц глядзіць поўным вокам на ціхую даліну зямлі, зьбіраюцца каля высокіх мураў замку русалкі, пяюць, гагочуць, і сам чорны выходзіць па начам з падзямельля абараняць свае залатыя скарбы, каб ніхто да іх не дакрануўся. А часамі ў сьцянох замку раздаюцца цяжкія нудныя стогны, якія завуць на дапамогу…

Гэта стогне і плача князеўна Прадслава, якую пракляла злая мачаха і якая згінула на векі ў цёмнае падзямельле. Прадслаўна заклікае к сабе асілака вывесьці яе з цёмных мураў на Божы сьвет… І знайшоўся такі харобры, малады і прыгожы Крывічанскі князь Усяслаў, які вывяў на волю маладую князеўну. Шмат яму сустракалася перашкод: напушчалі русалкі на яго свае чары, ведзьмы шыпелі і круціліся, як змеі наўкол яго, чорны ні падпушчаў яго к сваім паграбам… Але ўсё князь-чарадзей перамог…

Выйшла ахоплена шчасьцем з цёмных паграбоў князеўна Прадслава і прадракла роднаму краю вялікае адраджэньне і славу ў будучыне… (Пры гэтым дзед ўздыхаець, устае, складае рукі і, гледзячы на неба, заканчываець сваю прамову славамі) „Бог наймагутны, усіх моцных дужэйшы (ўсе ўнукі ўстаюць са сваіх мейсцаў і становяцца як на малітву). Дапамажы гаротнаму беларускаму народу выйсьці на вольны, сьветлы шлях, выратуй яго ад мук, пашлі яму лепшую долю і шчасьце. (Усе, злажыўшы рукі і падняўшы вочы на неба, як-бы моляцца, слухаючы прамову дзеда). Хай пройдзе сум, хай узойдзе сонейка над нашай старонкай, хай прыйдзе праўда… Падымайся-ж з нізін сакаліна сям‘я… над крыжамі бацькоў, над курганамі…

Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між славянамі! (У гэты момэнт хор за сцэнай выконывае гімн:

„О, Божа Спасе наш…
Ты міласьць нам пакаж,
З няволі вызваль нас,
Збудзі Ты нас ўжо раз.
Ты вочы нам аткрый
І сьвету нам пашлі,
Ты праўду нам пакаж,
О, Божа, Спасе наш“!

ЗАСЛОНА.



Акт I.

Летняя месячная ноч у лесе. Глуха шумяць ёлкі і бярозы. Паміж дрэў мохам і гальлём услан узгорак-курган. З усей мясьціны веець бязлюдзьдзем, чарамі і жудой.


ЗЬЯВА I.

Русалкі і князь Усяслаў. (Хвіліну сцэна пустая і чутна, як з трох бакоў раздаецца па лесу глухое „агу“, „агу“, „агу“, а потым прыбліжаючыся шалёны хохат „ха, ха, ха“. З хохатам і візгам зьбягаюцца к кургану тры русалкі, якія бяруцца за рукі і круцяцца наўкол кургана.

Русалкі ўсе: (разам пяюць) Гута-та, гуля-ля, гута-та… Ад сучка да сучка, ад куста да куста (разьбягаюцца у розныя бакі к кустам і узноў варочаюцца к кургану і ўсе разам) ха, ха, ха, вось яно, вось яно, вось русалак жыцьцё, ёлкі, сосны, дубы вось і царства усё… Гуля-ля, гута-та, гуля-ля. Гуля-ля, гута-та… (пластычна круцяцца і як-бы плаваюць).

1-ая русалка. Вось яно, вось яно, вось русалак жыцьцё. Жывём самі сабой, як хто хочаць з нас жыць. Ніхто есьць ні дае, ні дае ніхто піць; днём ляжым, днём маўчым; як ня жывы зусім, а як ночка прыдзець, мы жывем і пяем… (падымаець рукі і плаўна танцуе).

2-ая русалка. Так лятаем увесь час ад куста да куста і пяем і крычым: „гуля-ля, гута-та“ (круціцца і перабягае ад аднаго дрэва к другому).

3-я русалка. Як наскучыць скакаць, да вады пабяжым, акунемся туды усім целам сваім (пластычна выцягівае рукі над курганам, як-бы плаваець). Потым узноў усе разам зьбягаюцца, бяруцца за рукі і ў адзін голас пяюць:

„Так нам весела жыць сярод сосен, дубоў, каля замка таго, гдзе жывалі князі“…

Гуля-ля, гута-та, гута-та, гуля-ля. (Чуваць трэск па лесе ад сухіх сукоў, русалкі палохаюцца, разьбягаюцца ў разныя бакі і прыслухоўваюцца: трэск усе гучней і гучней).

1-ая русалка. Ціха… Ці вы чулі, ці не? Што-сь трашчыць каля нас.

2-ая русалка. Чула так сама я, вось напроці як раз. (Выцягівае рукі ўперад).

3-ая русалка. Можа воўк, ці мядзьведзь, бо хто-ж гэткай парой.

1-ая русалка. (прыслухоўваючыся) Стукат толькі дзьвюх ног…

2-ая русална. Ну, і што-ж там за дзіў: у госьці к нам чалавек між дзярэў заблудзіў…

Усе тры: (разам). Чалавек, чалавек! не здарма пелі мы, няхай прыдзе сюды на курган наш вялікі (усе падбягаюць к кургану і акружаюць яго з розных бакоў).

Усе тры: (разам). Мы навеем яму тут салодкія сны. (Усе тры нахіляюцца над курганам, як-бы нешта калдуючы і выцягваюць над курганам пластычна рукі).

Усе (разам). Хай сасьніцца яму тут Прадслава княжна, што праклята была сваей мачыхай злой… (Чутны шагі чалавека).

Русалкі ўсе (усхапіўшысяя разам). Ай, ай, ай! А цяпер хто куды, разьляцімся, як сны… (Разьбягаюцца па лесу).



ЗЬЯВА II.

Князь Усяслаў (выходзе аглядаючыся). Хаджу і блуджу я, ужо колькі гадзін і, дзе ні ступлю я, ня бачу пуцін. Дубы ды хваіны, бярозы, вязы, скрыгочуць асіны, шыпяць верасы. Кругом нейкі шорах, жуда, пустата; па долах, па узгорках лягла цемната. Вось нешта сьмяецца, вось нешта пяе, то кліча здаецца, то тут-жа снуе… (крычыць) Агу, агу! Ня чуваць гукаў. О, край мой радзімы! Ты зводзіш з ума… Ох, зводзіш ты моцна сваей пекнатой. Я траплю да замку, я траплю на шлях. (Ідзець далей за дрэвы).



ЗЬЯВА III.

Русалкі. (Выбегшы з-за кустоў разам). Ха-ха-ха, вось так госьць, як з зямлі, як з травы! Чалавек, як і ёсьць з галавой і жывы. Ці сюды, ці туды, ад калоды, ад пня. Ужо ня выйдзе ад нас аж да белага дня… (круцяцца каля кургана). Гу-та-та, гу-ля-ля, аж да белага дня!

1-ая русалка. (Сядае на курган). Як люблю я, люблю гутатацца вось так! (падкідываець нагамі, як на арэлях). Як-бы дзе на градзе зацьвітаючы мак…

Дзьве другія русалкі. (Ціха круцяцца каля кургана). Гу-ля-ля, гу-та-та, гута-та, гуля-ля.

1-ая русалка. Помню гэта было на зямлі між людзьмі; як любіла-ж яго сэрцам, думкай сваей!..

Як бажыўся ён мне, што так любе мяне. Многа ночак зьвялі, сон ішоў нам ня ў сон… Сон быў гэта, ах, сон… Зноў зіма па вясьне, ён пайшоў за другой, ён пакінуў мяне і тады, ах, тады… (Цяжка ўздыхае). Адна сьцежка была, ці ў раку, ці ў пятлю. Ну… у — пятлю я пашла… I за тое люблю гутатаціся так, (качаець нагамі), як бы дзе на градзе зацвітаючы мак.

Усе тры. (Разам) Гу-та-та, гу-ля-ля, гуля-ля, гу-та-та… Як-бы дзе на градзе зацьвітаючы мак (разьбягаюцца ўсе ў розныя бакі).

2-ая русалка. Я сядзець так люблю — (садзіцца на высокі пень), гэта мой трон—пасад: бо-ж я княжнай была таму лет сто навад. Прыгажэй за мяне ні было наўвакруг; шмат пакорных тады у сябе мела я слуг. Найвярнейшы адзін з іх мяне спадабаў: як шалёны хадзіў, у мой бок паглядаў. Знала мукі яго я усе на вылёт: як страдаў ён па мне, сумны меў ён пагляд. Тады сэрца у мяне ня было, ці было… Княжне меці яго не да твару ішло… Князь багаты, стары ажаніўся на мне, а мой верны слуга заручыўся з ракой. Вось за-то і сяджу: гэта мой трон пасад, бо-ж я княжнай была, лет таму сто назад.

Усе тры. (Разам). Гута-та, гуля-ля, гуля-ля, гута-та, бо-ж я княжнай была лет таму сто назад (качаюцца і пяюць).

3-я русалка. (ходзячы ў пярод і назад на сцэне) Я снаваці так люблю: то сюды, то туды, успамінаючы свой век з людзьмі малады. Мы жылі у дваіх, як дзьве рыбкі ў вадзе; ён нідзе без мяне, без яго я нідзе. Як любіліся мы, як быў ясен прастор! Плялі думкі свае з сонца, месяца, зор… А пасьля ад мяне адарвалі яго. Узялі, павялі не сказалі-чаго… Сьцюжай выла зіма. (уздыхае). Сьцежку сьнег засыпаў; Даплялася к курганку, дзе міленькі мой спаў… Абняла курганок, сьлёзы беглі з павек і заснула я там, ах, заснула на век! І за тое сную так сюды і туды, успамінаючы свой век малады між людзьмі…

Усе тры. (разам качаючыся). Гуля-ля-гута-та, гута та, гуля-ля… Успамінаючы свой век малады між людзьмі. (Чуваць зноў затрашчалі сукі. Русалкі палохаюцца, усхопліваюцца з падлогі і прыслухоўваюцца).

1-ая русалка. Зноў трашчыць у кустох.

2-ая русалка. Гэта, знаць, любы мой вярнуўся ка мне са старонкі чужой.

1-ая русалка. Не, ня твой, але мой зменьнік той ходзе, знаць зноў мяне палюбіў, будзе зноў цалаваць.

2-ая русалка. І ні твой, і ні яе (паказывае на 3-ю русалку), а мой верны слуга княжну ўспомніў сваю, і ідзе, як мага.

3-ая русалка. (як-бы сама да сябе) Мо, нябошчык, мой любы…

1-ая русалка. Мо, татуля сівы…

2-ая русалка. Мо, стары князь, мой муж, ка мне ідзе, як жывы?..

Усе тры. (разам) Ну, у кусты, хто куды; пакуль блуду яго не надойдзе канец. Закруцім, замуцім мы яго у лясу, да княжны давядзём, хай пабачыць яе… (разьбягаюцца).

Князь Усяслаў. (разглядаючыся). Ня сьлеп я, здаецца, ня п‘ян, зноў гэтае мейсца, той самы курган… І ногі прысталі, і хочацца спаць, а сьцежкі, чым далей-ня знаць і ня знаць. Ці кінуў хто чары у кожны тут кут, ці ведзьмы ў нарокі мяне водзяць тут. Так шумы пужаюць, чуць што дзе дрыгне, я к замку сьпяшаюсь і жудасна мне. — Агу… Агу-го… Ня чуваці адказу, німа. О, край мой радзімы, ты зводзіш з ума… я траплю да замку і жудасна мне… (ідзе далей).

Русалкі. (выбегшы разам) І не наш, і ні чый… так сабе чалавек…

1-ая русалка. Для спачынку яму я прыдумала лек…

2-ая русалка. І мне ведама ўжо…

3-ая русалка. Калдаваць, чараваць…

Усе тры. (разам) Вось тут на кургане яго укладзём мы спаць. (бяруцца за рукі і круцяцца наўкол кургана). Гуля-ля, гута-та, гута-та, гуля-ля (узноў разьбягаюцца кожная к дрэву).

1-ая русалка. Але-ж дзе, але-ж дзе гэты наш маладзец? (углядаецца ўдаль).

2-ая русалка. (прыкрывае вочы і глядзіць у лес) Мы тут пелі сабе, а на сьцежку ўзбрыў ён…

3-ая русалка. Не, яму ні найці шляху вернага тут…

Усе тры. (разам) Пашукаць, паглядзець там і тут трэба нам (разьбягаюцца).

1-ая русалка. (варочаючыся) Ха, ха, ха… блудзе усё, разглядае кусткі… Сумны, бледны такі…

2-ая русалка. (выбягаючы). Ха-ха-ха… блудзе ўсё, то аб пень, то аб лом, і на неба глядзіць, як-бы там яго дом.

3-ая русалка. (выбягаючы). Ха-ха-ха… блудзе ўсё, з сучкоў знакі кладзе, каб другі раз ня йсьці, перайшоў ужо дзе.

Усе тры. (разам). Прыдзе, прыдзе сюды, і засьне, ах, засьне, як-бы ночь, як-бы лес.

1-ая русалка. Стойце!… трэск чую я.

2-ая русалка. (глядзіць удаль) Ужо ідзе, ужо ідзе…

3-ая русалка. Ха, ха, ха, як плутаецца ён.

Усе тры. (разам) А цяпер, хто куды. Песьні ў ход, чары ў ход! (разьбягаюцца ў розныя бакі, толькі чуваць з трох бакоў іхні сьмех і гуля-ля, гута-та…



ЗЬЯВА V.

Князь. (змучыўся, чуць ідзе). Ужо змогся зусім я… Змагла мяне цьма… А сцежкі да замку німа, як німа… Спаткаў і ваўка, ўжо — зуб ляскаў аб зуб… Сава праляцела і села на дуб. З-пад пня выбег заяц і у гушчу пабег, а гэткі быў белы, як вапна, як сьнег. Лізнула гадзюка хвастом каля ног, пабегла і недзе схавалася ў мох… А болей хадзіць так і блудзіць не магу! (стомлены бярэцца за галаву). І сон не астаўся сабой у даўгу. Пара адпачыць, дыхнуці пара, хутчэй мо“ на небе узойдзе зара (садзіцца на кургане). Ах, як тут выгодна! Узгор як пакой. Мох, лісьце, чарнобель, лес над галавой… (зявае). Ах, ах, як-жа слаўна тут можна заснуць (прыслухоўваецца). А ўсё нейкі шорах, як чуць, так i чуць… (твар салавее, галава хіліцца уніз). Ох… муцяцца думкі, павекі — як звон… Зьлёг-бы я зараз… Ах, сон ты мой сон… К княжне не дабраўся, хоць многа блудзіў… Засну, адпачыну хоць троху, а потым узноў… (валіцца, як сноп на курган і засыпае).

3-я русалка. (ціха і пластычна подбягаець к кургану і нагінаецца над князем). Ах, прыгожы які…

2-ая русалка. (падбягае і нахіляючыся над князем). Ах, малоды які (прыкладая руку да сэрца) і прыгожы, як квет…

1-ая русалка. (нахіляецца над князем). Укахаюсь у яго, чуець сэрца мае… Як ён люба злажыў ручкі пад галаву…

2-ая русалка. Як снапок, гэтак лёг тут на мох, на траву…

3-я русалка. Сам сябе усяго у клубочак сагнуў, як адпаўшы лісток, як нябошчык заснуў…

Усе тры (разам). Ха-ха-ха, як лісток… Го-го-го, як нябошчык заснуў…

1-ая русалка. Мы навеем яму тут салодкія сны…

Усе тры. (разам пяюць). Гу-ля-ля, гу-та-та, гу-ля-ля… Пакуль сонца зірне, навядзем яму сон аб Прадславе княжне (качаюцца, як галінкі і нагінаюцца над курганам, а потым садзяцца дзьве ў галавах, а адна у нагах). Сьпі, наш міленькі саколік, госьць наш ня званы, ня сланы! Мы над табою, як цені, поля і лесу начніцы (качаююцца, як галіны) гу-ля-ля, гу-та-та… Сьпі, наш міленькі… Нікому гэткага сну не ссылалі… І пра княжну Прадславу нікому мы сьпеў не сьпявалі… Сокалам вольным на сьвеце будзеш ты век векаваці. Сонца асьвеціць коскамі шлях твой i родну краіну..

Гуля-ля, гута-та. Шлях твой і родну краіну… Сьпі, наш міленькі… Далёка неба глухога сьвітанне. Будзе нялёгка, нялёгка, покі дзень новы настане. Мы цябе тутака атулім ласкай сваей і песьнямі. Песьняю лю-лі, ай, лю-лі! Чары і сон наганяя гута-та, гуля-ля, чары і сон наганяя… Сьпі, наш міленькі! Вы сосны, елі, дубы і асіны, кіньце шумець жаласьліва, пойце пра шчасьце часіны… Выгляні месяц беляны, сьветыч ад веку да веку, сьведкаю будзь неабманнай гэтага сну чалавека… (Пад канец песьні крычыць сава, сярод дрэваў паказываюцца бліскучыя вочы ваўка, на дрэве круціцца зьмяя. На сцэне робіцца зусім цёмна і жудасна).

ЗАСЛОНА.


Акт II.

На старадаўнім Полацкім замчышчы.

АСОБЫ:

КнязьУсяслаў,княжнаПрадслава,
Чорны, Ведзьмы, няпрытомныя душы.

(Месячная ноч. На ўзгорку стаяць разваліны замку, далей відаць Сафійскі сабор сярод дрэваў. Каля замку відаць поўразваліны ганак, дзьверы забіты дошкай. Ад усяго веець жудой і пусткамі. Выходзіць пяць няпрытомных душ з замку і, сказаушы сваю прамову, узноў скрываюцца за яго сьцянамі).



ЗЬЯВА I.

Стары дзед. (худы, згорблены з кіем у руцэ, выходзіць з-за сьцен замку). Ходзім і бродзім мы, няпрытомныя, тут каля замку таго, дзе балявалі князі слаўныя, мы-ж у іх харобрай дружыне былі… (ідзець, як цень, за сьцены замку).

Старая кабета. (ціха выплывае з другога боку замку). А калі-ж к нам змілаваньне з яснай далі прыдзе, гляне… (падымае вочы і рукі к небу), лад-парадак пазаводзе, думкі песьняй асалодзе… (сядае на ганку).

Малады хлапец. (выходзіць з адвагай). А калі-ж к нам рыцар важны прыплыве, з княжной прыгожай нас падыме, заахвоце к лепшай славе і рабоце… (сядае на ганку).

Чалавек. (з чыноўнага люду). А калі-ж к нам прыдуць весьці, што пара усім засесьці на пачэсным пасадзе, ў роўнай долі, ў роўнай радзе… (ідзець за сьцены замку ні кога не заўважывае).

Маладая дзяўчына. (выходзіць, як цень). А калі-ж пясьняр вялікі нашай песьняй пусьце клікі і гарою, і даліною, дрогне небам і зямлёю… (падыходзе к сідзячым на ганку).

Усе душы. (разам). А калі усё гэта будзе, дзе схавана, дзе марудзе; ходам ходзе, не прыходзе, а здаецца клічам годзе… (Раздаецца шум і трэск па лесу і душы, як цені, усе расходзяцца за сьцены замку і хаваюцца за імі).

Князь Усяслаў: (падходзіць — стомлены, але з адвагай к ганку замку. У яго руцэ сякера, якую ён кладзе на ганак, ён моцна ўздыхае і выцірае пот хустачкаю з свайго твару). Колькі ўжо ночак, колькі ўжо раз стукаўся ў гэтыя сьцены… Вечна заходзіла штосьці не ў час мне на дарозе нязьменна… Дзед мой нябошчык, калі уміраў, так гаварыў мне і тату (паказываець аднэй рукой на замак, а другой бярецца ў бокі): у замчышчы гэтым Прадслава княжна мачыхай злою заклята… Жаданьне маё адварожыць чары і кінуцца у бойку хутчэй на змаганьне… Каб вывесьці княжну з няволі глухой, даць сьвет ей і шчасьце, і волю… (ходзіць па сцэне і з гонарам ударывае сябе ў грудзі). Прырода дала мне магчымыя рэчы быць слаўным ў пакоі і страшным у баёх; багацьце, навука і моцныя плечы усё з шчодрасьцю была дарована мне; я біўся ня раз ужо з ворагам лютым і тут пастаю да канца галавой (падыходзіць к ганку і бярэцца за сякеру). Я славу здабуду, к табе я на помач адважна іду… (пачынаець сякерай ламацца ў дзьверы замку).

Чорны. (крадучыся каля сьцен, падходзіць к князю і выбіваець у яго з рук сякеру). Зноў ты, зноў ты непакоіш, наша царства-уладарства. Зноў ламаці — думкі роіш — праўды нашай гаспадарства.

Князь. (бярэцца за галаву і стомлены садзіцца на ганку)

Чорны. Вон адгэтуль, вон з парога. Скарб пад нашымі замкамі. Вон, якой прышоў дарогай: (паказываець у лес) скарб пільнуе цемра з намі… Хто закон наш не ўшануе — я здаўлю таго прынукай: абручом такім спаўю я, (круціць рукамі) як вужакай, як гадзюкай (сьмяецца) ха-ха-ха-ха (хаваецца за сьцяну).

Князь. (узноў бярэцца за сякеру і падходзіць к дзьвярам). Так ужо ёмка сякеру залажыў, меціўся дошку сарваці, бач, як-бы сілы усе свае збыў (апушчаець руку з сякерай). Млее рука, не спазнаці (закладае сякеру за дошку узноў). Ну, адрывайся, пракляты запор, досіць, жартаваці са мною… Сілы, больш сілы, ах каб цябе мор… Зноў не пакратаць рукою…

Чорны. (падскаківаець і узноў выбівае сякеру) Зубамі грызі, війся у ранах, сэрцам бі у камень, як звонам. Крывёю парог зьлі цэгляны, трупам тут ляж безгалоўным…

Князь. (узноў апушчаецца і бярэцца за галаву).

Чорны. (Выцягівае рукі). І з сьвету таго выглянь марай, з небам аплутаўшысь дружбай (стукаець кулаком аб руку), удар пярунамі з-пад хмараў, я не пакіну тут службы… (прытуляецца к сьцяне).

Князь. (устрапянуўшыся раптам і паднімае сякеру). Вось і сякера мая, к рабоце хутчэй… У замак патрапіць я мушу. (Замахіваецца сякерай у самыя дзьверы).

Чорны. (хватаець яго за палу і цягнець на зямлю з ганку). Ха-ха-ха-ха… Пакуль сюды узойдзеш не званы, кінь свае думкі, дзяціна! Лепш чэрвем ад рана да рана ляж пад гнілою асінай… Ха-ха-ха-го-го-го-го… (сьмяецца стоячы над князем).

Князь. (садзіцца на зямлю, як-бы зачараваны i раптам устрапянуўшыся і паднімаючы галаву, пачынае шукаць каля сябе сякеру). Хоча змучыць мяне цёмная глуш… Ня варта… ня здамся я чарам… (углядаючыся). Як-жа тут цёмна, як цёмна, маю я крэмень з сабой. (шукае ў кішані крэмень і зьдзіўлена) Ах, Божа-ж ты мой, дома забыўся я крэмень (аглядываець сябе і, убачыўшы з боку меч, весела). Ну, ды нічога… меч мой пры мне (выцягівае меч і пробуець, ці востры).

Толькі аб камень зубы зьбіў. Што-ж? Так сягоньня ўжо пойдзем дамоў, — вытачу заўтра мой любы.

Эх, каб яшчэ ды папробаваць з раз, гэтых струхлеўшых запораў, каб дачакацца мне шчасьлівы час, вывесьці княжну на свабоду… (з трудом ўстае і паглядывае на дзьверы).

Чорны. (выскаківае) Ты ўсё углядаешся ласа, забыцца ня можаш пакусы, дам я табе тут папасу, толькі гуляй бяз прымусу (убягае).

Князь. (устае з зямлі) Ціха… прыпомняў: ёсьць крэйда ў мяне. (Выцягівае з-за пазухі крэйду) Учора на мысьль мне узьляцела… Чуў, што і поўнач тады не чапне, круг абвясьці толькі ўмела… (Садзіцца пасярод ганку — бокам к дзьвярам і крэйдай абводзіць каля сябе круг). Вось мо“ цяпер і спазнаю, як знайсьці к княжне царогу. У поўнач тут, кажуць, сваё йдзе жыцьцё, толькі-б не зьняцца трывогай… (Пяе) Гэй, ты, гэй… наша ночанька цёмная, завагніся ты, сонца, пажарам, распалі нашу долю заломную не пракляцьцям, а Божым будзь дарам.



ЗЬЯВА II.

(Гудзіць вецер; зьяўляюцца то з аднэй, то з другой стараны ганку ведзьмы. Чорны кідае ім чырвонцы на зямлю. Ведзьмы з усіх бакоў падходзяць да князя, то раптам адскаківаюць ад яго, убачыўшы круг з крэйды).

Князь. (сядзіць, як зачараваны і глядзіць на ўсё зьдзіўлена)…

1-я ведзьма: (працягівае к яму рукі.) Што тут робіш? Хто асьмеліў падыйсьці пад хорам гэты? За праступ такі на дзеле даць адказ свой мусішь мне ты. Вон адгэтуль на заўсёды!.. (выцягвае рукі к лесу). І не важся ступіць кроку: усе выходы і ўходы наша мае страж на воку. А хто варты не ўшануе, я здаўлю таго прынукай: абручом такім спаўю я, як вужакай, як гадзюкай (атходзіць у бок; ведзьмы ў гэты час поўзаюць па зямле, падбіраючы чырвонцы тыя, што раскідаў чорны).

Чорны. (то выскаківае з-за дрэў, то ізноў хаваецца і гагочыць: го-го-го… хо-хо-хо…).

2-ая ведзьма. (падпаўзаець па зямлі да князя) Скуль ты узяўся?.. Чаго хочаш?.. Кім пасланы, кім пазваны, што з сякерай ламочаш, госьць наш прышлы, нечаканы… Вон адгэтуль… Хто тут хорамы спрабуе, я здаўлю таго прынукай… абручом такім спаўю я, як вужакай, як гадзюкай (адпаўзае ад князя).

Князь. (апушчае галаву і абшчэплівае яе рукамі).

3-ая ведзьма: Ну, чаго сюды прыйшоў ты?.. Ці табе не здаў хто рэшты… Вон адгэтуль, вон з сякерай?.. Я ганю цябе сьвячніцай, вечнай плесьняй гэтых мураў. Хто папсуе нашы муры, я здаўлю таго прынукай, абручом такім спаўю я, як вужакай, як гадзюкай (хоча ухапіцца за князя і раптам адскаківае ад яго, убачыўшы круг і валіцца на зямлю).

4-ая ведзьма. (падпаўзае, як зьмяя да князя) Дужа, дужа ты, нягодны, праў сьвянцоных не шануеш… Гэткай подласьцяй выроднай сабе пекла прыгатуеш… Скуль ты маеш пазваленьне ў нашым замчышчы цягацца… Проч адгэтуль безадменна (падпаўзаець зусім блізка і хоча крануць князя рукой і разам адымае яе). Проч адгэтуль! Гэта наша ўладарства! Я ганю цябе павагай, найвышэйшай зямных царстваў! Здрадой к сьвету, к цемры смагай! Хто наш голас не ўшануе, я здаўлю таго прынукай, абручом такім спаўю я, як вужакай, як гадзюкай… (адпаўзаець проч).



ЗЬЯВА III.

Чорны. (выходзіць з сьцен замка і ляпае чырвонцамі, якія трымае ў жмені. Ен крычыць ведзьмам) З-лева, з права, з права, ўлева… аплятаці шчыльна, жвава…

Усе ведзьмы. (вылятаюць з-за дрэваў на памёлах з гіканьнем і сьвістам і пачынаюць круціцца).

Чорны. (ім у такт) Абручамі ў знак, не ў знакі, як гадзюкі, як вужакі……

Ведзьмы усе. (разам) Як гадзюкі, як вужакі, абручамі ў знак, не ў знакі… Аплятаці шчыльна, жвава… з права, з лева, з лева, з права (танцуюць, свішчуць і шыпяць).

Чорны. Гэй, на вырай, гэй, на жніва… Толькі спрытна, толькі жыва… У лева, ў права, ў права, ў лева, як гадзюкі, як вужакі…

Ведзьмы. (разьбягаюцца ў розныя бакі з гікам) У лева, ў права, ў права, ў лева… на пасьпелыя пасевы… толькі спрытна, толькі жыва… Гэй, на вырай, гэй, на жніва…

(Пачынае грахатаць гром, блішчыць маланька, на сцэне цёмна, жудасна).

Усе ведзьмы. (узноў вылятаюць з-за древаў на сцэну, шыпяць, круцяцца і сьвішчуць, крычаць) Гэй, на вырай, гэй, на жніва…… (пад раскаты грому разьбягаюца куды ды каторая).

Чорны: (Выбягае на сцэну, сцэну, ляскае грашмі ў жмені і гагочыць) Го-го-го… хо-хо-хо… (яго сьмех зьліваіцца з раскатамі грому. Стаіць агулны стон і гул, пад які чорны скрываецца за дрэвамі).

(Пасьля некалькіх хвілін усё заціхае і сьвятлее на сцэне).

Князь. (як-бы прачыхаючыся ад чар, падымае галаву, працірае вочы і раптам). Што за дзіва, што за сіла тут сьвістала, скагытала… Што-сь круціла, што-сь муціла, як вяроўкай аплятала… (падымае вочы к небу, як-бы моліцца). О, Божа Праведны, ты сілу вяліку сваю акажы, пашлі мне сьветлую падмогу, ад чар княжну асвабадзі (Узьбягае на ганак і з сілай ударае ў дзьверы замка мячом; дзьверы валяцца, уся сцэна асьвятляецца ружовым сьветам і ў дзьвярох паказываецца Прадслава княжна. Яна ўся ў белым, з распушчанымі валасамі і вельмі прыгожым тварам).

Князь. (адыходзіць некалькі крокаў назад і стаіць як зачараваны, прыціснуўшы рукі к грудзям).

Прадслава (працягівае к князю рукі). Гэй, княжа, ты верны сын роднай старонкі, аддаўшы жыцьцё за зямлю, за бацькоў, скажы мне, дзе браў ты, з якое крыніцы вялікія сілы, каб чары закляцьця зьнішчыць нада мной…

Князь. (да Прадславы з жарам, прыкладаючы руку к грудзям). Хоць віхры шалелі, хоць песьні нямелі, хоць страшна замучыуўся я… За добрую справу, за шчасьце Прадславы я жыцьцё не шкадуя аддам… (падходзіць бліжэй к ганку і з вагнём). Я шчасьліў Прадслава, што ты на свабодзе… Мы пойдзем з табою сьцязёю аднэй… За шчасьце народу, за лепшую долю, мы будзем змагацца з табой…

Прадслава. (прыкладаючы руку на сэрца) Я колькі ужо вякаў змагалася устаці… Я жыва… Народ мой са мной і пры мне… Я усё перанесла і вышла я з хвалай… Я сільна, я моцна ў сваёй старане… Прашло засьляпленьне, мінула трывога, на небе ўжо новая відна зара… Шырок перад нашым гаротным народам шлях маладога жыцьця… Ужо днее, ужо днее… Ужо сонейка ўсходзе, ужо дух ў народзе збудзіўся… Уперад, уперад пара… (выцягівае рукі ўперад і вочы падымае ўгару).

Князь. (стаіць як зачараваны і вачэй ня зводзіць з княжны, слухаючы прамову. Потым з жарам і гонарам, падымае шалом, гаворыць апошнія словы) Прадслава,Прадслава, я йду за табою змагацца з народнай нядоляй ліхою…

(Уся сцэна асьвятляецца мяняючымся сьветам і за сцэнай ціха пяе хор: О, Боже Спасе Наш… [1]

ЗАСЛОНА.


О. САХАРАВА.


  1. Па жаданьню магчыма пяяць беларускі марш: „мы выйдзем шчыльнымі радамі“…



1638. Дзьвінская мястовая друкарня. Дзьвінск, Зялёная вуліца № 8.



Гл. таксама

правіць
 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.