На вакзале
На вакзале Аўтар: Алесь Пруднікаў |
Цішы нерухомае тут не налучыш,
хвіліны падлічаны кожным.
Чаканнем ахоплен балючым
ў натоўпе людскім падарожнік.
Жаданне ў душы кожны носіць,
гадзінамі сочыць заўзята,
як стрэлкі паўзуць па дарозе
люстровага дна цыферблата.
А дзесьці даюцца сігналы,
як лебедзі, мчацца вагоны,
душа у трывожнай навале
затоіць чуццё дарагое…
Пацякуць на перон пасажыры
з пакункамі дзеля пасадкі.
Навокала вочы чужыя
шкляную рассейваюць вадкасць.
Рассядуцца шумна знянацку,
купэ не пакінуць парожнім…
З нас кожны ў разбезе юнацкім
маленькіх шляхоў падарожнік.
Вакзал жа шуміць і гамоніць,
ён вечна хвалюецца нівай…
Так наша жыццё дарагое
хвалюецца новым прылівам.
4 верасня 1930 г.
Ворша