На гасьцінцы
На гасьцінцы Верш Аўтар: Якуб Колас |
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/167 |
Чыстым інеем пакрыты
На гасьцінцы беразняк,
Космы густа ім абвіты;
Ў белым сьнезе маладняк.
Сьвішчуць сані на марозе,
Коні рвуцца і хрыпяць.
Крык і гоман на дарозе,
Бомы стогнуць і зьвіняць.
Ськверыць холад. Пабялелі
Вусы, сьвітка вазака,
Толькі шчокі счырванелі
Ад марозу ў мужыка.
Перад сьвятам заработкі,
А дарога, як сьляза...
Толькі бухаюць калодкі,
Толькі сьвіст ад палаза!..