На гэтых пройдзеных шляхох…
На гэтых пройдзеных шляхох… Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1929 Крыніца: Паляўнічы Беларусі. – 1929. – № 11–12. – С. 11. |
На гэтых
Пройдзеных шляхох
Нямала знойдзена,
Здабыта.
І з краю смуты і трывог
Ідзем ў край, сонцам
Апавіты.
О, родны край!
Твае палі
Яшчэ аб светлым так не снілі,
Тут буры творчыя
Прайшлі,
Імкненнем сэрца
Запалілі!
На новы шлях
І ў новы дзень
Вядзе нас творчая імклівасць.
Тут горды дух агнём надзей
Палае моцным калектывам.
Тут
Ўсё аджытае на дно
Сучаснасць наша пахавала
З паганскім міфам
Калдуноў,
З азёрнай казкаю
Русалак,
Дзе ноч пакінула вясло,
Лясун заблытаўся у ціне.
Асушым твань старых балот,
І змрок ўзвядзем на гільяціну.
Мы пабудуем светлы дзень,
Дзе новы творца — чалавек—
Дарогай простаю ідзе
Без надламаных і калек…
Мы узнясем святла палац,
Мы ў вокны кінем
Промні сонца,
Каб нашым будучым палаць
І сніць аб будучай
Старонцы…
Там пад праменнямі вясны
Да свету пройдуць
Міліёны,
І аб мінулым успамін
Сатрэцца трактарнай калонай.
І ў новых,
Чыстых гарадах,
Быць можа,
Ўспомняць на хвіліну
Аб нашых ранішніх
Шляхах —
Ў прасторы будучай краіны…
О, родны край,
Твае палі
Яшчэ аб светлым так не снілі.
Тут
Буры творчыя прайшлі,
Імкненнем сэрца запалілі!