На зачарованых гонях (1923)/Аднаго разу ў нядзелю

На балоце Аднаго разу ў нядзелю
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Дванаццацігоднікі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аднаго разу ў нядзелю.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аднаго разу у нядзелю.

(Быль).

У зялёных, калючых абоймах гушчару накіданы кучы старых, вялізарных скрынак — вясковыя хаткі.

Васпавата-саламянае цела вёскі разрэзана на дзьве часткі аграмаднай рухлівай касой — рэчкай Срыбнай.

Над рэчкай скача драўляная, сьвежа-жоўтая зьвярына — новая грэбля з сасновых плашак.

Летняе сонца палівае вакол залочаным, гарачым варам.

Па рунявай, травяністай барадзе вузенькай вясковай вулкі спацыруе маленькая сямейка — квола-добрая матка з цэлай кучай дробненькіх дзетак — сьвіньня з маленькімі парасяткамі.

Сьветла-ружовая дзетвара трэцца каля матчыных сіваватых ног. Цененькія вяровачкі-хвасткі закручаны ў круглыя абаранакі. Трубачкі-лычкі нюхаюць-шукаюць.

— Квіць-квіць-квіць!

Сьвіньня супакойвае іх ласкавымі матчынымі словамі.

— Хрумк-хрумк-хрумк.

Кучка чацьвераногіх дрыбнятак прысасываецца, як жмуток п’явак, да яе адвіслага жывата. Парасяткі так уважліва палуднуюць, што й сьвету белага ня бачаць вакол.

Маці ўпірае ў сонечную далеч пару маленькіх хітрых вочак, прыслухоўваецца пільна сівымі лістамі-вушамі і строга ківае хвастом. Асалода тырчыць з яе калючай драцянай шэрсьці.

— Жартачкі, дзеткі палуднуюць.

Сьвяточны дзянёк — нядзеля.

Дзе-ні-дзе закрасуюцца ў вакне чырвоныя кветкі жаночай кофты. Дзяўчына з ільнянымі косамі, сьвяточна ўбраная ў каляровую саматканку, перабягае вуліцу, пазіраючы ўніз, на свае чырвоныя, запаленыя сонцам босыя ногі.

Сяляне — старыя мужыкі сядзяць на прызбах. Галовы — у жанок на каленях.

Прыбег устрывожаны сусед:

— Браткі, што сьпіцё ў шапку?

— Ну?

— Госьці ў лесе. Пастухі гаварылі. Бандыты на конях. Са стрэльбамі.

Грамада непакоіцца.

— Што рабіць? Нас то бандыты жывых у кашу ня кінуць. Але што з мельнікам рабіць?

Галаварэзы разарвуць Гайзіка на кавалкі… Шкода добрага суседа.

— Трэба што-кольвек рабіць!

Гаспадары пусьціліся ў млын.

— Гайзік! А, Гайзік. Ведаеш?

— Ведаю…

Гайзік быў у млыне. Сядзеў над жорнамі і шліфаваў камень завостраным малатком.

Гайзік меў прывычку ў кожную нядзелю што-колечы рабіць, каб аддзяліцца ад хрысьціян…

— Чаму робіш у нядзелю?

— Я павінен памятаць, што я жыд…

— Сягоньня забудзь…

— Ну?

— Бандыты шукаюць жыдоў.

Гайзік вінавата апусьціў вочы.

— Сям’ю я ўжо заўчас выправіў у горад, а сам ні за што не пакіну млына аднаго. Адсядзеў тут дваццаць год. Што будзе — хай будзе.

Суседзі ківалі галовамі:

— Праўда, як можна кідаць гаспадарку?

— Гайзік!

— Га?

— Кінь сягоньня працаваць. Ідзі апраніся ў сьвяточныя вопраткі!

— У сьвяточныя? Чорны сурдут і новыя чаравікі? На што?

— Ха-ха-ха! Сягоньня апраніся ў нашую сьвітку, абуй новыя лапці. Зрабіся нашым братам, калі хочаш астацца жывым.

Гайзік маўчаў.

— Схавай свае «бубліі» і павесь у куце на сьцяне абраз сьвятога Мікалая. Мы спарадкуем тваю хату на наш лад, каб бандыты не пазналі, што гэта жыдоўская хата.

Мельнік церабіў бараду.

— А мая фізыономія?

Хэўра пачала крытычна аглядаць Гайзіка: рудая вялікая барада, як у „рускага“, тоўстыя вусы, густыя бровы, скалмачаныя валасы на галаве.

— Выйдзе лоўка! Якраз наш брат! Па нашаму гукаеш ёмка. Скінь «цыцалі»

Гайзік паслухаўся.

Кампанія ўзялася за работу. Прынесьлі Гайзіку сьвіту, лапці, сьвяты абразок. Гайзік схаваў свае «бубліі», і хата прыняла, належны выгляд: нічога жыдоўскага не засталося. Да Гайзіка на двор запрасілі пугай сьвіньню з маладым пакаленьнем, разбаўталі ёй пойла ў карыце. І вясковая баба засталася гаспадарыць у яго хаце — нібы Гайзікава жонка.

Разыйшліся людзі па хатах. Парасяты, Гайзік з вясковай бабай засталіся.

Баба з Гайзікам селі на прызбу. Гайзік падлажыў сваю калматую галаву бабе на калені, і яго нібы-то жонка пачала расчэсываць валасы…

Гайзік касурыў бровы з бабіных каленяў у бок лесу: ці ня едуць ужо «любыя» госьці — бандыты.

Гайзік кідаў зрэнкамі да неба!

— Дзе ты, бог Ізраіляў? Дзе ты?

Неба ціха блакіцілася роўна для ўсіх і нямела…

Гайзік зазлаваўся на «бога Ізраіля»…

Баба шуткавала і харошылася перад Гайзікам. Парасяткі круціліся яму пад ногі. Шчыра і кемна Гайзік граў ролю мужыка.

— Топ-топ-топ! — пачуўся з новай грэблі конскі топат.

Пяць п’яных галаварэзаў вярхом на конях прывалілі на дзядзінец.

Гайзік ускочыў ім насустрач.

Разгарачаныя, чырвоныя твары, раскудлачаныя чупрыны на ўспацеўшых ілбах, нагайкі ў руках засьляпілі Гайзіку вочы.

— Жыдоў няма ў вас? — запытаўся адзін з бандытаў.

— Няма ў нас жыдоў! — спакойна адказаў Гайзік і са сьмехам дадаў «трох’этажную». «Трох’этажная» Гайзіка бандытам страшна спадабалася. Адзін з бандытаў пабратэрску жарнуў Гайзіка па плячох.

Бандыты рвануліся ў хату.

— А дзяўчаты, дзед, ёсьць ў цябе?

— Няма.

— Што значыць няма! Мы табе галаву скруцім! Павінны быць!

— Няма, — ціха адказваў Гайзік: — мы тут з бабай, як бачыце, адны.

— Фэ! Твая баба — старая падла!

Галаварэзы плюнулі і пайшлі ў вёску шукаць дзяўчат.

Пачалі брахаць сабакі. Шум і крыкі рваліся з вясковых хатак.

Гнеў загарэўся ў сэрцы мельніка. З таго часу, як ён пераадзеўся за мужыка, дык зусім зьмяніўся, — зрабіўся сьмелым. Ён схваціў вялікі млыновы молат, пабег на тыя крыкі з малатком у руках і з «трох’этажным» ў горле.

Сяляне віламі і косамі баранілі сваіх дачок ад бандытаў. Бандыты працавалі нагайкамі над мужыцкімі галовамі. Кроў плюхалася…

Папалася і Гайзіку.

— Мы спалім вёску! Мы вас перастраляем, як сабак! — бушавалі бандыты.

Нядоўга цягнулася вайна. Загрукалі стрэльбы. Атрад чырвонай коньніцы раптам выскачыў з лесу.

Бандыты ўцяклі.

На вёску зноў напала сьвяточнасьць. Ва ўсіх хатах пяклі яечні.

Вясковая баба шчыра грала ролю Гайзікавай жонкі. Яна смажыла пшанічныя бліны ў Гайзікавай хаце вельмі спрытна.

Дым каціўся з комінаў, кучаравіўся ўгары і бруштыніўся ў размаітыя круцёлкі. У вёсцы пахла салам. Дзесьці тылілікаў гармонік.

На ўзгорачку сярод вулку разьляглася сьвіньня з дзеткамі, нібы самая галоўная гаспадыня вёскі.

Мельнік скінуў мужыцкую сьвіту, апрануў свае, запыленыя мукой, вопраткі і давай кожнаму паасобку расказваць аб тым, што тут чынілася і дзеялася.

Менск, 1922 г.