На зачарованых гонях (1923)/Дзе канец зямлі

Мядзьведзь Дзе канец зямлі
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Юлька
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе канец сьвету?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзе канец зямлі?

Даль была туманна-празрыстая, абрызганая з берагоў пазалотаю сонейка. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя вершаліны хвоек. Месцамі ўзгорак у самае неба ўглядаўся, а месцамі паласы далі, стужка за стужкаю, кайма за каймою, зьядналі неба з зямлёю. Нібы абрусы-тканіны былі раскіданы радамі паміж небам і зямлёю дзеля таго, каб яны бяліліся пад сонейкам. Рады гэтых абрусоў, пачынаючы ад бору, былі спачатку цёмныя, потым сівелі й лёгкім, чуць заметным дымком зьліваліся з блакітам кволых, празрастых нябёсаў…

Янка, малы сямігадовы хлопчык, каторы пасьвіў гусей на выгане ля рэчкі, пазіраў зьдзіўлёнымі васільковымі вачыма на сьвет божы ды наглядзецца ня мог. На кожным кроку бачыў ён дзівы-дзіўныя:

…З-з-м! з-з-м! глядзі, Янка, — кажа залатая пшчолка з кветкі канюшыны, — які вялізарны абшар зямлі, канца нідзе няма. Няма канца гэтым кветкам з салодкімі зацукраванымі збаночкамі. Ой, вялік сьвет божы…

… С-с-с! колькі валасоў, братоў родных, вакол мяне, — шэпча здалёку жытні колас Янку, — ліку няма…

… Чалом! чалом! чалом, Яначка! — пяе жаўранак над галавою пастушка. — Ой, як высока неба над намі, каб ты ведаў…

Янка шмат чаго бачыць, чуець і ведае. Равесьнікі сьмяюцца з яго — ён заўсёды адзін, як дзікі ваўчок. Ні з кім у конікі ня гуляе. Хаваецца ад усіх… Вочкі ў яго часам сумныя, сумныя. Гэта тагды ён сумуе, калі па шырокай дарозе гасьцінца едуць падарожнікі. Падарожнікі паказваюцца з аднаго краю нябёс чорнымі жучкамі, большаюць, большаюць, пакуль зробяцца вялікімі, як Янкаў бацька. Чуе Янка ляск пугі, бачыць успацелых конікаў і запаленых падарожнікаў…

Здалёку-здалёку едуць падарожнікі, і Янка вельмі зацікаўлена ўглядаецца ў іх. Яго цікавіць іх гутарка, вопраткі, коні, каламагі.

І дзівіцца Янка й надзівіцца ня можа…

У працяг у даль дарогі-гасьцінца едуць падарожнікі. Скрыпяць і грукаюць калёсы. Цішэюць-цішэюць. Меншаюцьменшаюць. Робяцца тымі самымі маленькімі жучкамі, якімі былі спачатку. Вось-вось уходзяць за пагорак на самым краі неба… Ой-ой, няма ўжо іх — згінулі-зьніклі…

І зноў жоўтая дарога апусьцела-анямела… Улёгся пыл жаўтавата-залацістымі плямінамі… А ціш такая сярод летняга дню, што здаецца — сам ойца-божанька заснуў з ангеламі сваімі.

А Янка дзівіцца — ды канца мяжы няма дзівам яго неадступным:

… Скуль гэныя падарожнікі, якія прыехалі з канца зямлі?

… Куды яны паехалі, згінуўшы на другім канцы зямлі?

Пільна-пільна ўглядаецца Янка ў маўклівую стужку залацістай дарогі ды нічога зразумець ня можа.

А дарога мягкімі дыванамі гарачага пяску цягнецца ўдоўж, перарэзваецца ўпапярок, узлавата пляцецца ў розныя староны па твары зямлі, нібы маршчыны на твары бабулькі.

… Старая-старэнькая зямелька наша, — думае Янка, — а жывець-жывець… Ды яшчэ якім маладым галаском дразьніць яна яго часам.

Помніць ён, як аднаго разу з маткай у грыбы пайшоў. Загуляўся ён тады ля канца пры муравельніку й страціў матку сваю. Ён спужаўся й падняў крык на ўвесь лес:

— Матка, дзе ты?

— Матка, дзе ты? — дразьніла яго зямля з усіх бакоў — з бярэзьніку, з бору, з пусткі.

Ён у сьмех — зямля ў сьмех. Ён у плач — зямля ў плач. Вось ён тады злаваўся й тупаў нагамі.

Але дарога цікавіць яго болей усяго, бо па ёй людзі прыходзяць няма ведама адкуль і ўходзяць няма ведама куды…

То пакажацца на дарозе сьляпы жабрак-лірнік з хлопчыкам-павадыром. То на кірмаш едзе цэлае мора народу.

І Янка бачыць вялікі рух жыцьця — новы, вялікі рух, якога ён рэдка й бадай што ніколі не спатыкаў у сваёй роднай маленькай вёсцы.

Гусі йдуць у шкоду, а Янка, разявіўшыся, цэлымі гадзінамі пазірае на бязьмежную дарогу, поўную незразумелых, цікавых рэчаў, абсеяную вабнымі шчыртаемнасьцямі.

Шмат разоў меў Янка ад бацькі добрую лупцоўку затое, што гусей ў шкоду пускае, але нічога не памагае.

… Дзе канец сьвету?

Янка думае цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі й даведацца ня можа.

… І бабка Аўдоця гэтага ня ведае. А дзядзька Арцём робіць толькі тое, што сьмяецца з яго пытаньняў.

… Бацька то пэўна знае, але ў яго боязна дапытвацца, бо яшчэ, чаго добрага, асьцёбае.

… Сам, сам пазнаю. Розумам уласным даведаюся.

Прыслухоўваецца ён да розных казак страшных. Болей усіх дрыжыць Янка ад жудасьці людаедаў і разбойнікаў. Сьлёзы самі коцяцца з яго вачэй пры жаласьлівых песьнях начлежнікаў. Проста сэрца маленькае выскачыць хоча з яго грудзей.

… Але ніхто ня ведае, дзе канец сьвету.

… Пэўна сонейка ведае, — думае Янка. А сонейка — яго першы сябар.

І ўлетку, і ўзімку, і ўвосені, і на вясну Янка ад усходу да захаду любіць пазіраць на сонца.

Жмурачы вочы свае на сонейка, чуе ён, што незразумелая радасьць квітнее й расьце ў яго душы.

Сонейка — добры, шчыры вартаўнік таго абшару зямлі, што ведае Янка. Сярод лета сонца ўсходзіць вельмі рана з правага краю гары, залоцячы вершаліны альхоўніку пад гарою ля рэчкі; а заходзіць яно вельмі позна з левага краю гэтай самай гары, залоцячы так сама вершаліны дрэў. Сонца робіць тады чуць ня цэлы круг над тым абшарам зямлі, што ведае Янка.

Увосені сонца ўжо падымаецца з бярэзьніку й заходзіць у цёмны бор, дзелячы круг толькі ўвесь напалавіну.

Узімку сонца, ўсходзіць вельмі позна над дарогай на краі неба й заходзіць вельмі рана ў лагчыну. Яно абхоплівае зусім малы кавалак неба.

… Пэўна ўзімку холадна сонейку, — думае Янка.

А на вясну, як пачынае цяплець, сонца йзноў даўжэй спацыруе па небе. А як яно часам неба фарбуе… Янка нагледзіцца ня можа. Чаго-чаго ён ня бача тады ў небе — і розныя замчышчы з белага й ружовага мармуру, і цэлыя спады невядомых зьвяроў, і вялізарныя вогнішчы, і чырвоныя рэчкі…

… Пэўна сонца ведае, дзе канец сьвету, — пераканаўся Янка аднаго разу пад вечар. Хоць маці строга казала, нікуды далёка ад гусей не адыйсьціся, але раз назаўсягды трэба дабрацца да канца сьвету. Трэба дабрацца вось туды, дзе сонейка начуе за лесам, вось туды, куды завезьлі нябошчыцу бабульку, бо маці казала, што бабульку на той сьвет адправілі…

Хлопчык зірнуў на гусей, што гагаталі ў сухой канаве на выгане. Глянуў на вёску: мо‘ хто з сваіх на вуліцу вышаў. Усюды было ціха й пуста. Цішыня на захад сонейка.

А сонца чырвоным вогнішчам стаяла за гарой і вабіла й звала да сябе Янку…

Янка перажагнаўся й пусьціўся бягом. Бег, бег дарогай, покуль дабег да той бярозкі, дзе сонца павінна было зайсьці ўніз. Бач — аж сонца адскочыла ад яго далей да сівой крушні. Яшчэ ніжэй спусьцілася яно там, апіраючыся чырвоным бокам сваім аб зялёны дуб.

Нядоўга думаючы, хлопчык з усіх ног пусьціўся далей. Надта хочацца яму зірнуць, дзе сонца заходзіць, а сонца ад яго далей уцякае…

Янка змарыўся — спацеў, але прэць упярод супроціў сонца, супроціў таго рознакалёрнага пажарышча, якім яно абхапіла неба…

Новыя далі адкрыліся вачом Янкі, новыя лагчыны, новыя ўзгоркі, новыя лясы, новыя дарогі, дарожкі й сьцежачкі, простыя ў крывыя, ва ўсе бакі…

— Стой! — крычыць ён сонцу, троху ўстрывожаны, бо бацьку ўспомніў, успомніў тую лупцоўку, якую будзе ён мець ад бацькі, бо пэўна гусі ў жыце.

— Стой! — дразьніць яго зямля з лесу, з-пад гары — з усіх старон. — Стой!..

А Янка бяжыць з імпэтам упярод. Вочы гараць дзіка, няпрытомна.

… Дзе канец зямлі?

Канца-мяжы няма…

Божанька… Сонца ўжо зайшло… Змрокі пачаліся…

І тут толькі Янка ўгледзіў, што стаіць па старым могільніку, сярод лесу высокіх, абросшых мохам крыжоў…

Шмат страшных казак аб мярцох і ваўкалаках ведае ён з гэтага месца…

… Ці тут канец зямлі?

Пасадзец, 1917 г.