Злодзей Сымон
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Летапісцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Злосьць (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сымон.

Сымон лічыўся найбольшым бедаком у вёсцы. Дзе калі якое гора навернецца, заўсёды трапіць на Сымона: то бык нагу выкруціў, то пуня згарэла, то бульба пагніла, то тое, то сёе, але яго ніякая кара з неба ніколі ня міне.

Зрабіўся Сымон чарней чарназёму: ходзіць пануры, як галодны воўк у чыстым полі, і толькі шукае на кім злосьць сваю спагнаць…

Быццам вужаку, носіць ён ў грудзёх сваіх вялікую, страшэнную злосьць, каторая, як порах, паліць яго, варушыць гострымі калючкамі ў нутры й супакою не дае.

У яго памутнеўшых ад бясплоднай працы мазгох кратаюцца цяжкія, як шрот, думкі:

— Абабраў, аграбіў мяне нехта… Нейкае ліха мне жыць не дае… Ты на гару, а чорт за нагу. Ой, што гэта! божухна… бо-о…

І не канчае ён, бо страшэнная злосьць душыць горла, вочы туманяцца й наліваюцца крывёй…

— Хто ачмуціў мяне? Хто абкруціў мяне?

І азіраецца Сымон кругом сябе сумны, благі… Азіраецца й бачыць сваю жонку, высокую, тонкую й худую кабету з запаўшымі грудзьмі, з бледным, падобным да воску, тварам, у парванай вопратцы. У аднэй руцэ трымае яна маленькага Юзіка, каторы дрыгае голымі, сінімі ад холаду ножкамі й цягнецца бледнымі вустачкамі да пустых грудзей маці…

Азіраецца Сымон на жонку сваю й дзікім робіцца…

— Во хто вінават! — Яна гультайка! заўсёды толькі з дзяцьмі займаецца!.. — І ён спаганяе сваю злосьць… б’ець жонку…

Б’ець ён сваю жонку што дзень, знаходзячы нейкую прыдзірку, і яму быццам лягчэй робіцца.

Сымоніха не бароніцца, ня крычыць яна, сама падстаўляе яму плечы й толькі часамі ціха, слабым, хворым голасам, кажа:

— Сымонка! што ты робіш? Гэта-ж грэх! Што-ж з мяне выб‘еш? — І маўчыць, толькі мацней заціскае бледныя вусны, вочы робяцца вялікія, вялікія… сумныя… сумныя…

Яна гэтак ужо прывыкла, што ніколі ня плача й ціха нясе сваю жыцьцёвую пакуту.

— А мо’ і запраўды я вінавата, — думае яна часамі. — Можа я не дагледзіла, можа я мала рупілася, калі кароўка, наша карміцелька, здохла… Мо’ і запраўды я вінавата? — думае Сымоніха й падстаўляе плечы: хай б’е — па гэтым жыць буду…

І лупцуе яе Сымон часта, шчыра…

Часта-густа Сымон п’ець, але ніколі не п’янеець. Гарэлка ня маець сілы над ім… Толькі робіцца яшчэ сумней, яшчэ страшней, пальцы скручваюцца ў кулакі чорныя, грамадныя…

— Хто мяне грабіць, хто мозг касьцей маіх выймаець?

І быццам разьюшаны бугай, шпарка бяжыць біць сваю жонку…

І б’ець…

А кабета маўчыць, занадта маўчыць, быццам запраўды вінавата.

Толькі сохнець Сымоніха, як той завяўшы каласок, як тая растаптаная кветка на мяжы… Сохне… кашляе… слабее. Плечы хіляцца ніжэй, па сэрцы млосна, абліваецца халодным потам ды сама ня ведае, што з ёй робіцца…

— Што з цябе будзе? — пачынаюць суседзі ёй гаварыць, — ты-ж без пары ў дамавіну ляжаш? На каго ты дзетак сваіх, сіротак, пакінеш? Хто іх гадаваць — даглядаць будзе? Яны, маленькія, пагінуць без цябе! Глядзі, ён-жа цябе біцьцём сваім у сухоты ўвагнаў! Чаму-ж ты на яго ў воласьць не пажалішся?

А Сымоніха маўчыць.

А калі суседкі лішне ей дапякаць пачнуць, то яна ім у адказ кажа, што ня чужы, а свой мужык б’ець, а калі бог судзіў, то яна жыць будзе — і годзе!

Тымчасам Сымон ня ўнімаўся: біў што дзень; кабета сохла ўсё болей і болей. Сілы ападалі. Загультаілася дый на работу ў поле выйсьці не магла, апанела — зьлегла ў ложка,

— Сымонка! Золатца маё! — казала яна ў няпрытомнасьці перад сьмерцю. — Чаму мяне ня б’еш? Мо’ лепей-бы гаспадарка пайшла? — і аграмадныя, як пацеркі, сьлёзы заблішчалі на яе вачох, і гэтак аддала, богу сваю вінаватую душу…

— Ой, аграбілі мяне! — заплакаў-загаласіў ашалелы Сымон, зазлаваўся, сьціснуў кулакі свае, азірнуўся дзіва кругом, але ня было ўжо каго біць…

Пры нябошчыцы матцы сваёй папуджаныя, мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі й дрыжалі моўчкі, бо плакаць баяліся, каб татка ня біў…

∗          ∗

Пахавалі Сымоніху. Якія там хаўтуры ўладзіў Сымон, то ўладзіў, але ў хаце зрабілася сумна й пуста без гаспадыні. Паглядзеў Сымон на дзетак-сіротак — і сэрца яго мо’ першы раз у жыцьці зашчаміў жаль, вялікі жаль…

Божа мой! За што гэта я жонку сваю ў магілу ўвагнаў? — І нешта нажом урэзалася ў яго грудзі, і нехта балюча таргануў яго сэрцам…

Вільня, 1913 г.