На зачарованых гонях (1923)/Як у бібліі
← Малыя дравасекі | Як у бібліі Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1923 год |
Дудар → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як у Бібліі. |
Як у бібліі.
Ехаў Сымон з кірмашу да хаты й раптам — стоп машына: кабыла занаравілася, ня йдзе ды й годзе! Часам яна рабілася ў яго вельмі капрызнай і бяз меры ўпартай. Сымон пачаў яе ўгаварваць добрымі, лагоднымі словамі — і так, і гэтак (на словы ён быў вялікі майстар), а яна хоць-бы што, ані з месца. Як-бы не да яе гавораць.
— Добра, — кажа, Сымон, — ведаю я тваю хваробу, ведаю лякарства!
І Сымон, доўга ня думаючы, зьлез з калёс, падыйшоў да плоту, выламаў парканіну, вярнуўся да воза, й пачаў біць сваю кабылу. Так шчыра й моцна біў яе, што аж сам змарыўся. А чым болей біў яе, тым болей яшчэ біць хацелася. Ён чуў ў гэтым нейкі асобны смак і вялікае ўздаволеньне. Тут ён спаганяў злосьць за гаротнае жыцьцё сваё.
Кабыле ён плаціў за крыўды, што меў і ад жонкі благой, і ад пана ганебнага, і ад суседзяў-хціўцаў, і ад сьвету ўсяго. Усё стаяла перад яго вачыма жывёханька. А ён толькі скрагатаў зубамі й махаў парканінай над крыжам няшчаснай кабылы з такім імпэтам, што аж гудзела й сьвістала ў паветры, як ад віхру чартоўскага.
А кабыла ад такой кары яшчэ болей зафанабэрылася, яшчэ болей узбунтавалася ды яшчэ болей забрыкала заднімі нагамі. А бунт, сваім чынам, мае вялікую сілу — чым болей бунтуешся, тым яшчэ болей бунтаваць хочацца; ды калі яшчэ за гэта б’юць, тады бунт — адно толькі збавеньне і ўцеха. Хочацца, каб цябе білі, дзеля таго толькі, каб бунтавацца, бунтавацца без канца й меры — хай лопаюцца, хай трэскаюцца.
Аднак, урэшце, кабыла ня выцярпела й голасам чалавечым загаварыла, як калісьці асьліха Валаама. Дык тут камень загаварыў-бы — ня толькі жывёліна.
— За што ты мяне б’еш, за што? — пачала кабыла, — добры з цябе гаспадар! Ці не надрывалася я ў цябе пад самымі цяжкімі вазамі? Ці ня я заворвала ў цябе твой камяністы шнур? Ці ня ты на мне езьдзіў з кірмашу ўстром галавой, ліхі, як чорт і п’яны, як сьвіньня? Ці ня я выстайвала цэлымі гадзінамі, галодная й халодная ля карчмы, цябе чакаючы, а потым да самых варот тваёй гасподы цябе, як калоду, цягала? Усе рэбры мае ты паламаў, толькі скура ды косьці асталіся… Не! Я болей не магу так! Ні за што на сьвеце не дазволю, каб ты болей зьдзекваўся нада мною! Дзе тваё сумленьне, няўдзячны чалавек?
Кабыла душылася сваімі словамі. Вочы яе памутнелі й наліліся крывёю. Ніжняя губа яе апусьцілася ўніз. Крывавая пена пакрыла яе ўсю… Бакі былі моцна сьцягнуты з голаду, а храбёт і рэбры тарчэлі вострыя й сухія…
Сымон вылупіў вочы й ня ведаў, што адказаць. Нешта ўзбудзілася ў яго душы такое, што страсанула ўсяго яго з ног да галавы. Чалавек як-бы прачнуўся ад доўгага сну нядбаласьці й абібоцтва. Пытаньні за пытаньнямі, як цэлы рой аваднёў, пачалі кружыцца ў яго мазгох: — Мо’ праўда я сам ва ўсім вінават, а ня людзі? Чаму я заўсёды другіх віню ў сваім горы? Чаму я такі дзікі, цёмны, злосны й дурны? Ці-ж я ня мог жыць так, як другія на сьвеце божым жывуць? Чаму я раблю тое, ды ня сёе? Чаму з мяне ўсе сьмяюцца? Сымон такі, сякі ці гэтакі — кажуць людзі. Чаму я вінавачу заўсёды таго, хто не вінават?
Пытаньні проста ня тоўпіліся ў яго атуманенай галаве. Што рабіць ды што рабіць? — разьвёў ён рукамі ў роспачы вялікай.
А кабыла пры гэтым павалілася на ўсе чатыры нагі свае й плакала-галасіла так моцна, што худое цела яе страшэнна траслося. Потым яна сьціхла, ня маючы болей сіл плакаць і стагнаць.
У Сымона ад вялікага жалю ажно ў грудзёх нешта каменем сьпёрлася, што ён дыхаць ня мог.
— Бедная пакутніца, — падумаў ён, будучы пэўны, што кабыла ўжо здыхае. І тут новы страх яго агарнуў: што-ж ён будзе цяпер рабіць у гаспадарцы без сваёй апоры-гарапашніцы? Якая-б ні была кабыла, а ўсё-ж такі яна яму ўжо гадоў мо‘ з дзесяць, як шчыра служа, бязупынна працуе… Ён-жа прападзе без яе, за нівошта прападзе… Яшчэ горшае, чым раней, жыцьцё малявалася яму, бо лепей як лепей, а горай заўсёды можа быць. Во дзе прышла на маю бедную галованьку самая заядлая пагібель!
Чорныя, як ноч, думкі апанавалі Сымона. Ён тапіўся ў іх, як у глыбокім моры. Што будзе ды што будзе?
Але як топішся, дык за брытву хопішся — паратунак мільгануў і яму: — О, каб цябе трасца! Зусім забыўся, што скура ад кабылы нечага варта. Гэта-ж будуць боты — ды яшчэ якія! А то ўсё жыцьцё сваё ў нейкіх атопках цягаюся! Тут на чалавека напала вялікая радасьць — урэшце ён абуе боты. Ён зробіцца добрым гаспадаром і будзе іх мазаць ў кожную нядзелю добрым бярозавым дзёгцем. А як трэба будзе йсьці на кірмаш, дык ён іх ускіне на плечы й пойдзе-пойдзе, — і лёгка яму будзе і вільготна. Эга! гэткая пара ботаў — ня жартачкі якія! Яны, бадай, вартней каня: і вазіцца ня трэба з імі, і карміць ня трэба, і наравіцца ня будуць, і нукаць, і тпрукаць на іх ня трэба — ускінуў на плечы й валяй, куды вочы глядзяць… Ляці арлом проста! Сьвет божы вольны — ідзі, куды сабе хочаш. Боты гэта ня тое, што лапці! Тут такая вялікая радасьць агарнула Сымона, ажно ён сам дзівіцца пачаў: на якое ражно людзі жаляцца на сваё гора? Які чорт іх бярэ? І сьвет не такі кепскі, як здаецца спачатку, і жыць можна, ды не абы як — толькі-б ахвота была! Ма быць у людзей ахвоты няма добра жыць на сьвеце, — цьвёрда й ясна вытлумачыў сабе Сымон балючае й заблутанае жыцьцёвае пытаньне. Дурні ўсе! — строга асудзіў Сымон увесь людзкі род. А ў яго самога зьявілася вялікая гордасьць аб сабе, што ён адзін зразумеў, як трэба жыць, што ён адзін ведае, дзе сабака зарыты… Як матылі пад летнім сонцам, пырхалі яго думкі, бліскучыя й сьветлыя. Чалавек павярнуў аглоблямі ў другі бок і проста шчасьлівым зрабіўся.
Ад вялікага шчасьця Сымон таўхануў кабылу ў бок нагою. Кабыла раптам зноў ажыла, ускочыла на ногі, вырвалася з аглабень і стала дуба. З воч яе сыпаліся маланкі. Грыва калматая натапоршчылася. Хвост трубой падняўся, і яна, як страшны зьвер кінулася на яго…
Сымон крыкнуў ад страху й прачнуўся.
Сымоніха малаціла зграбна й спрытна качаргою па яго карку й галосна лаялася на ўсю вёску. Тут толькі Сымон успомніў, што на кірмашы выпіў лішнюю чарку й, едучы да хаты, крыху задрамаў.
Ён ляжаў на возе ля варот, а кабыла стаяла спакойна, апусьціўшы галаву, гледзячы тупымі сьлязьлівымі вачыма ў зямлю й, як нямы сьведка, чуць-чуць кратала ніжняй павіслай губой…
Вільня, 1915 г.